Вы тут

Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час»


Сёлета шмат хто з замежных удзельнікаў Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час» не здолеў патрапіць у Беларусь. Пандэмія, а яшчэ імкненне асобных палітыкаў разбурыць мірнае суіснаванне народаў і дзяржаў ізноў накладваюць сваю пячатку на рэчаіснасць. Хтосьці з літаратараў выказаўся ў фармаце анлайн, хтосьці перадаў свае меркаванні, думкі папярэдне. А мы звярнуліся да пісьменнікаў замежжа з адным пытаннем, пытаннем пра тое, як захаваць мір.


Святлана Ананьева, кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела міжнародных сувязяў Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Ауэзава Камітэта навукі Міністэрства навукі і адукацыі Рэспублікі Казахстан:

На многія развагі настроіла ўжо сама назва міжнароднай сустрэчы онлайн і афлайн — «Грамадзянская і мастацкая адказнасць пісьменніка перад чытачом». Я не першы раз сустракаюся з беларускімі калегамі. Бачу і разумею, якія выключныя намаганні прыкладае кіраўніцтва краіны, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка для захавання міру. Колькі розных міралюбівых ініцыятыў вылучалі беларусы! І шкада, што не ўвесь свет чуе ваш голас, голас розума і стабільнасці. Мы ўважліва сочым за падзеямі ў Беларусі. І верым у тое, што ваша грамадзянская актыўнасць — аснова добрасуседства. 


Мікалай Чаркашын, празаік, публіцыст (Расійская Федэрацыя):

Апошнія гады я працаваў над гістарычнымі раманамі, прысвечанымі драматычным падзеям 1941 года, падзеям першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. Адкрыў многа цікавых фактаў. Збіраючы іх, удзельнічаў у палявой рабоце беларускіх і расійскіх пошукавікоў. І, канешне ж, адна з тэм міжнароднага сімпозіума — «Гістарычная памяць — аснова выхавання грамадства» — мне надзвычай блізкая. Лічу, што нам як ніколі сёння варта зазірнуць у памяць Вялікай Айчыннай вайны, разгледзець тую боль, асэнсаваць тыя выпрабаванні, якімі прайшоў праз гады ліхалецця савецкі народ, прайшлі плячом да пляча рускія і беларусы, узбекі і ўкраінцы, прадстаўнікі дзясяткаў нацыянальнасцяў, людзі-інтэрнацыяналісты. І тут варта заўважыць, што пісьменнікам даволі часта бракуе публіцыстычнай ініцыятывы. Трэба прыйсці на тэлебачанне, радыё, сёння пісьменніцкае слова праўды пра Вялікую Айчынную вайну патрэбна і ў новых сацыяльных сетках...


Салім Хатлані, празаік, перакладчык (Таджыкістан):

Я працаваў у Рэспубліцы Беларусь як дыпламат. І заўсёды стараўся ўдзельнічаць у кніжных, літаратурных імпрэзах, мерапрыемствах самага рознага характару, якія ладзіць Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі. Дзякуй і зараз за запрашэнне паўдзельнічаць у абмеркаванні актуальных мастацкіх, літаратурных, грамадска-палітычных пытанняў. Адно з пытанняў, якое прапанавалі да разгляду арганізатары сімпозіума, — «Выбар творчых рашэнняў у пошуках мастацкай і жыццёвай праўды». Мяркую, што нам, маючы за плячыма прафесійны пісьменніцкі вопыт, патрэбна як мага болей шчыльна працаваць з творчай моладдзю, з маладымі людзьмі ўвогуле. Пошук духоўных, маральных арыенціраў часам аказваецца марным. Для асэнсавання, якую ролю адыгрывае слова ў сцвярджэнні гуманістычных ідэалаў, патрэбна часцей наладжваць розныя пляцоўкі для абмеркавання, стварэння прасторы прыхільнікаў сусветнага добрасуседства. І ў Мінску, Беларусі гэта разумеюць. Мы са свайго боку, у Таджыкістане, вельмі высока ацэньваем гэта разуменне. І заўважу яшчэ як перакладчык: нягледзячы ні на якія складанасці, давайце часцей выдаваць анталогіі, калектыўныя зборнікі, якія прадстаўляюць у нашых краінах літаратуры іншых народаў. Такія перакладчыцкія праекты дазволяць шырэй расказваць нашым чытачам у нацыянальных кватэрах адзін пра аднаго. 


Даяна Лазарэвіч, перакладчыца (Сербія):

У апошні час я пераклала на сербскую мову творы Янкі Купалы, Адама Багдановіча, Віктара Кажуры, Валерыя Казакова, Святланы Быкавай і іншых беларускіх пісьменнікаў — як класікаў, так і сучаснікаў. У Сербіі праз гэтыя кнігі адкрываецца свет беларусаў і Беларусі. Мастацкая літаратура, мастацкае слова — трывалы мост паміж народамі. Зазіраючы ў змест твораў беларускіх пісьменнікаў, мы шукаем тыя трывалыя асновы духоўнасці, патрыятызму, якія дапамагаюць беларусам выжыць, прайсці праз самыя жорсткія выпрабаванні. Разам пісьменнікі, якія думаюць пра лёсавызначальнасць духоўнасці, патрыятызму, — вялікая магутная сіла!..

Запісаў Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.