Вы тут

Новая слаўная старонка ў гісторыі Беларускага экзархата


Трохдзённы візіт кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы Свяцейшага Патрыярха Кірыла ў межы Беларускага экзархата прымеркаваны да святкавання 1030-годдзя праваслаўя на беларускіх землях і ўтварэння Полацкай епархіі.


— Пачуцці вельмі станоўчыя, таму што гэта мой першы візіт пасля таго, як пачалася гэтая напасць з ковідам. Выдатнае надвор'е і дзівосныя беларускія краявіды ствараюць павышаны эмацыянальны фон, — сказаў патрыярх Кірыл адразу пасля прыбыцця. — Кожны раз з асаблівым пачуццём уступаю на беларускую зямлю. Нельга не ўспомніць вялікі подзвіг народа на гэтай зямлі, які твар у твар сутыкнуўся са страшнай агрэсіяй. І нельга не ўспомніць ахвяры, якія панёс беларускі народ. Таму першым крокам, які я зраблю, будзе ўскладанне вянка ў памяць аб тых ахвярах, да якіх мы ставімся з вялікай удзячнасцю.

Для мяне важна тое, што я ўступіў на вельмі добразычлівую, адкрытую, прыгожую і духоўна моцную зямлю, таму заклікаю блаславенне Божае на беларускі народ і зямлю, каб Гасподзь захоўваў усіх вас ад усякага зла і спрыяў духоўнаму і эканамічную развіццю на карысць народа, — дадаў ён.

У ходзе візіту Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі узначаліў утраню усяночнага трывання ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска і правёў асвяшчэнне храма, а 5 чэрвеня, у дзень памяці прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, здзейсніў літургію ў саборы Уздзвіжання Крыжа Гасподняга Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.

Адразу пасля прылёту Патрыярх Кірыл прыняў удзел у цырымоніі ўскладання вянка да манумента Перамогі. А таксама ўсклаў кветкі да помніка першаму Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі мітрапаліту Філарэту.

— Мы рады, што вы знайшлі магчымасць падзяліць урачыстасці, якія святкуюцца ў гэтыя дні, наведваеце беларускія землі. 1030-годдзе Полацкай епархіі — знамянальная для нас дата, — сказаў, вітаючы патрыярха Кірыла на беларускай зямлі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Адзначым, што гэта першы візіт патрыярха ў Беларусь за апошнія 4 гады. Як сказаў журналістам Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак, патрыярх Кірыл лёгка адгукнуўся на прапанову наведаць Беларусь.

— Адыграла ролю і тое, што мы разам адолелі пандэмію. Яго візіт сімвалізуе сёння адраджэнне спакойнага жыцця, калі можам спакойна рухацца наперад, гадаваць дзяцей, — адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.

А ўвечары 4 чэрвеня сотні вернікаў прыйшлі да Свята-Духава кафедральнага сабора Мінска. Для тых, хто не змог трапіць унутр сабора, вялася трансляцыя службы на экран, усталяваны каля храма. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл правёў вячэрняе богаслужэнне. Таксама ўрачыстую службу ў Кафедральным саборы вялі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і кіраўнік спраў Маскоўскай Патрыярхіі, мітрапаліт Васкрасенскі Дыянісій.

— Сёння ў мяне была магчымасць пакланіцца манументу Перамогі ў Мінску, прынесці кветкі. Стоячы каля помніка, я задаў сабе пытанне: што азначае гэты вялікі подзвіг людзей, якія жыццё сваё аддалі за Радзіму, якія ў большасці невядомыя? Няўжо ён зараз не мае ніякага значэння, акрамя гістарычнага? Зусім не. Таму што прыклады тых, хто здольны жыццё сваё аддаць за Айчыну, з'яўляюцца наймацнейшай ілюстрацыяй таго, што азначае подзвіг. Без натхнення, пераканання не маглі яны з лёгкасцю аддаваць жыццё дзеля таго, каб хтосьці пасля іх жыў у міры і дабрабыце. Тое сапраўды быў і духоўны подзвіг. Дай Бог, каб мы, людзі, якія жывуць у мірны час, памяталі, што без гэтага руху ўверх і наперад не будзем паспяховыя ні ў гэтым жыцці, ні для Царства Божага, — падкрэсліў патрыярх Кірыл на ўтрані ўсяночнага трывання ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска.

У нядзелю, 5 чэрвеня, у дзень памяці прападобнай Ефрасінні, ігуменні Полацкай, Свяцейшы Патрыярх Кірыл здзейсніў літургію ў саборы Уздзвіжання Крыжа Гасподняга Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра Полацка. На ўрачыстым богаслужэнні прысутнічаў увесь беларускі епіскапат, а таксама члены Святога Сінода Рускай праваслаўнай царквы.

Утварэнне Полацкай епархіі стала важнай вяхой у гісторыі праваслаўя на беларускіх землях, і гэты горад па праве лічыцца вытокам праваслаўя ў Беларусі. Полацкая епіскапская кафедра, першая на беларускіх землях, была ўтворана ў 992 годзе. Да 1007 года адносіцца летапіснае згадванне аб першым праваслаўным полацкім храме — царкве Прасвятой Багародзіцы. А ў сярэдзіне XІ стагоддзя ў Полацку быў узведзены чацвёрты ў хрысціянскім свеце Сафійскі сабор. І менавіта ў Полацку пачала свой зямны шлях прападобная Ефрасіння Полацкая, ігумення манастыра Святога Спаса, кананізаваная святая і нябесная заступніца беларускай зямлі.

— Сённяшняе свята — гэта новая слаўная старонка ў гісторыі нашай царквы і Беларускага экзархата, — сказаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. Ён таксама выказаў пажаданне і надзею, што візіт у Полацк і зносіны з паствай натхняць Патрыярха Кірыла на новыя здзяйсненні на карысць царквы.

Дзіяна РОНІНА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: «Я ўступіў на вельмі добразычлівую і духоўна моцную зямлю»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.