Вы тут

Sex-балясы. Сумленна-хітрыя грошы


Як ужо пісалі раней СМІ, у сталіцы набірае абароты новы від махлярства: у міліцыю пачасціліся звароты грамадзян, якія сталі ахвярамі зламыснікаў, што прапануюць інтым-паслугі. («Шукаю разумную, прыгожую, дагледжаную, клапатлівую дзяўчыну для стварэння сур'ёзных адносін. Па чацвяргах».) Схема такая: апошнія рэгістравалі ў сацсетках фэйкавую старонку і ад імя неіснуючай дзяўчыны прапаноўвалі платныя ўцехі. Калі патэнцыяльны кліент пагаджаўся на прапанаваныя ўмовы, ад яго ў якасці гарантыі патрабавалі перадаплату. («Калі дзяўчына сыходзіць ад цябе па ўласным жаданні, яна павінна адпрацаваць яшчэ два тыдні, пакуль не знойдзеш новую».) У некаторых выпадках пасля пераводу сродкаў зносіны з заказчыкам спыняліся, у іншых працягвалася выманьванне грошай быццам бы для аплаты арэнды кватэры, паслуг таксі. («— Розачка, дарагая, выходзьце за мяне замуж!» — «А пярсцёнак з велізарным брыльянтам падорыце?» — «Спрытна вы мяне адшылі, спрытна...») Ну, гэта спрэс крымінал. Між іншым, прыгадаем знакамітага Астапа Бендэра з яго чатырма сотнямі адносна сумленных спосабаў прыдбання грошай. («Мужчыны не крыўдзяцца — мужчыны перастаюць кідаць смешныя карцінкі з коцікамі ў асабістых паведамленнях».)


Фота: pixabay.com

Так, дзяўчына з Вялікабрытаніі Макол Брок прызналася ў сацсетках, што ў студэнцкія гады з-за адсутнасці сродкаў 16 дзён запар хадзіла на спатканні, толькі каб як след паесці, бо заўсёды плацілі мужчыны. («Якая я ў мяне разумнічка».) Гэтыя словы зрабілі сапраўдны фурор у інтэрнэце, яна сабрала 1,5 мільёна праглядаў і выклікала гарачую дыскусію: Брук паступіла разумна ці бессаромна выкарыстала візаві? («Дзяўчыну спачатку запрашаюць у кіно, каб зразумець, ці зможа яна спакойна выседзець хоць бы паўтары гадзіны».) «У каледжы, калі ў мяне скончыліся грошы на ежу, я зайшла ў дадатак для знаёмстваў і на працягу 16 дзён кожны дзень хадзіла на спатканні ў рэстараны. Дзяўчына павінна есці», — напісала яна. («Я настолькі няспешчаная баба, што калі аднойчы муж прапанаваў мне каву ў ложак, я разрыдалася. Ну як прапанаваў... Крыкнуў з кухні: «Каву будзеш?») Многія карыстальнікі сеткі былі ашаломленыя прастатой ідэі Макол па атрыманні бясплатнай ежы такім чынам. («Вырашыў перагледзець свае погляды. Зноў усё спадабалася».) Адзін з карыстальнікаў пракаментаваў: «Цалкам дзелавое рашэнне». Іншы пахваліў дзяўчыну, заявіўшы: «Гэта ўніверсальны лайфхак». «Ты геній!» — напісала яшчэ адна карыстальніца. («Жанчыне, каб атрымаць бальнічны, дастаткова прыйсці да ўрача ненафарбаванай».) Аднак не ўсе падтрымалі рашэнне Макол пайсці на спатканне, каб атрымаць аплату за вячэру. Асабліва незадаволеныя былі, вядома, мужчыны. Адзін з іх абурана заявіў: «Таму я ніколі не плачу за іх на спатканнях». («— Вунь, глядзі, знічка падае! Загадай жаданне!» — «Я хачу, каб ты са мной ажаніўся!» — «Вой, глядзі, назад паляцела...»)

А японскі «гультай» разбагацеў, нічога не робячы. 37-гадовы Сэдзі Марымота з Краіны ўзыходзячага сонца праславіўся ў сеціве, зарабляючы сабе на жыццё незвычайным спосабам. («Аб'ява: «Мужчына, вельмі паспяховы, разумны, незалежны, мэтанакіраваны, пазнаёміцца з дзяўчынай, тата якой возьме яго на работу».) Жыхар Токіа жанаты, мае ступень па фізіцы. Але замест таго, каб уставаць на работу кожную раніцу, Марымота аддае перавагу спосабу зарабляць, «не робячы нічога». («Я настолькі непараўнальны ў ложку, што нават прачынацца не хочацца».) Мужчына даў аб'яву ў сацсетках: «Здаю сябе ў арэнду як чалавек, які нічога не робіць. Вам складана хадзіць у краму сам-адзін? Бракуе гульца ў камандзе? Вам патрэбен хтосьці, хто зойме для вас месца? Я не ўмею рабіць нічога, акрамя элементарных рэчаў». («— Як на гэтым месцы з кар'ерным ростам?» — «Усё ў парадку. Прыйшла сюды паўгода таму простым прадаўцом, а цяпер я ўжо жонка генеральнага дырэктара».) Спачатку мужчына працаваў бясплатна, а цяпер за свае паслугі Сэдзі бярэ 10 тысяч іен плюс выдаткі на дарогу і харчаванне. Як падлічыў «гультай», за тры гады ў яго было каля трох тысяч кліентаў — па тры-чатыры на дзень. Яны «арандуюць» Марымота з розных прычын, але часцей за ўсё таму, што ім сумна ці самотна. З мужчынам абедаюць, балбочуць, фатаграфуюцца для сацсетак, гуляюць у парку, шчыра размаўляюць і нават ходзяць падпісваць дакументы аб разводзе. («Дзяўчына — хлопцу: «Хочаш, я памаўчу? Павер, я не кожнаму гэта прапаную».)

Ну і напрыканцы... Чарнагорка атрымала 300 еўра за... ляноту — яна выйграла чэмпіянат па ляжанні на адкрытым паветры, устанавіўшы рэкорд у 117 гадзін. («Лежачы на канапе, вельмі цяжка спыніцца».) Правілы спаборніцтваў былі простымі: удзельнікі адначасова клаліся на матрацы і посцілкі і ляжалі як мага даўжэй. («Выпрабавальнік тэлевізараў уладкаваўся яшчэ і выпрабавальнікам канап і цяпер шчыруе на дзве стаўкі».) Можна было лежачы есці, піць, размаўляць, карыстацца тэлефонамі, чытаць кнігі і ўставаць у прыбіральню адзін раз на восем гадзін. («Учора цэлую гадзіну муж слухаў мяне з адкрытым ротам. Прыгледзелася — спіць, гад!») Пераможцам стала Дубраўка Аксіч, яна праляжала 117 гадзін. Другое месца заняў Мікола Башкавіч, які падняўся ўсяго за пяць хвілін да Дубраўкі. На трэцім месцы Марка Вукавіч — ён пратрымаўся 115 гадзін. («Прачнуўся ад таго, што сны скончыліся.

А валяцца проста так, з заплюшчанымі вачыма, няма ніякага сэнсу».)

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.