Вы тут

Пераадолець, каб дамагчыся


У 75-гадовы юбілей Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава найлепшыя дыпломныя работы навучэнцаў прадставілі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Паўтара дзясятка твораў сёлетніх выпускнікоў установы можна было ўбачыць, на жаль, толькі тыдзень. 


Адкрыццё невялікай выстаўкі супала гэтым разам з уручэннем дыпломаў, якое прайшло ў сценах галоўнага мастацкага музея краіны. Месца выбрана невыпадкова — тут размешчана экспазіцыя «Ступені майстэртва», прымеркаваная да 75-годдзя ўстановы і 120-годдзя з дня нараджэння Аляксея Канстанцінавіча Глебава (пра яе мы ўжо згадвалі). Да таго ж мастацкі ўзровень адпавядае: сярод выпускнікоў — лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, творцы, якія імкнуцца стаць паўнапраўнымі ўдзельнікамі сучаснага мастацкага працэсу. 

— Гэта знакавая падзея не толькі для выпускнікоў, але і для гісторыі нашага нацыянальнага мастацтва, — адзначыў падчас урачыстасці дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. — Галоўнае пажаданне нашай творчай моладзі — знайсці сябе ў жыцці і рухаць краіну наперад, папаўняючы залаты фонд айчыннага мастацтва. 

Завітаў на ўручэнне дыпломаў і адзін з першых выпускнікоў «Глебаўкі», народны мастак Беларусі Іван Міско, які выступіў гэтым разам у якасці матыватара: 

— Аднойчы патэлефанавала жанчына з пытаннем: «Ці можна прыйсці да вас з сынам, які хоча паступаць на скульптара?» Адказаў: «Калі ласка...» Папілі чаю, закусілі. Неўзабаве кажу: «Гальштук насіць няма калі, зарплаты няма, выхадных няма, рукі пастаянна ў гліне, і ты кожны дзень павінен быць у працы…» Паслухала тая жанчына і сказала: «Не, тады мы паступаць не будзем». Прайшло шмат часу, а я пастаянна думаю: ці правільна тады сказаў? Цяжкасці пераадольныя. Але вучыцца трэба ўсё жыццё, тады дасягнеш сапраўднага поспеху. 

Павіншаваць наваспечаных творцаў і ўручыць дыпломы прыйшлі таксама заслужаны артыст Расіі, кіраўнік Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі Яўген Бушкоў (яго, дарэчы, найбольш зацікавіў твор Алісы Коласавай «Антоніа Вівальдзі. Музыка Венецыі»), дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Палякоў, народная артыстка Беларусі, салістака Вялікага тэатра Ніна Шарубіна, старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. Апошні і сам атрымаў падарунак да дня нараджэння — сяброўскі шарж «Прамоўца» ад Святланы Рыжыкавай. — Калі ўважліва паглядзець на работы, прадстаўленыя ў часовай экспазіцыі, то можна ўбачыць глыбіню, дзіўную для аўтараў 17—18 гадоў, — заўважыў падчас адкрыцця дырэктар «Глебаўкі» Аляксандр Шантаровіч. — Патэнцыял вялікі, рэалізацыя можа адбыцца ў розных кірунках мастацтва. Упэўнены, што нашы выпускнікі будуць адрозніваць высокае і таленавітае ад пасрэднага і нізкага. Гэта важна для жыцця. 

На дадзеным жа этапе можна падкрэсліць тое, што большасць маладых мастакоў, прынамсі, жывапісцаў, пакуль схільны да традыцыйных тэм. У неабходнасці пераемнасці ў мастацтве іх, што надзвычай важна, пераканалі. Найбольш яркія станоўчыя прыклады — творы «Пад аблокамі (кампазіцыйны партрэт Ф. Рушчыца)» Алы Несцяровіч, «Дзяды» Марыі Шыцько, «Элегія» Ксеніі Летавай, «Кафэ: ноч» Ульяны Маславай, «Горад у снах» Ксеніі Якімавай. Кожная з работ — надзейны трамплін у будучыню, якой бы яна ні была. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.