Вы тут

«Калі не — да пабачэння!». Прэзідэнт аб праблемных будаўнічых праектах ў Мінску з замежнымі інвестыцыямі


Прэзідэнт Беларусі даручыў вырашыць пытанні з праблемнымі будаўнічымі праектамі ў Мінску з замежнымі інвестыцыямі. У адваротным выпадку недабудаваныя ці замарожаныя аб’екты пойдуць у прыбытак дзяржавы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы аб развіцці горада Мінска са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым, памочнікам Прэзідэнта-інспектарам па Мінску Аляксандрам Барсуковым і старшынёй Мінгарвыканкама Уладзімірам Кухаравым. 


«Словам, неабходна прыняць рашэнне: «Так ці не? Калі не — да пабачэння! Пайшлі ў прыбытак дзяржавы, як мы гэта рабілі па многіх аб’ектах, што былі недабудаваныя ці замарожаныя. Але дазваляць такі разбой сярод белага дня ў цэнтры горада мы не можам. Зразумела, пра што ідзе размова. Не першая размова», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Перад усім ён хацеў пачуць, як развіваюцца інвестыцыйныя праекты, якія не толькі абазначаныя, але многія і распачатыя ў горадзе. 

«У нас з бяльмом на вачах — гэта газпрамаўскі аб’ект. Якая там сітуацыя? Руху да гэтага часу няма, але яны плацяць шалёныя штрафныя санкцыі. Справа не ў санкцыях, а ў тым, што не можа быць у цэнтры Мінска, на галоўным праспекце за плотам стаяць невядома што», — пачаў Аляксандр Лукашэнка тэму з недабудаванага шматфункцыянальнага цэнтра на месцы былога аўтавакзала «Маскоўскі».

Ён расказаў, што напярэдадні сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі хацеў бы ведаць, што там адбываецца. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што неяк згадваў расійскаму калегу гэтае пытанне. «Ён тады вельмі жорстка адрэагаваў, верагодна, Газпрам гэта не пачуў. Калі яны не хочуць на гэтай пляцоўцы працаваць — павінен быць дакладны адказ», — акцэнтаваў кіраўнік краіны.

Другі праблемны аб’ект, які ўзгадаў Прэзідэнт, — гэта ўзвядзенне шматфункцыянальнага комплексу на выездзе з Мінску іранскай кампаніі «Кейсон». «Гэта ўвогуле ўжо пытанне з барадой...», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён ўзгадаў і ўжо пабудаваны кітайцамі комплекс на праспекце Пераможцаў. «Што мы з гэтым аб’ектам будзем рабіць?» — пытаецца Прэзідэнт у чыноўнікаў.

Праект, які асабліва адзначыў кіраўнік краіны, — «Паўночны бераг», шматфункцыянальны комплекс побач з Цнянскім вадасховішчам з арабскім капіталам. «Вы разумееце, калі б гэты аб’ект будаваўся, у нас бы нават будаўнічых магутнасцей у Мінску не хапіла б, каб яго будаваць. Там мы павінны тэмпы фарсіраваць. Нам вельмі выгадны гэты аб’ект. Там уклалі некалькі мільярдаў долараў — 10 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта велізарны праект. Гэта ж можна задзейнічаць усіх нашых будаўнікоў на пяцігодку», — запэўніў Прэзідэнт.

Па яго словах, сённяшняя сустрэча — час, каб зверыць гадзіннікі і абмеркаваць тыя праблемы, што сёння ў горадзе ёсць. Кіраўнік краіны адзначыў, што праблемным пытаннем для горада з’яўляецца ахова здароўя. У прыватнасці, недаход аб’ектаў медыцынскай дапамогі. Запытаў ён, як справы зараз і з ковідам: «Як у нас тут? Колькі працэнтаў хворых у вас ад максімуму?». «Тры працэнты», — адказала ўпаўнаважаная па горадзе Мінску Наталля Качанава. 

«Тры працэнты — гэта лепей, чым у некаторых рэгіёнах. Але некалі Мінск лідзіраваў (па захваральнасці — “Зв.”)», — заўважыў Прэзідэнт.

Таксама Прэзідэнт абмеркаваў з кіраўніцтвам горада тэму самакіравання, добраўпарадкавання і бяспекі. «Мы шмат гаварылі пра мясцовае самакіраванне, яго ўдасканаленне. Мінск павінен быць у гэтам плане прыкладам. Я хацеў бы пачуць вашы думкі ў плане кіравання горадам. Як тут улада функцыянуе, што будзе далей?» — запытаў Аляксандр Лукашэнка.

Адно з важных пытанняў да ўладаў сталіцы — добраўпарадкаванне. Паводле Прэзідэнта, Мінск — твар краіны і яго прыклад павінен паказаць рэгіёнам, як развівацца. «Колькі мільёнаў кветак вы высаджваеце? Як добраўпарадкоўваеце вуліцы, двары? Але па два-тры ўчасткі — гэта не нашы тэмпы. Неабходна азадачыць усіх. У нас дзевяць кіраўнікоў адміністрацый (у горадзе — “Зв.”). Няхай арганізоўваюць людзей, задзейнічаюць мясцовае самакіраванне, жыллёва-камунальныя гаспадаркі і гэта далей так, каб мінчане ганарыліся сваім горадам», — заклікаў кіраўнік краіны.

Парадак і бяспека, па словах Аляксандр Лукашэнкі, — яшчэ адно вельмі важнае пытанне, якое выцякае з апошніх гадоў. «Мы павінны надаваць гэтаму асаблівую ўвагу. На жаль, Мінск аказаўся не на вышыні ў 2020 годзе. Але ў той жа час — гэта нам урок, у якім кірунку неабходна дзейнічаць», — заявіў Прэзідэнт. 

Ён падкрэсліў падначаленым, што ўсе пытанні вырашаюцца кадрамі, таму запытаў у мэра, што змянілася з яго прыходам на працягу гэтых двух гадоў у кадравых адносінах? Прэзідэнт сцвярджаў, што ў кадравых адносінах, патрыятызме, надзейнасці гарвыканкам быў не на першым месцы. «Што змянілася? Я папярэджваў і ўпаўнаважанага па горадзе разам з міністрам унутраных спраў і памочнікам. Наконт памочніка: гэта ўвогуле яго хлеб — кадры. Ён інспектар па кадрах. Таму памылак быць не павінна. Я не штурхаю вас да таго, каб мы галовы ўсім здымалі, запіхвалі некуды людзей, крыўдзілі. Але калі ты не гатовы, ты не павінен працаваць у дзяржаўных органах, уладзе. Ты там быць не павінен. Калі ж ты хочаш краіне і Мінску прынесці карысць, — калі ласка», — сказааў Аляксандр Лукашэнка.

Каментарый у тэму

Па словах старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Кухарава, асновай для горада з’яўляецца эканоміка, таму яе развіццю надаецца асаблівая ўвага. Па выніках работы за квартал, быў забяспечаны сукупны рост даходаў сталічнага бюджэта на 128 %.

«То-бок, эканоміка спрацавала нармальна, прадпрыемствы забяспечылі выплату падаткаў. Мы дадаткова атрымалі за квартал 162 мільёны рублёў. Таксама забяспечаны рост намінальнай заработнай платны на ўзроўні 119%» , — паведаміў мэр.

Як расказаў журналістам Уладзімір Кухараў, па многіх даўгабудах пытанні паступова вырашаюцца — толькі за мінулы год больш за 100 аб’ектаў увялі ў эксплуатацыю. Засталося 106 будоўляў, якія скончаць сёлета або налета.

«Ёсць пэўныя аб’екты, якія на працягу дзесяцігоддзя з’яўляюцца непрыгляднымі месцамі ў сталіцы. Сёння мы ўнеслі прапановы па вырашэнні пытанняў з гэтымі аб’ектамі, — сказаў мэр. — Гэта будуць падыходы, у тым ліку, заснаваныя на рашэннях у судовым парадку, каб інвестар больш актыўна вызначыўся з далейшым лёсам аб’ектаў».

Расказаў сталічны гораданачальнік, як ідзе будаўніцтва «Паўночнага берага». Гэты аб’ект ён назваў сур’ёзным інвестыцыйным праектам для Мінска. «Аб’ект стартаваў. Ідзе падрыхтоўчы перыяд на будаўнічай пляцоўцы, устаноўлена агароджа, здымаецца глеба, рыхтуюцца неабходныя тэхнічныя пытанні. Мы плануем, што адпаведна з дамоўленасцямі работы будуць працягвацца будаўніцтвам», — адзначыў мэр і дадаў, што першым этапам работ павінна стаць узвядзенне Міжнароднага выставачнага цэнтра.

Уладзімір Кухараў сцвярджае, што падчас будоўлі «Паўночнага берага» будуць укараняцца новыя тэхналогіі, узводзіцца будынкі міжнароднага значэння і прыцягвацца прастаўнікі разнастайных бізнесаў.

«Мы спадзяёмся, што сумеснымі намаганнямі праект будзе рэалізаваны. Мы гатовы аказваць садзейнічанне ў поўным аб’ёме нашым будаўнічым комплексам: весці будаўнічыя, праектныя работы. Усе неабходныя матэрыялы для будаўніцтва выпускаюцца ў нас у краіне. Зараз вядзецца работа з інвестарам для рэалізацыі праекта», — канстатаваў Уладзімір Кухараў.

Паведаміў ён і пра ўдасканаленне сістэмы самакіравання горадам. Органы самакіравання прадстаўлены Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў. Па словах мэра, унесена прапанова па заснаванні органаў самакіравання ў мікрараёнах.

«Кіраўніком краіны даручана яшчэ раз гэта пытанне даспрацаваць, узважыць плюсы і мінусы. Калі пытанне будзе ўсебакова адпрацавана, мы праінфармуем кіраўніка краіны пра канкрэтнае рашэнне па рэалізацыі», — сказаў старшыня Мінгарвыканкаму.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на тыдзень

Усходні гараскоп на тыдзень

РАК. У першай палове тыдня будзеце актыўна вучыцца новаму і размаўляць з людзьмі. У сярэдзіне тыдня можа змяніцца настрой, з'явіцца дакладнае разуменне сваіх мэт.

Калейдаскоп

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

«I гэты чалавек застаўся жыць...» Медыкі ў беларускай літаратуры. Тэст

Кожную трэцюю нядзелю червеня адзначаецца Дзень медыцынскага работніка.