Вы тут

Вяленевы збор


У першай публікацыі, прысвечанай зборніку «Жалейка», мы закранулі шэраг праблем не толькі з гісторыі літаратурнага працэсу, але і выдавецка-паліграфічнай практыкі пачатку ХХ ст. («ЛіМ», 29 красавіка 2022 г.). 


Шэраг беларускіх кніг, што пабачылі свет дзякуючы пецярбургскай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца», выходзілі ў двух варыянтах. Паводле рэкламных аб’яў, якія перыядычна друкаваліся на старонках віленскай «Нашай Нівы», кнігі адрозніваліся наступным чынам (захоў-ваем некаторыя асаблівасці правапісу): «Таннае выданне на добрым белым паперы ў вокладцы»; «Дарагое на пекным чэрпаным паперы, у пекнай з беларускім узорам вокладцы».

Даследчыцкую і чытацкую ўвагу прыцягнула характарыстыка паперы — чэрпаная. Разабрацца дапамагла спецыяльная літаратура.   

У Расійскай імперыі ХІХ ст. паводле спосабу вытворчасці паперу падзялялі на ручную (чэрпальную) і машынную. Асартымент павялічваўся разам з тэхнічным прагрэсам. Да канца ХІХ — пачатку XX ст. налічвалася звыш 50 гатункаў. Толькі ў кніжнай справе выкарыстоўвалася папера александрыйская (або імператарская), ватманская, вяленевая, кітайская, любская, слановая і інш. Нярэдкай была практыка выдання тыражу на паперы розных гатункаў, ад якіх залежалі якасць і знешні выгляд кнігі, яе кошт.

Паводле падлікаў Сцяпана Александровіча, пецярбургская выдавецкая суполка «за няпоўныя восем год існавання выпусціла цэлую бібліятэчку беларускіх кніг — каля 40 назваў агульным тыражом звыш 100 тысяч» («Гісторыя і сучаснасць», 1968). Першым быў «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання». На працягу 1907—1908 гг. некаторыя кнігі выходзілі ў серыі «Беларускія песняры» — у танным і дарагім пераплёце: «Дудка беларуская» Ф. Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча, «Гапон» В. Дуніна-Марцінкевіча, «Смык беларускі» Ф. Багушэвіча і інш. Паліграфічная варыянтнасць «Жалейкі» Янкі Купалы — «гэта сведчанне высокай ацэнкі творчасці маладога паэта, першая кніга якога ставілася адразу поруч з беларускай класікай — падпіснымі выданнямі В. Дуніна-Марцінкевіча і Ф. Багушэвіча» (С. Александровіч).

У кнізе «Гісторыя і сучаснасць» апублікаваны рахунак пецярбургскай друкарні К. Пянткоўскага на імя А. Грыневіча ад 30 кастрычніка 1910 г., у якім выкладзены поўны кошт выдання «Адвечнай песні» і «Гусляра». Датычна нашай тэмы асаблівую цікавасць выклікае якасная дыферэнцыяцыя і колькасная прапорцыя, праведзеная спецыялістам выдавецкай справы пачатку ХХ ст.: экзэмпляры «Адвечнай песні» — «звычайныя» (2500) і «вяленевыя» (100). 

Вяленевая (фр. vélin — тонка вырабленая скура) — папера  найвышэйшага гатунку. Чыста цэлюлозная (без драўніны), добра праклееная, шчыльная, пераважна жаўтаватага колеру. Пры яе вырабе выкарыстоўвалася чэрпальная форма з тканінавай сеткай, якая не пакідала на аркушы ніякіх адбіткаў, ліній.

Прыгадаем паведамленне, апублікаванае ў «Нашай Ніве» 4 ліпеня 1908 г., аб продажы ў віленскай канторы газеты дзвюх новых беларускіх кніжак (захоўваем шрыфтавое афармленне першакрыніцы): «Жалейка — Янука Купалы (цана на простым паперы 50 кап., а на лепшым — 80 кап.) і 2) Smyk — M. Buraczka (цана 20 кап. і дарагое выданне — 35 кап.)».

Сёння беларускія кнігі на вяленевай паперы — сапраўдная бібліяграфічная рэдкасць. Пра гэта сведчыць і экзэмпляр, нядаўна выяўлены супрацоўнікам Інстытута славістыкі РАН Ігарам Барынавым у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (СанктПецярбург), — «Smyk Biełaruski» (1908) Сымона Рэўкі з-пад Барысава (Францішка Багушэвіча).

У пачатку ХХ ст. адна з найбуйнейшых кніжніц краіны насіла назву Імператарскай Публічнай бібліятэкі. Калекцыя кніг пра Расію на замежных мовах — «Россика» — пачала фарміравацца ад самага пачатку існавання ІПБ. Пры яе камплектаванні бібліятэкары кіраваліся не самой мовай выдання, а яго графікай. Такім чынам, у раздзел славістыкі траплялі беларускія кнігі на лацінцы. Такая практыка працягвалася і ў 1920—1930 гадах. Можна меркаваць, даражэйшыя экзэмпляры кніг, што выдавала суполка «Загляне сонца і ў наша аконца», часткова былі разлічаны менавіта на такія бібліятэкі. А ў выпадку з Імператарскай Публічнай, яшчэ ў 1810 г. афіцыйна было замацавана права кніжніцы «получать безвозмездно по два экземпляра каждой вновь издаваемой книги из всех типографий, в Империи состоящих».

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.