Вы тут

Рэкордная «Нёманская вясна» адкрыла новы турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале


Міжнародны фестываль воднага турызму «Нёманская вясна» сёлета сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў — звыш 200 чалавек. Гэта пацвярджае, што інтарэс да спаборніцтваў па воднаму турызму, якія праводзяцца ўжо больш за 40 гадоў, расце. 


Разам з беларускімі камандамі ўдзел у спаборніцтвах прынялі турысты-воднікі з Расійскай Федэрацыі, Узбекістана і Таджыкістана. 

Як расказаў карэспандэнту «Звязды» арганізатар спаборніцтваў, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага турыстска-спартыўнага саюза Сяргей Каляда, удзельнікі прадэманстравалі тэхніку воднага турызма, арыентаванне на мясцовасці, пераадолелі складаную дыстанцыю воднага слалама, а таксама ў хуткім тэмпе правялі выратавальныя работы пры падзенні чалавека ў ваду. Спаборніцтвы прайшлі на адзіночнай і двухмясцовай байдарках, а таксама ўпершыню на байдарцы-катамаране. 

Дыстанцыя, працягласцю каля 10 кіламетраў, прайшла па так званаму малому Аўгустоўскаму кальцу, у якое ўваходзяць рака Неман, невялікая рэчка Асташанка і Аўгустоўскі канал.

Сёлета мацнейшымі на воднай трасе сталі прадстаўнікі Мінска і Мінскай вобласці. Каманды занялі адпаведна першае і другое месца. У тройку лідэраў увайшла і каманда Расійскай Федэрацыі.

Як адзначыў Сяргей Каляда, у добрай спартыўнай форме паказала сябе гродзенская каманда вышукова-выратавальнага атрада МНС. Прадстаўнікі гэтай службы ўпершыню прынялі ўдзел у спаборніцтвах па воднаму турызму. На думку арганізатараў, варта больш шырока прыцягваць МНС да падобных фестывалей, бо праграма якраз і прадугледжвае элементы работы выратавальнікаў. 

Дарэчы, не абыйлося і без кур’ёзаў, калі турысты, можна сказаць, прынялі сапраўднае воднае хрышчэнне. Але ўсё скончылася добра. Падчас нефармальных зносін каманды прадставілі фільмы на турыстычную тэму. 
У цэлым арганізатары адзначылі цёплую, сяброўскую атмасферу, якая панавала ўсе два дні турыстычных стартаў. А між тым на двары напачатку красавіка было мінус 1, а напярэдадні спаборніцтваў у Гродне выпаў снег. Негледзячы на гэта, «Неманская вясна» адбылася і адкрыла чарговы турыстычны сезон на Аўгустоўскім канале.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота – Гродзенскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага турыстска-спартыўнага саюза.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.