Вы тут

Электронныя сэрвісы ЖКГ. Экапраекты, разумны дом для разліку сабекошту паслуг і картаграфія


Заказаць дадому сантэхніка ў зручны для жыхара час. Даведацца праз вайбер, калі спецыялісты справяцца з аварыяй. Пракантраляваць, дзе находзіцца смеццявоз. Усё гэта і шмат што іншае, мяркуецца, змогуць неўзабаве рабіць мінчане праз зручныя сэрвісы. Пра сістэму электронных паслуг у Мінску, пашырэнне іх функцыянальных магчымасцяў і перспектыўныя праекты расказалі спецыялісты Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама.


Поўная алічбоўка і кіраванне прасторай

З пункту гледжання інфарматызацыі ў Мінску, пэўна, самае цікавае і штодзённае для людзей — гэта сістэма ЖКГ, а дакладней — служба 115 — адзіны цэнтр прыняцця заяў ад грамадзян і каардынацыі ўсіх паслуг у гэтай сферы, лічыць Іван БУТУК, вядучы бізнес-аналітык Цэнтра інфармацыйных тэхналогій (ЦІТ) Мінгарвыканкама:

— Для паляпшэння сістэмы шмат робіцца ў тэхнічнай, арганізацыйнай і каардынацыйнай частцы. Служба 115 эвалюцыянуе, развіваючыся ў платформу, агульную для ўсёй сістэмы ЖКГ краіны. Задача — стварыць дзяржаўную інфармацыйную сістэму ЖКГ, якая не толькі аб'яднае службу 115 з яе ўнутранымі сэрвісамі, але і пачне пашыраць свае сэрвісы за кошт геаінфармацыйных сістэм (картаграфіі), а таксама ствараць умовы для разумнага кіравання дамамі на ўзроўні ЖЭУ і кожнага раёна, прычым не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне.

Да службы 115 заўжды шмат пытанняў. У прыватнасці, адносна якасці аказання паслуг водазабеспячэння. Спецыялісты разважаюць, як можна аўтаматызаваць сістэму інфармавання грамадзян, каб як мага хутчэй яны атрымлівалі інфармацыю, што на пэўным участу здарылася аварыя і калі яе плануюць устараніць. Мяркуюць стварыць шматканальную сістэму інфармавання праз усе сродкі камунікацый: тэлеграм, вайбер, мабільныя праграмы, сайт.

Адна з функцыянальных змен — стварэнне платформы для грамадзян, на якой яны змогуць заказаць не толькі паслугі ЖКГ, але і пабочныя паслугі, якія аказваюць прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу. Мяркуецца, яны ўсе будуць змешчаны на гэтым рэсурсе. Такім чынам прадпрыемствы прыватнага сектара і прадпрымальнікі далучацца да абслугоўвання, і, адпаведна, палепшыцца сэрвіс ЖКГ, лічыць эксперт:

— Кожны гараджанін зможа заказаць дадому слесара, сантэхніка, электрыка ў зручны для сябе час, нават пасля работы. Такім чынам здзейсніцца пашырэнне паслуг для насельніцтва і яны будуць больш якасна і аператыўна аказвацца. Задача — даць транспарэнтны комплексны аналіз таго, што звязана з фарміраваннем сабекошту за аказаныя паслугі ў ЖКГ. Гэта вялікая комплексная работа, бо існуе шмат нарматыўна-прававых актаў, якія фарміруюць правілы, як складаецца гэты сабекошт.

Гэтай работай спецыялісты займаюцца з дапамогай спецыялізаваных праграм. Так, «АіС Домаўлік» будзе поўнасцю алічбоўваць дом з пункту гледжання арганізацыі, якая яго эксплуатуе, і ствараць рэальны інструмент, які дазволіць кантраляваць фарміраванне сабекошту паслуг на ўзроўні дома, дзе яны аказваюцца, і нават пад'езда. Гэта датычыцца, у прыватнасці, уліку электрычнасці для асвятлення пад'езда, уборкі прыдомавай тэрыторыі.

Яшчэ адна задача — стварыць зручнае кіраванне прасторай. Гэта ўсе картаграфічныя геаінфармацыйныя сэрвісы, якія дазволяць грамадзянам кантраляваць тое, што адбываецца побач з іх домам і ў горадзе. Прынамсі, гэта датычыцца вывазу цвёрдых камунальных адходаў, раздзельнага збору смецця з сістэмай кантролю за транспартам, які іх забірае.

Новая платформа ДЗІС ЖКГ

— Праблемны момант у тым, што кожны, не да канца разбіраючыся ў сферы дзяржкіравання, якое звязана з ЖКГ, імкнецца рабіць нешта сваё. Гэта контрпрадукцыйна, бо ствараецца парк рашэнняў, якія не скаардынаваны і не рэгламентаваны агульнымі мэтамі. Самы просты прыклад — вялікая колькасць мабільных прылад у карыстальніка. Цяпер існуюць дзясяткі тысяч розных прылад, і кожны хоча прыўнесці сваю ідэю на ўзровень агульнага рашэння. У выніку пачынаюцца спарадычныя высілкі ў розных пунктаў. У адным раёне адна праграма, у іншым — другая, але ў прынцыпе яна пра адно, — абазначыў Іван Бутук.

Спецыялісты Мінгарвыканкама сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, «Белтэлекамам! і іншымі ўдзельнікамі структуры Мінсувязі плануюць стварыць каардынацыйны савет па развіцці платформы ДЗІС ЖКГ у межах праграмы «Разумныя гарады Беларусі». Адпаведны пілотны праект у 2022-м будзе праведзены ў Заводскім раёне сталіцы і Оршы. Усіх, хто мае пэўныя ініцыятывы, спецыялісты заклікаюць звяртацца ў цэнтр каардынацыі, дзе будзе стварацца каталог рашэнняў, каб пазбегнуць стварэння мноства варыянтаў аднаго рашэння.

Жыроўкі па е-мэйлу і прыз за фота

Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама — ІT-твар Мінска. Цэнтр мае вялікі вопыт у рабоце з жыхарамі і іх праблемамі, якія датычацца ЖКГ і добраўпарадкавання. Яго супрацоўнікі зацікаўлены ў экавыхаванні грамадства і ў гэтым плане маюць два праекты, якія ўжо дзейнічаюць, паведаміла Аксана ГАЛАВАЦКАЯ, начальнік аддзела маркетынгу Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама:

— Яшчэ ў 2014-м мінчанам, каб атрымліваць электронныя плацежныя паведамленні, трэба было ісці ў разлікова-даведачны цэнтр (РДЦ), пісаць заяву, і ў наступным месяцы атрымліваць электроннае паведамленне пра аплату, налічаную за камунальныя паслугі. Тым самым эканомілася папера і ратаваліся дрэвы. Электронныя жыроўкі, дарэчы, прыходзяць раней за папяровыя, паглядзець іх можна нават калі ты знаходзішся за мяжой, і плюс не трэба захоўваць іх недзе стосам папер.

У 2019-м спецыялісты ЦІТ стварылі на сайце адзінага разлікова-даведачнага цэнтра асабісты кабінет, у якім кожны мінчанін можа запоўніць рэгістрацыйную форму і пакінуць заяўку на атрыманне жыроўкі ў электронным выглядзе. У 2019-м такім чынам было адпраўлена 232 337 электронных паведамленняў, а летась — 493 839. Гэта, між іншым, каля 75 дрэў, якія не сталі паперай.

Другі праект — «Зялёны двор разам!». Ён функцыянуе штогод увосень і вясной. У яго межах кожны жыхар можа выбраць расліну, месца і час, калі ён хацеў бы пасадзіць дрэва ці куст. Летась у Мінску высадзілі звыш 15 тысяч дрэў і 34,5 тысячы кустоў.

— Сёлета мы вырашылі два праекты аб'яднаць разам. На галоўнай старонцы сайта РДЦ знаходзіцца актыўны банер пераходу на электронныя плацежныя паведамленні. Кожны жыхар можа перайсці па спасылцы і адмовіцца ад папяровых паведамленняў пра аплату камунальных паслуг. Праз тры рабочыя дні пасля запаўнення заяўкі спецыялісты цэнтра правераць пакінутую чалавекам інфармацыю і пацвердзяць, што паведамленні будуць прыходзіць на электронную пошту. Яшчэ ў асабісты кабінет дадалі актыўны банер, націснуўшы на які чалавек можа перайсці на старонку, дзе пакінуць заяву на пасадку раслін.

У асабістым кабінеце можна будзе таксама змясціць фотасправаздачу: як было ў двары да пасадкі і як стала пасля. Выпадковым чынам будзе абраны пераможца, які атрымае прыемны прыз, паабяцала спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».