Вы тут

Як COVID-19 заахвоціў узяцца за доктарскую дысертацыю


Людміла Анісько імкнецца жыць паводле вялікага Шэкспіра: «Ведаць больш, чым астатнія. Працаваць больш за астатніх. Чакаць менш, чым астатнія».


Выпрабаванне пандэміяй

З загадчыцай клініка-дыягнастычнай лабараторыі Гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы (ГКІБ), галоўным пазаштатным спецыялістам па лабараторнай дыягностыцы Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Людмілай Анісько я пазнаёмілася на чацвёртым месяцы барацьбы з COVID-19. Гэта быў вельмі «гарачы» час для калектыву. У параўнанні са звычайным рэжымам нагрузка ў лабараторыі ўзрасла шматразова. Калі раней нормай было — даследаваць метадам ПЦР 100 узораў за змену, то на піку пандэміі ў суткі іх паступала да 2000. Працавалі без перапынкаў. Але адчынялі маразільнік, а прабірак там прыбывала і прыбывала. Здаралася, нехта з супрацоўніц зрываўся, нават плакаў. Па ініцыятыве Людмілы Анісько калектыў перайшоў на кругласутачны, трохзменны рэжым працы: лабараторыя не прастойвала і гадзіны. Быў перыяд, калі яна спала некалькі гадзін за суткі. Паднімалася ні свет ні зара і ў 5 раніцы бегла ў клініку. Тыя, хто добра яе ведаюць, адзначаюць: тады, на піку пандэміі, ледзь не ўпершыню бачылі Людмілу па-сапраўднаму стомленай.

— Толькі праз год пасля прыходу да нас COVID-19, нарэшце, адчулі, што стала лягчэй, можна крыху выдыхнуць, — прызнаецца Людміла Анісько. — Рада, што справіліся, навучыліся хутка перабудоўвацца, адаптавацца да новых умоў працы, практычна без стратаў захавалі калектыў.

Сіндром даследчыка

— Яшчэ ва ўніверсітэце, на практычных занятках у інфекцыйнай бальніцы, заўсёды думала: вось бы мне тут працаваць. І мары спраўдзіліся, — расказвае Людміла Аляксандраўна. — Спраўдзіліся збольшага таму, што мне заўсёды шанцавала на людзей. Аб вакансіі ў лабараторыі мне паведаміла калега Ларыса Іванаўна Косцікава з Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, куды я трапіла пасля заканчэння БДМУ. Да кіраўніцтва падрыхтавала ранейшая загадчыца лабараторыі Тамара Альбертаўна Рагачова. Маім навуковым кіраўніком пры абароне дысертацыі па клешчавых інфекцыях быў член-карэспандэнт НАН Беларусі, прафесар, доктар медыцынскіх навук Ігар Аляксандравіч Карпаў.

Пяць гадоў Людміла Анісько ўзначальвае клініка-дыягнастычную лабараторыю. Яе пасада прадугледжвае не толькі арганізацыю розных даследаванняў, але і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, закупку сучаснага абсталявання і рэагентаў, удзел у скрынінгавых праектах. Па словах Людмілы Аляксандраўны, з калектывам (а гэта 39 чалавек) ёй пашанцавала: хоць ён пераважна жаночы, але згуртаваны і дастаткова стабільны. Падставіць плячо, падмяніць — тут звычайная справа. І на розных атэстацыях традыцыйна адзначаюць высокі ўзровень падрыхтоўкі супрацоўнікаў.

Людміла Анісько перакананая: працаваць у іх лабараторыі па-сапраўднаму цікава. Да іх рэгулярна звяртаюцца па дапамогу клініцысты, каб разабрацца ў этыялогіі захворванняў, удакладніць дыягназ пацыентаў. Гэта не заўсёды атрымліваецца зрабіць адразу. Даводзіцца шукаць інфармацыю, у тым ліку ў замежных крыніцах: без валодання англійскім медыкам сёння не абысціся! Калі ўдаецца дакапацца да ісціны, Людміла Анісько адчувае вялікую радасць. Разгадваць прафесійныя рэбусы — самае прывабнае для яе ў працы.

— Прафесія ўрача мае на ўвазе сталае развіццё, шырокія веды, прычым не толькі па сваім профілі. Без гэтага ты як спецыяліст хутка дэградуеш і не можаш прасоўваць наперад свой напрамак, — пераканана мая суразмоўца. 

Вучыцца, удасканальвацца, развівацца — любімыя заняткі Людмілы Анісько. Кандыдацкую дысертацыю яна пісала вечарамі, часам начамі, у выходныя. Пандэмія COVID-19 дала штуршок, каб узяцца за доктарскую. Сваімі ведамі яна дзеліцца не толькі з калегамі, але і са студэнтамі. Людміла Аляксандраўна — дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ.

— Людміла Аляксандраўна — чалавек на сваім месцы. Яна на рэдкасць кампетэнтны, прагрэсіўны спецыяліст, добры арганізатар, чулы кіраўнік, — характарызуе калегу ўрач гарадскога кабінета кантролю якасці лабараторных даследаванняў Таццяна Ясюкевіч.

Вядома, за 15 гадоў здаралася ўсякае. Калі Людміла Анісько ўзначальвала прафсаюзную арганізацыю лякарні, магла часам нават заплакаць з-за несправядлівых слоў у свой адрас. Але нават тады ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць ў гэтыя сцены.

Мастацтва ўсё паспяваць

Людміла Мешчаненка (гэта дзявочае прозвішча гераіні — заўв. аўтара) з дзяцінства адрознівалася выключнай актыўнасцю. Радыёгурток, макрамэ, мяккая цацка, танцы, музычная школа, выпальванне — чым толькі яна не захаплялася ў школьныя гады. У 13 гадоў прыйшла ў секцыю каратэ. Затрымалася не толькі таму, што падабаўся гэты від спорту, але і дзякуючы цудоўнай сяброўскай атмасферы, якая там панавала.

І хоць пазней па сямейных абставінах трэніроўкі прыйшлося перапыніць, праз час зноў вярнулася да іх. Сёння кандыдат у майстры спорту, уладальнік 2 дана, Людміла Анісько тройчы на тыдзень наведвае спартыўную залу і нават працягвае выступаць на спаборніцтвах. У мінулым годзе стала чэмпіёнкай Беларусі па шатакан каратэ-до.

— Каратэ дапамагае падтрымліваць форму і заставацца лёгкай на ўздым, — лічыць Людміла Анісько. — Акрамя таго ў зале хутка пераключаешся з прафесійных праблем і хатніх клопатаў і тым самым эмацыйна разгружаешся.

На занятках каратэ яна ў свой час пазнаёмілася з будучым мужам Анатолем. Быў час, калі на трэніроўкі разам з ёй хадзілі дочкі — Юля і Маша. Так што да каратэ ў гэтай сям’і ў той ці іншай ступені далучыліся ўсе.

Старэйшую дачку Людміла нарадзіла яшчэ студэнткай. Юля з’явілася на свет у жніўні, а ў верасні маладая маці выйшла на вучобу. Акадэмічных водпускаў вырашыла не браць: знайшлі няню. Маша нарадзілася, калі Людміла ўжо працавала. Знаходзячыся ў дэкрэтным па доглядзе малодшай, Людміла ўвайшла ў склад бацькоўскага камітэту ў старэйшай, якая пайшла ў школу.

— Не магу сказаць, што так ужо шмат увагі надавала дзяўчынкам, — прызнаецца Людміла Анісько. — Сям’я для мяне — самая вялікая каштоўнасць. Але і без працы сядзець я адназначна б не магла. Для мяне важна самарэалізацыя. Імкнулася выхоўваць дачок сваім прыкладам. І я імі задаволеная: яны самастойныя, не распешчаныя, могуць знайсці выйсце з любой сітуацыі. Юля скончыла 5 курс лечфака БДМУ, падзарабляе ў нашай бальніцы медсястрой. Маша хоча быць ветэрынарам.

Апроч клопату аб сям’і, працы, каратэ, Людміла вельмі любіць дачныя радасці: ёй падабаецца вырошчваць нешта новае, глядзець, як спеюць гародніна і садавіна, распускаюцца кветкі. Дакрананне да зямлі, яднанне з прыродай — выдатная псіхатэрапія.

— Калі я хадзіла з мамай на каратэ, часам чула ад іншых, быццам у яе строгі погляд, — кажа дачка Юля. — Але на самай справе мама не строгая. Яна працавітая, справядлівая, спагадлівая. А яшчэ вельмі адказная і неверагодна арганізаваная. Нават не разумею, як ёй атрымліваецца столькі ўсяго паспяваць.

— Уменне Люды ставіць мэты і дамагацца іх, безумоўна, захапляе, — дапаўняе трэнер па шакатан каратэ-да Алена Шчарбакова. — А яшчэ яна пазітыўны, дзіўна лёгкі чалавек у адносінах да людзей, жыцця. Нават у цяжкіх сітуацыях не ные, не культывуе праблемы, а імкнецца іх разруліць.

Сама Людміла Анісько перакананая: чым больш робіш, тым больш паспяваеш. І яшчэ ёй вельмі падабаюцца правілы дасягнення поспеху ад Шэкспіра: «Ведаць больш, чым астатнія. Працаваць больш за астатніх. Чакаць менш, чым астатнія».

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА і з архіва Людмілы Анісько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.