Вы тут

Урачыстая цырымонія адкрыцця Алімпійскіх гульняў прайшла ў Пекіне


Цырымонія адкрыцця XXIV зімовых Алімпійскіх гульняў прайшла на кітайскім Нацыянальным стадыёне вядомым пад назвай «Птушынае гняздо». Арганізатары падрыхтавалі ўнікальнае шоу, якое аб’яднала сучасныя тэхналогіі і гістарычныя традыцыі Кітая. Лейтматывам цырымоніі адкрыцця стаў дэвіз Алімпійскіх гульняў у Пекіне «Разам дзеля агульнай будучыні». 


А пачалася цырымонія адкрыцця зімовай алімпіяды — з вясны. На сцэне расквітнеў цудоўны дзьмухавец. Яго насенне разлятаецца па ўсіх кутках спартыўнага свету, сімвалізуючы яднанне і згуртаванасць. Сцэнарысты шоу аддалі даніну павагі папярэднім зімовым Алімпійскім гульням. На ледзяным кубе адзін за адным былі прадстаўлены гарады, якія раней прымалі галоўныя старты. Ледзяны куб апусціўся, а на яго месцы непасрэдна з лёду з’явіліся алімпійскія кольцы. Сцэна настолькі эфектная, што ўжо ўвайшла ў гісторыю.

Галоўная частка цырымоніі адкрыцця — парад атлетаў заняў больш за гадзіну. Па «птушыным гняздзе» прайшла 91 нацыянальная каманда. Беларуская каманда выйшла на стадыён пад сімвалічным нумарам — 22. Сцяг на цырымоніі адкрыцця пранеслі канькабежцы Ігнат Галавацюк і Ганна Ніфантава. «Для нас вялікі гонар несці наш дзяржаўны сцяг на цырымоніі адкрыцця Гульняў у Пекіне», — адзначылі перад цырымоніяй Ганна і Ігнат. 

Алімпійскія гульні ў Пекіне супалі са святкаваннем кітайскага новага года, галоўным героям якога з’яўляецца тыгр. Сімвал года прысутнічаў і на парадзе спартсменаў. На галовах дзяўчат, якія неслі сняжынкі з назвамі краін, былі капялюшыкі ў выглядзе галавы тыгра. У Кітаі ёсць традыцыя насіць капялюшыкі з сімвалам года. Цікава, што ў кожнай дзяўчыны былі розныя капялюшыкі. 

Пасля параду спартсменаў арганізатары яшчэ раз нагадалі ўсім, як важна быць разам. Некалькі дзясяткаў сняжынак утварылі кольца на фоне алімпійскіх кольцаў. Затым гэтае кольца пераўтварылася ў адзіную сняжынку. Гэтая сцэна сімвалізуе індывідуальнасць кожнага спартсмена, як вядома, у свеце няма аднолькавых сняжынак. Затым гэтая сняжынка прызямлілася ў самым цэнтры стадыёна. На яе фоне віталі ўдзельнікаў Алімпіяды афіцыйныя асобы.

Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах у сваімі выступленні падзякаваў медыкам, вучоным і ўсім тым, дзякуючы чыёй працы Алімпійскія гульні ў Пекіне сталі магчымымі. 

«У нашым крохкім свеце, дзе з’яўляюцца рознагалоссі, канфлікты і недавер, мы паказваем усім, што можна быць сапернікамі і ў той жа час жыць мірна і паважліва разам. У гэтым і заключаецца місія Алімпійскіх гульняў: аб’яднаць усіх у мірным спаборніцтве. Алімпіяда заўсёды будавала масты і ніколі не ўзводзіла сцены. У сувязі з гэтым я звяртаюся да ўсіх палітычных уладаў па ўсім свеце: шануйце сваю прыхільнасць да гэтага алімпійскага перамір’я. Дайце свету шанец. Дарагія спартсмены, мы ўсе стаім побач з вамі. Мы ўсе падтрымліваем вас. Мы ўсе падбадзёрваем вас. Няхай гэта заахвоціць вас ісці хутчэй, імкнуцца вышэй, станавіцца мацней — разам. Такім чынам, вы натхніце свет»,— сказаў Томас Бах. 

Словы Томаса Баха «дайце свету шанец» перасякаюцца з песняй Image Джона Ленана. Гэта кампазіцыя загучала адразу пасля таго, як старшыня КНР Сі Цзіньпін аб’явіў Гульні адкрытымі. Знакамітая песня Джона Ленана неаданаразова суправаджала адкрыццё Алімпійскіх гульняў. Яе сэнс заключаецца ў аб’яднанні людзей як у шчаслівыя моманты, так і ў цяжкія сітуацыі. Кампазіцыя стала своеасаблівай традыцыяй адкрыцця падзеі, якая аб’ядноўвае ўсё чалавецтва. 

Арганізатары звярнулі ўвагу і важную сёння пераемнасць пакаленняў. Алімпійскі гімн выканаў дзіцячы хор. Юныя кітайскія спевакі некалькі месяцаў рэпеціравалі выкананне гімна на невядомай для іх грэчаскай мове. Атрымалася вельмі кранальна. А вось зачытванне алімпійскай клятвы, як і належыць было ўрачыстым. Традыцыйна клятва зачытвалася ад імёнаў спартсменаў, трэнераў, суддзяў і афіцыйных асоб. 

Гледачы з усяго свету ўбачылі ролік, прысвечаны будучыні спорту. Дзеці на снаўбордах, лыжах, каньках мараць аб тым, што некалі і самі пройдуць у алімпійскім парадзе атлетаў. А ў гэты час сотні дзяцей спявалі аб міры на ўсёй планеце. У іх руках — выявы галубоў, самага знакамітага сімвалу міра. Дзеці з галубамі выстраіліся ў форме сэрца вакол вядучага элемента цырымоніі адкрыцця — сняжынкі. 

Менавіта тут, у самым цэнтры чалавечага сяброўства, спагады і міру быў запалены алімпійскі агонь. Людзі розных узростаў, розных краін і рэлігій аб’ядналіся вакол гэтага полымя. Ніякіх грандыёзных вогнішчаў і чар, ніякіх складаных прыёмаў. Толькі невялікае полымя ў цэнтры вялікага сэрца, якое б’ецца разам з усімі сэрцамі свету. 

XIV зімовыя Алімпійскія гульні ў Пекіне афіцыйна адкрытыя! 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.