Вы тут

Лінія абароны ад стрэсаў. Як правільна спраўляцца з крызісам?


Псіхатэрапеўты лічаць, што крызіс — гэта не тупік, а некаторыя супярэчнасці, праз якія праходзіць чалавек на шляху свайго сталення. У кітайцаў слова «крызіс» складаецца з дзвюх піктаграм, адна з якіх адлюстроўвае магчымасць, а другая — небяспеку. Дык што такое крызіс у жыцці чалавека і якія яго прычыны? Як пазбегнуць разбуральных наступстваў і дапамагчы сабе выйсці на новы ўзровень развіцця? Якія фактары і псіхалагічныя асаблівасці нас абароняць? Пра гэта мы пагаварылі з Інай Курылай, псіхолагам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера.


— Сутыкненне чалавека з цяжкай перашкодай — стратай блізкага, працы, здароўя, разводам — спараджае крызіс. Працэс яго пераадолення — гэта ўнутраная работа па аднаўленні душэўнай раўнавагі, напаўненне новым сэнсам чалавечай дзейнасці. Любы крызіс прадугледжвае два выхады: альбо чалавек можа аднавіць перапыненае крызісам жыццё, адрадзіць яго, альбо жыццё перараджаецца, і чалавек становіцца зусім іншы, і ў гэтым іншым жыцці ён ставіць перад сабой іншыя мэты і шукае новыя спосабы іх дасягнення. У дадзеным выпадку крызіс выводзіць чалавека на новы ўзровень асобаснага развіцця.

— Што мы адчуваем у гэты перыяд?

— Падчас крызісу мяняецца эмацыянальны фон. Мы можам адчуваць адно з трох дамінантных пачуццяў: дэпрэсію, дэструктыўнае пачуццё або адзіноту. Дэпрэсіўная рэакцыя выяўляецца ў такіх пачуццях, як апатыя, абыякавасць, расчараванне, стомленасць, нуда, прыгнечанасць.

Да дэструктыўных пачуццяў адносяцца раздражняльнасць, злосць, крыўда, агрэсія, нянавісць, прыкрасць, упартасць, прыдзірлівасць, недаверлівасць, зайздрасць. Адзінота выяўляецца ў такіх перажываннях, як пачуццё непатрэбнасці, неразуменне, тупік, безнадзейнасць, пустэча.

У чалавека змяняецца аб'ём зносін: ён альбо рэзка іх абмяжоўвае (сыход у сябе), альбо рэзка павялічвае (адзінота ў натоўпе). Чалавек як бы шукае забыцця ў шматлікіх павярхоўных кантактах з іншымі людзьмі.

— Мужчыны і жанчыны аднолькава перажываюць крызіс?

— Ёсць схемы перажывання крызісу, больш характэрныя для жанчын і для мужчын. Стэрэатыпы фемініннасці дазваляюць жанчыне паказваць сябе слабай, дзяліцца праблемамі, прасіць дапамогі ў іх вырашэнні. Падобныя ж паводзіны ў мужчыны не ўхваляюцца грамадствам. Таму ў іх крызіс больш звязаны з унутранымі перажываннямі. Стэрэатып маскуліннасці прадугледжвае здольнасць самастойна спраўляцца з сітуацыяй, незалежнасць у прыняцці рашэнняў. Такім чынам, мужчына вымушаны здзяйсняць унутраную нябачную працу над крызіснай сітуацыяй. Таму ў мужчын вонкавая адсутнасць прыкмет крызісу не азначае яго сапраўднай адсутнасці. У гэты ж час напружанне ўнутры чалавека схільна назапашвацца і можа праявіцца ў тым ліку аўтаагрэсіўна, суіцыдальна.

— Як заўважыць надыходзячы крызіс?

— Ёсць некалькі прыкмет. Гэта наяўнасць праблемы, якая стварае дыскамфорт, што распаўсюджваецца на многія сферы жыцця. Напрыклад, напружаныя адносіны на працы працягваюць круціцца ў галаве дома, на адпачынку, пры сустрэчы з сябрамі. Псіхічны стан пачынае ўплываць на фізіялогію.

Змяняюцца ў горшы бок адносіны з навакольнымі і блізкімі. Пачынае раздражняць тое, на што раней зусім не звярталі ўвагу. Узнікае адчуванне, што нас не разумеюць і на зло нам нешта робяць. Падаецца, што нейкая наша асаблівасць, стыль зносін, рэакцыя на заўвагі, успрыманне крытыкі перашкаджаюць прасоўванню наперад.

— Чаму ўзнікаюць крытычныя сітуацыі? Ці ўсе схільныя пры вялікіх непрыемнасцях адчуваць крытычны стан?

— Прычыны разнастайныя. З аднаго боку, на іх уплываюць сацыяльныя і сітуацыйныя фактары, з другога боку — індывідуальныя і біялагічныя асаблівасці чалавека.

Схільнасць да крызісных станаў асабліва вялікая ў дзяцей, падлеткаў і асоб старэйшага ўзросту. Да групы рызыкі па развіцці крызісных станаў таксама адносяцца людзі з фізічным знясіленнем, якія маюць псіхатраўму ці перажылі цяжкую страту. Вялікае значэнне для ўзнікнення крызісных сітуацый маюць характар і інтэнсіўнасць стрэсавай сітуацыі. Жыццёвыя крызісы падобныя да матрошкі: некаторыя людзі іх перажываюць, а іншыя назапашваюць адзін за адным.

Выйсце з крызісу часам параўноўваюць з рашэннем складанага матэматычнага ўраўнення, запіс якога займае цэлую старонку і якое трэба спрасціць. У выніку правільных дзеянняў мы атрымліваем простую роўнасць, няправільныя ж дзеянні прыводзяць да ўскладнення і заблытвання зыходнага матэрыялу. Скарачаючы лішняе, мы пакідаем сутнасць. Як толькі ўсё атрымліваецца, мы можам сказаць, што выйшлі з крызісу. Чалавек, які перажыў крызіс, заўсёды становіцца мацнейшы, бо з'яўляецца новы вопыт. Як кажуць у народзе, «за аднаго бітага двух нябітых даюць». Змяненне знешняга свету даецца нам складаней. Мы можам змяняць сябе, хаця для некаторых людзей гэта больш складана, чым змяняць знешнія абставіны.

— Што можна параіць, калі чалавек перажывае балючы адрэзак жыцця?

— «Боль» і «пакута» — не адно і тое ж, іх можна падзяліць. Боль — гэта непазбежная эмацыянальная рэакцыя на вострыя крызісныя падзеі. Яго можна толькі пражыць: пачуццё здрады, зман, гнеў, расчараванне, адчуванне сваёй бездапаможнасці.

Пакута — гэта выбар замест узмоцненага клопату пра сябе ў момант крызісу займацца самаедствам і самаразбурэннем. Напрыклад, ганяць у галаве самапрыніжальныя думкі, самаабвінавачванні. Гэта падтрымліваць здранцвенне з дапамогай «запояў» усіх выглядаў (серыялы, алкаголь, ежа — што заўгодна, але не для задавальнення, а каб падтрымліваць здранцвенне з прычыны нейкіх сваіх перажыванняў).

Таму ў момант крызісу карысны будзе спіс стандартных пытанняў аб тым, наколькі добра ты клапоцішся пра сябе: «Колькі гадзін ты сёння спаў?», «Якая была якасць сну?», «Колькі разоў еў і што?», «Ці дастаткова п'еш вады?», «Ці хадзіў на прагулку?»

Калі адказ на пытанні, ці ўжываўся алкаголь і іншыя сродкі для здранцвення, станоўчы — не караць сябе за гэта, а прааналізаваць, як гэта ўсё пагаршае твой і так не самы лепшы стан. Таму што адмова бачыць рэальнасць яшчэ нікому не дапамагала нічога вырашыць, і з-за фізічнага недамагання здольнасць нешта зрабіць з рэальнасцю, якая цябе ў дадзены момант ірве на часткі, яшчэ і зніжаецца, што заганяе ў зыходны ступар.

Таму selfcare — менавіта ў плане клопату аб сваім чыста фізічным дабрабыце — і ёсць першая лінія адказу на стрэсавыя падзеі. У фінале спіса абавязкова ідзе пытанне «Што ты рабіў, каб падтрымаць сябе?» Напрыклад, размаўляў з блізкімі, якія падтрымліваюць, рабіў нешта ў доме, што радуе, гуляў з катом, катаўся на веласіпедзе ці займаўся медытацыяй.

Я заўсёды прапаную сваім кліентам скласці спіс, што можна рабіць, каб падтрымаць, насыціць сябе дастатковай колькасцю сіл, каб спраўляцца з крызісам, — у якасці хатняга задання. І калі накрывае з галавой, не думаць, а зазірнуць у яго і зрабіць найлепшае на дадзены момант.

У псіхааналізе ёсць паняцце «інвестыцыі». Інвестуйце ў сябе, гэта значыць, укладвайце сваю псіхічную энергію. Выяўляецца гэта часта ў дачыненні да звычайных хатніх спраў, захапленняў, заняткаў спортам, працы. Гэта час, грошы, якаснае харчаванне, эмоцыі.

Для адаптацыі ў крызісе паспрабуйце складаць кароткатэрміновы план на дзень, тыдзень, найбліжэйшы час і прытрымлівацца яго. Ніхто не ведае, што будзе далей і ці спрацуе ваш план, але працягваць рабіць маленькія крокі і выконваць прапісаныя задачы — значыць інвеставаць у сваю магчымасць хоць нечым кіраваць. Гэта аўтаматычна анулюе пачуццё бездапаможнасці і дасць тое, што зараз так неабходна, — пачуццё апоры. І, несумненна, рана ці позна ўсё вернецца на кругі свае!

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.