Вы тут

Ці з'явіцца на Гродзенскім моры турыстычная зона?


Некалькі гадоў таму Гродзенскім райвыканкамам распрацаваны перспектыўны план развіцця тэрыторыі ў зоне Гродзенскай ГЭС. Пры яе будаўніцтве створаны вялікі вадаём, які мясцовыя жыхары нават назвалі Гродзенскім морам. Зона даволі прывабная, таму раённыя ўлады вырашылі развіваць тут турызм. Першы інвестар прадставіў свой праект па асваенні прыбярэжнага ўчастка плошчай сем гектараў, але месцічы не хочуць прымаць змены ў іх звыклым жыцці.


Прываблівы аб'ект

Роўна дзесяць гадоў таму на Нёмане пачала дзейнічаць самая буйная ў Беларусі Гродзенская ГЭС. Яе будаўніцтва ў значнай ступені змяніла ландшафт мясцовасці, частка тэрыторыі — каля дзвюх тысяч гектараў — апынулася ў зоне падтоплівання. Такім чынам утвораны вялікі штучны вадаём даўжынёй больш за 40 кіламетраў. Раённыя ўлады прынялі рашэнне адвесці тэрыторыю пад турыстычную інфраструктуру.

— Гэта даволі прывабная для інвестара зона, — расказвае начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Гродзенскага райвыканкама Анатоль КАРОЛЬ. — Тэрыторыя знаходзіцца за дзесяць кіламетраў ад абласнога цэнтра і за пяць — ад горада-спадарожніка Скідзеля. Ёсць добрае транспартае злучэнне ў межах магістралі М6 і дарог рэспубліканскага значэння. Пакуль інфраструктура тэрыторыі не сфарміравана, што прыводзіць да стыхійных і несанкцыянаваных месцаў адпачынку. Ён бескантрольны і масавы ў прыбярэжнай паласе — сапраўдная праблема. Асабліва востра яна адчуваецца ў летні перыяд. Турыстычныя аб'екты павінны змяніць гэты расклад.

Такім чынам, у 2018 годзе быў распрацаваны і зацверджаны генеральны план развіцця вялікага ўчастка зоны ГЭС уздоўж Нёмана, плошчай 12 тысяч гектараў. Яго асваенне разлічана на даволі працяглы перыяд — да 2035 года. Хоць патэнцыял гэтай зоны даволі высокі, турыстычных аб'ектаў, можна сказаць, адзінкі. З найбольш значных можна назваць некалькі аграсядзіб, баз адпачынку. На сёння ідзе будаўніцтва некалькіх аб'ектаў турыстычнай індустрыі, у тым ліку сядзібных домікаў, кемпінгаў. Вядзецца рэканструкцыя пад базы адпачынку былой канюшні і комплексу будынкаў летніка ў вёсцы Селюкі. Дарэчы, гэта адзін з 34 населеных пунктаў, якія ўваходзяць у зону будучай турыстычнай рэкрэацыі. Практычна ўсе яны знаходзяцца ўздоўж ракі Нёман і вадасховішча. Астатнія тэрыторыі займаюць сельскагаспадарчыя землі і лясы, дачныя ўчасткі.

Ёсць першы інвестат

Нарэшце можна казаць аб канкрэтным значным праекце. Праўда, пакуль толькі на паперы. Для забудовы выдзелены ўчастак плошчай 7,5 гектара. Тэрыторыя немалая, хоць на агульнай карце ледзь бачная. Тым не менш, гэта першы паўнавартасны забудоўшчык. Размеркаваны дзясяткі інвестыцыйных пляцовак.

Галоўны архітэктар паказвае на карце зоны пад будучыя аб'екты. Гэта будзе парк, дзе ўжо вызначаны месцы для адпачынку, актыўнага турызму. Самыя цікавыя — бліжэйшыя да вадасховішча. Тут асноўныя тэмы — мабільныя кемпінгі, палатачны гарадок, спартыўныя зоны, рыбацкая вёска з домікамі, пляж, вела- і пешыя сцежкі. Будуць аб'екты гандлю, у затоцы — пракат спартыўнага і воднага інвентару... У цэнтры будзе размешчана вялікая тэраса для арганізацыі масавых мерапрыемстваў: фестываляў, прыватных вечарын, юбілеяў...

Кожная зона павінна асвойвацца з улікам адпаведнага рэгламенту. Напрыклад, зона біялагічнага заказніка, дзе знаходзяцца гняздоўі рэдкіх птушак, прадугледжвае адмысловы рэжым — ніякіх матораў на вадзе. Паруснікі, байдаркі, лодкі на вёслах — калі ласка, а вось маторкі ці водныя матацыклы пад забаронай. Асаблівы рэгламент набываюць і сельскагаспадарчыя тэрыторыі. Будзе ісці аптымізацыя выкарыстання ўгнаенняў, пестыцыдаў і гэтак далей. Гаспадарчая дзейнасць застаецца, але з больш ашчадным рэгламентам.

— Гэта датычыцца і транспарту, ён будзе па-за межамі дадзенай зоны. На беразе — ніякіх машын. Нават пляцоўкі для кемпінгаў не каля вады, а далей, бо да іх будуць падводзіцца камунікацыі — вода-забеспячэнне, электрычнасць, каналізацыя. Тут людзі змогуць размясціцца са сваімі палаткамі. І ўся гэта тэрыторыя мае сваю ачышчальную сістэму, — падкрэслівае Анатоль Кароль. — Увогуле, мы рабілі праект такім чынам, каб не было канфлікту ні з наваколлем, ні з мясцовымі жыхарамі.

Здаецца, на Гродзенскім моры нарэшце будзе створана першая паўнавартасная зона адпачынку. Пакуль тут часцей прыходзіцца здавольвацца стыхійнымі месцамі, дзе складана казаць пра парадак і камфорт. Але мясцовыя жыхары не пагаджаюцца з новым раскладам.

Як гэта — прыватны бераг?

Месцічы, пачуўшы, што вакол аб'екта з'явіцца металічная агароджа, пачалі кампанію супраць забудоўшчыка. Петыцыю накіравалі ў райвыканкам. Жыхарка вёскі Селюкі Вера Георгіеўна пацвердзіла, што многія жыхары выказаліся супраць новага праекта. Маўляў, яны пазбавяцца доступу да вады, не змогуць адпачываць на беразе, як было раней, за праход да вады прыйдзецца плаціць. На беразе летам шмат «дзікіх» турыстаў, рыбакоў. Як трапіць на бераг вадасховішча, калі гэта будзе прыватная тэрыторыя? — выказвае настрой месцічаў жыхарка Селюкоў.

Па словах галоўнага архітэктара, праход да вады застанецца. Агароджы туды не даходзяць, людзі могуць свабодна хадзіць. А вось далей, углыб, тэрыторыю будзе кантраляваць гаспадарчы суб'ект.

— Што значыць свабодны доступ да вады? — задаецца пытаннем Анатоль Кароль. — Доступ свабодны ёсць, уздоўж берага свабодны праход. Але калі ў інвестара там пірс ці рыбацкія месцы, гэтыя паслугі, хутчэй за ўсё, будуць платныя. Прайсці наскрозь не праблема, але калі хто жадае скарыстацца пірсам, альтанкай, тут будуць іншыя ўмовы, гэта ўжо не паркавая гарадская лаўка. Гэта аб'ект гаспадарання.

Архітэктар тлумачыць — гэта зямля райвыканкама і выдзелена прадпрымальніку па-за аўкцыёнам з пэўнымі ўмовамі, што не супярэчыць заканадаўству, калі на ўчастку будзе весціся будаўніцтва аб'ектаў абслугоўвання.

Патрэбен гаспадар

Дарэчы, у зону інвестпраекта трапілі тры вёскі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Абухаўскага сельскага Савета, дзе таксама шмат дач. Па словах старшыні сельвыканкама Валерыя Смалея, незадаволенасць выказваюць менавіта дачнікі, якія не жывуць тут пастаянна.

— Купілі дамы і вырашылі, што ім належыць ўсё навокал. А тут нямала праблем. Людзі не думаюць, што такія стыхійныя зоны адпачынку небяспечныя. Месцы не ахоўваюцца, няма спецыялістаў — ратавальнікаў на вадзе. Але самае галоўнае — горы смецця, якое пакідаюць пасля сябе стыхійныя турысты. Між тым, многія хацелі б знайсці цывілізаванае месца для адпачынку — з альтанкай, мангалам, пракатам водных транспартных сродкаў, але іх тут амаль няма, — заўважае старшыня сельвыканкама.

На яго думку, асваенне новай тэрыторыі ідзе вельмі марудна, хоць ён сам прапаноўвае мясцовым прадпрымальнікам заняцца турыстычным бізнесам. Але пакуль ніхто не згаджаецца. Маўляў, праблема ў сезоннасці паслуг. Вось чаму ў новым інвестары тут бачаць гаспадара, які зможа не толькі навесці парадак, але створыць камфортную і бяспечную зону адпачынку. Пры гэтым не прадугледжана значных высечак, нягледзячы на тое што тэрыторыя зарасла кустоўем і лесам. Расчыстка закране пляцоўкі, пешыя і веласіпедныя дарожкі, камунікацыі. Трывалая расліннасць павінна застацца і надалей.

Дарэчы, праект прайшоў грамадскія абмеркаванні, атрымаў узгадненні архітэктуры раёна, цяпер матэрыялы рыхтуюцца на экалагічную экспертызу. Пасля гэтага адбудзецца адвод зямель, і можна будзе распачаць будаўніцтва. За яго ходам, як правіла, ажыццяўляюць кантроль райвыканкам, экалогія, МНС, санітарныя службы.

Інвестар павінен пачаць сваю дзейнасць на працягу двух гадоў пасля канчатковых узгадненняў. Калі за гэты час нічога не будзе зроблена, зямлю проста забяруць назад. А вось калі забудоўшчык выстаіць, знойдзе паразуменне з незадаволенымі і давядзе справу да канца, гэта можа стаць добрым прыкладам для іншых. Турыстычных аб'ектаў такога кшталту пакуль адчувальна не хапае.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.