Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Правілы і выключэнні

 

Фота: pixabay.com

...Правяраць тую скаргу мы ехалі на машыне, з самай раніцы і, можна сказаць, цэлай брыгадай: апроч мяне, два інспектары з аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю, адзін участковы і, вядома ж, кіроўца.

Той самай кампаніяй, на той самай машыне вярталіся назад. Цемра а шостай гадзіне стаяла амаль непраглядная! Ведама, зазімак: ні табе снегу на зямлі, ні месяца ў небе... А замест мёртвых з косамі — елкі векавыя каля дарогі стаяць.

У такіх умовах нам, пасажырам, заставалася хіба спаць ці носам кляваць, што, дарэчы, мы і рабілі, аж пакуль наш кіроўца, што называецца, не ўдарыў па тармазах (прычым рэзка!) — не спыніў машыну, бо... Вачам не паверылі: ледзь не пад коламі, метры за два, ляжаў... чалавек.

Мы ўсёй «брыгадай» выскачылі на дарогу і ўбачылі, што гэта мужчына — стараваты, таўставаты, п'яны. Паспрабавалі падняць, паставіць на ногі — пакуль трымалі, стаяў, па-сяброўску ўсміхаўся, нават рот адкрываў, каб нешта сказаць... Але ж варта было аслабіць падтрымку — тут жа аб'язджаў на зямлю, каціўся ў кювет...

Што заставалася маім спадарожнікам? Толькі лезці следам, даставаць, выкочваць, як тое бервяно, назад на дарогу, ставіць на ногі, потым адпускаць і зноў «лавіць» у кювеце...

— Хлопцы, з гэтага нічога не будзе, — прызнаў участковы. — Прыйдзецца завезці яго дадому, а то, крый бог, загіне... Я ведаю, з якой ён вёскі: вярсты з дзве адсюль.

Везці дык везці, але як? Пах ад дзядзькі (яшчэ мякка кажучы) непрыемны, машына і без яго паўнюткая...

Вырашылі, што п'янага павязуць кіроўца і ўчастковы, а мы ўтраіх, каб не змерзнуць, пойдзем пешкі.

Як надумалі, так зрабілі. Мы ідзём, можна сказаць, нічога не бачым, а вось песню чуем. Ці ўсё ж здаецца? Але ж усім траім...

Што называецца, ідзём на голас. Так і ёсць: нехта спявае... Сціхае... Спявае? Падыходзім бліжэй: на тым жа баку дарогі і таксама ўпоперак ляжыць другі мужчына — малады, худы, п'яны... Ледзь дыхае... І песня ўжо абарвалася...

Трэба нешта рабіць, ратаваць, але як? Машын на дарозе ніякіх — ні сустрэчных, ні спадарожных. І наша бог ведае дзе...

Мусіць, праўду кажуць, што бог п'яніц любіць, толькі долі не дае: святло фар на дарозе! Нехта едзе!.. Замахалі рукамі, спынілі — хуткая дапамога!

— П'яных не падбіраем, — заяўляе з кабіны спахмурнелы шафёр.

А фельчар тым часам ужо схіляецца над хлопцам.

...Праз нейкі час мы рушылі далей. Я пры гэтым бэсціла ўсіх п'яніц, якім гарэлка даражэйшвя за жыццё, здароўе, блізкіх. Мае спадарожнікі, як падалося, не вельмі слухалі — круцілі галовамі... Пытаюся, з чаго б? «Ды, — кажуць, — не можа быць, каб гэтыя двое ўдвух пілі. Не па правілах гэта... Недзе павінен быць трэці».

...Той раз мы яго не знайшлі. Трэба разумець, не было?

Ірына Сядова,

г. Пружаны.


Каму што, а галоднаму — хлеб

Алегу, аднаму з шасці маіх стрыечных братоў, хутка 50. У вёсцы жыве. Свой дом у яго з усімі выгодамі, сям'я, гаспадарка, з паўгектара зямлі, сад, нават сажалка з карасямі... Ён шмат працуе, добра жыве... Другую хату цяпер купляе. «Яна табе трэба?» — здзівіліся мы. А брат давай разважаць: маўляў, тая хата — па суседстве, можна сказаць, пад самымі вокнамі, недарагая, нестарая... Невялікі рамонт сваімі рукамі зрабіў і гатовае, жытло ці лецішча — хоць для малодшай дачкі (ёй 18), хоць для большага сына (яму 25). Пытаем: «А раптам ім не спатрэбіцца?» Алег у адказ: «А раптам спатрэбіцца — і няма?».

Жалезны аргумент, праўда?

Але ж нам больш спадабаўся іншы. Маўляў, недарэмна кажуць, што на смачны кусок знойдзецца раток? «Гэта значыць, — кажа Алег, — што не куплю гэту хату я для сваіх дзяцей — купіць мясцовая гаспадарка для нейкіх чужых. І добра, як для добрых... А калі раптам не? Што тады рабіць?

Як ні круці, а мае брат рацыю: чалавеку для шчасця і сапраўды мала згоды ва ўласнай хаце, трэба, каб яна была яшчэ і за «сценамі» — з тымі ж суседзямі, з іншымі людзьмі.

І гэта — не толькі пра Алега, не толькі пра асобныя сем'і, але і краіны. Прынамсі мы некалі (ніякіх межаў не было!) свабодна ездзілі па былым Саюзе: Сочы, Масква, Ленінград, Тбілісі, Вільнюс, Рыга, Адэса... Дзе нас тады ні насіла! Адусюль прывозілі найлепшыя ўражанні, сувеніры, а наш дзядзька (бацька Алега) — яшчэ і вясёлую гісторыю. Гучала яна прыкладна так:

— Паездку ў Кіеў нам зладзіў прафкам і ўсё чыне па чыну: аўтобус, кампанія, песні, экскурсіі... Пасля агляднай па горадзе — гадзіна вольнага часу, і мы — хто куды, як тыя мурашкі... Жанчыны — а іх у групе большасць — панесліся па крамах. Я пайшоў гуляць па Крашчаціку (гэта ў Кіеве галоўная вуліца). І, відаць, самая прыгожая... Направа там пагляджу — вачэй не адвесці! Налева — таксама цуд! Так бы, здаецца, і стаяў — любаваўся... А каб яшчэ і закурыў...

Паляпаў па кішэнях — цыгарэты канчаюцца. Толькі падумаў, што трэба было б купіць, — надпіс перад вачыма «Перакурня». Во, думаю, якія парадкі ў людзей! У нас, бывала, не знойдзеш месца, каб па чарцы з некім узяць (трэба ў кусты хавацца), а тут — калі ласка — для курцоў спецыяльнае памяшканне. Цыгарэты, мусіць, прадаюцца, столікі стаяць, побач з імі — мяккія крэслы. Можаш пасядзець, калі стаміўся, можаш з людзьмі пагутарыць... Дай, думаю, зайду, на свае вочы пагляджу... А заадно і курыва куплю, пасмалю ў ахвотку, бо калі яшчэ давядзецца...

Адчыняю дзверы, заходжу ў вестыбюль. Дымам там не пахне, а крэслы стаяць. І народу няма... Дзве шыльды перад вачыма. Я адразу зразумеў: там жаночая зала, а там — мужчынская... І навошта, падумаў: мы ж бы і разам маглі пасмаліць...

Пакуль разважаў, як лепей было б, малады чалавек (сімпатычны такі... у белым халаце) запрасіў зайсці, адразу спытаў: «Вас пагаліць ці пастрыгчы?»... А мне ж каб пакурыць...

Няёмка было ў гэтым прызнацца: сеў у крэсла — пастрыгся.

Потым, калі апынуўся на вуліцы, яшчэ раз глянуў на шыльду. Там, як аказалася, не «Перакурня», а «Перукарня» — гэта значыць, цырульня...

Кажуць, глухі не пачуе, дык прыдумае, сляпы недабачыць, дык... пастрыжэцца.

М. Гушча,

г. Магілёў.


«Малюй»... І ні аб чым не думай?

Наш Багушэвіч праўду пісаў: « Чым-то дзеіцца на свеце, што не роўна дзеле Бог?..»

Гэта не толькі пра бедных ды багатых. Гэта яшчэ і пра жанчын. Я па сваіх знаёмых бачу: асобныя з іх маглі б нарадзіць ды выгадаваць хоць сямёра дзяцей, але не хочуць, а нехта і хацеў бы, але...

У маёй прыяцелькі Ніны толькі адна дачушка. Яна, як і ўсе малыя, прасіла некалі, каб купілі ёй браціка ці сястрычку. У бацькоў ніяк не атрымалася. А дачка тым часам падрасла. Можна было ўнукаў чакаць... Ніна казала: «Хоць сабе і ў «падоле»!»

Дзякуй богу, без яго абышлося: выйшла дзяўчына замуж, з'явіўся першынец. Бабуля, можна сказаць, на крылах лётала: як вольная часіна — то і да малога, паглядзець на яго, дачцэ дапамагчы...

Гаспадарку тады на мужа кідала, ведала, што ён справіцца. І спраўляўся ж, але...

На дварэ тады быў сакавік — хутка Вялікдзень... А таму перад чарговым сваім ад'ездам Ніна дастала з кладоўкі бляшанку з фарбай, сказала мужу, каб пафарбаваў падлогу ў спальні.

Косцю, шчыра кажучы, не хацелася, але ж пярэчыць сэнсу не мела. Ён паклікаў суседа, удвух з ім вынеслі мэблю.

Потым гаспадар ужо сам пахадзіў па той спальні з венікам, з мокрай анучай — «узброіўся» пэндзлем і нават парадаваўся. А што — жонка над каркам не стаіць, не камандуе, не павучае: «малюй» сабе і ні аб чым не думай.

Косця вось так і рабіў, прычым доўга: ён нават не заўважыў, як стала канчацца фарба, як дабраўся ў самы далёкі куток, дзе... ні табе дзвярэй, ні табе акна. Адно слова — пастка!

Тым часам на дварэ стала змяркацца. Скаціна была галодная. Косця, скруціўшыся ў куце, ужо прыкідваў, як правядзе гэту ноч (аб тым, што скажа Ніна, стараўся не думаць). Пад лыжачкай смактала — з раніцы нічога не еў: хацеў найхутчэй зрабіць.

Першым нешта нядобрае заўважыў сусед: свінні хлеўчык разносяць... Косці нідзе не відаць. Ён у хату. Чуе:

— Э-э, хто там? Падайце вады!

— І як гэта ты? — здзівіўся сусед. — Хто ж цябе ў кут загнаў?

А распытаўшы ды падаўшы «палоннаму» вады, пазваніў Ніне...

— Мазгоў — як у курыцы! — бушавала тая з парога (зяць яе на машыне прымчаў). — Вось і сядзі ў тым куце, пакуль падлога не высахне! А я пайду скаціну карміць.

Косця ў адказ толькі вачыма лыпаў: разумеў, што вінаваты, што ўляпаўся. А вось ці навучыўся чаму?

Жыццё пакажа...

Галіна Нічыпаровіч,

в. Магільна, Уздзенскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.