Вы тут

Экапарады ад Машы Зялёнай


Арсенал касметыкі сярэднестатыстычнай дзяўчыны ўключае незлічоную колькасць скрынак, масак, патчаў. Мы з асалодай купляем новыя сродкі, армія флакончыкаў і цюбікаў павялічваецца, а вось хто сапраўды пакутуе, дык гэта прырода. Бо ў асноўным усё запакавана ў пластык, які штодня ў велізарным аб'ёме адпраўляецца на смеццевы палігон. Таму сёння перад усімі людзьмі паўстае пытанне: што асабіста я магу зрабіць для таго, каб мой клопат аб сваёй знешнасці не наносіў шкоды прыродзе?


10 крокаў да eco-friendly догляду

Дзялюся з вамі падборкай сродкаў і лайфхакаў, якія дапамогуць на шляху да касметычнага zero waste! 

1. Выбірайце касметыку ў цвёрдым фармаце 

Шампунь, бальзам для валасоў або сродак для ачышчэння твару можна купляць не ў пластыкавых бутэльках, а ў брусочках, упакаваных у кардон. Па-першае, такія прадукты выдаткоўваюцца больш эканомна, па-другое, няма лішняй упакоўкі. А яшчэ іх зручна браць з сабой у паездку. 

2. Замяняйце аднаразовыя прадметы гігіены шматразовымі 

Шматразовыя ватовыя дыскі, бамбукавыя ватовыя палачкі, конжакавыя спонжы і г. д. дапамогуць у разы скараціць колькасць адходаў за месяц. Старайцеся не выкарыстоўваць лішні раз аднаразовыя маскі для твару ў упакоўцы, якая не перапрацоўваецца. 

3. Выбірайце экалагічныя аксэсуары замест пластыкавых 

Greenpeace палічыў: у сярэднім чалавек выкарыстоўвае каля 200 пластыкавых палачак у год. Толькі ў Расіі выкідваецца каля 16 тон пластыка ад палачак штогод! Альтэрнатыва — бамбукавыя ватовыя палачкі, а сярод іншых аксэсуараў — драўляныя расчоскі, бамбукавыя зубныя шчоткі, якія могуць стаць вашай паўсядзённай рэальнасцю. Гэтыя прадметы гігіены мы мяняем часта, а значыць, хуткасць іх раскладання павінна стаць вырашальным фактарам падчас вашага выбару. 

4. Аддавайце перавагу шклянай упакоўцы 

Многія касметычныя прадукты выпускаюцца ў шклянай упакоўцы. Яе лёгка здаць у перапрацоўку або выкарыстаць паўторна ў гаспадарцы. Дазатары або вечкі трэба будзе здаваць асобна. Спецыяльныя жоўтыя кантэйнеры можна знайсці амаль ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Як правіла, яны ўстаноўленыя ў гандлёвых цэнтрах, крамах, школах, універсітэтах. У Мінску іх можна знайсці ў ГЦ «Галерэя Мінск», «Грын Сіці», «Скала», у некалькіх супермаркетах гандлёвай сеткі «Суседзі» і ў многіх іншых месцах. 

5. Выкарыстоўвайце рэфілы 

Рэфіл — запасная ёмістасць з касметычным або парфумерным прадуктам. Ён дапамагае зберагчы прыроду ад лішняга пластыка, а ваш бюджэт — ад лішніх марнаванняў. Калі ў вас ёсць любімае адценне пудры, памады, ценяў, якія вы купляеце пастаянна, мае сэнс пакінуць памнажаць пластык і пераплачваць за ўпакоўку. 

6. Выбірайце вялікія фарматы 

Купляйце любімы шампунь у вялікім аб’ёме, шукайце ўніверсальныя сродкі, якія могуць падысці ўсёй сям’і. Вялікая банка замест трох невялікіх — гэта ўжо крок да zero waste і мінімізацыя лішняй упакоўкі. 

7. Аддавайце перавагу шматфункцыянальным прадуктам 

І тады замест дзесяці банак з-пад касметыкі будзе адна! Бо пажыўны крэм для цела можна выкарыстоўваць у тым ліку і як крэм для рук і ног, і як sos-сродак для локцяў і стоп. А пры ідэальным раскладзе яшчэ і ў якасці дзіцячага крэму! Шампунь можа быць адначасова гелем для душа, а гідралат — тонікам і спрэем для валасоў. 

8. Палюбіце натуральныя алеі 

Гэты пункт таксама пра ўніверсальнасць. Купляючы банку харчовага какосавага алею, вы забяспечваеце сябе не толькі ідэальным сродкам для смажання, але таксама маскай для валасоў, крэмам для цела і сродкам для кутыкулы. 

9. Падтрымлівайце рублём вытворцаў з экасертыфікатамі 

Брэнды з экалагічнымі сертыфікатамі вельмі строга падыходзяць да вытворчасці сваіх прадуктаў на ўсіх узроўнях — ад працэсу вырошчвання інгрэдыентаў і стварэння сродкаў без шкоды для навакольнага асяроддзя да перапрацоўкі ўпакоўкі. Шукайце на прадуктах маркіроўку Ecocert, BDIH, Ecogarantie, Cosmos, Cosmebio. 

10. Імкніцеся да б’юці-мінімалізму 

Разумею, што хочацца паспрабаваць усе на свеце касметычныя навінкі, але спытайце сябе, ці так гэта патрэбна вашым скуры і валасам. Ці не лепш скласці базавую касметычку з некалькіх якасных і правераных часам сродкаў, чым запаўняць паліцу ў ваннай тонай ледзь пачатых прадуктаў, якія вам не падыходзяць? 

Спадзяюся, што пасля прачытання гэтага матэрыялу вам захочацца прымяніць на практыцы хаця б адзін з пунктаў пераходу на касметычны zero waste ўжо зараз! 22 родная прырода.

Маша ЗЯЛЁНАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.