Вы тут

Вынікі дзяржбудаўніцтва за 2021: жыллё для шматдзетных, іпатэчная праграма і не толькі


Летась арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі ў нашай краіне 52,4 тысячы новых кватэр, што аказалася больш на 3,4 тысячы жылых памяшканняў, чым у 2020 годзе.


Фота: pexels.com

Як адзначаюць эксперты Мінбудархітэктуры, у 2021 годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 4 мільёны 387,3 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што на 5,6 % (231,3 тысяч квадратных метраў) больш, чым у пазамінулым годзе. У 2020 годзе прырост складаў 2,3 %, гэта значыць, што тэмпы павелічэння будаўніцтва падняліся амаль у два разы.

Чаргавікам — больш за 40 % пабудаваных плошчаў

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 778,6 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы, што склала 40,5 % ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля. У параўнанні з 2020 годам аб’ём падобнага будаўніцтва вырас на 95,1 тысяч квадратных метраў. Прырост складае амаль паўтара раза (на 30,7 тысяч квадратных метраў).

Для чаргавікоў з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў 2021 годзе пабудаваны 1 мільён 335,1 тысяч квадратных метраў, што на 28,7 тысячы квадратных метраў больш, чым у 2020 годзе.

Амаль чвэрць ад усяго аб’ёму — шматдзетным

Спецыялісты падлічылі, што для шматдзетных сем’яў летась было ўведзена ў эксплуатацыю крыху менш за чвэрць ад агульнага аб’ёму памяшканняў — 929,6 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта роўна на 22,5 тысяч «квадратаў» больш, чым годам раней.

Летась у сельскіх населеных пунктах было ўведзена ў эксплуатацыю 1 мільён 257,2 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылля, што склала 28,7 % ад агульнага аб’ёму будаўніцтва ў краіне. У параўнанні з 2020 годам будаўніцтва на сяле вырасла на 42 тысячы квадратных метраў.

«Стрэліла» іпатэка і дзяржпадтрымка

Росту аб’ёму будаўніцтва ў Беларусі спрыяла павелічэнне аб’ёмаў жыллёвага крэдытавання ў сувязі з пачаткам рэалізацыі «Беларусбанкам» праграмы іпатэчнага крэдытавання. Дадзеныя крэдыты выдаюцца выключна пад заклад набытага жылля.

Паводле апошніх звестак партала select.by, гэты банк летась заключыў больш за 3,4 тысячы крэдытных дагавораў на 140 мільёнаў рублёў. Ён выдаў у мінулым годзе каля 70 % усіх крэдытаў на жыллё ў нашай краіне. Аб’ём крэдытавання даволі вялікі, бо на ўсю праграму льготнага будаўніцтва жылля для шматдзетных сем’яў у 2021 годзе меркавалася накіраваць каля 608,9 мілінаў рублёў крэдытных рэсурсаў.

Аб’ём будаўніцтва жылля ў Беларусі ў мінулым годзе быў нашмат большы, чым быў запланаваны ўрадам у аб’ёме 4 мільёны квадратных метраў жылля. Перавыканаў планы, у асноўным, горад Мінск. Аднак пры гэтым значна вышэй запланаванага ўзроўню стала будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай: меркавалася ўвесці ў эксплуатацыю ўсяго 1 мільён квадратных метраў такога жылля, а пабудавана было прыкладна на траціну больш.

Субсідыі па новых правілах

Мы трошкі больш падрабязна спынімся на тым, хто ў нас сёлета можа атрымаць субсідыі на будаўніцтва і набыццё жылля. Гэта звязана з тым, што ў студзені была прынята пастанова (са зменамі) «Аб прадстаўленні грамадзянам аднаразовых субсідый на будаўніцтва або набыццё жылля».

Спачатку некалькі слоў аб сутнасці пытання. Згодна з Указам Прэзідэнта № 240, які дзейнічае з 2017 года, на адрасную субсідыю для пагашэння асноўнага доўгу па крэдыце і часткі працэнтаў могуць прэтэндаваць шматдзетныя сем’і з трыма і больш непаўналетнімі дзецьмі; маладыя малазабяспечаныя сем’і пры нараджэнні першага або другога дзіцяці і дзеці-сіроты, якія засталіся без апекі бацькоў.

Натуральна, каб атрымаць грошы на будаўніцтва жылой нерухомасці па ўказе № 240, неабходна прадаставіць выпіску з рашэння выканкама аб прадстаўленні субсідыі альбо копію рашэння, завераную ў адпаведным парадку. А зараз аб саміх зменах.

За кошт субсідыі дзяржавы можа быць пагашаны асноўны доўг і яго працэнты. Памер крэдытнай лініі вызначаецца ў залежнасці ад катэгорыі, да якой адносіцца крэдытаатрымальнік.

Шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць трох непаўналетніх дзяцей, якія атрымалі фінансавую дапамогу, зараз могуць атрымаць яе пераразлік пры наяўнасці ў сям’і не менш за чацвярых дзяцей ва ўзросце да 23 гадоў, уключаных у спісы на атрыманне льготнага крэдыту. Пры гэтым, усе дзеці павінны быць уключаны ў спісы на дату прадстаўлення крэдытаатрымальнікамі (іх мужам і жонкай) дакументаў Беларусбанку, неабходных для пераразліку дапамогі.

Шматдзетным сем’ям фінансавая дапамога дзяржавы аказваецца ў наступных памерах:

  • пры наяўнасці трох непаўналетніх дзяцей — 75 % ад сумы запазычанасці па выдадзеных крэдытах;
  • пры наяўнасці чацвярых і больш непаўналетніх дзяцей — 100 % ад сумы запазычанасці па выдадзеных крэдытах.

У Мінску амаль 1700 кватэр — для шматдзетных

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алена Лукашэвіч падкрэсліла, што абсалютным прыярытэтам па забеспячэнні квадратнымі метрамі маючых патрэбу ў сталіцы застаецца накіраванне на будаўніцтва шматдзетных сем’яў. Летась гэтай катэгорыі далі магчымасць будаўніцтва 1697 кватэр у Мінску, 30 — у Смалявічах. Яшчэ 40 кватэр ім прадалі ва ўжо пабудаваных дамах з абмежаваным прыбыткам заказчыка, тры памяшканні выдзелілі ў карыстанне з ліку сацыяльнага і арэнднага жылля.

Больш за 500 чаргавікоў прадпрыемстваў і арганізацый (з агульнай чаргі) атрымалі магчымасць пабудавацца. Сярод перспектыўных напрамкаў — развіццё фонду дзяржаўнага арэнднага жылля. Сёлета ўводзіцца дом у раёне вуліцы Шаранговіча-Гарэцкага. Працягнецца ўзвядзенне сацыяльнага жылля на тэрыторыі Фрунзенскага раёна. Плануецца далейшая забудова горада-спадарожніка Смалявічы. Жыллё там асабліва запатрабаванае чаргавікамі, прэтэндаваць на яго могуць грамадзяне незалежна ад года пастаноўкі на ўлік.

Акрамя таго, сярод маючых патрэбу ў мінулым годзе размеркавана 458 дзяржаўных арэндных кватэр: 237 у новым арэндным доме на вуліцы Кірыенка і 221 у вызваленым жылфондзе. Сёлета будаўніцтва дзяржаўнага арэнднага жылля ў Мінску працягваецца, у тым ліку прынята рашэнне аб узвядзенні такога дома на 165 кватэр для сваіх супрацоўнікаў некалькімі сталічнымі прадпрыемствамі.

Сёлета аб’ём будаўніцтва будзе скарочаны амаль на 5 %

У абстаноўцы знешняга жорсткага прэсінгу, кіраўніцтву нашай краіны прыходзіцца скарачаць свае бюджэтныя выдаткі. У бягучым годзе ўрад плануе знізіць аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва да 4,2 мільёна квадратных метраў.

Як растлумачылі ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва, з дзяржпадтрымкай у бягучым годзе разлічваюць увесці ў эксплуатацыю 1,2 мільёна квадратных метраў жылля (супраць 1,34 мільёна квадратных метраў па факце ў 2021 годзе). Такім чынам, у цэлым скарачэнне жыллёвага будаўніцтва мяркуецца ажыццявіць менавіта за кошт зніжэння фінансавання падтрымкі дзяржавы. Але, вядома, не выключана, што планы будуць перавыкананымі.


У тэму

Амаль 10 тысяч шматдзетных сем’яў пачнуць будавацца ўжо сёлета

Паводле дакументаў, прынятых Саветам Міністраў у лютым гэтага года, у нашай краіне запланавана накіраваць 9 тысяч 675 шматдзетных сем’яў на паляпшэнне жыллёвых умоў у 2022 годзе.

Згодна з дакументам, з іх у Брэсцкай вобласці будзе накіравана 1797 сем’яў, у Віцебскай — 800, Гомельскай — 1298, Гродзенскай — 1200, Мінскай — 2050, а ў Магілёўскай — 304 сем’яў. У беларускай сталіцы на паляпшэнне жыллёвых умоў будзе накіравана 1226 шматдзетных сем’яў.

Для гэтай катэгорыі грамадзян ужо сёлета будзе пабудавана рэкордная колькасць кватэр. Так, сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю столькі жылых памяшканняў, што дазволіць зняць з уліку 8 тысяч 334 шматдзетных сем’яў. Пры гэтым, на будаўніцтва будзе накіравана амаль 1,2 мільярда рублёў, з іх 303,68 мільёнаў рублёў — уласныя сродкі сем’яў, а 891,54 мільёнаў рублёў — крэдытныя рэсурсы банкаў, у тым ліку 102,79 мільёнаў рублёў ільготных крэдытаў.

У пастанове таксама гаворыцца, што для 442 сем’яў у 2022 годзе плануецца будаўніцтва жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання: у гэтым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 21,56 тысяч квадратных метраў такога жылля, у тым ліку 7,35 тысяч «квадратаў» — для асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.