Вы тут

Што рабіць, каб у школьным жыцці не было булінгу і цкавання?


Зрабіць беларускія школы бяспечным месцам, дзе не будзе праяў булінгу, псіхалагічнага і фізічнага гвалту, мае на мэце праект «Сяброўскае і падтрымлівальнае асяроддзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі», які з 2020 года ахапіў 26 школ Беларусі. Сёлета на фестывалі «Школа, вольная ад гвалту (булінгу)» у аздараўленчым лагеры «Зубраня» падвялі яго першыя вынікі за два гады. Адзін з самых галоўных — распрацаваны дзецьмі Збор правіл жыцця ў школе, якія будуць выконвацца самімі вучнямі і пяройдуць у спадчыну малодшым. На думку спецыялістаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка, якія пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі рэалізоўваюць гэты праект, падобныя правілы варта ўкараніць ва ўсіх навучальных установах. А сярод планаў на наступныя тры гады рэалізацыі праекта — далучыць да актыўнага ўдзелу ў ім бацькоў і патлумачыць важнасць ролі педагогаў-псіхолагаў у школе.


Ток-шоу, псіхалагічны тэатр, партал пазітыву

За два гады навучэнцы кожнай са школ, якія ўдзельнічалі ў праекце, вучыліся ўзаемадзейнічаць і вырашаць праблемы мірна, па прынцыпе «роўны — роўнаму», а таксама арганізавалі мноства праектаў, з дапамогай якіх яны расказваюць аб праблеме булінгу і шляхах пераадолення.

Школьнікі стварылі старонкі ў сацыяльных сетках, знялі відэаролікі пра булінг. Відэа курсантаў Гомельскага кадэцкага вучылішча нават было адзначана спецпрызам на міжнародным конкурсе па правах чалавека ў Санкт-Пецярбургу. А вучні Бараўлянскай школы Мінскага раёна запусцілі на YouTube ток-шоу «Гаварыць аб праблемах не сорамна», госці якога абмяркоўваюць праблемы, з якімі сутыкаюцца ахвяры булінгу, і разважаюць, чаму падлеткі становяцца булерамі.

Падлеткі з Азяршчынскай школы адлюстравалі праблему булінгу ў графіці «Праспект сяброўства» на агароджы ўздоўж дарогі на Рэчыцу. У Пружанах вучні стварылі псіхалагічны тэатр, а ў Мінскай гімназіі № 146 арганізавалі «жывую бібліятэку».

Школьнікі з Іванаўскай школы Брэсцкай вобласці расказалі, што ў рэалізацыі праекта ім дапамог «добры і смелы сшытак», запісы пра свае поспехі, няўдачы, думкі, эмоцыі і пачуцці ў якім робяць дзеці гэтай установы. Старшакласнікі Мінскай школы № 197 аб'ядналіся ў атрад «Адкрытыя сэрцы» і дапамагаюць педагогам, праводзячы ўрокі для вучняў 4-5 класаў. А сёлета тут пачалі ствараць службу школьнай медыяцыі.

У Гродзенскай школе вучні арганізавалі дзіцячы дыялогавы цэнтр, які развіваецца ў чатырох кірунках. Гэта арт-кафэ з псіхолагам, дзе ладзяць трэнінгі з выкарыстаннем тэхналогій арт-тэрапіі, дыскусійны клуб, валанцёрская дзейнасць і партал пазітыву ў сацыяльных сетках.

Школьнікі вельмі эмацыянальна і натхнёна дзяліліся сваімі дасягненнямі ў барацьбе з булінгам і тым, што яны для гэтага зрабілі. Аднагалосна адзначалі, што ў школе стала лепш і цікавей, а школьнае жыццё пачало нават нагадваць сям'ю, і, самае галоўнае, «разам — не страшна». Адна з удзельніц прызналася, што сама была ахвярай булінгу і, ледзьве стрымліваючы слёзы, падзякавала за існаванне такога праекта. І гэта бадай што самы яскравы доказ карыснасці праекта і абавязковай неабходнасці ў працягу.

Булінг — не ў маёй школе!

Мадэль сяброўскага і падтрымлівальнага асяродку ў школах прыйшла ў нашу краіну з Харватыі, а спецыялісты БДПУ выпрацавалі беларускую версію па стварэнні такога асяроддзя. Праект рэалізоўваецца па дапаможніку, які атрымаў грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі. За два гады школьнікі, якія паставілі сабе задачу распазнаваць булінг і супрацьдзейнічаць яму, навучыліся адрозніваць жарт ад насмешкі, а сяброўскае пакепліванне — ад цкавання, дзяліцца вопытам і разам абмяркоўваць праблемы, каб можна было ўпэўнена сказаць: «Булінг — не ў маёй школе!». Да праекта, дарэчы, далучыліся і бацькі: падчас бацькоўскіх гадзін яны больш даведваліся, што такое булінг і як падтрымаць дзяцей.

На фестываль ад кожнай школы прыехала па дзесяць чалавек. Сем вучняў (ад шостага да адзінаццатага класа) і трое дарослых: ментар — спецыяліст, які курыраваў рэалізацыю праекта ў навучальнай установе, школьны псіхолаг ці педагог і прадстаўнік адміністрацыі школы. За два дні фестывалю падлеткі і дарослыя праз гульню, разбор сітуацый, работу ў групах азнаёміліся са створанымі праектамі, паразважалі над стасункамі ў школе і роляй псіхолага ва ўзаемадзеянні паміж падлеткамі і настаўнікамі, абмеркавалі праблемы булінгу ў інтэрнэце.

— Мы чакаем, што дзеці стануць сярод сваіх аднагодкаў праваднікамі стасункаў, вольных ад насілля і цкавання. А педагогі будуць садзейнічаць актыўнаму прасоўванню мадэлі ў школах і стварэнню ўмоў для яе рэалізацыі, — падзяліўся Дзмітрый ШЫЛІН, старшы каардынатар па пытаннях аховы дзяцінства прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Беларусі.

У педагогаў значна больш кампетэнцый бачыць, чуць і разумець дзяцей, чым нават у бацькоў, таму што іх гэтаму вучылі. Але ж для паспяховай рэалізацыі праекта неабходны ўдзел усёй школы. Ментары павінны займацца не толькі з дзецьмі, але і з настаўнікамі, упэўнена Алена ГАЛАЎНЁВА, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі:

— Я прыемна ўражана менавіта дзецьмі, якія не адмаўляюць наяўнасць праблемы булінгу ў школе, разумеюць, што такая з'ява існуе і з ёй трэба змагацца. Нечаканым аказалася прызнанне падлеткаў, што ім прасцей «разрульваць» канфліктныя сітуацыі самім і знаходзіць у сабе рэсурс для гэтага. І толькі ў найбольш складаных сітуацыях — ісці да настаўніка. Нашы дзеці адкрытыя і свабодныя, ахвотна дзеляцца ведамі і праблемамі, і гэта таксама вынік праекта. Акрамя таго, падлеткі маюць высокую ступень даверу да педагогаў-псіхолагаў — з імі яны часам абмяркоўваць рэчы, якія не маглі б сказаць бацькам. І гэта наша задача на перспектыву — далучыць да працэсу работу з бацькамі, каб бяспечнае асяроддзе было і дома, а дзіця адчувала, што яно патрэбнае і яму ёсць з кім абмеркаваць усе пытанні. Штогод міністэрства складае план супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ, і ўсе нашы праекты скіраваны на ахову дзяцінства. Вельмі каштоўна і важна, што адным з вынікаў фестывалю стаў Звод правіл, створаны самімі вучнямі.

Спецыялісты адзначаюць, што падчас фестывалю яны адчулі стан камфорту дзяцей, так што праект супраць булінгу набліжае ўсіх нас на адзін крок да таго, што хоча кожны ў свеце — быць шчаслівым.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Перазагрузіцца на дабрыню

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?