«Крынічанька» ў Завершскім СДК збірае на рэпетыцыі прыхільнікаў народнай песні ўжо 35 гадоў. Калектыў, які мае званне народнага, супрацоўнічае з музеем «Бездзежскі фартушок». І не проста супрацоўнічае. Самадзейныя артысты ў якасці канцэртных касцюмаў выкарыстоўваюць толькі аўтэнтычныя ўборы з бабуліных куфэркаў. У гэтым асаблівая разыначка калектыву.
А песні спяваюць розныя. Найбольш старадаўнія, народныя, запісаныя ў сваіх мясцінах. Часам уключаюць у рэпертуар сучасныя. І ў гэтых жанчын атрымліваецца, бо галоўнае іх багацце — галасы, якімі шчодра адарыла прырода.
— Склад калектыву перыядычна мяняецца, — сказала кіраўнік «Крынічанькі» Ганна Крэйдзіч. — Некаторых удзельніц, якія пачыналі спяваць у «Крынічаньцы» і зарабілі ёй званне народнага калектыву, ужо няма з намі, на жаль. Прыходзяць новыя. Але нязменна тыя, хто любіць песню, каго не трэба два разы запрашаць на рэпетыцыю альбо канцэрт. Мы спяваем у клубе — так называем свой СДК, спяваем на канцэртах, на святах, дома — з песняй не расстаёмся. Нашым музычным і ідэйным кіраўніком з'яўляецца акампаніятар Мікалай Іванавіч Сянюта, які падбірае рэпертуар, праводзіць рэпетыцыі.
Мікалай Сянюта расказаў, як удала складваецца іх супрацоўніцтва з музеем «Бездзежскі фартушок». На гэтыя музейныя майстар-класы падштурхнулі выступленні ў санаторыях. Адпачывальнікі нават з блізкага замежжа вельмі цёпла сустракаюць фальклорны калектыў, пачынаюць падпяваць, танчыць. Вырашылі зрабіць такія ж імправізацыі для экскурсій, што прыязджаюць у музей народнага адзення. Ім звычайна заспяваюць некалькі песень, пакажуць элементы народных танцаў, і экскурсанты прыходзяць у захапленне, просяць яшчэ павучыць танцаваць альбо заспяваць нешта.
...Мабыць, так і працягвалася б кар'ера самадзейнага калектыву, з выступленнямі і гастролямі ў межах раёна, з выездамі за яго межы, хіба на дажынкі ды падобныя фестывалі, каб аднойчы Мікалай Сянюта не выклаў песні на YouTube. Спачатку зрабіў гэта, паводле яго слоў, дзеля забаўкі. Свой канал назваў «Лядовічы фазэнда», такім чынам аддаў даніну павагі малой радзіме. Ну і стаў выкладваць песні ў выкананні вясковых самадзейных артыстак, а таксама маладзёжнага саставу «Крынічанькі». Раней гэтая група мела назву «Пацаняты», назвалі так напаўжартам, калі юным спевакам было па 12-13 гадоў. Гэта дзеці дарослых самадзейных артыстаў — Аляксандр Сянюта, Алеся Крэйдзіч, Вольга Гваздоўская. Выступяць юныя спевакі на Дні вёскі, на іншым мерапрыемстве, Мікалай Іванавіч закіне запіс на канал. Паглядзіць на рэакцыю наведвальнікаў, зробіць нейкія высновы. Пазней ужо стаў ствараць аўтарскія «кліпы», знарок запісваць таго ці іншага выканаўцу. Такім чынам, без усялякіх грашовых укладанняў з дапамогай звычайнага сматрфона здымае відэа песні, часцей вядомай і меладычнай, размяшчае ў інтэрнэце. Запісы нечакана амаль адразу сталі набіраць мноства праглядаў.
Гэта ж не смешачкі, калі Вольга Гваздоўская са сваёй песняй яшчэ школьніцай набрала за некалькі месяцаў 13 мільёнаў праглядаў! Каментарыі сталі прыходзіць з Далёкага Усходу Расіі, з Казахстана, ЗША, Германіі.
З часам маладыя артысты сталі больш увагі ўдзяляць кліпам, напрыклад, выкарыстоўвалі музейныя экспанаты, старадаўнія рэчы, каб адначасова прасоўваць палескую культуру. А напачатку была толькі песня на фоне роднай прыроды. Меладычная, шчырая, якая нязменна адгукалася ў сэрцах людзей з розных куткоў зямлі.
Аднойчы на канал драгічынскіх самародкаў звярнулі ўвагу супрацоўнікі каманды Андрэя Малахава. Адразу запрасілі на здымкі маладзёнаў. Менавіта Аляксандр Сянюта, Алеся Крэйдзіч і Вольга Гваздоўская праклалі дарогу з Заверша на расійскае тэлебачанне. У перадачы «Прывітанне, Андрэй» яны спявалі «Купалінку», некалькі сучасных песень. Потым на перадачу была запрошана Наталля Мартыновіч, супрацоўніца Завершскага СДК.
Наталля Уладзіміраўна ў справе вакальнага мастацтва самавучка, спецыяльнай адукацыі не мае, але спявала, колькі сябе памятае. У клубе працуе культарганізатарам. Паездка ў Маскву восенню мінулага года, паводле яе слоў, стала вялікім стымулам у рабоце і самаразвіцці.
Наталля згадала, як цёпла яе сустракалі ў расійскай сталіцы, як добра там усё было арганізавана. Запіс працягваўся чатыры з паловай гадзіны, але яна нават не стамілася, не заўважыла, бо ўсё было пастаўлена на найвышэйшым узроўні.
Наталля згадала, што спачатку не хацела прымаць запрашэнне, баялася ехаць у Маскву, раней жа далей Мінска і Брэста нідзе не была. Наталля Мартыновіч родам з Украіны. А дакладней, з суседняга раёна, які мяжуе з Драгічыншчынай. У Заверша трапіла дзякуючы замужжу. З першага погляду ўпадабаў беларус Анатоль вясёлую пявунню-ўкраінку, якая прыехала падзарабіць на ўборцы ўраджаю. Вельмі хутка пасля знаёмства яны пажаніліся, ёй толькі васямнаццаць споўнілася, і вось ужо 20 гадоў яна жыве ў Беларусі. Па прафесіі Наталля будаўнік, але даўно ўжо працуе ў сферы культуры. У калектыў трапіла дзякуючы свекрыві, якая заўважыла здольнасці нявесткі да спеваў і пачала выпраўляць яе ў клуб на рэпетыцыі, а сама тым часам даглядала малых унукаў.
Ну а калі пазванілі з Масквы, запрасілі на праграму Малахава, то яе трое дзяцей, старэйшай з якіх 19 гадоў (малодшая ў першым класе), муж, свякроў — усе настаялі. Галава сям'і агучыў меркаванне словамі: «Такі шанц раз на мільён выпадае, грэх не скарыстацца» — і нібы ў ваду глядзеў. Усё атрымалася найлепшым чынам. Успамінаў, эмоцый засталося на доўгія гады. Там яна спявала песню «Без віны вінаватая», якую Мікалай Іванавіч раней выкладаў на YouTube-канале, і народную «Там, на гары». Цікава, што, прадстаўляючы яе, папулярны тэлевядучы сказаў: яе шлях на сцэну толькі пачынаецца.
Тое ж можна, відаць, сказаць і пра Яну Шышко, якая таксама нядаўна пабывала на запісе перадачы ў Маскве. Яе сапраўднае імя Іванна, але ўсе завуць Янай, жанчына таксама родам з Украіны. Немаўляткам засталася без маці. Рана пачала працаваць, пакручасты лёс закінуў у рэшце рэшт у Беларусь, спачатку ў Камянецкі раён, потым у Драгічынскі, дзе жанчына нарэшце знайшла сваё шчасце. А вось у калектыў трапіла зусім выпадкова. Спачатку Іванна Мікалаеўна шчыравала жывёлаводам на ферме, але праблемы са здароўем прымусілі памяняць род заняткаў. Уладкавалася прыбіральшчыцай у Дом культуры. А далей усё развівалася, нібы ў сюжэце сучаснага серыяла. Галасістая прыбіральшчыца за работай паўтарала, праўда, напаўголаса ўсе песні, якія чула на рэпетыцыях. І аднойчы яе заўважылі, прапанавалі далучыцца да спеваў. Яна спалохалася, адмовілася, бо ніколі не выступала са сцэны і баялася. А потым неяк угаварылі, раз-другі заспявала, і справы пайшлі.
Далей сцэнарый вядомы: песня трапіла на вядомы канал «Лядовічы фазэнда», набрала шмат праглядаў, за якімі раздаўся званок з Масквы. Ад нечаканасці яна адмовілася, спаслалася на сямейныя абставіны. А праз два месяцы здымачная група з Масквы зноў завітала ў Заверша, і Яну ўгаварылі. 18 студзеня яна ўжо ехала ў Маскву. Там адбыўся запіс у праграме «Сёння пятніца» з Андрэем Малахавым. Эфір чакаецца ў лютым.
Цікава, што супрацоўнікі творчай групы Андрэя Малахава згадалі песні ў выкананні Аляксандра Сянюты, ім спадабалася творчая манера хлопца. Але ж за паўгода ў жыцці вясковага выканаўцы адбыліся змены, яго забралі ў войска. Ды хіба гэта праблема для расійскага канала? Аказалася, не. Здымачная група прыляцела ў Мінск, тут якраз служыць Аляксандр, дамовіліся з кіраўніцтвам вайсковай часці, салдат атрымаў звальненне на некалькі гадзін, за якія запісалі патрэбную песню. І кампазіцыя зноў неўзабаве прагучыць у эфіры.
Ёсць пэўная выпадковасць у тым, што самадзейныя артысты з палескай вёскі Заверша раптам сталі знакамітымі, але ж разам з тым праглядаецца і заканамернасць. Выпадковасць, бо яны не ўкладвалі ў свае кліпы аніякіх сродкаў, як гэта робяць вядомыя і раскручаныя выканаўцы, не разлічвалі на папулярнасць і вядомасць. Спявалі, як умеюць, як робяць гэта для сваіх аднавяскоўцаў, жыхароў суседніх вёсак на розных мерапрыемствах і канцэртах.
А рэпертуар, які прыносіў найбольш праглядаў і станоўчых водгукаў, складаўся пераважна з душэўных меладычных песень мінулых гадоў. Вось у гэтым і заканамернасць. Людзі апошнім часам цягнуцца да сапраўднага, добрага, шчырага. Скажам, як гараджане, якія злезлі з паверхаў і пацягнуліся да зямлі, да травы, свежага паветра.
А яны, жыхары Заверша і навакольных вёсак, жывуць з песняй, нічога не прыдумваюць, не абцяжарваюць сябе рэжысурай, пастаноўкай. Сабраліся на пікнік, пасмажылі шашлыкі, выпілі чарку, заспявалі ад душы, выклалі ў сеціва. І ім вераць, звычайным людзям са звычайнай вёскі, адчуваюць еднасць з імі, таму і падтрымліваюць. У грамадстве, як бачым, ёсць попыт на праўдзівае, не выдуманае.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота з архіва Завершскага СДК
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».