Вы тут

Як сэканоміць на «камуналцы»? Інструкцыя ад спецыялістаў


Атрымаць пераразлік за некаторыя камунальныя паслугі вываз смецця, работу ліфта, газ і ваду (пры адсутнасці лічыльнікаў) — могуць жыхары, якія адсутнічалі па месцы пастаяннай рэгістрацыі больш як дзесяць дзён запар. Аднак такое правіла не распаўсюджваецца на катэгорыю так званых дармаедаў — беларусаў працаздольнага ўзросту, якія не працуюць і выехалі з краіны з 1 сакавіка гэтага года тэрмінам больш як на 30 дзён (выключэнне — выезд для лячэння ці аздараўлення). Яны будуць плаціць «камуналку» за жыллё, што знаходзіцца ў іх уласнасці, цалкам — па эканамічна абгрунтаваных тарыфах.


Хто мае права на пераразлік і як сэканоміць грошы за «камуналку», калі вы доўгі час не жывяце па месцы пастаяннай рэгістрацыі, расказала спецыяліст.

Падзеленыя гігакалорыі

Штогод па завяршэнні ацяпляльнага сезона многім жыхарам шматкватэрных дамоў робяць пераразлік аплаты за цеплаэнергію, выдаткаваную на ацяпленне і падагрэў вады. Адбываецца тое аўтаматычна — ніякіх заяў пісаць не трэба, тлумачаць камунальнікі.

Разлік за спажыванне цяпла кожнага жылога дома робіцца зыходзячы з паказчыкаў групавых лічыльнікаў (большасць «шматкватэрнікаў» у сталіцы аснашчана менавіта імі), якія фіксуюць колькасць патрачанага цяпла на абаграванне кватэр, пад'ездаў і іншых месцаў агульнага карыстання. Агульная колькасць гігакалорый дзеліцца паміж уласнікамі прапарцыянальна плошчы займанага імі памяшкання. Пры гэтым аб'ём энергіі, якая пайшла на падаграванне вады, налічваецца згодна з паказчыкамі пакватэрных індывідуальных лічыльнікаў гарачага водазабеспячэння. Калі іх няма — разлік робяць згодна з нарматывамі: 130 літраў вады ў суткі на чалавека.

Асаблівая катэгорыя — грамадзяне, якія маюць у кватэрах лічыльнікі цяпла і знаходзяцца на тэхабслугоўванні разлікова-сэрвісных арганізацый. Падчас ацяпляльнага перыяду такія жыхары плацяць згодна з паказчыкамі групавой прылады ўліку, а калі ацяпленне адключаюць — індывідуальны аб'ём цеплаэнергіі для кожнай кватэры будзе пералічаны згодна з паказчыкамі індывідуальных лічыльнікаў цяпла.

Жыхары дамоў, дзе ў кватэрах на батарэях устаноўлены рэгулятары цяпла, таксама могуць зменшыць свае сумы «камуналкі» пасля ацяпляльнага сезона, асабліва калі ім не падабаецца гарачыня. А аматары зімняга адпачынку, што едуць у водпуск, могуць увогуле на час сваёй адсутнасці выставіць на прыладзе ўліку цяпла тэмпературны мінімум, заўважыла Таццяна МАЗОЎКА, намеснік начальніка разлікова-даведачнага цэнтра № 2 Заводскага раёна Мінска:

— Увесь ацяпляльны перыяд такія жыхары аплачваюць ацяпленне па пэўных нарматывах, а калі ён заканчваецца, здымаюцца паказчыкі лічыльнікаў на ацяпленне і ўдакладняюцца лічбы зрасходаваных гігакалорый. У выніку ў маі многім уласнікам памяншаюць лічбы ў жыроўцы за ацяпленне. А некаторым, хто не звяртае ўвагі, што батарэя «смаліць», і не рэгулюе цяпло, наадварот — могуць у выніку і дадаць, бо падчас ацяплення сумы ім налічваліся, як і тым, хто эканоміў на цяпле.

Калі ўласнік ці наймальнік жылля бачыць, што лічбы ў жыроўцы раптоўна павялічыліся, трэба неадкладна высвятляць прычыну змянення тарыфаў, раіць спецыяліст:

— Вядома, калі чалавек зняўся з рэгістрацыі і кватэра засталася пустой (у ёй ніхто не зарэгістраваны), то налічэнні будуць рабіць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах. Аднак калі нічога не мянялася, то, магчыма, ён трапіў у базу дармаедаў, і трэба высвятляць на сайце адміністрацыі па месцы пастаяннай рэгістрацыі, што здарылася. На сайце ёсць магчымасць прымацаваць дакумент, якім чалавек растлумачыць, што ён, напрыклад, працуе за мяжой, таму не можа лічыцца дармаедам. У такім выпадку жыхару ў наступным квартале будзе зроблены пераразлік за камунальныя паслугі.

Пераразлік за вываз смецця і работу ліфта

Калі чалавек, зарэгістраваны па месцы пастаяннага жыхарства ў Мінску, з'язджае з яго больш як на дзесяць сутак запар, ён можа па заяўным прынцыпе звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ), да якога адносіцца, і напісаць заяву на часовую адсутнасць з указаннем яе тэрміну. Вярнуўшыся назад, ён мусіць на працягу сямі дзён прынесці даведку, якая пацвердзіць яго адсутнасць, расказала Таццяна Мазоўка:

— Такім чынам жыхар атрымае льготу на аплату паслугі па вывазе і абясшкоджванні цвёрдых бытавых адходаў (цяпер гэта 2,2 рубля штомесяц з чалавека). А таксама на аплату электраэнергіі, якая ўжываецца для работы ліфта, — гэтая сума залежыць ад колькасці жыхароў кватэры (за выключэннем дзяцей да сямі гадоў). Пры гэтым варта памятаць, што грошы за дадзеную паслугу налічваюцца з другой прыпыначнай пляцоўкі. То-бок калі ліфт ходзіць з першага паверха, то жыхары другога — ужо плацяць за яго работу, а калі да ліфта трэба падымацца на другі паверх, то плата за яго налічваецца ўжо для жыхароў пачынаючы з трэцяга паверха. Калі ў жыхара не ўстаноўлены лічыльнікі на газ і ваду, то ён атрымае пераразлік яшчэ і за іх. Калі лічыльнікі ёсць — аплата адбудзецца па факце выкарыстанага рэсурсу. Расходу падчас адсутнасці жыхара не было, значыць, і колькасць ужытых вады і газу нулявая.

Хоць пастановай прадугледжаны заяўны прынцып атрымання пераразліку, здараецца, што чалавек не можа загадзя паведаміць пра сваю часовую адсутнасць па месцы пастаяннай рэгістрацыі. Магчыма, ён трапіў у бальніцу або тэрмінова з'ехаў, а можа, проста не ведаў, што трэба напісаць заяву. Вярнуўшыся дадому, ён на працягу сямі дзён таксама можа прыйсці ў РДЦ, прынесці даведку аб прычыне адсутнасці і напісаць заяву на такі перыяд — пераразлік за камунальныя паслугі на гэты час таксама зробяць. Існуе нават даведка ўстаноўленай формы, якую могуць запоўніць афіцыйныя органы таго месца, дзе знаходзіўся чалавек (сельсавет, бальніца, санаторый, турма, вайсковая часць і іншыя), указаўшы пэўны перыяд яго прысутнасці там.

— Абавязковая ўмова пры часовай адсутнасці: чалавек у гэты тэрмін не павінен з'яўляцца па месцы пастаяннай рэгістрацыі. Інакш, калі пра тое даведаецца ЖЭС, жыхара пазбавяць ільготы за час, што ён правёў дома. Вядома, лепш пацвярджаць сваю адсутнасць штогод, аднак калі вы з'ехалі на вельмі працяглы тэрмін, то пераразлік можна атрымаць за тры гады, а даведку аб часовай рэгістрацыі — даслаць па пошце (напрыклад, калі чалавек з'ехаў на вёску або за мяжу). Заяву, якую павінен скласці сам адсутны, можа напісаць за яго па даверанасці і іншы, — акцэнтавала ўвагу спецыяліст.

Карыстацца такім пераразлікам могуць дачнікі, студэнты, асобы, што выехалі ў водпуск, на лячэнне, трапілі ў бальніцу ці турму і іншыя.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.