Вы тут

Рэктары: Урыўкі з новай кнігі (працяг)


Працяг. (Пачатак можна прачытаць тут).


Як першы прарэктар, я курыраваў вучэбны працэс, але Міхаіл Іванавіч Вішнеўскі папрасіў мяне пакінуць за ім кіраўніцтва арганізацыяй навуковых даследаванняў, чым ён пры рэктару Аўласевічу і займаўся. Я быў не супраць, але тады патрэбен быў прарэктар па вучэбнай рабоце, і вось над кандыдатурай я задумаўся. Разумеў, што на гэтую пасаду трэба прызначаць некага з дэканаў. Яны ўсе — разумныя, аўтарытэтныя і як вучоныя, і як выкладчыкі, і як арганізатары вучэбнага працэсу. Яны ўсе мае сябры, лічы, са студэнцкіх гадоў. Сярод іх нават два мае аднакурснікі! Але гэта быў 2001-ы, год прэзідэнцкіх выбараў. Не магу сказаць, што ў нашым універсітэце была заўзятая апазіцыя, але нязгодныя з палітыкай дзеючага Прэзідэнта ўсё ж былі. Ды і адчувалася яшчэ водгулле актыўнасці БНФ, настойлівай беларусізацыі, ужо радзей, але яшчэ дзе-нідзе гучалі нацыяналістычныя лозунгі. Прэзідэнт краіны — наш выпускнік, і было б няправільна ва ўніверсітэце патураць яго праціўнікам. А яны былі больш прыкметныя на філалагічным факультэце. І я вырашыў прапанаваць пасаду прарэктара па вучэбнай рабоце дэкану згаданага факультэта Мікалаю Пятровічу Бузуку. Ён доўгі час да гэтага працаваў намеснікам дэкана педагагічнага факультэта, славіўся строгім і патрабавальным кіраўніком, вучэбны працэс ва ўніверсітэце ведаў дасканала і, што і вызначыла канчатковае маё рашэнне, кандыдацкую дысертацыю пісаў па тэматыцы развіцця беларускай мовы. А сярод выкладчыкаў гэтага профілю і было больш за ўсё сумятні. Палітычную работу сярод сваіх калег я і залічыў у абавязак прарэктару Бузуку. Ён з усім справіўся, працаваў на пасадзе прарэктара амаль дваццаць гадоў, і прыкметных палітычных пратэстаў у нас не здаралася.

Я заўсёды адкрыта сцвярджаў, што рэктар універсітэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі яго прызнаюць сваім кіраўніком дэканы. Прарэктары ўжо цалкам адміністратары, у іх няма непасрэднага кантакту не толькі са студэнтамі, але нават з выкладчыкамі. Загадчыкі кафедраў у маштабе ўніверсітэта не вельмі ўплывовыя. А вось дэканы! У іх ёсць прыкметны адміністрацыйны рэсурс: прымаюць на работу выкладчыкаў, дазваляюць пераздачы экзаменаў, размяркоўваюць стыпендыю, месцы ў інтэрнаце і шмат іншага. Іх ведаюць не толькі ўсе выкладчыкі і студэнты, іх добра ведаюць у горадзе і вобласці, у тым ліку і рэгіянальнае кіраўніцтва. Яны прафесійныя, як універсітэцкія выкладчыкі, і, аб’яднаўшыся, здольныя скласці і шырока агучыць негатыўнае меркаванне пра рэктара, змяніць якое будзе вельмі цяжка. Таму менавіта праз дэканаў варта ажыццяўляць усе стратэгічныя і тактычныя планы развіцця ўніверсітэта. У мяне была дастойная каманда дэканаў!

Прафесар Пётр Фраловіч Дзмітрачкоў — дэкан гістарычнага факультэта. На гэтай пасадзе ён прапрацаваў больш за трыццаць гадоў. Вядомы і вельмі аўтарытэтны вучоны-гісторык, аўтар многіх вучэбных дапаможнікаў для школьнікаў і студэнтаў, узор дэкана факультэта. Яго крылатая фраза: «Няма дрэнных студэнтаў! Ёсць добрыя і не вельмі...»

Аляксей Сцяпанавіч Лаўшук узначаліў філалагічны факультэт пасля прызначэння дацэнта Бузука прарэктарам па вучэбнай рабоце. Лаўшук як вучоны-лінгвіст вывучаў развіццё сучаснай беларускай мовы. У пачатку дзевяностых, пры настойлівай беларусізацыі вучэбнага працэсу, вёў для выкладчыкаў семінар па праблемах тэрміналогіі, і мы з задавальненнем пад яго патранажам вярталі сваё веданне роднай мовы. Жывы, камунікабельны, заўсёды з іскрынкай у вачах, ён адразу стаў у інстытуце вядомай асобай, калі пасля абароны дысертацыі даслаў жонцы тэлеграму з адным словам: «Абараніўся!»

Рэктарам інстытута павышэння кваліфікацыі працаваў Канстанцін Міхайлавіч Бандарэнка. Мы з ім сябравалі яшчэ са студэнцкіх гадоў. Паступіў ён на гістарычны факультэт пасля службы ў арміі ў пагранічных войсках. Такіх студэнтаў усе называлі «армейцы». Яны прыкметна вылучаліся ў студэнцкім асяроддзі сваёй выпраўкай, дысцыплінай, добра вучыліся. Бандарэнка закончыў аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю па гісторыі палітычных партый Расійскай імперыі, загадваў кафедрай на гістарычным факультэце. Рухавік! Ён заўсёды быў у нейкіх справах — то навуковых, то вучэбных, то займаўся лецішчам. Кожны, хто да яго набліжаўся, адразу трапляў у ягоны вір. Вось гэту неўтаймоўную энергію яшчэ рэктар Аўласевіч і скіраваў для развіцця новага для ўніверсітэта кірунку — станаўлення ў яго структуры інстытута павышэння кваліфікацыі.

Педагагічны факультэт узначальваў дацэнт Іваноў Валерый Георгіевіч. Мы з ім на фізмаце вучыліся ў адной групе, пяць гадоў сядзелі за адной партай. Вельмі таленавіты і тонкі матэматык, інтэлігент, паэт. Ва ўсім і ўсюды быў гранічна акуратны, можна сказаць, нават скрупулёзны. Бузук у Іванова доўгі час у дэканаце быў намеснікам і, характарызуючы манеру работы Валерыя Георгіевіча, казаў: «Гэта ж трэба — сем разоў адмерае і... ні разу не адрэжа!» Зносіны з Івановым па любых тэмах — ад дыферэнцыяльнай геаметрыі да раскладу заняткаў на яго факультэце — прыносілі задавальненне.

На чале факультэта дашкольнага выхавання была дацэнт Ірына Анатолеўна Камарова. На гэтым факультэце існаваў як быццам жаночы клуб. Літаратурныя вечарыны адпачынку — усё ішло ад калектыву факультэта, і ініцыятарам усіх падобных мерапрыемстваў была Камарова. Яна сфарміравала магутную навуковую школу спецыялістаў дашкольнай адукацыі, іх напрацоўкі ў дадзенай сферы былі вядомыя і выкарыстоўваліся далёка за межамі і ўніверсітэта, і нашай краіны. Я яе часам нават папракаў за перагружанасць вучэбнага працэсу на факультэце. Гаварыў:

— Ірына Анатолеўна, фізмат у маі завяршыў вучэбны працэс, у чэрвені ў іх прайшла экзаменацыйная сесія, ужо ўвесь ліпень гэтыя студэнты працуюць у будатрадах, а вы на факультэце толькі-толькі закончылі вучэбны год?! Няўжо навучанне на факультэце дашкольнага выхавання больш складанае, чым на фізіка-матэматычным факультэце?!

Дэкан Камарова эмацыянальна адстойвала свае пазіцыі:

— Мы рыхтуем спецыялістаў для работы з самымі маленькімі дзецьмі і адносіцца да іх выхавання павінны гэтак жа трапятліва і адказна, як і іх бацькі. Тым больш што ў дашкольным узросце дзіця засвойвае амаль 80 працэнтаў адпушчанай яму па жыцці інфармацыі. Так што вучэбны працэс у дзіцячым садку не прасцейшы, чым на ўроку матэматыкі ў сярэдняй школе.

З дэканам эканамічнага факультэта дацэнтам Алай Міхайлаўнай Сазонавай мы таксама вучыліся на адным курсе і працавалі на адной кафедры. Больш за тое, летам 1972 года працавалі ў Казахстане ў адным будаўнічым атрадзе: я — камандзірам, Ала — камісарам. У адзін час шукалі сябе ў навуцы, вучыліся ў аспірантуры, абараняліся. Яна выйшла замуж за Ігара Сазонава, выпускніка Магілёўскага машынабудаўнічага інстытута, у будучыні — яго рэктара. Маладыя выкладчыкі ВНУ — Пятроўскія, Івановы, Сазонавы, Радзьковы, — мы былі адной камандай, адных поглядаў і аднаго духу. У гэтай кампаніі Ала Міхайлаўна вызначала для ўсіх арыенціры стрыманасці, самаарганізаванасці, уважлівых адносін, ажно да дробязяў, да даручанай справы. Эканамічны факультэт быў для былога нашага педінстытута з’явай новай, у многім нязвыклай, ён не аддзяліўся ад раней існуючага, а быў адкрыты з нуля. І нам з рэктарам Аўласевічам бачылася, што там патрэбная клапатлівая і ўважлівая гаспадыня. Якая паслядоўна, але настойліва наладзіць вучэбны працэс, сфарміруе здаровы выкладчыцкі калектыў, будзе апекавацца кожным студэнтам. Ала Міхайлаўна падыходзіла да гэтага як ніхто іншы. Думаю, што гэта ў яе ў многім ад мамы, Алены Кузьмінічны. Калі мы збіраліся ехаць з будатрадам на цаліну, яна назірала за нашымі зборамі — рабочая вопратка, канцылярскія тавары для насценгазеты, гітара і баян для агітбрыгады, — нам здавалася, што гэта самыя неабходныя рэчы для жыцця ў тым далёкім краі. А Алена Кузьмінічна гаворыць:

— Вазьміце лепш з сабою мяхоў з дзесяць бульбы, некалькі скрынь тушонкі, макароны!

Як жа мы ёй былі пасля ўдзячныя!

Дэканам майго фізмата амаль дваццаць гадоў быў прафесар Ягор Ягоравіч Сянько. Шэсць гадоў я быў яго намеснікам і тым самым прайшоў школу аднаго з найлепшых дэканаў нашай краіны. Пасля яго на гэтую пасаду па конкурсе прэтэндавалі дацэнт-матэматык Барыс Дзмітрыевіч Чабатарэўскі і дацэнт-фізік Леанід Яўгенавіч Старавойтаў. Фізік у гэтай канкурэнцыі аказаўся мацнейшым. У выніку тайнага галасавання членаў Вучонага савета інстытута перамог Старавойтаў. Леанід Яўгенавіч вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР, ведаў там усіх вучоных і пасля шмат каго з іх прыцягнуў да работы на фізмаце. Гэта прыкметна ўмацавала навуковы бок факультэта, прычым як у фізічным, так і ў матэматычным кірунку. Жонка Старавойтава, Тамара Сулейманаўна, была ў свой час аспіранткай знакамітага прафесара Столяра і працавала дацэнтам кафедры методыкі выкладання матэматыкі, а іх дачка Алена была маёй аспіранткай, таму жыццё фізмата Старавойтавы ведалі ва ўсіх яго праявах, знізу даверху і ў розных плоскасцях. Таму і дэканам Леанід Яўгенавіч працаваў 27 (!) гадоў.

Але адну справу мы з дэканам Старавойтавым да канца ўсё ж такі не давялі. Са скульптарам Андрэем Вараб’ёвым была задумана манументальная скульптура — мадэль Сонечнай сістэмы каля галоўнага вучэбнага корпуса. З велізарнага валуна падымаецца яркае Сонца, а вакол яго на арбітах-святлаводах — усе планеты. На валуне — табліцы з інфармацыяй пра памеры касмічных целаў, адлегласці да іх, гісторыі іх адкрыцця. Вакол — лаўкі, каб сесці і падумаць: хто мы і дзеля чаго ў гэтым Сусвеце. Леанід Яўгенавіч як фізік адразу прыкінуў, што калі Меркурый будзе бачны толькі над каменем, то арбіта Нептуна павінна быць за сотню метраў ад зямлі. У гэтым выпадку я як матэматык прапанаваў не звычайную метрычную, а лагарыфмічную шкалу для агляду ўсіх арбіт. А яшчэ мы хацелі ўстанавіць маятнік Фуко... З розных прычын, але зрабіць тое не змаглі. Да гэтага часу шкадуем — рэктар Радзькоў, дэкан Старавойтаў і скульптар Вараб’ёў.

Падрыхтоўка выкладчыкаў біялогіі і хіміі была для нас справай новай, мы яе пачалі толькі ў канцы васьмідзясятых. Першым дэканам на гэтым факультэце быў дацэнт Вадзім Іванавіч Папоў, вельмі ініцыятыўны, энергічны чалавек, батанік, фармацэўт. Ён дапамог нам стварыць матэрыяльную базу факультэта і сфарміраваў пачатковы педагагічны калектыў. На жаль, рана памёр. У мой час рэктарства дэканам біялагічнага факультэта працавала дацэнт Галіна Мікалаеўна Ціханчук. Яна была аўтарытэтная і як вучоны-біёлаг, і як кіраўнік у ВНУ. Відаць, што біялогія як навука патрабуе ўважлівага і беражлівага стаўлення да жывых істот, ды і ўвогуле да жыцця ва ўсіх яго праявах. Вось і Галіна Мікалаеўна вызначалася спакойнымі і разважлівымі адносінамі да даручанай справы. На факультэце яна была разумнай гаспадыняй. Яны і размяшчаліся ў асобным корпусе — біёлагі, хімікі і географы. І галоўнай у гэтым філіяле была Ціханчук. Калі яна прыходзіла да рэктара з нейкімі праблемамі, то, як правіла, ужо бачыла іх вырашэнне. Ёй патрэбная была толькі адпаведная падтрымка.

Як вучоны-біёлаг, Галіна Мікалаеўна вывучала біёты Верхняга Дняпра, таму ўсе нашы дзелавыя размовы заканчваліся жыццём жужаляў. Гэтыя жукі былі ў Ціханчук у прыярытэце навуковых зацікаўленняў, а я да работы з ёю ўвогуле не здагадваўся аб іх існаванні. А гэта цэлы свет, прытым дзівосна цікавы. Мне часам здавалася, што сваіх жужаляў Ціханчук любіць не менш, чым студэнтаў! А па вялікаму рахунку, студэнты ў сваім выкладчыку, дэкане, рэктары паважаюць найперш захопленага вучонага.

Фізкультурны факультэт у нас пачынаўся як ваенна-спартыўны. Для Савецкай Арміі і для школ Савецкага Саюза мы рыхтавалі камандзіраў мотастралковых узводаў і кіраўнікоў пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Прымалі на вучобу толькі тых хлопцаў, якія адслужылі ў арміі. Дарослыя, самастойныя, шмат у жыцці пабачылі, былі нават тыя, хто ваявалі ў гарачых пунктах. Бурса, а не факультэт. Жыццё ў інстытуце прыкметна ажывілася! У рэктарат адразу пачалі прыходзіць вытрымкі з аператыўных міліцэйскіх зводак: нашы студэнты недзе хуліганілі, ці ладзілі бойкі, ці знаходзіліся ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. На факультэце адкрылася ваенная кафедра, на яе прыйшлі працаваць афіцэры-армейцы, яны больш звычныя камандаваць, чым выкладаць з кафедры ВНУ. Мы абсталяваліся баявымі машынамі, кулямётамі, аўтаматамі. Падрыхтавалі палігоны і ціры для стральбы. Студэнты з афіцэрамі неслі кругласутачныя нарады. Усе студэнты, акрамя ваеннай спецыяльнасці, атрымлівалі права выкладаць у навучальных установах фізічную культуру. Зразумела, што для кіравання такім факультэтам патрабавалася цвёрдая рука. Першым дэканам там быў дацэнт Віктар Іванавіч Зайцаў. Нават вонкава ён рабіў уражанне — у мінулым штурхальнік ядра. Ды і вопыту работы з моладдзю яму было не пазычаць: у свой час ён працаваў першым сакратаром Краснаярскага крайкама камсамола, а ў нас у інстытуце загадваў кафедрай фізічнага выхавання. Пасля яго дэканам быў дацэнт Іван Пятровіч Маракушкін. Ён таксама, як мог, трымаў у руках і развіваў факультэт, працаваў на гэтай пасадзе дзесяць гадоў, але пасля паддаўся перабудовачным настроям і пайшоў у бізнес. Дарэмна, з дэканаў у прадпрымальніцкую дзейнасць сыходзіць нельга, гэта далёкае ад нас асяроддзе. Іван Пятровіч са сваім бізнесам прагарэў, разарыўся, на гэтай глебе захварэў і раптоўна памёр. Шкада, дэканам ён быў цікавым, актыўным. Змяніў яго Уладзімір Іванавіч Пакуш, ён таксама паспяхова спраўляўся з гэтай «арміяй», але яго жонку, былога сакратара Магілёўскага абкама партыі, прафесара Ларысу Уладзіміраўну Пакуш, накіравалі паслом Беларусі ў Казахстан, і ён паехаў з ёю дапамагаць развіваць нашы дыпламатычныя адносіны. Да гэтага часу ўжо падраслі выпускнікі згаданага факультэта. На ім сфарміраваліся навуковыя школы, з’явіліся аспіранты, пайшлі абароны кандыдацкіх дысертацый, калектыў стаў папаўняцца маладымі перспектыўнымі выкладчыкамі. Да такіх адносіўся і Уладзімір Уладзіміравіч Шутаў. Ён і стаў дэканам пасля дацэнта Пакуша. Пры Шутаве факультэт заквітнеў! Ён не толькі забяспечвае прафесійнымі трэнерамі і настаўнікамі фізкультуры спартыўную галіну краіны, але і рыхтуе чэмпіёнаў! Рэспублікі, Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў! Не па адным відзе спорту! І да сёння ўсім гэтым кіруе дэкан Шутаў.

Факультэт замежных моў мы вымушаныя былі адкрыць — у вобласці катастрафічна не хапала настаўнікаў гэтага профілю. Дэканам мы туды прызначылі дацэнта Уладзіміра Уладзіміравіча Ясева, палітолага. Але мы яго ведалі як вельмі разважлівага і адказнага чалавека, ды яшчэ і паэта. Не памыліліся — ён сфарміраваў факультэт, стаў прарэктарам па вучэбнай рабоце і членам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Вось якая ў мяне была кагорта дэканаў!

Аляксандр РАДЗЬКОЎ 

Пераклаў з рускай мовы Кастусь ЛАДУЦЬКА

Працяг будзе 23 ліпеня

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.