Вы тут

«Мы дакументуем канкрэтны час». Як стваралася «Брама памяці» ў Трасцянцы


Нядаўна дацэнту кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Канстанціну Касцючэнку была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за выбітны творчы праект. Пабачыць работу давялося многім беларусам — гэта скульптурная кампазіцыя «Брама памяці», якая ўсталявана ў мемарыяльным комплексе «Трасцянец». Праца над «Брамай памяці» ішла больш за сем гадоў — з 2007 да 2015. За гэты час Канстанцін Касцючэнка даследаваў архівы, разглядаў гістарычныя здымкі, наведваў замежныя мемарыяльныя комплексы... У выніку праца дала свой плён — праект адзначылі на высокім дзяржаўным узроўні.


Са скульптарам мы сустрэліся ў яго майстэрні, што знаходзіцца побач з Траецкім прадмесцем. На дзвярах — папера з раскладам заняткаў у Акадэміі мастацтваў, на стале ляжыць кніга Андрэ Банара «Грэчаская цывілізацыя», а побач з відэльцамі — мастацкія пэндзлі. Гэта ўсё дэталі, але дзякуючы ім ствараецца вобраз гаспадара памяшкання. У сваёй майстэрні скульптар праводзіць палову дня, прыходзіць сюды адразу пасля таго, як заканчваюцца заняткі ў акадэміі.

— У гэтым доме размясціліся старыя творчыя майстэрні, напрыклад, у суседняй працуюць мастакі-манументалісты, — распавядае майстар. — Раней адна з майстэрань побач належала скульптару Уладзіміру Жбанаву, там ён стварыў свае першыя работы. Нагледзячы на кампактныя памеры, у будынку адчуваецца дух часу, гэта намоленае месца. Мне шмат разоў прапаноўвалі пераехаць у майстэрню большых памераў, але я адмаўляўся, таму што за 12 гадоў прызвычаіўся да гэтага месца. Сама майстэрня дапамагае ў працэсе стварэння работ.

— Як сумяшчаеце творчасць з выкладчыцкай дзейнасцю?

— Усе педагогі, якія выкладаюць у Акадэміі мастацтваў, прытрымліваюцца традыцыі перадачы сваіх ведаў новым пакаленням. Я ў свой час атрымаў ад старэйшых калег пэўны зарад энергіі, а зараз імкнуся дзяліцца вопытам з моладдзю. У нас невялікая кафедра, працуе ўсяго некалькі чалавек. Тым не менш кожны з педагогаў — практыкуючы скульптар. Пасля заняткаў мы разыходзімся па сваіх майстэрнях, дзе займаемся або эскізамі, або рыхтуем вялікія праекты.

— Нельга не абмінуць тэму атрымання прэміі. Якія эмоцыі вы адчулі, калі зразумелі, што сталі лаўрэатам?

— Гэта адна з галоўных прэмій нашай краіны. Таму атрымаць яе — вельмі ганарова і адказна. Ты разумееш, што атрымліваеш яе разам з урачамі-анколагамі, якія ратуюць чалавечае жыццё. Значыць, твой праект, усе тыя намаганні, што ты прыклаў, не былі дарэмныя. Ты робіш выснову, што твае творчыя пошукі і адкрыцці камусьці патрэбныя, прыносяць вынік.

Кожнае пакаленне рухаецца за кошт той базы, якая была напрацавана іх бацькамі і дзядамі. У маім выпадку імкнуся настройваць сваіх студэнтаў, што тыя творы, якія мы робім, ствараюць пэўны ўзровень культуры. Менавіта па іх наступныя пакаленні будуць меркаваць аб узроўні развіцця нашага грамадства. Як і мы цяпер, аналізуючы захаваныя помнікі, выбудоўваем здагадкі аб тым, якой была, напрыклад, Старажытная Грэцыя.

— Ці стала для вас прэмія пэўным прафесійным і творчым штуршком?

— Ведаеце, гэта нават не штуршок, а стымул. Праца скульптара шмат у чым параўнальная з працай вучонага. І мастак, і вучоны шмат у чым рызыкуюць. Бо не ўсе праекты, якія мы вядзём, атрымліваюць далейшае развіццё, рэалізацыю і прызнанне. Таму гэтая прэмія — сур'ёзны стымул для далейшых пошукаў і дасягнення высокіх вынікаў.

— Раскажыце, калі ласка, аб асноўных этапах работы над «Брамай памяці».

— Да 2010 года я падрыхтаваў эскіз «Брамы памяці», і на адкрытым рэспубліканскім конкурсе работа была прызнана найлепшай і адабрана для рэалізацыі. Затым я стаў працаваць з інстытутам «Мінскпраект» і майстэрняй Ганны Аксёнавай, галоўнага архітэктара мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Мы распрацоўвалі яго цэнтральную частку для канкрэтнай прывязкі самога помніка да ландшафту. Праектаванне ішло з 2010 да 2015 года, і за апошнія год-паўтара мы павялічылі помнік да 10-метровага памеру. Каля месяца яго манціравалі ў самім комплексе на апорным каркасе на падмурку.

Канцэпцыя скульптуры пераглядалася некалькі разоў. Першапачаткова была ідэя адлюстраваць царскія вароты — гэта галоўная брама іканастаса ў праваслаўным храме, якая вядзе ў алтарную частку і ўвасабляе браму раю. Аднак у «Трасцянцы» загінулі прадстаўнікі розных народаў і канфесій, і ў выніку было вырашана зрабіць скульптуру больш усеабдымнай, каб яна закранала зразумелыя для ўсіх агульначалавечыя каштоўнасці. У чымсьці засталася першапачатковая ідэя — адлюстраваць святых, бязвінна забітых людзей. У кожнага з персанажаў ёсць прататыпы. У тых выявах няма яркіх эмоцый. Я стараўся паказаць увесь боль, жах ад таго, што адбываецца, у максімальна спакойным выглядзе, сканцэнтраваць гэта ў абліччах, адлюстраваных на помніку.

Падчас работы над праектам я прыслухоўваўся да парад і прапаноў, стараўся ўзяць з гэтага найлепшае. Сваім досведам і бачаннем дзяліліся мае настаўнікі Леў Гумілеўскі і Міхаіл Савіцкі. У працэсе абмеркавання рабочай мадэлі дапамагалі сябры мастацкай рады. Была праведзена вялікая работа з архіўнымі звесткамі, супрацоўнічалі ў тым ліку і з Нацыянальнай акадэміяй навук, таксама сачылі за ходам правядзення раскопак на тэрыторыі комплексу.

З дапамогай такіх праектаў, як «Брама памяці», хацелася б звярнуць увагу людзей на тэму Вялікай Айчыннай вайны, захаванне гістарычнай праўды.

— Нярэдка работа над скульптурнай кампазіцыяй займае некалькі гадоў. Пасля прэзентацыі праекта ці рэфлексуеце ад сваёй работы?

— Я не думаю, што ёсць такія мастакі, якія на ўсе сто працэнтаў задаволеныя вынікам. Калі работа ўжо ўсталявана, думаю: «А можна было вось тут на пяць сантыметраў пасунуць». Але гэта бачу толькі я, навошта агучваць гэтыя думкі публіцы? Проста зараз я ведаю, што ў наступнай рабоце трэба будзе звярнуць увагу на пэўныя нюансы, каб дамагчыся большай выразнасці.

Кожны завершаны праект дзеліцца на некалькі этапаў. У першую чаргу гэта арганізацыйная частка, падчас якой кіраўніцтва, што плануе ўсталяванне скульптуры, разважае аб тым, як работа павінна выглядаць. Пасля гэтага аб'яўляецца конкурс — скульптары і архітэктары прадстаўляюць свае праекты. Да апошняга конкурснага дня мы адпрацоўваем новыя хады, узнікаюць свежыя ідэі. Пасля гэтага маштабуецца эскіз — пачынаецца работа ў вялікім памеры. Кожны з гэтых этапаў вельмі напружаны, патрабуе вырашэння розных задач. Напрыклад, на эскізе неабходна знайсці асноўныя аб'ёмы, галоўную ідэю, вобразы, праз якія гэтую ідэю можна будзе выказаць. Далей удакладняем прапорцыі і пачынаем адліваць вялікія формы. Зноў жа, трэба старацца, каб аб'ект не страціў першапачатковую ідэю.

Разумееце, да кожнага праекта, які мы ствараем, ставімся як да свайго дзіцяці. Вельмі балюча ўспрымаем усякія змены, датычныя яго. Таму да самага апошняга моманту, да адкрыцця, да ўваходжання скульптуры ў навакольнае асяроддзе вельмі моцна перажываем. І ўспрымаем яе практычна як частку сябе.

— Каго вы маеце на ўвазе, кажучы «мы», — вашых памочнікаў ці калег?

— Я гавару за ўсіх творчых людзей. Мяркую, мы ўсе праходзім прыблізна аднолькавыя этапы: думаем аб сімвалах, алегорыях. Акрамя таго, што мы аўтары, у першую чаргу мы дакументуем канкрэтны час і канкрэтную прастору. Калі паглядзець на карціны эпохі Адраджэння, то па іх можна вывучыць той гістарычны перыяд, культуру, палітычныя ўплывы. У любым выпадку, архітэктар, пісьменнік, танцор, музыкант — гэта рупар сваёй эпохі, тонка настроены інструмент, які перадае нюансы і агульны настрой грамадства.

Для мяне ў першую чаргу важна, каб тыя эмоцыі, якія я ўклаў у работу, перадаліся гледачу.

— Над якімі праектамі працуеце цяпер?

— Я дапамагаў сваім калегам працаваць над помнікам Якубу Коласу, які будзе ўсталяваны на яго малой радзіме ў Стоўбцах. Са скульптарам Уладзімірам Піпіным мы выйгралі конкурс на помнік Івану Шамякіну. Таксама з калегамі робім вялікія барэльефы для інтэр'ераў Старога замка ў Гродна. Паралельна займаюся эскізаваннем ідэй і праектаў, на рэалізацыю якіх спадзяюся.

Арына КАРПОВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.