Вы тут

Унікальныя праекты айчынных анколагаў. Якія новыя тэхналогіі дапамогуць засцерагчы нас ад раку?


Сёння часта даводзіцца чуць, што рак са смяротнага захворвання паступова ператвараецца ў хранічнае. Штогод з'яўляюцца сотні новых прэпаратаў і метадаў лячэння. І пацыенты з тымі пухлінамі, якіх яшчэ ўчора здавалася немагчымым вылечыць, сёння дзякуючы новым тэхналогіям працягваюць жыць. Унёсак у навуковыя распрацоўкі робяць і беларускія анколагі. Пра іх расказаў намеснік дырэктара па навуковай рабоце РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Красны.


Праграмы скрынінгу пашыраюцца

У нашай краіне ёсць некалькі праграм скрынінгу — ранняга выяўлення раку сярод здаровых людзей, якія не маюць скаргаў. У прыватнасці, гэта выяўленне на пачатковых стадыях раку прастаты, малочнай залозы, шыйкі маткі, тоўстай кішкі. Сёння распрацоўкі праграм скрынінгу працягваюцца. У цяперашні час рэалізуецца праект па скрынінгу раку лёгкага для курцоў. Адзін раз на год выконваецца нізкадозная камп'ютарная тамаграфія тым, хто курыць больш за адзін пачак цыгарэт на суткі на працягу ад 15 гадоў.

— Для астатніх катэгорый гэта не мае вялікага значэння, бо рак лёгкіх у іх выяўляецца крайне рэдка, — тлумачыць Сяргей Красны. — Праграма ідзе два гады, і пра вынікі казаць пакуль рана. Праз тры гады яна скончыцца, і можна будзе разважаць, наколькі эфектыўная яна ў нашай краіне. Аднак ужо цяпер да гэтай праграмы падключыліся міжнародныя арганізацыі — Сусветная арганізацыя аховы здароўя і Міжнароднае агенцтва па вывучэнні раку, яны аказваюць нам метадычную і фінансавую дапамогу і ўдзельнічаюць у даследаванні.

Калі ўдаецца захаваць орган

Улічваючы, што цяпер выяўляецца вялікая колькасць невялікіх пухлін, айчынныя анколагі развіваюць яшчэ адзін напрамак даследаванняў — органазахавальныя аперацыі і мінімальныя інвазійныя ўмяшанні. Адзін з іх — так званая фотадынамічная тэрапія. У Беларусі выпускаецца адпаведны прэпарат — фотасінсібілізатар «Фаталон». Ён унікальны тым, што пераўзыходзіць па сваіх якасцях усе замежныя аналагі. Прэпарат мае ўласцівасць назапашвацца ў пухліннай тканцы, і калі такая пухліна потым апраменьваецца лазерам, пухлінныя клеткі разрываюцца.

— Недахоп гэтага метаду ў тым, што лазер пранікае зусім неглыбока, таму яго выкарыстанне абмежаванае — ён можа прымяняцца толькі пры паверхневых лакалізацыях. Аднак у нас праведзены даследаванні, праўда, пакуль толькі на жывёлах, якія паказалі, што такога ж эфекту можна дасягнуць з дапамогай ультрагуку і прамянёвай тэрапіі з паралельным выкарыстаннем фотасінсібілізатару. Пры гэтым пранікненне і ультрагуку, і прамянёвай тэрапіі нашмат глыбейшае. Атрыманы абнадзейлівыя вынікі, і мы спадзяёмся, што хутка пяройдзем да клінічных выпрабаванняў.

Беларускія анколагі скончылі даследаванне па лячэнні меланомы вока. Калі раней пры такім захворванні вока абавязкова выдалялася, цяпер распрацаваныя метады органазахавальнага лячэння, прычым як пры пярвічных меланомах, так і пры рэцыдыўных. Урачы выкарыстоўваюць кантактную прамянёвую тэрапію з рознымі лазернымі тэхналогіямі, якія дапаўняюць дадзенае лячэнне фотадынамічнай тэрапіяй.

— Па эфектыўнасці гэтыя метады не саступаюць выдаленню вока, але пры гэтым дазваляюць захаваць орган і часткова зрок. Гэта ўнікальны вынік, ён ужо ўнесены ў нацыянальныя стандарты, і мы з задавальненнем дзелімся ім з нашымі замежнымі калегамі, бо ў гэтым кірунку ў нас ледзь не самы вялікі вопыт у свеце, — адзначае Сяргей Красны.

Разбурыць пухліну дапамагае гама-нож

Адносна нядаўна ў Беларусі пачаў прымяняцца такі ўнікальны апарат, як гама-нож, які дазваляе праводзіць так званую радыяхірургію. Крыніца выпраменьвання круціцца вакол чалавека, і прамень вузкім пучком накіроўваецца з розных месцаў у адну кропку, такім чынам пухліна атрымлівае вельмі высокую дозу выпраменьвання. Пры гэтым навакольныя тканкі, якія атрымліваюць зусім невялікую дозу, не пашкоджваюцца. Так пухліна выдаляецца пры дапамозе лазернага праменя.

Нядаўна ў РНПЦ анкалогіі былі праведзены даследаванні па лячэнні раку ныркі. Звычайна гэта ўстойлівыя да прамянёвай тэрапіі пухліны. Таму раней яна не прымянялася. Цяпер пры дапамозе гама-нажа атрыманы добрыя вынікі як пры пярвічных пухлінах, так і з метастазамі. Такая методыка прымяняецца ў тых пацыентаў, у якіх з-за спадарожных хвароб немагчымая аперацыя. З дапамогай гама-нажа гэтыя пухліны ліквідуюцца. Першыя пацыенты пражылі ўжо тры гады без рэцыдываў хваробы.

Адметны вынік быў атрыманы пры метастазах у касцях і галаўным мозгу пры раку ныркі. Пры дапамозе гама-нажа ўдавалася ліквідаваць да 15 метастаз у галаўным мозгу. Першыя пацыенты жывуць таксама ўжо больш за тры гады, раней працягласць жыцця з такімі метастазамі абмяжоўвалася некалькімі месяцамі.

Дапамагае штучны інтэлект

Новыя метады лячэння асвоены пры распаўсюджаных пухлінах лёгкага. Яны вельмі агрэсіўныя, і, на жаль, не заўсёды ўдаецца іх выявіць на ранняй стадыі. А паколькі побач з лёгкімі знаходзіцца сэрца, буйныя сасуды, пазваночнік, стрававод, то пухліны вельмі хутка ў іх прарастаюць. Аперацыі пры такім размяшчэнні пухліны заўсёды суправаджаюцца сур'ёзнымі ўскладненнямі, у тым ліку масіўным крывацёкам. Тут не заўсёды могуць дапамагчы нават хірургі вышэйшай кваліфікацыі.

— Для такіх выпадкаў распрацоўваецца цікавы метад з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Мы ўводзім у камп'ютар усе даныя абследаванняў, атрыманыя да аперацыі, і камп'ютар мадэлюе аперацыю. Хірург яе загадзя праводзіць віртуальна, што дазваляе прадугледзець многія рызыкі, — тлумачыць Сяргей Красны. — Тут можа выкарыстоўвацца такі метад як аўтатрансплантацыя з карпаральнай рэзекцыяй. Лёгкае з арганізма выдаляецца, аперацыя на ім праводзіцца звонку, а потым орган перасаджваецца назад. Такім спосабам было прааперыравана ўжо каля 10 пацыентаў, і мы плануем вялікі навуковы праект, дзе гэты метад будзе стандартызаваны. Для вялікіх анкалагічных цэнтраў гэта будзе выйсце, а для некаторых пацыентаў — магчымасць выратаваць жыццё.

Новыя магчымасці клетачных тэхналогій

Праведзена беларускімі анколагамі і некалі даследаванняў па клетачных тэхналогіях. У прыватнасці, па CAR-T-клетачнай тэрапіі. Клеткі імуннай сістэмы, Т-лімфацыты, вылучаюць з арганізма, «натрэніроўваюць» супраць пэўнага антыгена, які прысутнічае ва ўсіх пухлінных клетках, і далей такія Т-лімфацыты ў вялікай колькасці запускаюць у арганізм для таго, каб яны знішчалі пухліну.

— Цяпер такія тэхналогіі, а яны вельмі дарагія, выкарыстоўваюцца ў развітых краінах свету пры лейкозах, дзе пухлінныя клеткі больш-менш аднародныя, маюць адну мутацыю, таму вылучыць антыген і «натрэніраваць» Т-лімфацыты нашмат прасцей. Пры солідных пухлінах гэта пакуль не ўдавалася зрабіць, бо ўсе клеткі розныя, мутацыі разнастайныя, у адносінах да адных Т-лімфацыты аказваюцца эфектыўнымі, але ў гэты ж час працягваюць расці іншыя пухлінныя клеткі. Мы аб'ядналі намаганні Нацыянальнай акадэміі навук, Цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, і РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Спадзяёмся атрымаць добры вынік у дачыненні да лімфом, — дзеліцца Сяргей Красны.

Яшчэ адзін унікальны праект беларускіх анколагаў сумесна з амерыканскімі — распрацоўка ДНК-вакцыны. Аналагаў яму ў свеце няма. У аснове вакцыны «Еленаген» выкарыстоўваецца так званая плазміда — закальцаваная малекула ДНК, якая не ўбудоўваецца ў ДНК чалавека, што вельмі важна. Яна не перадаецца ў спадчыну, не ўплывае на генетычны апарат чалавека і не аказвае таксічнага ўплыву. Вакцына працуе ізалявана і праз нейкі час выводзіцца з арганізма. У даследаванне ўжо ўключана 110 пацыентаў.

— У іх няма ніякіх пабочных эфектаў, акрамя болю ў месцы ўвядзення. Вакцына ўводзіцца ўнутрымышачна кожны тыдзень працяглы час, ёсць пацыенты, якія яе атрымліваюць больш за год. Тое, што яна добра пераносіцца, вельмі важна, бо часцей за ўсё наша анкалагічнае лячэнне вельмі таксічнае, яго часта прыходзіцца спыняць менавіта з-за таксічных эфектаў, нягледзячы на тое, што яно прыносіць вынік.

Дзякуючы вакцыне «Еленаген» удалося вылечыць пухліны і метастазы ў пацыентак з вельмі агрэсіўным ракам малочнай залозы і яечнікаў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.