Вы тут

Крупко правёў трохгадзінную прамую тэлефонную лінію


Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко правёў трохгадзінную прамую тэлефонную лінію. Звароты грамадзян аператыўна адрасаваліся прадстаўнікам усіх адказных службаў.


Адразу на некалькіх праблемных пытаннях засяродзіла ўвагу жыхарка гарадскога пасёлка Камарын Брагінскага раёна. Кацярына Міхайлаўна паскардзілася на нязручны транспартны графік аўтобусаў і маршрутных таксі. Як патлумачыла жанчына, даехаць з гарпасёлка да Гомеля ці Брагіна ў пэўныя дні проста немагчыма.

— А многія ж сярод тыдня ездзяць у бальніцу. Да таго ж білеты можна набыць толькі па інтэрнэце. Пажылыя прыходзяць да аўтобуса, а білетаў няма, — агучыла заяўніца сітуацыю, якая хвалюе многіх жыхароў Камарына.

Жанчына распавяла таксама, што ў яе выклікаюць пытанні арганізацыя навучальнага працэсу і харчавання дзяцей у мясцовай школе. Прасіла растлумачыць, якім чынам ідзе налічэнне па камунальных паслугах за водакарыстанне і вываз адходаў. На ўсе агучаныя звароты жыхарка Камарына атрымае падрабязныя пісьмовыя адказы. Яе заўвагі ўзяты на рэагаванне адказнымі службамі. Сам жа кіраўнік рэгіёна падзякаваў жанчыне за неабыякавую пазіцыю.

Па дапамогу звярнулася таксама Алена Мікалаеўна з Рэчыцы. Шматдзетнай маці, каб расказаць аб сваёй складанай жыццёвай сітуацыі, прыйшлося сабрацца з сіламі — эмоцыі перапаўнялі. Амаль год таму жанчына стала ўдавой. Засталася адна з трыма дзецьмі: выхоўвае старэйшых двайнят і малодшую дачку. Дзяўчынка па стане здароўя пераведзена на хатняе навучанне. Як распавяла Алена Мікалаеўна, пакуль быў жывы муж, яна не працавала, каб належным чынам даглядаць дзяцей і асабліва дачку. Цяпер жа гатова выйсці на працу, але дзяўчынку нельга пакідаць адну без нагляду. Уладкаваць яе ў спецыялізаваную ўстанову таксама няма магчымасці, бо пры мностве захворванняў для гэтага няма паказанняў. Дазвол хадзіць у звычайную школу яе дачцэ таксама не выдалі. Алена Мікалаеўна распавяла, што ўжо звярталася ва ўпраўленне аховы здароўя, але адказ, які атрымала, палічыла не канкрэтным, таму вырашыла шукаць дапамогі на «гарачай лініі» губернатара.

— Клубок праблем усё больш заблытваецца, і я не магу яго разблытаць, — ледзь не плачучы растлумачыла шматдзетная маці сваё становішча.

Будзе створана камісія з прадстаўнікоў сферы аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, запэўніў шматдзетную маці Іван Крупко.

— Гэта бяда. Нас не можа не цікавіць лёс гэтай сям'і, — звярнуўся губернатар да спецыялістаў адказных ведамстваў. — Сітуацыя няпростая. Неабходна выехаць і разабрацца, высветліць, чым можна дапамагчы сям'і, і аказаць падтрымку. Калі трэба, падабраць варыянт працаўладкавання, да гэтага ў законным парадку аказаць дапамогу.

Падчас прамой тэлефоннай лініі старшыні Гомельскага аблвыканкама жыхары Гомельшчыны таксама агучылі зямельныя пытанні, спрэчныя моманты па налічэнні зарплаты і працаўладкаванні, праблемы жыллёва-камунальнай сферы. Кожны зварот узяты кіраўніком рэгіёна на кантроль.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота ТК «Гомельшчына афіцыйна».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.