Вы тут

Да 105-годдзя «Звязды»


Аб гэтым сведчыць і сустрэча з удзелам жыхароў вёскі Дварэц з нагоды 105-годдзя газеты. Такую сур'ёзную дату найстарэйшае рэспубліканскае выданне краіны адзначыць ужо 9 жніўня.


Вядома, ужо ніхто з тых, хто цяпер жыве ў Дварцы, не памятае, як у гады Вялікай Айчыннай вайны іх вёску аблюбавалі партызаны, як уладкавалі ў адной з хат падпольную друкарню і выпускалі папулярную да вайны газету. Апошні сведка тых падзей — дарэчы, сын гаспадыні хаты, дзе выдавалася «Звязда»-партызанка, — Леанід Мігун не так даўно пайшоў з жыцця. Карэспандэнтам «Звязды» некалькі гадоў таму пашчасціла з ім сустрэцца, а адпаведна, даведацца інфармацыю аб дзейнасці журналістаў-падпольшчыкаў з першых вуснаў.

Калі ў бацькоўскай хаце размясцілася падпольная рэдакцыя, Леаніду Мігуну было чатыры гады. Памятаў ён няшмат, аднак згадаць было што. «Друкавалі «Звязду» ноччу, — расказваў карэспандэнтам Леанід Мігун. — Чаму размясціліся ў нашай хаце? Бо яна стаяла з краю, каля алешніку: каб пры неабходнасці можна было хутка ўцячы. Я помню станок, на якім друкавалі газету. Аднойчы незнарок вывернуў шрыфт, ён рассыпаўся. Мне тады добра ўляцела! Пасля таго нікога да станка не падпускалі».

Пасля трагічнага правалу выдавецкай дзейнасці ў акупаваным Мінску ў вёсцы Шостая брыгада (цяпер Дварэц) Любанскага раёна выпуск падпольнай «Звязды» быў адноўлены ў студзені 1943 года.

У суседняй, дзе жыла Марыя Бубіч, журналісты адпачывалі. Унукі гэтых дзвюх жанчын, дарэчы, прысутнічалі на нядаўняй сустрэчы.

Пра тое, што ў вёсцы ствараецца газета, якую так старанна шукалі фашысты, мала хто ведаў. Да канспірацыі журналісты-падпольшчыкі пасля правалу выдання газеты ў Мінску паставіліся ўжо больш сур'ёзна. Леанід Мігун пра тое, што робіцца ў яго хаце, вядома, быў у курсе. Ён расказваў, што журналісты прасілі малога, каб нікому не казаў пра тое, што яны робяць. І ён маўчаў: нават дзіцячая душа разумела, што пра гэта староннім не варта ведаць. У выніку многія аднавяскоўцы толькі пасля вайны даведаліся, што за некалькі крокаў ад іх стваралася вядомая газета.

«Яна была крыху большая, чым ваш блакнот, — казаў Леанід Якаўлевіч, гледзячы на тое, што я трымала ў руках. — Шкада, што памёр рэдактар. Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў быў харошым, талковым мужчынам. Затое Амяльян Шурпач жыў доўга-доўга, пасля вайны часта бываў у нас: відаць, цягнула яго ў гэтыя мясціны».

Міхаіл Парфёнавіч Барашкаў быў вопытным знаўцам слова: да вайны ён узначальваў папулярную па тым часе маладзёжную газету «Чырвоная змена». Яе рэдагаваў і ў партызанскай зоне — разам са «Звяздой» і Любанскай раённай газетай «Кліч Радзімы». Над выпускам трох газет працавала ўсяго некалькі чалавек: былы рэдактар Любанскай раённай газеты Філіп Касцюкавец, карэспандэнт даваеннай «Советской Белоруссии» Георгій Шчарбатаў, супрацоўнікі Капаткевіцкай раённай газеты Аляксандр Сакевіч, Мікалай Курыка, Ніна Цылько і Амяльян Шурпач.

Апошні — адзін з нямногіх, каму пашчасціла выжыць. Больш за тое, Амяльян Шурпач працаваў у «Звяздзе» і пасля вайны — ажно да самай пенсіі. Вядома, частым госцем ён быў і ў Дварцы, а таксама на востраве Зыслаў, дзе працягвалася выдавецкая дзейнасць газеты. Разам з рэдактарам тагачаснай «Звязды» Аркадзем Тоўсцікам і рэдактарам «Чырвонай змены» Уладзімірам Касько ў маі 1975 года адкрываў мемарыяльную дошку на хаце, дзе ў гады вайны некаторы час размяшчалася падпольная тыпаграфія. Прысутнічаў падчас той урачыстасці і мясцовы краязнавец, даўні сябар і падпісчык нашай газеты Анатоль Вялічка, які на той час з'яўляўся сакратаром партарганізацыі саўгаса «Гарадзячы». Менавіта ён разам з бібліятэкарам Гарадзячыцкай сельскай бібліятэкі Святланай Седзінай арганізаваў сустрэчу жыхароў Дварца, якая адбылася там днямі з нагоды 105-годдзя «Звязды».

— Прысутнічала на адкрыцці шыльды і гаспадыня хаты, дзе стваралася «Звязда», Марфа Мігун, — успамінае Анатоль Вялічка. — Праўда, жыла яна ўжо ў новым будынку — за тое, што ў гады вайны не пабаялася і прадаставіла падпольшчыкам сваё жыллё, дзяржава пабудавала ёй новую хату. Менавіта на яе сценах і з'явілася шыльда. Цяпер там гаспадараць іншыя людзі.

Няма ўжо ні Амяльяна Шурпача, ні Леаніда Мігуна, ні яго маці — увогуле нікога, хто з'яўляўся сведкам гэтай высакароднай справы — даносіць насельніцтву праўдзівую інфармацыю, рызыкуючы жыццём. Затое ёсць жыхары Любаншчыны, якія добра знаёмыя з гісторыяй аднаго з найстарэйшых выданняў краіны, шануюць памяць людзей, што ў надзвычай складаных умовах даносілі беларусам словы праўды і падтрымкі, мабілізавалі іх на барацьбу з ворагам, усялялі надзею на Перамогу. І яна сапраўды адбылася!

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.