Вы тут

Музей хлеба ў Віцебскім раёне наведваюць не толькі падчас жніва


Сёлета ў кастрычніку музею хлеба Вымнянскай дзіцячага сада — базавай школы, што ў Віцебскім раёне, споўніцца чатыры гады. На працягу доўгага часу яго стваральнікі збіралі па крупінках гісторыю хлебаробчай справы сваіх продкаў. Экспазіцыя прапануе зацікаўленым прасачыць шлях бохана ад поля да стала і карыстаецца асаблівым попытам. І не толькі ў перыяд жніва.


Наталля Вінаградава запрашае на экскурсію.

Школьная выстава элементаў сельгастэхнікі адкрылася ў вясковай школе напярэдадні «Дажынак-2018», а адкрыццё цэлага музея хлеба стала своеасаблівым падарункам наддзвінцам да раённага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі. Над стварэннем экспазіцый рупіліся ўсе школы Віцебскага раёна — гэта даўно стала шчырай традыцыяй.

З нязменнай ветлівасцю экскурсантаў сустракае кіраўнік музея — настаўніца беларускай мовы і літаратуры, краязнавец Наталля Вінаградава. І льецца захапляльны аповед на роднай мове, і застывае час сярод безлічы духмяных хлебных вырабаў... Нават сама расстаноўка экспанатаў у пакойчыку паказвае шлях зярнятка да каравая. У слоіках прадстаўлена зерне ўсіх культур, што вырошчваюцца на Віцебшчыне, далей — залатыя снапы, клапатліва аздобленыя каляровымі стужкамі. Дарэчы, цэнтральнае месца сярод іх займае сноп Дзідух, які сімвалізуе дух ураджаю. На яго можна не толькі падзівіцца, але і патрымаць у руках. Вялікія мяхі са збожжам уздоўж сцяны, на якой выведзены прыказкі і прымаўкі пра хлеб, запрашаюць наведвальнікаў дакрануцца да зярнятак, патрымаць на далоні тое, што з хлебнай нівы вяртаецца на стол у рэшце рэшт боханам. Не сакрэт, што хлеб для беларусаў значыў больш, чым проста ежа. Да яго заўсёды ставіліся з асаблівай павагай, а збожжа новага ўраджаю жанчыны захоўвалі да наступнага года. Для гэтага рабілі адмысловыя лялькі-зярнушкі з тканіны, захоўвалі на чырвоным куце за абразамі. У перыяд палявых работ, калі не хапала чым засеяць агарод, на дапамогу прыходзіла збожжа з лялькі. На музейнай паліцы размясціліся маленькія мяшэчкі з ужо гатовай мукой: не толькі класічнай, збожжавай, але і рысавай, грэчневай, гарохавай.

Увенчвае земляробчую працу хлеб, гатункаў якога ў музейнай зале не злічыць: булкі і батоны, печыва і торты, пернікі і абаранкі... Яны па-майстэрску выраблены гаспадынямі раёна з натуральнага і салёнага цеста, макароны, а таксама пап'е-машэ, пенапласту — вось дзе бязмежны палёт фантазіі! Асаблівае месца займаюць караваі, іх у Вымнянскай школе не менш ад шасці дзясяткаў на ўсе выпадкі жыцця: «Велікодны», «На ўлазіны», «Багач». Мала хто ведае, але існуе і памінальны каравай — гарачы хлеб неслі на могілкі ў дзень памінання продкаў. З хлебным духам, які ішоў ад бохана, людзі размаўлялі, верылі, што ім адказваюць «дзяды». Сёння да вясельнага каравая, што бацькі падносяць маладым, ставяцца неяк няправільна. Краязнаўцы расказваюць, што адкусваць ад яго кавалкі, каб высветліць, хто ў хаце будзе гаспадаром, нельга. Каравай — сімвал дабрабыту і працы бацькоў, які яны перадаюць, як наказ, маладой сям'і. Жаніх з нявестай павінны пацалаваць падарунак, захінуць ручніком і пасля вырашыць: есці яго дома ўдваіх або спакойна пачаставаць гасцей. Наталля Вінаградава расказвае, што аздабленне святочнага каравая магло сказаць шмат аб маладой: напрыклад, калі нявеста была сіратой, выпякалі жытні, а калі з поўнай сям'і — на стол ставілі пшанічны.

Пачэснае месца ў музеі займае печ з прыладамі для перапрацоўкі зерня: тут і цэп для малацьбы, і жорны, і хлебная лапата, і шматлікія збаны. Да выпякання хлеба ставіліся адказна: на лапату сцялілі кляновы ліст, пакуль бохан надзімаўся ў печы, дома павінна была быць цішыня, а дзецям не дазвалялася сядзець на захавальніцы цяпла. Хоць у школе печка несапраўдная, неабходнае ўражанне для экскурсантаў, асабліва дзяцей, складвае. А яшчэ ААТ «Вітрайбыт» падарыла музею хлебапечку, у ёй выпякаюць смачныя гатункі па ўласных рэцэптах да святочных мерапрыемстваў, а чароўны хлебны водар, які суправаджае экскурсіі, дадае атмасферы яшчэ больш захапляльнасці. Пры стварэнні экспазіцыі кіраўніцтва школы кансультавалася са старажыламі вёскі, спецыялістамі-пекарамі, шукала інфармацыю ў друку.

Побач з прадметамі даўніны ўдала суседнічае інтэрактыўная дошка, з дапамогай якой дзеці складаюць каляровыя пазлы, суадносяць прыказкі. За гэты цуд тэхнікі ў вясковай школе адказвае настаўнік інфарматыкі Вячаслаў Марозаў. Адметнасцю хлебнага музея з'яўляецца чаяванне гарбатай, якую збіраюць самі. Да смаку наведвальнікам мята, мацярдушка, ліпавы цвет, якія падчас дэгустацыі на экскурсіі набываюць асаблівы адметны смак.

Для мясцовых школьнікаў тут працуе гурток «Чароўнае цеста», ім кіруе настаўніца пачатковых класаў Любоў Мачульская. Юныя аматары дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з задавальненнем вырабляюць з салёнага цеста фігуркі і размалёўваюць іх. Аддаючы душу любімай справе, дырэктар школы Таццяна Цітова, Наталля Вінаградава з іншымі настаўнікамі праводзяць у музеі абрадавыя святы. І начоўкі з лялькай у экспазіцыі недарэмна — жанчыны паказваюць, як раней нашы продкі купалі дзіця: кідаючы ў ваду акраец хлеба, прыгаворвалі, каб яно расло здаровым і прыгожым.

Выхаванне ў маладога пакалення павагі да працы на зямлі — адна з галоўных мэт, якую нясуць мясцовыя краязнаўцы. Не толькі ў хлебнай экспазіцыі — на базе школы працуе яшчэ гісторыка-краязнаўчы музей, што захоўвае багатую гісторыю аграгарадка Вымна. Цяпер яны аб'яднаны ў гісторыка-этнаграфічны цэнтр «На скрыжалях часу» і з радасцю прымаюць зацікаўленых наведвальнікаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.