Вы тут

Конкурсы грамадзянскіх ініцыятыў набываюць папулярнасць на Гомельшчыне


Як пытанні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і пашырэння гарызонтаў садружнасці, захавання гістарычнай памяці і пераемнасці культурных традыцый дапамагаюць вырашаць народныя абраннікі — аб гэтым і не толькі гутарым са старшынёй Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярынай Зенкевіч.


— Найбуйнейшы інтэграцыйны ІX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Гродне, міжнародны фестываль «Славянскае адзінства — 2022» у Бранску — знакавыя для нашай краіны мерапрыемствы, у якіх толькі апошнім часам вам у складзе афіцыйнай дэлегацыі, давялося прадстаўляць Гомельшчыну. Кацярына Анатолеўна, раскажыце, калі ласка, якую ролю, на вашу думку, у міжрэгіянальным супрацоўніцтве адыгрывае дэпутацкі корпус рэгіёна?

— Хацелася б адзначыць, што сапраўды было гонарам прадстаўляць Гомельшчыну на ІX Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які сабраў вядомых парламентарыяў, дзяржаўных дзеячаў, экспертаў дзвюх краін, а сваёй галоўнай тэмай абраў міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў самых розных сферах жыццядзейнасці грамадзян Саюзнай дзяржавы. Між тым, вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з суб'ектамі Расіі даўно ўвайшоў у практыку Гомельскай вобласці. Сёння наш рэгіён імкнецца пашыраць і паглыбляць гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і кааперацыйнае супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. Паміж адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі Гомельшчыны і Расійскай Федэрацыі ўжо заключана каля 80 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве. У ходзе падрыхтоўкі да ІX Форуму рэгіёнаў у снежні мінулага года Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным сходам Рэспублікі Саха (Якуція). У пачатку бягучага года чарговым крокам да далейшага ўмацавання міжрэгіянальных сувязяў стала падпісанне Пратакола аб намерах супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Тува Расійскай Федэрацыі і Гомельскім аблвыканкамам. У маі бягучага года падпісана Пагадненне аб партнёрскіх (пабрацімскіх) адносінах паміж Чачэрскім раёнам Гомельшчыны і Цярбунскім раёнам Ліпецкай вобласці.

Увогуле, на сёння Гомельскім абласным Саветам дэпутатаў заключана 10 двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве з Амурскай, Бранскай, Кіраўскай, Курскай, Мурманскай, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Самарскай, Свярдлоўскай абласцямі і Рэспублікай Саха. Адзначу, што ў рамках работы секцый Форуму рэгіёнаў Гомельшчына была прадстаўлена як эфектыўная пляцоўка для рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў не толькі ў рамках Саюзнай дзяржавы, але і Еўразійскага эканамічнага саюза. Мы зацікаўленыя ў стварэнні сумесных вытворчасцяў па выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі. Прапануем для арганізацыі бізнесу 359 інвестыцыйных пляцовак на тэрыторыі вобласці. На Гомельшчыне перакананыя, што эканамічнае, гандлёвае, культурнае, навуковае супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі мае важнае значэнне для развіцця тэрыторый і росту дабрабыту людзей.

— Кацярына Анатолеўна, на нядаўнім пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, прысвечаным рабоце старшынь абласных Саветаў дэпутатаў па актывізацыі дзейнасці сельскіх Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, вам давялося першай пасля ўступнага слова спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай дзяліцца досведам работы на месцах. Якія актуальныя задачы, пастаўленыя ў дадзеным кірунку на самым высокім узроўні, удаецца паспяхова вырашаць дэпутацкаму корпусу рэгіёна?

— Нагадаю, што ў адзначаным пашыраным пасяджэнні Прэзідыума пад кіраўніцтвам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай бралі ўдзел старшыні сельскіх, раённых, гарадскіх, абласных Саветаў дэпутатаў, а таксама кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Дэпутаты ўсіх узроўняў актыўна дзяліліся вынікамі работы на месцах, праблемнымі пытаннямі.

Хачу адзначыць, што агучаныя ідэі і прапановы ў большай ці меншай ступені ўкаранёныя і на Гомельшчыне. Сваё выступленне прысвяціла прынцыпам і навацыям па ўключэнні насельніцтва ў вырашэнне пытанняў жыццядзейнасці на месцах, а таксама сістэмнай рабоце са зваротамі грамадзян. Так, перакананая, што конкурсы грамадзянскіх ініцыятыў, якія набываюць папулярнасць на Гомельшчыне, садзейнічаюць канструктыўнаму дыялогу ўлады і людзей. Насельніцтва прыцягваецца да самафінансавання праектаў па добраўпарадкаванні тэрыторый свайго населенага пункта. Пры гэтым жыхары самі вызначаюць і мэты выдаткаў. Амаль два дзясяткі найлепшых праектаў з 14 раёнаў агульным коштам каля 200 тысяч рублёў — гэта рэальны вынік конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Пры падтрымцы Гомельскага аблсавета ён быў арганізаваны Гомельскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Частка з ініцыятыў ужо рэалізавана.

Наладжваць канструктыўны дыялог паміж мясцовымі органамі ўлады і жыхарамі ў рэгіёнах дапамагае, безумоўна, і сістэмная работа са зваротамі грамадзян. Сёлета дэпутатамі пярвічнага ўзроўню разгледжана каля трох тысяч зваротаў. У вобласці наладжана разгалінаваная работа з насельніцтвам на месцах. Да яе заахвочваем і моладзь. Крытычныя заўвагі разглядаюцца ў адкрытым доступе ў СМІ: кожная раённая газета мае свой Telegram-канал. Што да ініцыятыў у такой рабоце, лічу, што будзе актуальна ў бюджэтах сельсаветаў мець рэзервовыя фонды для вырашэння экстранных задач. Напрыклад, гэтыя сродкі маглі б накіроўвацца на ліквідацыю наступстваў стыхіі.

— Нядаўна Прэзідэнт Беларусі падчас узгаднення на пасады новых кіраўнікоў раённых выканаўчых камітэтаў, у тым ліку ў Петрыкаўскім, Брагінскім і Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, акцэнтаваў увагу на тым, каб улады на месцах забяспечвалі занятасць насельніцтва і стварэнне рабочых месцаў.

— Так, кіраўніком дзяржавы для рэгіёнаў пастаўлена задача ў тым ліку вырашыць праблемы дармаедства: калі ёсць работа, але пэўныя асобы працаваць не хочуць. Дэпутаты базавага ўзроўню ў раёнах як каардынатары работы раённых камісій па садзейнічанні занятасці насельніцтва імкнуцца выканаць пастаўленыя задачы. На Гомельшчыне вынікі дзейнасці камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў першым паўгоддзі дэпутаты прааналізавалі падчас выязнога пасяджэння ў Жлобіне. Напрыклад, у гэтым раёне вобласці вырашаць актуальнае пытанне занятасці людзей імкнуцца праз развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэта і магчымасць адкрыць сваю справу, і арганізацыя новых рабочых месцаў. Толькі летась у Жлобінскім раёне было створана 416 рабочых месцаў. Амаль 70 % з іх — у сферы гандлю і паслуг: уведзены тры гандлёвыя аб'екты. З пачатку бягучага года ў раёне створана 49 рабочых месцаў. Эфектыўнасць работы камісіі па садзейнічанні занятасці даказвае факт, што за час яе дзейнасці ў Жлобінскім раёне дапамаглі працаўладкавацца амаль 900 грамадзянам, 123 з іх — сёлета. Звярну ўвагу, што галоўная задача камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва — аказаць дапамогу ў пошуку работы. Калі чалавек звольніўся, задача адказных ведамстваў у складзе Камісіі ва ўзаемадзеянні з кадравымі службамі — не дапусціць, каб беспрацоўны чалавек застаўся без сродкаў да існавання ці апынуўся на вуліцы. Як падкрэслівае кіраўнік нашай дзяржавы, мы павінны дапамагчы ўладкавацца на работу кожнаму, бо любы чалавек павінен быць карысны грамадству і дзяржаве.

— На самым высокім узроўні перад дэпутацкімі карпусамі рэгіёнаў пастаўлена таксама задача інфармацыйнай работы з грамадзянамі...

— Безумоўна, практыцы інфармацыйнай работы з насельніцтвам і яе каардынацыі з органамі мясцовага самакіравання кіраўніцтвам нашай краіны ўдзяляецца асаблівая ўвага. Праблема важнасці інфармавання насельніцтва ўзнімаецца практычна пры кожнай сустрэчы з дэпутатамі базавага ўзроўню. Ставім для сябе і канкрэтныя кірункі ў такой дзейнасці. Перакананая, што сёння людзям варта растлумачваць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Гэта гарантуе фарміраванне грамадскай думкі ў падтрымку стабільнага развіцця нашай дзяржавы і вядзе да скарачэння колькасці неабгрунтаваных зваротаў ад людзей. Актуальнымі застаюцца сустрэчы ў працоўных калектывах, на месцах — у сельсаветах. Таксама адна з прыярытэтных задач для дэпутатаў — інфармацыйная работа з моладдзю для выхавання пераемнасці культурных традыцый, гістарычнай памяці нашага народа.

Пытанні задавала Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.