Вы тут

«Мой тата здраднікам не быў». Як аднавілі сумленнае імя франтавіка


Падчас апошняй вайны нагараваліся, нацярпеліся ўсе: у кожнай сям'і свае страты і боль, свае перамогі і паражэнні. Наша не выключэнне.


...Вёска Слабада Ганаполле, што на ўскраіне Чачэрска, тады гудзела. Днём на вуліцах, вечарамі ў нямногіх ацалелых хатах абмяркоўвалася адна навіна: «Замялі Грышку Кудлу. Дастукаўся, нямецкі паслугач! Пакорміць блох у кутузцы».

Там жа гучалі зусім іншыя галасы: «Ды не здраднік ён! Памылка нейкая выйшла».

Гаварылі так пра нашага бацьку Рыгора Андрэевіча Пернікава. А Грышка Кудла — гэта яго мянушка. Іх у вёсцы амаль усе насілі: Сініцыны былі Касмачамі, Рыкуновы — Перчыкамі, Дзяржаўскія — Пылькамі... Да нас жа, Пернікавых, за пышныя косы-чупрыны, як бацька расказваў, спакон веку, прыліпла вось гэтае — Кудлы.

Размовы пра арышт аднаго з іх даляталі, вядома ж, і да нас. Усё сямейства жыло ў пастаянным страху за бацьку, якому па тых часах і ў лепшым выпадку магла «свяціць» доўгая ссылка некуды ў Сібір, а ў горшым... «Быць не можа: там разбяруцца. Праўда пераможа, — хаваючы слёзы, абнадзейвала нас, пяцярых дзяцей, мама Таццяна Кірылаўна. — Ваш бацька здраднікам не быў. Плявузгаюць людзі... Бо нічога не ведаюць».

Да вайны Рыгор Андрэевіч (за плячыма — царкоўнапрыходская школа) працаваў загадчыкам складоў раённай канторы па нарыхтоўцы збожжа. У 41-м яго ў ваенкамаце пастрыглі, але на фронт не адправілі — далі зброю і каня з калёсамі, даручылі рыхтаваць калгасы для здачы збожжа дзяржаве.

Ён выканаў гэта даручэнне, але райцэнтр ужо занялі ворагі.

Паромная пераправа цераз рэчку ў Чырвоным Беразе была разгромлена. Дадому бацька адправіўся праз Залессе, дзе месцічы якраз разносілі краму не пакідаць жа дабро чужынцам!

Татаў кум Сямён Гарбачоў разжыўся тады скрыняй віна — мужчыны пачаставаліся, у надзейнае месца схавалі вінтоўку, і бацька, весела падганяючы буланага, паехаў дамоў...

Стрэлы наперадзе прагучалі як гром... Ад нечаканасці і страху бацька ўміг працверазеў. На шляху ў яго быў шлагбаум і мардасты вартавы.

— Партызан! Хэндэ хох! — наставіўшы аўтамат, гаркнуў ён.

— Не... Не партызан, — стаў бажыцца бацька.

Паклікалі Раманьку, які жыў на нашай вуліцы. Той пацвердзіў бацькавы словы, і яго адпусцілі, але ж назаўтра загадалі з'явіцца ў камендатуру.

Там ад новых улад новае распараджэнне: прымаць збожжа з гаспадарак раёна. Адмовішся — будзе капут і табе, і тваёй сям'і.

Слоў на вецер немцы не кідалі.

Каб «выплыць», выбрацца з гэтага нерата, бацька таемна пераправіў сям'ю (сваю і братаву) у Буда-Кашалёўскі раён, думаў, як збегчы туды самому, бо немцам служыць не збіраўся...

Якраз у гэты час да яго з'явіўся сувязны з партызанскага атрада, разам яны прадумалі схему дастаўкі хлеба для народных мсціўцаў, і некалькі такіх аперацый ужо правялі...

Падчас чарговай завязалася перастрэлка з фашыстамі. Партызаны з хлебам паспелі ўцячы, бацька таксама за ноч дабег да сям'і.

Немцы спалілі нашу хату, шукалі яго, але не знайшлі.

...Пасля вызвалення раёна тата ваяваў на Бранскім фронце, быў паранены, а пасля шпіталя арыштаваны. Уратавала яго толькі тое, што камісар партызанскага атрада Павел Дзедзік, які ў складзе дзеючай арміі ваяваў на тэрыторыі Польшчы, даслаў у Чачэрск ліст, у якім пацвердзіў, каму на самай справе служыў Рыгор Андрэевіч Пернікаў.

Так былі адноўлены і праўда, і добрае імя.

Уладзімір ПЕРНІКАЎ

г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.