Вы тут

Аб чым трэба памятаць, каб не плаціць за водазабеспячэнне значна больш, чым іншыя


Сеткі водазабеспячэння сталічнага водаканала маюць працягласць больш за 3,1 тысячы кіламетраў, каналізацыі — каля 2 тысяч кіламетраў. Максімальны дыяметр труб — 1,4 метра. Кожныя суткі ў горад з іх дапамогай падаецца 450 тысяч кубічных метраў вады. Каб яна паступала ў шматпавярховую забудову, выкарыстоўваюцца спецыяльныя помпавыя станцыі. Іх агульная колькасць у горадзе — 431, уключаючы лакальныя і больш буйныя раённыя. Пра гэта паведаміў першы намеснік дырэктара УП «Мінскводаканал» Антон Галаскок.


Фота: pexels.com

Калі якасць не пусты гук

Для надзейнай работы водаправода штогод перакладваецца каля 3 % ад агульнай працягласці сетак. Гэта камунікацыі са звышнарматыўным зносам. Па водаправодзе таксама праводзіцца абследаванне сетак з дапамогай сучаснага абсталявання для выяўлення схаваных пашкоджанняў. Штогод абследуецца тысяча кіламетраў металічных трубаправодаў.

«У гэтым кірунку «Мінскводаканал» актыўна рухаецца, даволі вялікі фінансавы рэсурс вылучаецца для таго, каб забяспечыць перакладку сетак са звышнарматыўным зносам, і гэтая работа будзе працягнута, — сказаў Антон Галаскок. — Для выключэння чалавечага фактару і павышэння надзейнасці водазабеспячэння ўкараняюцца сродкі аўтаматызацыі. Частку магутных помпавых станцый у гэтым годзе аўтаматызуем, пасля чаго яны змогуць працаваць без пастаяннай прысутнасці персаналу».

Ці мае патрэбу водаправодная вада ў сталіцы ў даачыстцы з дапамогай праточных і іншых фільтраў? На гэтае пытанне спецыяліст адказаў досыць ёміста. На яго погляд, задача «Мінскводаканала» — забяспечыць падачу спажыўцам вады з якасцю, якая адпавядае санітарным правілам і нормам. Гэта патрабаванне выконваецца. Далейшае даачышчэнне — рашэнне кожнага канкрэтнага спажыўца.

Эксперт таксама ўдакладніў, што на прадпрыемстве працуюць дзве акрэдытаваныя лабараторыі, якія штодня кантралююць якасць падаванай мінчанам водаправоднай вады. Летась яны выканалі больш за 197 тысяч даследаванняў па розных паказчыках. Акрамя таго, на саміх водазаборах і ачышчальнай водаправоднай станцыі функцыянуюць тэхналагічныя лабараторыі, якія кантралююць працэсы падрыхтоўкі вады. Іх задача — аператыўна выявіць магчымыя збоі, каб ліквідацыя недахопаў была аператыўная.

Артэзіянская вада стане для сталіцы рэальнай «фішкай»

«Перавод Мінска на падземныя крыніцы — гэта вельмі важны праект, які дазволіць нам замясціць існуючыя магутнасці водаправоднай станцыі і выкарыстоўваць для водазабеспячэння горада артэзіянскую ваду», — сказаў Антон Галаскок.

Першапачаткова для гэтага гораду трэба будзе пабудаваць больш за 90 кіламетраў трубаправодных сетак з максімальным дыяметрам 1,2 метра. Плануецца развіваць існуючыя водазаборы паўднёвай групы. Напрыклад, водазабор «Астравы» цяпер падае ў горад каля 100 тысяч кубаметраў артэзіянскай вады ў суткі. У ходзе рэалізацыі праекта па пераводзе Мінска на падземныя крыніцы водазабеспячэння гэты аб'ём будзе павялічаны ў 2,5 раза — да 260 тысяч кубаметраў у суткі. Ужо завяршаецца распрацоўка праектнай дакументацыі вядучай арганізацыяй краіны «Мінскінжпраект». «Прыкладаем намаганні, каб выйсці на пляцоўку будаўніцтва ў другой палове гэтага года. Тэрміны завяршэння праекта даўно вызначаны — 2025 год», — сказаў Антон Галаскок.

Зараз жа, як патлумачыў спікер, водазабеспячэнне ў сталіцы адбываецца з паверхневых крыніц і 356 артэзіянскіх свідравін, большасць з якіх знаходзіцца за горадам. У межах Мінска налічваецца крыху больш за 100 свідравін.

У горадзе функцыянуе пяць водазабораў, на адным з іх — другім водазаборы «Пятроўшчына» — ёсць неабходнасць у выдаленні жалеза, для чаго маецца станцыя абезжалезвання. На астатніх водазаборах у межах горада вада адпавядае патрабаванням і не мае патрэбы ў абезжалезванні. Вада з павышаным утрыманнем жалеза і марганцу характэрная для загарадных водазабораў, на большасці з якіх таксама ёсць станцыі абезжалезвання.

Як вядома, ачышчальная водаправодная станцыя выкарыстоўваецца для падрыхтоўкі вады, якая паступае з паверхневай крыніцы — Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Спажыўцы такой вады — жыхары Фрунзенскага, Маскоўскага і часткова Кастрычніцкага раёнаў. Пасля водападрыхтоўкі яна цалкам адпавядае патрабаванням санітарных нормаў і правілаў.

Калі своечасова не замяніць лічыльнікі вады, давядзецца за ваду плаціць у два разы больш

Начальнік ЦРП «Вадазбыт» «Мінскводаканала» Наталля Суботка адзначыла, што пры заключэнні дагавора ажыццяўляецца прыёмка прыбораў уліку. Сярэдні тэрмін эксплуатацыі абсталявання складае 5 гадоў. Пасля заканчэння гэтага перыяду неабходна звярнуцца на «Мінскводаканал» з заяўкай на замену прылады ўліку вады. Перш чым адправіць спецыяліста, прадпрыемства паведамляе спажыўцу аб канцы тэрміну эксплуатацыі або заказным пісьмом, або пры зверцы, калі кантралёр абыходзіць кватэры.

Праблемы ў спажыўцоў узнікаюць у тым выпадку, калі яны своечасова не мяняюць гэтыя лічыльнікі. «Калі замена не была праведзена, то прылады здымаюцца з камерцыйнага ўліку, а налічэнні ажыццяўляюцца згодна з нормамі водаспажывання. Сярэдні расход вады ў жыхароў Мінска складае каля 4 кубічных метраў на чалавека ў месяц, а вось норма водаспажывання значна большая — 8 «кубоў» вады, за іх і давядзецца плаціць. Таму абавязкова трэба рэагаваць на нашы апавяшчэнні і рабіць замену», — патлумачыла начальнік ЦРП «Вадазбыт».

Калі хтосьці па нейкіх прычынах забыўся абнавіць свой лічыльнік, то ён можа патэлефанаваць у адзіны кол-цэнтр па нумары 119, пакінуць заяўку на замену прыбораў уліку расходу вады, і «Мінскводаканал» вышле спецыяліста. Наталля Суботка адзначыла, што, у адпаведнасці з заключаным дагаворам, гэтая працэдура абсалютна бясплатная. Спецыяліст яшчэ раз нагадала, што са студзеня мінулага года пачаў дзейнічаць адзіны кол-цэнтр, куды гараджане могуць звяртацца па любых пытаннях водазабеспячэння ў Мінску. Ужо зараз гэтым цэнтрам актыўна карыстаюцца «прасунутыя» мінчане (у месяц робіцца каля 12 тысяч званкоў з пытаннямі па пераразліку, налічэннях, тарыфах і іншых паслугах).

Каб не было засораў

Існуе мноства пытанняў аб правілах карыстання хатняй сантэхнікай, але перад тым, як звярнуцца да іх, давайце паглядзім, што можна змываць ва ўнітаз. Гэта даволі кароткі спіс. Калі вы абмяжуецеся змываннем туалетнай паперы, бруднай вады і прадуктаў жыццядзейнасці арганізма — гэта будзе самае правільнае рашэнне. Такія элементарныя веды павінна заўсёды памятаць кожная хатняя гаспадыня, лічыць Андрэй Герасімчык, начальнік вытворчасці «Мінскачыствод». Бо асаблівасці эксплуатацыі водных сістэм ва ўмовах мегаполіса — досыць складаная задача.

За мінулы год на сетках водаадвядзення ўтварылася каля 4 тысяч засораў. Гэта тыя выпадкі, калі спецыялісты ліквідавалі агульнагарадскую праблему, дадайце яшчэ каля 30 % выклікаў, якія датычацца непасрэдна ўнутранай каналізацыі.

Гарадская каналізацыя — цэласная сістэма: адходы, скінутыя ў яе, пройдуць праз трубаправоды ўсяго горада і апынуцца на каналізацыйных помпавых станцыях і ачышчальных збудаваннях. Каб ліквідаваць засор, яго прабіваюць уручную адмысловымі штангамі, а затым прамываюць участак трубаправода напорам вады ціскам звыш 100 бар з выкарыстаннем спецыяльнага аўтамабіля, абсталяванага гідрадынамічнай устаноўкай. Калі вырашыць праблему не ўдаецца альбо спецыялісты западозрылі пашкоджанне трубаправода ці іншыя непаладкі, унутр запускаюць спецыяльнага тэледыягнастычнага самаходнага робата, які паказвае карцінку таго, што адбылося.

Увосень, у сезон закатак, у топе знаходак работнікаў помпавых і ачышчальных станцый, а таксама спецыялістаў, якія выязджаюць на выклікі, — гародніна і розныя ачысткі. Скідаюць у каналізацыю не толькі адносна дробныя агуркі і памідоры, але і цэлую капусту.

Ліквідацыю такіх засораў вядзе да значных эксплуатацыйных выдаткаў. А яны закладваюцца ў тарыф на паслугу водаадвядзення і кладуцца ў канчатковым выніку фінансавым цяжарам на плечы спажыўцоў. Штодня на рашотках каналізацыйных помпавых станцый і Мінскай ачышчальнай станцыі са сцёкавых вод утвараюцца да 3,5 тоны цвёрдых адходаў.

Як жа змагацца з засорам? Ці можна справіцца з ім самастойна або лепш адразу звярнуцца да прафесіяналаў?

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.