Вы тут

Ігар Войтаў: Выпускнікі БДТУ складаюць касцяк інжынерна-тэхнічнай эліты краіны


Лясная гаспадарка, дрэваапрацоўка, нафтахімія, хімічныя тэхналогіі, фармацэўтыка, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, паліграфія, інфармацыйныя тэхналогіі, прамысловая экалогія, біяэкалогія — пералік кірункаў, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, надзвычай шырокі. ВНУ робіць важкі ўклад у выхаванне інжынерна-тэхнічнай эліты краіны.


За апошнія гады ў БДТУ адкрыліся такія новыя спецыяльнасці, як «Прамысловы дызайн», «Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў», «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу», «Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваапрацоўчых вытворчасцяў», «Прынттэхналогіі», «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі»... У магістратуры з’явіліся новыя спецыяльнасці «Метады і сістэмы кантролю якасці прадукцыі», «Выдавецка-паліграфічная дзейнасць». Падрыхтоўка сучасных інжынераў і выклікі часу, якія стаяць перад вышэйшай школай, сталі тэмай размовы «Звязды» з рэктарам БДТУ, доктарам тэхнічных навук, прафесарам Ігарам Войтавым.

Беспілотная тэхніка — для эканомікі

— Ігар Вітальевіч, адкрываючы новыя спецыяльнасці, вы працуеце на апярэджанне або на гэтых спецыялістаў ужо сёння ёсць попыт з боку работадаўцаў? Ці ўдзельнічаюць апошнія ў стварэнні навучальных праграм і распрацоўцы адукацыйных стандартаў?

— Мы імкнёмся трымаць руку на пульсе, мяркуем, што ўніверсітэт павінен не проста задавальняць патрэбы заказчыкаў кадраў, але і зазіраць далёка наперад. Агульнавядома, што першапачаткова наша ВНУ стваралася пад патрэбы лясной галіны. Але ў сувязі з імклівым развіццём хімічнай прамысловасці інстытуту была даручана падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй для хімічнага комплексу. Далей сфера тэхналагічных кампетэнцый пастаянна пашыралася. І ў 2005 годзе ўніверсітэту быў прысвоены статус вядучай вышэйшай навучальнай установы ў лясной, хімічнай і паліграфічнай сферах.

Безумоўна, мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў, з’яўленне новых вытворчасцяў і рынак працы пастаянна ставяць перад намі новыя задачы. Таму і пералік спецыяльнасцяў, па якіх рыхтуюць ва ўніверсітэце, пастаянна актуалізуецца. Мы адкрываем падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях або напаўняем новым зместам у адпаведнасці з патрэбамі заказчыкаў кадраў спецыяльнасці, якія добра вядомыя і абітурыентам, і наймальнікам. Да таго ж свае карэктывы ў наменклатуру спецыяльнасцяў унесла апошняя рэдакцыя Агульнадзяржаўнага класіфікатара спецыяльнасцяў і кваліфікацый.

Ксілатэка універсітэта  - унікальны збор узораў дрэў з розных кантынентаў. Спіл дуба, якому было 320 гадоў, дэманструе куратар ксілатэкі кандыдат біялагічных навук,  дацэнт Вячэслаў Звягінцаў

Так, тры спецыяльнасці першай ступені вышэйшай адукацыі былі пераўтвораны ў бесперапынныя адукацыйныя праграмы — «Прамысловая біятэхналогія», «Тэхналогія лекавых прэпаратаў», «Цеплаэнергетыка і цеплатэхніка» — і ўяўляюць сабой сінтэз бакалаўрыяту і магістратуры.

Спецыяльнасць «Тэхналогія шкла, керамікі і вяжучых матэрыялаў» існавала раней у іншым выглядзе, цяпер жа мы крыху змянілі змест праграмы, абнавілі яго і прывялі назву спецыяльнасці да міжнародных патрабаванняў.

Летась адкрылі спецыяльнасць «Перапрацоўка нафты і газу і прамысловы арганічны сінтэз», а сёлета адкрыем спецыяльнасць «Тэхналогія неарганічных рэчываў».

Адкрыццё новай спецыяльнасці «Вытворчасць матэрыялаў і ўстройстваў электронікі» ў 2024 годзе прадыктавана стварэннем у краіне кластарнай структуры па мікраэлектроніцы і вялікай мадэрнізацыяй вытворчасці, якая адбываецца на «Інтэграле», «Планары» і іншых прадпрыемствах. Развіццё ўласнай мікраэлектроннай вытворчасці — важны элемент нацыянальнай бяспекі і тэхналагічнай незалежнасці краіны, устойлівасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прамысловасці.

З 2023 года ва ўніверсітэце адкрылася новая спецыяльнасць «Ландшафтнае праектаванне і будаўніцтва» — гэта ўжо будаўнічая спецыяльнасць. Адкрылі таксама спецыяльнасць «Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання». У нас шмат прадпрыемстваў працуюць па выпуску тэхнікі для лясной гаспадаркі: гэта і Мінскі трактарны завод, і «Амкадор», і МАЗ, і іншыя. Але сэрвісу раней не ўдзялялася належнай увагі. Мы прыйшлі да высновы, што трэба гэты прабел ліквідаваць, і сталі рыхтаваць сэрвісных спецыялістаў.

У рамках спецыяльнасці «Эканоміка і кіраванне» з’явіцца новая спецыялізацыя, якая можа зацікавіць абітурыентаў, — «Эканоміка і кіраванне ў сферы інфармацыйных тэхналогій». Паколькі нашы вытворцы працуюць на сусветным рынку, ім даводзіцца апрацоўваць вялікія масівы інфармацыі. Адкрываем такі кірунак, як «Менеджмент інфармацыйных платформ» — гэта новая спецыялізацыя ў рамках спецыяльнасці «Менеджмент».

Па просьбе канцэрна «Беллегпрам» адкрываем новы кірунак «Хімічныя тэхналогіі апрацоўкі скуры і футра». Вы ведаеце, што ў Беларусі добра развітая абутковая прамысловасць і вытворчасць футра, а спецыялістаў па гэтым профілі не рыхтуюць. Таму плануем скааперыравацца, магчыма, з партнёрамі з Турцыі, Кітая, у якіх маецца вялікі досвед, каб выйсці на больш высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў для галіны.

Яшчэ адзін актуальны кірунак падрыхтоўкі плануем адкрыць (спадзяюся, што да сакавіка пытанне вырашыцца) — «Праектаванне, канструяванне, эксплуатацыя беспілотных комплексаў». Сёння ў краіне налічваецца 15 кампаній, якія выпускаюць беспілотную авіяцыйную тэхніку. Свет крок за крокам рушыць у бок выкарыстання беспілотых сістэм і ў наземным транспарце, і ў марскім, і ў рачным. Беспілотная тэхніка з выкарыстаннем штучнага інтэлекту выкарыстоўваецца для папярэджання лясных пажараў, ацэнкі стану ляснога фонду, у землеўладкаванні, для даследавання стану ліній электраперадач, трубаправодаў, стану дарог і гэтак далей. У рамках павышэння кваліфікацыі мы ўжо чатыры гады рыхтуем адпаведных спецыялістаў, прычым перападрыхтоўка карыстаецца вялікім попытам. Але збіраемся рыхтаваць кадры і на першай ступені вышэйшай адукацыі. Дамовіліся з Казанскім авіяцыйным універсітэтам, Маскоўскім авіяцыйным універсітэтам, што яны акажуць нам на першым этапе метадычную дапамогу ў падрыхтоўцы навучальных праграм. Мяркуем зрабіць ужо ў гэтым годзе першы набор. Адразу папярэджу, што абітурыентам, якія цяпер вызначаюцца з пералікам экзаменацыйных прадметаў, пры паступленні спатрэбіцца фізіка і матэматыка.

Мы заключылі пагадненні з шэрагам кампаній, якія выпускаюць беспілотную тэхніку. Рыхтаваліся да адкрыцця спецыяльнасці доўга, тры гады. У сакавіку-красавіку плануем сумесна з МЗС Расіі і Рассупрацоўніцтвам правесці ў нас маладзёжны форум па беспілотнай тэхніцы, каб прыцягнуць моладзь і паказаць магчымасці выкарыстання беспілотнай тэхнікі па грамадзянскіх кірунках.

Тут захоўваецца багатая калекцыя ксілатэкі

 

Лічу, што наш універсітэт рыхтуе высокакваліфікаваных спецыялістаў, канкурэнтаздольных і запатрабаваных на рынку працы. У нас вельмі высокі ўзровень практыка-арыентаванага навучання, высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі састаў, унікальная матэрыяльна-тэхнічная база. Разглядаючы практыка-арыентаванае навучанне як аснову для фарміравання ў студэнтаў прафесійных кампетэнцый, нам давялося вызначаць шляхі змянення зместу прафесійнай адукацыі пры актыўным удзеле наймальнікаў.

У сістэме вышэйшай адукацыі вельмі важна захоўваць баланс паміж тэарэтычнай падрыхтоўкай і практыка-арыентаванасцю адукацыйнага працэсу. Набытыя студэнтамі кампетэнцыі павінны адпавядаць хутка зменлівым патрабаванням з боку грамадства і эканомікі, тэхнікі і тэхналогіі і садзейнічаць хуткай адаптацыі спецыяліста на працоўным месцы. Арганізацыя практычнай падрыхтоўкі немагчымая без шчыльнага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, таму што нашы выпускнікі — у першую чаргу, кадры для вытворчасцяў. Інтэграцыя з прадстаўнікамі рэальнага сектара эканомікі Беларусі пачынаецца на ўзроўні распрацоўкі адукацыйных праграм, фарміравання кантрольных лічбаў прыёму і ўдзелу работнікаў прадпрыемстваў у адукацыйным працэсе.

На буйных прадпрыемствах краіны, такіх як «Керамін», «Гродна Азот», «Гомельшкло», «Полацк-Шкловалакно», Беларускі цэментны завод, ААТ «Крыён» і іншых, створаны філіялы ўніверсітэцкіх кафедраў. Нашы студэнты праходзяць там усе віды вытворчых практык, па іх заказе выконваюць дыпломныя і курсавыя праекты. Спецыялісты гэтых прадпрыемстваў прыцягваюцца да чытання лекцый, правядзення майстар-класаў, рэцэнзавання і ўзгаднення навучальных праграм па навучальных дысцыплінах, прымаюць удзел у распрацоўцы адукацыйных стандартаў спецыяльнасцяў, з’яўляюцца старшынямі дзяржаўных экзаменацыйных камісій па здачы дзяржаўных экзаменаў і абароне дыпломаў.

Спецыяльнасці, па якіх мы рыхтуем, усе прыкладныя. І тое, што мы працуем з рэальным сектарам эканомікі, — наш вялікі плюс. У нас ёсць канкрэтныя партнёры. Я з’яўляюся членам калегіі Міністэрства лясной гаспадаркі, пастаянна прысутнічаю на пасяджэннях саветаў канцэрнаў «Белнафтахім», «Беллеспаперапрам», на калегіях Міністэрства прамысловасці. Гэта вельмі важна, таму што ёсць пастаянны кантакт, і, атрымліваючы канкрэтныя заданні ад прамысловасці, мы стараемся выехаць на прадпрыемства, папрацаваць з галоўнымі інжынерамі, кіраўніцтвам.

У прадпрыемстваў ёсць бачанне таго, якія кірункі развіваць і якія спецыялісты ім патрабуюцца. Задачы ва ўсіх нас аднолькавыя — стварэнне інавацыйнай эканомікі, новых матэрыялаў, імпартазамяшчэнне, тэхналагічная бяспека краіны.

Сярод экспанатаў ксілатэкі вырабы з дрэва Зітан, якое расце ў Кітаі і выкарыстоўваецца для культавых патрэб

Матывацыя і інжынернае мысленне

— А ці гатовы работадаўцы рабіць доўгатэрміновы заказ на падрыхтоўку кадраў? Як у вас сёлета прайшоў мэтавы набор? Ці карысталася мэтавая падрыхтоўка інтарэсам з боку і работадаўцаў, і абітурыентаў?

— Мэтавая падрыхтоўка — гэта рэальная магчымасць забяспечыць патрэбы заказчыкаў кадраў у спецыялістах. Для абітурыента гэта гарантыя ў тым, што пасля заканчэння ўніверсітэта ў яго будзе стабільная праца ў арганізацыі, якую ён сам абраў.

Але пры гэтым важна памятаць, што, каб атрымаць высокакваліфікаванага спецыяліста, які адпавядае запытам сучаснага стану эканомікі, абітурыента трэба шукаць не напярэдадні ўступнай кампаніі, а задоўга да яе пачатку. У нашага ўніверсітэта, напрыклад, маецца добры досвед супрацоўніцтва з Міністэрствам лясной гаспадаркі ў гэтым пытанні. Арганізацыі, якія да яго адносяцца, забяспечваюць мэтавы набор у 60 % ад кантрольных лічбаў прыёму. У многім дзякуючы таму, што заказчык кадраў праводзіць разам з намі вялікую работу з абітурыентамі.

Найбольш запатрабаванымі ў заказчыкаў кадраў для мэтавай падрыхтоўкі з’яўляюцца спецыяльнасці «Лясная гаспадарка», «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу», «Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання», «Мехатронныя сістэмы і абсталяванне дрэваперапрацоўчых вытворчасцяў», «Тэхналагічныя машыны і абсталяванне», «Тэхналогія шкла, керамікі і вяжучых матэрыялаў», «Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў».

На мэтавыя месцы БДТУ ў гэтым годзе было залічана 65 чалавек. У параўнанні з 2022 годам адбыўся рост на 26 %. Хацелася б, вядома, убачыць у гэтым пытанні большую актыўнасць, у першую чаргу, з боку заказчыкаў кадраў. Мы праводзім вялікую працу з зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі. Акрамя Міністэрства лясной гаспадаркі, асноўнымі заказчыкамі кадраў з’яўляюцца канцэрны «Беллеспаперапрам», «Белнафтахім», Міністэрства прамысловасці, Упраўленне справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Да 20 сакавіка заказчыкі павінны сфармуляваць свой заказ і перадаць яго ў рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання ці мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, у ведамстве якіх яны знаходзяцца. Пасля 1 мая інфармацыя па колькасці мэтавых месцаў і наймальнікаў, згодных заключаць з абітурыентамі дагаворы на падрыхтоўку, з’явіцца і на нашым сайце.

— Шмат спецыяльнасцяў, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў БДТУ, адносяцца да востразапатрабаваных эканомікай. Але як давесці да абітурыентаў іх перспектыўнасць? Паняцце «інжынер», на жаль, не ў пашане ў сучаснай моладзі. Адкрыццё ва ўстановах адукацыі інжынерных класаў зможа змяніць сітуацыю? Як б вы ацанілі матывацыю вашых абітурыентаў пры паступленні? Ці заўсёды яны разумеюць сутнасць будучай прафесіі?

— Асноўную задачу на найбліжэйшую перспектыву мы бачым у падрыхтоўцы спецыялістаў сумежных спецыяльнасцяў — для лясной, хімічнай, паліграфічнай галін з прафесійнымі ведамі і кампетэнцыямі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Менавіта яны будуць асноўным рухавіком лічбавай эканомікі ў рэальным сектары.

У той жа час універсітэт працягне нарошчванне падрыхтоўкі класічных ІТ-спецыялістаў. Пры гэтым найбольш запатрабаванымі на сёння з’яўляюцца праграмісты-распрацоўшчыкі праграмнага забеспячэння, спецыялісты ў галіне апрацоўкі і аналізу даных, а таксама спецыялісты ў галіне інтэрнэт-рэчаў і дапоўненай рэальнасці.

Для папулярызацыі прафесіі «інжынер» у нашым універсітэце праводзіцца велізарная колькасць розных мерапрыемстваў. Толькі выязных прафарыентацыйных мерапрыемстваў за мінулы навучальны год супрацоўнікамі кафедраў было праведзена больш за тысячу — мы ахапілі імі каля паловы школ Беларусі.

Пастаянна запрашаем школьнікаў (не толькі навучэнцаў інжынерных класаў) на нашы майстар-класы. Прывяду тэмы некаторых з іх: «3D-друк для дома і касмічных тэхналогій», «Маляванне нафтай», «Ідэнтыфікацыя і выяўленне фальсіфікаванай парфумернай прадукцыі», «Дзіўны свет керамікі», «Што і як можна зрабіць з пластмасы», «Кантроль якасці таблетак», майстар-клас па вызначэнні фальсіфікацыі мёду. Спадзяюся, я вас заінтрыгаваў? У нас распрацавана ўжо каля 20 тэм для прафарыентацыйных майстар-класаў. Яны карыстаюцца ў школьнікаў вялікай папулярнасцю, і мы заўважылі, што пасля кожнага такога наведвання ВНУ абавязкова знаходзяцца хлопцы і дзяўчаты, якія прыходзяць да нас пазней ужо ў якасці абітурыентаў. На нашым сайце можна знайсці анонсы майстар-класаў на бягучы месяц.

Вельмі эфектыўная форма прафарыентацыі — стварэнне школьных лясніцтваў. 44 працэнты тэрыторыі Беларусі пакрыта лесам. І ў лясной галіне працуе вельмі шмат дынастый. Між іншым, работа ў гэтай сферы сёння вельмі высокатэхналагічная, там прымяняецца шмат інфармацыйных тэхналогій.

Таксама мы сістэматычна арганізоўваем для школьнікаў навуковыя маладзёжныя канферэнцыі, вядзём работу ў сацыяльных сетках.

Цудоўна разумеем, што пры паступленні абітурыенты і іх бацькі часта стаяць перад няпростым выбарам: як у акіяне інфармацыі выбраць менавіта тое, што патрэбна ім. Асноўнымі крытэрыямі пры выбары будучай спецыяльнасці з’яўляюцца магчымасць атрымаць інавацыйную і перспектыўную адукацыю, пазнавальнасць і прэстыж ВНУ (яе брэнд), вялікі выбар кірункаў падрыхтоўкі, прафесіяналізм выкладчыкаў, цікавыя спецыяльнасці, магчымасць вучыцца на сучасным абсталяванні, магчымасць паспяховага працаўладкавання пасля заканчэння, наяўнасць ва ўніверсітэце ваеннай кафедры, забеспячэнне іншагародніх абітурыентаў (а такіх у нас прыкладна 75 працэнтаў) месцам у інтэрнаце. Усім гэтым крытэрыям мы адпавядаем. БДТУ прадстаўлены на сёння ў дзесяці ўніверсітэцкіх рэйтынгах. 70 працэнтаў выкладчыкаў універсітэта маюць навуковыя ступені, гэта, дарэчы, самы высокі паказчык сярод беларускіх ВНУ.

Фарміраванне іміджу нашай навучальнай установы і яго падтрыманне ўзмацняе пазіцыі не толькі на лакальным рынку адукацыйных паслуг, але і на ўзроўні рэгіёна і краіны, што ў значнай ступені адбіваецца на матывацыі абітурыентаў пры выбары ВНУ. Тая вялікая колькасць прафарыентацыйных мерапрыемстваў, пра якія я казаў вышэй, прыносіць свае вынікі. Мы атрымліваем абітурыента, які свядома абраў нашу ВНУ. Далей паглыбляем яго ў вучэбна-даследчую дзейнасць, практычную дзейнасць на вядучых прадпрыемствах краіны, фарміруем з яго спецыяліста, які разумее сутнасць сваёй будучай прафесіі і зацікаўлены ў ёй. Высокая планка, якая стаіць перад намі ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі за абітурыента, не дазваляе знізіць якасць адукацыі. Наадварот, яна прымушае пастаянна ўдасканальваць інавацыйны складнік адукацыйнага працэсу.

Ці звязваем мы надзеі з інжынернымі класамі? Трэба разумець, што перад сістэмай прафесійнай адукацыі пастаўлена важная задача: з аднаго боку, неабходна забяспечыць эканоміку краіны кадрамі для таго, каб рынак працы быў збалансаваны, а з другога, — стварыць умовы для прафесійнай самарэалізацыі кожнага маладога чалавека. Задача няпростая.

Несумненна, узаемадзеянне тэхнічных універсітэтаў са школамі ў той ці іншай форме дапаможа забяспечыць бесперапыннасць і пераемнасць школьнай і ўніверсітэцкай адукацыі, паспрыяе развіццю інжынернага мыслення, атрыманню асноў прафесійнай падрыхтоўкі па інжынерных спецыяльнасцях. Добра, што ўжо на гэтым этапе старшакласнікі змогуць сарыентавацца ў мностве тэхнічных і тэхналагічных кірункаў. У БДТУ распрацавана дарожная карта супрацоўніцтва з установамі адукацыі Мінска і Мінскай вобласці па развіцці сеткі профільных інжынерных класаў.

Пры паступленні на спецыяльнасці ў БДТУ самы распаўсюджаны набор экзаменацыйных дысцыплін — гэта «фізіка, матэматыка, дзяржаўная мова» і «хімія, матэматыка, дзяржаўная мова». Другі набор дысцыплін даволі рэдкі для іншых ВНУ. Напрыклад, у медыцынскія ўніверсітэты абітурыенты здаюць хімію і біялогію. І калі там ім не пашанцуе, да нас прыйсці яны ўжо не могуць. Таму мы хацелі б адкрыць у Мінскім абласным ліцэі клас, дзе профільнымі дысцыплінамі будуць менавіта матэматыка і хімія. Спадзяёмся, што нас у гэтым падтрымаюць органы кіравання адукацыяй.

У лабараторыі сістэм кіравання і праэктавання лясных машын

Студэнт Канстанцін Ткачэнка вывучае машыны і абсталяванне ляснога комплекса. Будучую прафесію ён выбраў па прыкладу сваіх бацькоў, якія працуюць у Талочынскім лясгасе

Заняткі ў аўдыторыі для лабараторных работ факультэта інфармацыйных тэхналогій

Адукацыя, навука + прадпрымальніцтва

— Усе ўніверсітэты, якія ўзначальваюць сусветныя рэйтынгі, уяўляюць сабой магутныя навукова-адукацыйныя карпарацыі, цэнтры навуковых ведаў і генератары інавацыйнага развіцця. Пад вашым кіраўніцтвам у БДТУ пачала ўкараняцца мадэль «Універсітэт 3.0»...

— Сучасны ўніверсітэт апрыёры не можа займацца толькі падрыхтоўкай кадраў. Гэта агульнасусветны трэнд, які нельга ігнараваць. Канцэпцыя «Універсітэта 3.0» — гэта спалучэнне адукацыі, навукі і інавацыйнага прадпрымальніцтва, якія непарыўна звязаны паміж сабой. Адукацыя ўплывае на навуку, а навука, у сваю чаргу, з’яўляецца крыніцай прадпрымальніцкіх ідэй. Галоўная адметнасць «Універсітэта 3.0» — развіццё прадпрымальніцкай культуры ў студэнтаў, стымуляванне і падрыхтоўка іх да прадпрымальніцкай дзейнасці. Універсітэт зацікаўлены ў тым, каб студэнты паралельна з адукацыяй маглі займацца навукай і развіваць уласныя бізнес-праекты, а потым рэалізоўваць іх на прадпрыемствах, звязаных з універсітэтам. Для гэтага ў навучальныя планы спецыяльнасцяў першай і другой ступеняў вышэйшай адукацыі мы ўключаем вучэбныя дысцыпліны, накіраваныя на вывучэнне пытанняў інавацыйнай, вынаходніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

БДТУ — не проста вышэйшая навучальная ўстанова, а ўнікальны адукацыйны і навуковы цэнтр, які дынамічна развіваецца і ўносіць важкі ўклад у фарміраванне інжынерна-тэхнічнай і кіраўніцкай эліты. У нас развіваюцца і фундаментальныя, і прыкладныя навуковыя даследаванні па прыярытэтных для краіны кірунках. Універсітэт выступае як паўнацэнны інжынірынгавы цэнтр, які выконвае поўны комплекс работ: ад правядзення навуковых даследаванняў, распрацоўкі навукова-тэхнічнай і праектнай дакументацыі да практычнай апрабацыі і ўкаранення вынікаў у рэальны сектар эканомікі.

— Што ўяўляе сабой інавацыйная структура Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта?

— Сёння на базе ўніверсітэта створаны і паспяхова працуюць 8 галіновых лабараторый: шыннай прамысловасці, навукаёмістых тэхналогій цэлюлозна-папяровай і лесахімічнай прамысловасці, вытворчасці драўняных пліт і пластыкаў, тэхналагічных працэсаў дрэваапрацоўкі і праектавання мэблі, праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі лясных аўтамабільных дарог, абароны лесу, шкла і шклопадобных матэрыялу, інжынірынгавы цэнтр па апрабацыі нанаматэрыялаў у нафтахімічным і прамысловым комплексах.

На базе нашага ўніверсітэта дзейнічаюць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр нафтахімічных тэхналогій і вытворчасцяў, Навукова-тэхналагічны парк БДТУ, Міжнародны інфармацыйна-аналітычны цэнтр трансферу тэхналогій, Навучальна-адукацыйны і навукова-практычны цэнтр шкла і керамікі, Цэнтр карпаратыўнага кіравання, Навукова-адукацыйны цэнтр авіякасмічнага маніторынгу, Цэнтр падтрымкі тэхналогій і інавацый, шматлікія выпрабавальныя лабараторыі і цэнтры.

 

Заняткі праводзіць кандыдат хімічных навук, дацэнт Віктар Ляонцьеў

Гэта устаноўка ў адной з універсітэцкіх ўдыторый  – копія складанага прамысловага абсталявання на якім фармуюць лекавыя прэпараты

Вялікі аўтарытэт на тэрыторыі краін Еўропы і Азіі набылі міжнародныя форумы па пытаннях развіцця навукі і тэхнікі ў галіне нафтагазахіміі, электрахіміі, рэсурсазберажэння, тэхналагічнай бяспекі, экалогіі, лясной гаспадаркі і прыродакарыстання, якія праводзяцца на базе БДТУ. Асабліва адзначу такія маштабныя мерапрыемствы, як міжнародныя навукова-тэхнічныя форумы «Нафтагазахімія» і «Мінскія навуковыя чытанні». На пляцоўках гэтых форумаў ідзе актыўны абмен думкамі з нагоды вызначэння асноўных тэхналагічных трэндаў і дасягненняў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў сферы інавацый, навукі, адукацыі, індустрыі.

БДТУ — першы і адзіны ўніверсітэт нашай краіны, дзе ажыццяўляецца комплексная падрыхтоўка кадраў з вышэйшай адукацыяй для выдавецка-паліграфічнай галіны. У гэтай сферы мы супрацоўнічаем з многімі беларускімі і замежнымі навучальнымі і навуковымі ўстановамі.

Апошнія дні верасня 2023 года ў нашым універсітэце былі адзначаны знамянальнай падзеяй, звязанай з выдавецкай справай, прынттэхналогіямі і медыякамунікацыямі, — VІ Міжнародным форумам «Скарынаўскія чытанні — 2023. Культура кнігі: традыцыі і наватарства», у рамках якога прайшоў міжнародны конкурс навуковых прац школьнікаў, студэнтаў, магістрантаў. Гэтым разам агульная колькасць удзельнікаў перасягнула ўсе чаканні: больш за 150 чалавек з Беларусі, Расіі, Манголіі, Узбекістана.

Навуковыя работнікі, выкладчыкі, маладыя вучоныя, аспіранты, магістранты, студэнты, навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі прадставілі свае работы на 8 секцыях навукова-практычнай канферэнцыі, якія прайшлі ў вочна-завочным фармаце, па тэмах: «Традыцыі і сучасная кніжная культура», «Інавацыі ў кнігавыданні і кнігараспаўсюджванні», «Сучасныя тэхналогіі падрыхтоўкі выдання да друку», «Сістэма сучасных медыя», «Сучасны літаратурны працэс», «Тэкст як аб’ект даследавання», «Актуальныя праблемы эканамічнага развіцця выдавецка-паліграфічнага комплексу», «Эфектыўныя падыходы да навучання спецыялістаў у выдавецка-паліграфічнай галіне».

Сёлета ўвосень БДТУ плануе правядзенне яшчэ аднаго знакавага навукова-практычнага міжнароднага мерапрыемства. Па прапанове старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Карлюкевіча ўніверсітэт сумесна з Саюзам пісьменнікаў пачаў падрыхтоўку да правядзення Міжнароднага сімпозіума «Кніга Беларусі ў свеце» з шырокім прыцягненнем прадстаўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і іншых краін, дзе ведаюць і перакладаюць беларускія творы.

 

Тут вывучаюць абсталяванне для работы у лесе

 

Задачнік ад прамысловасці

— А як вы ацэньваеце ўзаемадзеянне ўніверсітэцкай навукі і вытворчых прадпрыемстваў?

— Навукова-тэхнічнае суправаджэнне галін эканомікі дазваляе штогод вучоным БДТУ выконваць больш за 500 навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, у тым ліку звыш 300 — па прамых дагаворах з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі. Сярод нашых партнёраў — найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы і кампаніі: «Белшына», «Керамін», «Амкадор», «Беларуськалій», «Светлагорскхімвалакно», «Магілёўхімвалакно» і іншыя.

Складана пералічыць усе напрамкі навуковага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з індустрыяльнымі партнёрамі. Гэта і вырашэнне праблемных задач у рамках «Міжгаліновага задачніка», выкананне навукова-даследчых работ для прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрнаў «Белнафтахім», «Беллеспаперапрам», «Мінбудархітэктуры», «Мінлясгаса», Міністэрства прамысловасці і іншых. Супрацоўнічаем з Міністэрствам энергетыкі і канцэрнам «Белнафтахім», Расатамам па ўкараненні новых тыпаў назапашвальнікаў энергіі.

Займаемся павышэннем кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў для прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі.

БДТУ першым сярод універсітэтаў краіны па даручэнні ўрада прыступіў да арганізацыі галіновых навуковых лабараторый. Калі ў 2021 годзе ўдзельная доля пазабюджэтнага фінансавання галіновых лабараторый складала 36,3 працэнта, то ў 2022 годзе яна ўзрасла больш чым удвая — да 74,5 працэнта. Універсітэт увесь час працуе з дзяржаўным заказчыкам над павышэннем эфектыўнасці галіновых лабараторый. Так, у 2021–2022 гадах былі створаны філіялы галіновых лабараторый на шэрагу найбуйнейшых прадпрыемстваў («Белшына», «Полацкшкловалакно» і іншых), што дало магчымасць аператыўна вырашаць актуальныя праблемы і задачы, якія патрабуюць навуковага суправаджэння, а таксама аптымізаваць выкарыстанне ўнікальнага навуковага абсталявання і прыбораў, набытых з прыцягненнем сродкаў рэспубліканскага інавацыйнага фонду.

Для прыкладу: фактычны эканамічны эфект ад укаранення распрацовак галіновай лабараторыі шыннай прамысловасці за 2020 — 2023 гады склаў звыш 4,5 мільёна рублёў.

На базе БДТУ пры падтрымцы канцэрна «Белнафтахім» створаны Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр нафтахімічных тэхналогій і вытворчасцяў, які аб’яднаў і сістэматызаваў дзейнасць профільных галіновых лабараторый і фактычна выконвае функцыі галіновага НДІ. У прыватнасці, вучоныя і спецыялісты ўніверсітэта ў рамках дзейнасці згаданага цэнтра прымаюць актыўны ўдзел у распрацоўцы па даручэнні ўрада сумесна з канцэрнам «Белнафтахім» Стратэгіі развіцця нафтахімічнага комплексу Беларусі да 2030 года, а таксама ў распрацоўцы стратэгіі развіцця асобных профільных прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у склад канцэрна.

— Ці падзяляеце вы думку, што пры стварэнні будучыні не можа быць ніякіх стандартаў і рамак? Будучыня ствараецца толькі шляхам эксперыментаў... Наколькі свабодныя ў сваіх пошуках вашы навукоўцы?

— Згодны з дадзеным выказваннем. Менавіта так і адбываецца часта. Каб навука развівалася эфектыўна і каб яе перавагі размяркоўваліся справядліва, вучоным павінна быць забяспечана навуковая свабода, якая ўключае індывідуальную свабоду даследаванняў і абмену ідэямі, свабоду рабіць навукова абгрунтаваныя высновы і інстытуцыйную свабоду прымяняць калектыўныя навуковыя стандарты праўдзівасці і дакладнасці. Свабода навуцы неабходная, па-першае, для дасягнення мэт даследаванняў, а па-другое, для прагрэсу навукі і, адпаведна, грамадства ў цэлым.

Навукоўцамі нашага ўніверсітэта выконваюцца навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы не толькі па заказах прадпрыемстваў і арганізацый. Існуе шэраг ініцыятыў, з якіх у наступным нараджаюцца на свет сур’ёзныя распрацоўкі.

У БДТУ маецца добрае абсталяванне для правядзення эксперыментаў. Але ўсё ж такі адчуваецца дэфіцыт плошчаў. Між іншым, мэр Мінска абяцаў нам выдзеліць дадатковыя плошчы для размяшчэння малых вытворчасцяў на тэрыторыі Мінскага гарадскога тэхнапарка. У нас ужо распрацаваны бізнес-планы, і, як толькі з’явіцца магчымасць, разгорнем вытворчую інавацыйную структуру там. Мяркую, гэта будзе добрым стымулам для моладзі, якая зможа зарабляць, увасабляючы ў жыццё свае ідэі.

Універсальны спецыяліст

— Ігар Вітальевіч, у педагагічнага калектыву вашага ўніверсітэта ёсць вобраз будучага выпускніка? Якімі якасцямі і кампетэнцыямі павінен валодаць прадстаўнік інжынерна-тэхнічнай эліты?

— Для нас важна захаваць баланс паміж універсальнасцю ведаў, іх фундаментальным характарам і практычнай арыентаванасцю адукацыйнага працэсу. Свет імкліва змяняецца. І такі баланс павінен забяспечыць адпаведнасць ведаў і навыкаў нашых выпускнікоў патрабаванням з боку грамадства і эканомікі, тэхнікі і тэхналогіі, здольнасць спецыяліста хутка адаптавацца да ўмоў інавацыйнай эканомікі з яе канкурэнтным асяроддзем.

Галоўны інавацыйны «прадукт» дзейнасці ўніверсітэта — высокакваліфікаваны спецыяліст, здольны практычна адразу пасля завяршэння навучання не толькі «ведаць», але і ўмець дзейнічаць, прымяняць свае веды і ўменні ў канкрэтных прафесійных сітуацыях, здольны хутка навучацца, карэктна і ўсвядомлена выкарыстоўваць найноўшую навуковую інфармацыю і інтэлектуальную ўласнасць, адаптаваць яе да патрэб канкрэтных арганізацый і ў цэлым фарміраваць эфектыўныя стратэгіі інавацыйнага развіцця ў выбранай сферы дзейнасці.

Сучаснае грамадства прад’яўляе высокія патрабаванні да маладога спецыяліста, чакаючы ад яго кампетэнтнасці не толькі ў агульных, але і ў спецыяльных галінах ведаў. Таму развіццё практыка-арыентаванага навучання становіцца першачарговай задачай.

Прафесарска-выкладчыцкі састаў нашага ўніверсітэта нацэлены на выпуск спецыялістаў, якія маюць выдатную падрыхтоўку і здольныя працаваць на самых разнастайных вытворчасцях: хімічных, паліграфічных, харчовых, фармацэўтычных і іншых. Выпускнік БДТУ — універсальны спецыяліст, які валодае высокім узроўнем ведаў у галіне тэхналогіі, механікі, камп’ютарнага мадэлявання і канструявання. Вучыцца ў нас складана, але цікава.

Як паказвае рэальнасць, выпускнікі БДТУ складаюць касцяк інжынерна-тэхнічнай эліты Рэспублікі Беларусь. Яны працуюць практычна на ўсіх прадпрыемствах краіны і, па водгуках работадаўцаў, паказваюць сябе адукаванымі і высокакваліфікаванымі спецыялістамі.

На адным з участкаў, дзе размешчана абсталяваннее для вывучэння тэхналогіі шкла і керамікі

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.