Вы тут

Вяршыні Усходу — у Выдавецкім доме «Звязда»


Творчы праект ініцыявала Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь. Кіраўнік дыпмісіі Ірана ў нашай краіне спадар Саід Яры прапанаваў беларускім кнігавыдаўцам гэтую ідэю літаратурна-мастацкага знаёмства з Амарам Хаямам і з самім Іранам.


«Каб ганчарам, што смела месяць гліну,
Вярнуць здаровы клёк хоць на хвіліну —
Не білі б, не давалі б аплявух,
Бо гэта прах бацькоў з зямлі ўспаміну».
(Пераклад народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна).

Мудрасць Амара Хаяма — не хваласпеў яго часінам, вольнасці чалавека ў прасторы часу. Мудрасць Хаяма — гэта жаданне прайсці дарогамі ўсведамлення вечнасці гуманістычных, духоўных ідэлаў светазбудавання.

«Гэй, светам недасведчаны нябога,
Ты з ветру сам і ўся твая трывога.
Мяжа твайго жыцця — цэнтр двух нябытаў,
Тлен у табе, вакол цябе — нічога».
(Пераклад Рыгора Барадуліна). 

І калі пераклады Барадуліна даўно вядомыя беларускаму чытачу, яны ­выходзілі асобным выданнем, то большую палову кнігі «Выбраныя старонкі» склалі пераклады, якія ажыццявілі Віктар Шніп і Генадзь Аўласенка. Дасведчаныя майстры перакладу, яны пранікліся сутнаснымі ўяўленнямі пра паэтычныя росшукі мастака слова з Усходу. І чытаючы здзейсненыя імі пераўвасабленні, адчуваеш надзвычайную сілу слова Амара Хаяма, яго паяднанне з сацыяльнымі, жыццёвымі клопатамі людзей. І разам з тым разумееш, што ўсё простае, лёгкае мае пад сабою аснову, грунт, на якім трываляцца вечныя ісціны.

«Сутнасць ісціны вечна зрываецца з рук,
Пошук ісціны — нейкі загадкавы круг!
І таму лепей невукам ты заставайся,
Бессэнсоўнае бо спасціжэнне навук».
(Пераклад Генадзя Аўласенкі).

Ілюстратарам кнігі «Выбраныя старонкі» выступіў вядомы беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал. Болей як 30 яго чорна-белых малюнкаў упрыгожваюць зборнік паэзіі Амара Хаяма. Мастак не першы раз звяртаецца да афармлення кніг паэзіі ўсходніх майстроў вершаскладання. Ён выступаў ілюстратарам зборнікаў серыі «Светлыя знакі: паэты Кітая». Таксама аформіў аўтарскую анталогію перакладаў Міколы Мятліцкага «Пялёсткі лотасу і хрызантэмы: 100 паэтаў Кітая XX стагоддзя», класіка кітайскай паэзіі Ай Ціна «Гімн святлу», зборнік вялікага паэта Бангладэш Казі Назрула Іслама. У малюнках Каміля Камала — выразныя штрыхі настраёвасці, усведамленне філасофскага складніка паэзіі Амара Хаяма.

Набыць кнігу можна і непасрэдна ў ВД «Звязда» ў Мінску па адрасе вуліца Захарава, 19, а таксама ў мінскай кнігарні «Акадэмкніга» па праспекце Незалежнасці, 72.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.