Вы тут

Заронава помніць воінаў!


У студзені на воінскі мемарыял у вёску Заронава Віцебскага раёна прыехалі родныя пахаванага тут воіна Івана Быкава. Яны шукалі месца яго апошняга прытулку больш чым 70 гадоў.


Баец Чырвонай Арміі Быкаў загінуў у баі каля в. Сываратка Заронаўскага сельсавета. Яго пляменнік Уладзімір разам з сям'ёй доўга шукаў месца, дзе пахаваны дзядзька. Шматлікія запыты прывялі ў абласны архіў Віцебска, адтуль — у Заронава. Захавальнік музейных каштоўнасцяў комплекснага музея «Гісторыя Заронаўскага краю», вядомы ў раёне пошукавік Людміла Нікіціна адразу дала адказ: Іван Андрэевіч Быкаў пахаваны на заронаўскім мемарыяле, яго імя занесена ў мясцовую кнігу памяці герояў-вызваліцеляў і ўвекавечана на пліце. Блізкія доўга чакалі, калі ў нялёгкай эпідэмічнай сітуацыі можна будзе наведаць Беларусь. Нарэшце ў студзені Быкавы прыехалі ў Заронава з Новасібірска, каб пакланіцца зямельцы, дзе знайшоў вечны спачын іх воін. У вачах стаялі слёзы радасці і невымоўнай падзякі за тое, як у вёсцы берагуць і шануюць памяць байцоў, якія склалі галовы за наша мірнае жыццё. Гэта толькі адна з некалькіх соцень такіх гісторый, што захоўвае Людміла Канстанцінаўна.

З канца 1943 да чэрвеня 1944 года на тэрыторыі сельсавета вяліся жорскія баі пры вызваленні горада Віцебска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 7 месяцаў на гэтай тэрыторыі стаяў фронт. Страты былі велізарныя, аб гэтым сведчыць факт, што пасля вайны ў ваколіцах Заронава было 477 брацкіх пахаванняў. Пастановай ад 28 ліпеня 1945 года «Аб добраўпарадкаванні захаванняў загінулых воінаў Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і перанясенні адзіночных могілак у цэнтры саўгасаў» было вырашана перанесці астанкі байцоў з найбліжэйшых вёсак у Заронава. У 1980 годзе па ініцыятыве былога дырэктара саўгаса В. Маладзечкіна і дачкі загінулага тут воіна В. Ламаносавай быў створаны воінскі мемарыял. Тады, 42 гады назад, былі вядомы толькі 4652 прозвішчы байцоў. Сёння, дзякуючы пошукавай працы музейнага савета, вернуты з небыцця 10 566 імёнаў. І гэта — не палова, нават не чвэрць з агульнай колькасці воінаў, якія навечна засталіся на заронаўскай зямлі.

Да стварэння музея ў 1986 годзе перапіску з роднымі і пошук вялі настаўнікі і вучні Заронаўскай школы, у 1984-м справу пераняла Людміла Нікіціна. Выхаваныя на патрыятызме дзеці апантана дапамагалі музею: ездзілі ў Падольскі архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі адпрацоўваць спісы байцоў, якія зніклі без вестак на тэрыторыі Заронаўскага сельсавета, падымалі астанкі салдат разам з пошукаўцамі з іншых краін у межах Вахты Памяці. Заронаўскі мемарыял з'яўляецца другім па велічыні ў Віцебскім раёне, сюды няспынна ў любую пару года едуць унукі і праўнукі герояў, пахаваных тут.

Пошукавай дзейнасцю Людзміла Нікіціна разам з сынам Станіславам і музейным актывам займаецца сёння ў складзе пошукавага атрада «Разведчыкі воінскай славы», які аб'ядноўвае энтузіястаў Віцебшчыны. Працуюць з матэрыяламі ваенна-гістарычных сайтаў. У 2009 годзе з дапамогай унукаў загінулых воінаў і абласнога савета ветэранаў музей выдаў унікальную кнігу памяці «Успомнім усіх пайменна», у якую занесены прозвішчы 8082 байцоў, увекавечаных на той час на мемарыяле. Разам з 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам УС Беларусі, Міжнароднай пошукавай асацыяцыяй і Маскоўскай абласной грамадскай арганізацыяй «Дабрачынны ваенна-гістарычны клуб «Памяць і прымірэнне» правялі чатыры Вахты Памяці на тэрыторыі Заронаўскага с/с. Вынікам апошняй стала ўрачыста-жалобная цырымонія перапахавання астанкаў 83 байцоў Чырвонай Арміі ў верасні 2021 года, яно на мемарыяле ўжо дванаццатае. На заронаўскай зямлі падчас ваенных ліхалеццяў палеглі не толькі беларусы: казахі, расіяне, таджыкі — у радах Чырвонай Арміі служылі ўсе нацыянальнасці былога Савецкага Саюза. А ў 2020 годзе нарэшце знайшліся родныя воіна Ван Дзян-Чына — адзінага прадстаўніка Кітайскай Народнай Рэспублікі. Яго імя заўсёды выбівалася сярод іншых, музей актыўна шукаў родных воіна... І яны знайшліся з дапамогай сюжэта на тэлебачанні ў самім Хабараўску.

Воінскі мемарыял уяўляе сабой архітэктурны ансамбль: больш за 40 гадоў пазіраюць зверху на мірнае жыццё барэльефы танкіста, пехацінца і лётчыка, застылыя ў бетоне, побач з імі — сцяна памяці. У цэнтры мемарыяла — брацкая магіла, у якой пахавана больш за 4000 байцоў, уздоўж мемарыяльных пліт — такія ж пахаванні. Вясной, асабліва на Дзень Перамогі, на іх расцвітаюць ярка-чырвоныя цюльпаны, мясцовыя жыхары кажуць, што гэта душы загінулых байцоў, якія зверху, як і жураўлі, берагуць кожнага з нас. У 2015 годзе на мемарыяле была ўсталявана мармуровая дошка з прозвішчамі 99 лётчыкаў 3-й паветранай арміі. Да 75-годдзя Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на брацкім пахаванні быў устаноўлены помнік, прысвечаны мясцовым ветэранам і воінам, што не вярнуліся з вайны. Калісьці, у сярэдзіне 2000-х на 9 Мая тут яшчэ збіраліся ветэраны, успаміналі подзвігі і прымалі бясконцыя падзякі ад моладзі. На жаль, сёння яны ўсе пайшлі з жыцця. Помнік уяўляе сабой разгорнутую кнігу, вышэйшую за чалавечы рост, на старонках якой залатымі літарамі выбіты імёны. Дадаткам да помніка мясцовым жыхарам стала кніга Людміла Нікіцінай «Заронава помніць», у якой распавядаецца пра жыццёвы шлях і ўзнагароды кожнага мясцовага жыхара, чыё прозвішча навечна ўпісана ў гісторыю сельсавета. Сёння пры фінансавай дапамозе Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага райвыканкама на заронаўскім мемарыяле ідуць рамотныя работы: зроблены новыя тумбы, старыя дошкі з прозвішчамі салдат будуць заменены на мармуровыя.

Музей «Гісторыя Заронаўскага краю» і сельвыканкам рэалізоўваюць буйны праект па аднаўленні ўсіх брацкіх пахаванняў на іх тэрыторыі. Сумеснымі намаганнямі ўжо абнавілі чатыры помнікі ў ваколіцах Заронава. Апошні з іх — помнік двум разведчыцам у Суйкава, імёны якіх больш за 50 гадоў былі невядомы.

Вялікая грамадзянска-патрыятычная работа вядзецца ў музеі з юнымі мясцовымі экскурсаводамі. Вельмі ўплываюць на дзіцячы светапогляд сустрэчы з роднымі загінулых байцоў. У музейным комплексе берагуць і захоўваюць памяць пра многіх байцоў: Васілька Крылова — адзінага сыночка ў маці, які прыпісаў сабе лішні год, каб пайсці на фронт, і навечна застаўся на заронаўскай зямлі. Пра Андрэя Іванавіча Усатага, імя якога было на абеліску ў в. Тапорына (лічыўся забітым). Ён знаходзіўся ў канцлагеры, дзе яму ампутавалі абедзве нагі, а ён знайшоў сілы жыць. Пра сям'ю Залескіх з в. Варанова, у якой на барацьбу з фашыстамі сталі бацька, маці і шасцёра дзяўчат. Такіх гісторый тут захоўваецца шмат — на кожнага байца сабрана папка з архіўнымі звесткамі, а з пантэона памяці глядзяць сотні пар вачэй, якія навечна знайшлі прытулак тут, у Заронаве.

Знакава, што ў Год гістарычнай памяці аднавілася транспартнае паведамленне Беларусі з Расіяй, гэта значыць, што ўдзячныя праўнукі змогуць наведаць магілы герояў, каб пакланніцца ім.

Аляксандра ГВОЗДЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.