Вы тут

Алеся Казак за 4 гады са студэнткі БДТУ стала начальніцай лясніцтва


Капыльскі вопытны лясгас Мінскай вобласці размешчаны на тэрыторыі чатырох раёнаў: Капыльскага, Стаўбцоўскага, Нясвіжскага, Слуцкага. У складзе лясгаса — цэх дрэваапрацоўкі, лесапункт і пяць лясніцтваў. Адно з іх, Бабаўнянскае, узначальвае Алеся Дзмітрыеўна Казак. Яе кар'ера развівалася імкліва: у 2018 годзе выпускніца БДТУ прыйшла на пасаду памочніка ляснічага...


Калектыў Бабаўнянскага лясніцтва Капыльскага доследнага лясгаса Мінскай вобласці.

— Раскажыце пра вашу сям'ю.

— Яна вялікая і дружная! Тата працуе лесніком у Орлікаўскім лясніцтве ўжо больш за 15 гадоў. Мама загадвае Бучацінскім сельскім Домам культуры. У мяне дзве малодшыя сястрычкі. Ведаеце, лесніка ў любы момант могуць выклікаць на працу, у мамы таксама няпросты графік, але мы, дзеці, заўсёды адчувалі клопат і ўвагу бацькоў. Яны знаходзілі час, каб дапамагчы з урокамі, проста пагутарыць. У той жа час бацькі ненадакучліва прывучалі нас да хатніх спраў. Бывалі мы і на працы ў іх. Мне вельмі падабалася, калі тата браў мяне з сабой. Ён добра ведае і любіць лес, гэта перадалося і мне.

— Як складаліся адносіны з сёстрамі: вы сябравалі або канкурыравалі?

— З сёстрамі ў мяне розніца ва ўзросце ў пяць і дзесяць гадоў. Не скажу, што нас можна назваць сяброўкамі, усё ж у дзяцінстве пяць гадоў здаецца вялізнай розніцай, але сёстры мы добрыя. Дакладна не было канкурэнцыі ні ў дзяцінстве, ні цяпер. Цяпер, думаю, мы бліжэй, таму што чым больш дарослымі мы становімся, тым менш прыкметная розніца ва ўзросце.

— Калі вы цвёрда вырашылі, што прафесійную дзейнасць звяжаце з лясной гаспадаркай? Бацька вас падтрымаў?

— У выпускным класе вырашыла, што хачу працаваць у лясной гаспадарцы. Пачала больш адказна вучыць прадметы для здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Тата не вельмі быў рады майму выбару прафесіі, але і адгаворваць не стаў. Мама таксама прыняла мой выбар. Вельмі ўдзячна бацькам, што яны далі мне магчымасць самой вырашаць, кім быць. Цяпер разумею, што не памылілася ў выбары прафесіі і ўпэўнена, што знайшла сваё пакліканне.

— Вы вучыліся па мэтавым накіраванні, гэта значыць, ведалі, што вернецеся дадому. Чым дарагая вам Капыльшчына?

— Як бы пафасна ні гучала, але тым, што гэта мая радзіма. Я з упэўненасцю магу сказаць, што на Капыльшчыне асабліва прыгожыя мясціны, багатая гісторыя. На шчасце, я не з тых дзяцей, якія мараць хутчэй пакінуць бацькоўскі дом. Я хацела вярнуцца працаваць дадому, каб быць бліжэй да бацькоў, бо яны ў мяне самыя лепшыя. У бацькоў цудоўны дом, наладжаны побыт, не бачу асаблівых адрозненняў ад горада. Галоўнае — не ў якім населеным пункце ты жывеш, а як. Можна пражыць усё жыццё ў сталіцы і ні разу не схадзіць у тэатр, а можна жыць у вёсцы і не прапусціць ніводнай прэм'еры.

— Памятаеце свой першы працоўны дзень?

— Вядома. Мне было і страшна, і цікава адначасова. З першых крокаў хацелася паглыбіцца ў работу лясніцтва. Памятаю, задавала шмат пытанняў ляснічаму, мне нават здавалася, што ён злуецца.

— У чым перавагі быць прадстаўніком дынастыі і ў чым складанасць?

— У нашай сям'і дынастыя лесаводаў толькі пачынае складвацца. Мая сястра скончыла 3 курс БДТУ і ўжо ў верасні прыйдзе ў Бабаўнянскае лясніцтва на практыку. Самая малодшая ў наступным годзе заканчвае 11 клас, пакуль яшчэ канчаткова не вызначылася з ВНУ, але БДТУ застаецца ў прыярытэце. Думаю, усё ж працягне наш шлях.

Перавага ў тым, што ты свядома выбіраеш прафесію, і ў тым, што табе можа падказаць, дапамагчы родны чалавек. Складанасць у тым, што адказваеш не толькі за сябе, а за гонар усёй сям'і. Але мяне гэта не бянтэжыць: трэба проста добра рабіць сваю справу.

Алеся Казак са сваім бацькам Дзмітрыем Георгіевічам.

— Ляснічы кіруе мужчынскім калектывам: леснікамі, лесарубамі, кіроўцамі. Як вы сябе рыхтавалі да гэтага складніка работы?

— Асабліва ніяк. Разумела, што калі мае распараджэнні будуць адэкватнымі, то іх будуць выконваць. Вельмі важна наладзіць зваротную сувязь, каб людзі адкрыта гаварылі аб праблемах, прапаноўвалі рацыянальныя рашэнні. Калектыў у нас вельмі згуртаваны, выпадковых людзей няма, усе працуюць з поўнай аддачай.

— Ці задаволеныя вы заробкам, сацыяльнай падтрымкай?

— Заработная плата ў мяне прыстойная. Ведаю, што і калегі не скардзяцца. Маладыя спецыялісты ахвотна ідуць да нас на працу. У 2020 годзе лясгас пабудаваў шматкватэрны жылы дом, у якім я зараз жыву ў арэнднай двухпакаёвай кватэры. У лясгасе добры сацыяльны пакет. Праводзяцца цікавыя мерапрыемствы, якія гуртуюць наш калектыў.

— У вашай рабоце абавязкова наяўнасць спецадзення. Але пры гэтым ёсць жаданне заставацца жаноцкай. Як часта можаце сабе дазволіць, напрыклад, абцасы?

— Жаноцкай можна быць і ў форме! Абцасы магу дазволіць сабе рэдка, толькі калі якое-небудзь мерапрыемства. У паўсядзённым жыцці — зручны абутак, каб прайсці па лесе і кіраваць службовым аўтамабілем.

Думаю, што жаноцкасць — не толькі знешнасць. Мне здаецца, жанчыны-кіраўнікі думаюць не толькі аб тым, каб падначаленыя шчыравалі на працы, але каб яны і дадому, у сям'ю прыходзілі з добрым настроем. Мне вельмі падабаецца гэтая формула, калі чалавек з радасцю ідзе дадому, каб заўтра з задавальненнем пайсці на працу.

— Па-за работай бываеце ў лесе?

— Так, вельмі люблю збіраць грыбы! Праўда, для гэтага лепш з'ехаць у іншы раён.

— Якімі працоўнымі дасягненнямі ганарыцеся? А асабістымі?

— Складана яшчэ казаць аб працоўных дасягненнях, улічваючы спецыфіку лясной справы. Адметная рыса прафесіі лесавода — яе скіраванасць у будучыню. Бо лясы ствараюць адны, а «ураджай праз 80—100 гадоў збіраюць іншыя. І калі праз дзесяцігоддзі вырасце здаровы, якасны лес для нашчадкаў — гэта будзе самае галоўнае працоўнае дасягненне. Таксама хацелася б падзякаваць нашаму калектыву за працавітасць, зладжанасць у рабоце і падтрымку. Наша невялікае, але выніковае дасягненне — гэта 1-е месца ў абласным аглядзе-конкурсе на найлепшае добраўпарадкаванне сярод лясніцтваў лесагаспадарчых устаноў Мінскага ДВЛГА ў 2021 годзе.

А асабістае — тое, што бацькі ганарацца мной.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістага архіва Алесі КАЗАК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.