Вы тут

Больш легальных пляжаў, класы на вадзе і велапатрулі


На Гомельшчыне набірае абароты шырокамаштабная работа па прафілактыцы трагічных здарэнняў і парушэнняў правілаў бяспекі на вадзе. З пачатку пляжнага сезона падраздзяленні МНС і супрацоўнікі таварыства ратавання на водах арганізуюць ўзмоцненыя рэйды. У рамках рэспубліканскай акцыі «Летні патруль» у кожным раёне вобласці да прафілактычных патрулёў далучыліся і актывісты БРСМ.


Рэйд па вадаёмах і месцах, забароненых для купання ўздоўж прыбярэжнай зоны ракі Бярэзіна на Светлагошчыне

На бяспечнай пляжнай хвалі 

Асаблівая ўвага — месцам, прызначаным для купання, і тым, дзе плаваць катэгарычна забаронена. З сумнай статыстыкай не паспрачаешся: менавіта на «дзікіх» пляжах штогод фіксуюцца выпадкі гібелі людзей. Летась на Гомельшчыне ў месцах стыхійнага адпачынку патанулі 25 чалавек. Практычна ўсе трагедыі здарыліся там, дзе нельга было купацца. Сёлета ў вобласці патанулі ўжо 19 чалавек, з іх — двое непаўналетніх.

Сумную статыстыку трагедый на вадзе агучылі на нарадзе з удзелам службаў ЖКГ, саннагляду, таварыства ратавання на водах і праваахоўнікаў у Гомельскім аблвыканкаме. На кантролі — гатоўнасць пляжаў да купальнага сезона. Як вядома, сёлета ў рэгіёне гэтую працу моцна ўскладніла паводка. Між тым, кіраўніцтвам вобласці перад адказнымі службамі пастаўлена задача забяспечыць поўны парадак і бяспеку на ўсіх вадаёмах у самыя кароткія тэрміны. Як адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў, неабходна ўлічыць, што па аб’ектыўных прычынах многія жыхары рэгіёну правядуць водпускі не за мяжой, як у ранейшыя гады, а ў родных месцах. Прынята рашэнне у рэгіёне гэтым летам дадаць дзевяць камунальных пляжаў і ўвесці дадатковыя выратавальныя пасты. У зонах адпачынку важна стварыць усе ўмовы для камфортнага актыўнага адпачынку. Але самае, галоўнае, папярэдзіць трагічныя выпадкі.

Адпачынак «у законе»

Праваахоўнікі рэгіёну звяртаюць ўвагу: аналіз няшчасных выпадкаў на вадаёмах пераконвае, што пераважная большасць патанулых знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення і не магла рэальна ацаніць небяспеку. 

Рэспубліканская акцыя «Летні патруль» у Добрушы

Ва ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама адзначылі, што з пачатку купальнага сезона было праведзена пераразмеркаванне патрульных нарадаў, якія набліжаны да месцаў адпачынку, а на тэрыторыі пляжаў Гомеля вызначаныя дадатковыя маршруты патрулявання. 

Да таго ж, як адну з новых форм кантролю за правапарадкам, у тым ліку ў прыбярэжнай зоне, гомельскія праваахоўнікі арганізавалі велапатрулі. 

Велапатрулі праваахоўнікаў па стыхійных месцах адпачынку

У якасці эксперыменту супрацоўнікі без форменнага абмундзіравання нясуць службу ў месцах адпачынку на веласіпедах. Міліцыянер, заўважыўшы ўчыненае правапарушэнне, паведамляе аб гэтым бліжэйшаму нараду, а ў выпадку вострай неабходнасці гатовы самастойна спыніць парушальніка. 

Класы на вадзе

Між тым у сёлетнім купальным сезоне на Гомельшчыне прынята рашэнне не толькі падоўжыць, але і значна пашырыць леташнюю практыку навучання плаванню дзяцей на адкрытых вадаёмах. У мінулым годзе да пілотнага праекта на 11 пляцоўках змаглі далучыцца амаль 1850 дзяцей. Так у раёнах вобласці заняткі па навучанню плаванню для дзяцей праводзілі на гарадскіх пляжах. Прапанавалі і змешаныя трэніроўкі ў басейнах і на адкрытых вадаёмах, а таксама бясплатнае навучанне плаванню навучэнцаў мясцовых школ і дзяцей, якія прыехалі ў раёны на адпачынак да сваякоў. У сёлетні купальны сезон плануецца арганізаваць заняткі на 21 участку. 

Пілотны праект па навучанню дзяцей плаванню на адкрытых вадаёмах ахопіць раёны вобласці

Як адзначаюць трэнеры, незвычайныя курсы, якія праходзяць не ў басейне, а ў возеры ці рацэ, дапамагаюць дзецям пераадолець боязь вады, больш упэўнена адчуваць сябе падчас плавання. Вядома, што перад такімі заняткамі праводзіцца не проста інструктаж, а практычнае навучанне па многіх пытаннях. Дзеці вучацца, што рабіць, калі здарылася сутарга, як вызначыць, што чалавек пачаў тануць, як правільна дапамагчы ў такой сітуацыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота — Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС і УУС Гомельскага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Спорт

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Віцэ-прэзідэнт НАК Дзмітрый Даўгалёнак: Спартсмены не хацелі страціць тую Алімпіяду

Пра сваё спартыўнае мінулае і цяперашняе наш герой расказаў «Звяздзе».

Культура

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Эпоха Купалы: далёкая і незабытая. Дзе пабачыць аўтографы паэта і вершы ў патроннай гільзе?

Наша размова ішла пра ўспрыманне спадчыны Песняра і падыходы да яе захавання.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.