Фотаўспаміны пра летні адпачынак у сацыяльных сетках стракацяць здымкамі ў модным ракурсе. Фатограф пакідае ў кадры сваю руку, з якой не выпускае далонь роднага чалавека, знятага са спіны. Прапаную гэтым летам усім бацькам малалетніх дзяцей падчас чарговага адпачынку каля вадаёма зрабіць такое фота са сваім дзіцем. Няхай здымак з бясцэннай далонькай у руцэ, як праваднік, давядзе да свядомасці адну з галоўных запаведзяў ад ратавальнікаў — не адпускай дзіця ў вадзе далей, чым на адлегласць выцягнутай рукі. Мамы і таты з Жыткавіцкага, Пухавіцкага, Мастоўскага, Светлагорскага раёнаў, на жаль, такіх кадраў са сваімі дзецьмі ўжо ніколі не зробяць.
На Гомельшчыне за тыдзень у Прыпяці і Бярэзіне патанула двое дзяцей. Дзяўчынкі 8 і 4 гадоў. У абодвух выпадках вада забрала іх, калі бацькі былі побач, але прыбралі тую самую «руку з кадра». Дарослыя адпачывалі на беразе, дзеці засталіся на некаторы час без нагляду.
У Жыткавіцкім раёне каля вёскі Хваенск у момант трагедыі жанчына пайшла ў палатку ўкладваць спаць двухгадовага сына. Дочкі 9 і 8 гадоў засталіся каля ракі адны. Калі маці вярнулася, малодшай ужо не было. Пазней яе знайшлі вадалазы.
У Светлагорску, па словах бацькі, чатырохгадовая дачка адышла з-за натуральнай патрэбы ў кусты. Праз некаторы час мужчына ўспомніў, што малая не вярнулася, пачаў шукаць. На жаль — не паспеў. Вадалазы абласнога пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада МНС знайшлі дзіця на глыбіні двух метраў і на адлегласці 10 метраў ад берага. Трагедыя здарылася ў месцы, не абсталяваным для купання. Высветліцца таксама, што некалькі гадзін бацька разам з сябрамі самастойна шукаў дзяўчынку, якая, як яны лічылі, згубілася ў кустах. Пачуўшы, што шукаюць дзіця, падняла трывогу і выклікала ратавальнікаў зусім старонняя жанчына.
Пасля трагічных выпадкаў з дзецьмі ў Гомелі прайшло экстраннае пасяджэнне абласной камісіі па справах непаўналетніх. Старшыня камісіі, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў заклікаў узяць пад строгі кантроль бацькоў, якія прыводзяць дзяцей у месцы, забароненыя для купання і ўжываюць там алкаголь. У вобласці заклікаюць усіх, хто бачыць падобнае, паведамляць аб гэтым у міліцыю.
— Калі бацькі прывялі дзіця купацца ў забароненае для купання месца, яны не проста парушылі правіла, але паставілі пад пагрозу яго жыццё і здароўе. Гэта дастатковая падстава для прызнання, што дзеці ў такой сям'і знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — растлумачыў пазіцыю органаў улады намеснік старшыні абласной камісіі па справах непаўналетніх Яўген Міткевіч.
Вельмі сур'ёзны праступак, калі бацькі каля вады ўжываюць алкаголь, і тут жа знаходзяцца іх дзеці. Супрацоўнікі міліцыі будуць неадкладна інфармаваць органы апекі і папячыцельства аб фактах знаходжання непаўналетніх з дарослымі ў нецвярозым стане.
— Для сацыяльных органаў і праваахоўнікаў цяпер не будзе прынцыповай розніцы, дзе бацькі на вачах у дзяцей ужываюць алкаголь — у кватэры або на прыродзе, — дадаў Яўген Міткевіч.
Сёлета на Гомельшчыне 170 праваахоўнікаў штодня выходзяць на патруляванне месцаў масавага адпачынку каля вады — як прызначаных для купання, так і забароненых. З пачатку сезона яны ўжо зафіксавалі каля дзвюх тысяч парушэнняў: траціна з іх — ужыванне алкаголю, каля 700 фактаў — купанне ў неўстаноўленых месцах.
Кожны дзень абыходзяць «дзікія пляжы» і ратавальнікі. Рэйды па вадаёмах, дзяжурствы на пляжах, прафілактычныя гутаркі з людзьмі, авіяцыйны маніторынг берагоў — усё гэта дзеля таго, каб папярэдзіць трагедыі на вадзе.
Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Павел Новік звяртае ўвагу на тое, што рызыкоўныя паводзіны бацькоў з дзецьмі падчас адпачынку на вадаёмах не заўсёды звязаныя з ужываннем спіртнога.
— Для бяды дастаткова некалькі секундаў. Бацькі павінны цвёрда разумець, што калі яны прыходзяць на пляж з дзецьмі, то гэта для іх не адпачынак, але пільная, бесперапынная работа па наглядзе за кожным дзіцем, — падкрэсліў Павел Новік і адзначыў, што ў рэгіёне ўсе выпадкі ўтаплення дзяцей адбыліся з-за адсутнасці нагляду за імі.
Гібель чатырохгадовай дзяўчынкі ў Светлагорску вымушае задумацца вось яшчэ над чым. У той дзень малая павінна была быць у дзіцячым садку, але засталася з маці, якая ў дэкрэтным водпуску. Дарослыя, калі ідуць на вадаём з некалькімі дзецьмі, абавязаныя ўзважваць свае сілы: ці здольныя яны гарантаваць бяспеку ўсім?
Упраўленне адукацыі ў найбліжэйшы час таксама распрацуе памяткі аб правілах паводзін каля вадаёма. У іх папярэдзяць пра небяспеку кругоў і матрацаў, дзецям да 10 гадоў парэкамендуюць купацца ў надзіманых камізэльках ці нарукаўніках.
За купанне ў забароненых месцах пагражае штраф да 96 рублёў. Калі такое купанне адбылося яшчэ і ў стане алкагольнага ап'янення, то штраф вышэйшы. За ўжыванне алкагольных напояў на пляжы — санкцыя да 256 рублёў. За паўторнае падобнае парушэнне пакаранне павялічваецца да 480 рублёў, можа быць прыменены і адміністрацыйны арышт.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС і УУС Гомельскага аблвыканкама
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?