Вы тут

Аддзяленне паштовай сувязі ў невялікім горадзе — адзін з цэнтраў жыцця


Спецыяліст па паштовай дзейнасці Бабруйскага паштовага аддзялення № 9 Зінаіда Сямёнава ў сваю прафесійную сферу трапіла, як яна сама кажа, выпадкова. Ішла па родным Бабруйску, будучы яшчэ зусім юнай, і ўбачыла аб'яву «патрабуюцца паштальёны».


Начальнік аддзялення паштовай сувязі Марына Трухан (злева) і спецыяліст па паштовай дзейнасці Зінаіда Сямёнава.

— Пачала працаваць паштальёнам, і мне спадабалася. Прыйшоўся па душы калектыў, натхніла праца, бо гэта заўсёды жывыя зносіны з людзьмі. Потым адвучылася ў Віцебскай акадэміі сувязі і вось ужо дзесяць гадоў працую на пошце. І ні разу не пашкадавала аб выбары прафесіі.

Марына Трухан, начальнік аддзялення паштовай сувязі № 27 Бабруйска, наадварот, да працы на пошце ішла мэтанакіравана. Дванаццаць гадоў таму пачала працаваць аператарам, стала намеснікам начальніка паштовага аддзялення. У 2017 годзе заняла прэстыжнае трэцяе месца на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод начальнікаў і намеснікаў начальнікаў аддзяленняў паштовай сувязі і сёння ўзначальвае цэнтральнае аддзяленне сувязі Бабруйска. Нядаўна абараніла магістарскую дысертацыю ў Акадэміі сувязі.

Абедзве дзяўчыны перакананыя: як бы ні мяняўся свет, пошта была, ёсць і будзе. Таму што гэтая служба вельмі патрэбная людзям.

— Работа пошты вельмі змянілася за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў, — канстатуе Марына. — Усё больш паслуг у анлайн-фармаце. Кліент можа, не выходзячы з дома, адправіць заказное пісьмо, атрымаць паштовыя адпраўленні без пашпарта, па sms-кода. Адна з самых запатрабаваных паслуг і сярод юрыдычных асоб, і сярод звычайных карыстальнікаў — паскораная пошта EMS: сёння на заўтра ці сёння на сёння.

І ўсё ж галоўнае застаецца нязменным, падкрэслівае суразмоўца. Гэта — праца з людзьмі, жывыя зносіны і дапамога людзям. Бо аддзяленні паштовай сувязі ў невялікім, ды і ў вялікім горадзе — адзін з цэнтраў гарадскога жыцця.

— Таму, я перакананая, галоўнае для паштовага работніка — уменне ў любой сітуацыі быць чулым і добразычлівым. На пошту звяртаюцца кліенты розных узростаў, і часам ім трэба, каб іх выслухалі, дапамаглі і параілі.

Ці падпісваюцца сёння людзі на газеты і часопісы?

— І падпісваюцца, і купляюць. Чытаць толькі ў інтэрнэце — гэта падыходзіць для моладзі. Людзі старэйшага ўзросту хочуць узяць газету ў рукі, пагартаць старонкі. Акрамя таго, аддзяленне паштовай сувязі дае пажылым магчымасць мець зносіны. І гэта вельмі каштоўна, — кажа Марына.

У эпоху інтэрнэту многія па-ранейшаму пішуць пісьмы ад рукі і адпраўляюць родным паштоўкі, распавялі паштовыя работнікі.

— Калі атрымліваеш паштоўку з цёплымі пажаданнямі або жывое пісьмо, напісанае рукой мамы ці сястры, — гэта ж зусім іншае, чым электронная паштоўка або перапіска ў месенджары. Такую паштоўку або пісьмо хочацца захаваць на доўгую памяць, — падкрэслівае Зінаіда.

А яшчэ паштальёны — злучальнае звяно паміж тымі пажылымі людзьмі, якім узрост не дазваляе часта выходзіць з дому, і навакольным светам. Яны прыносяць пенсіянерам газеты і часопісы, дастаўляюць прамысловыя тавары паўсядзённага попыту і прадукты харчавання.

— Паштальён прыносіць людзям радасць, — кажа Зінаіда Сямёнава. — Заўсёды прыемна быць для людзей веснікам чагосьці добрага і радаснага. За гэта я і люблю сваю працу.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.