Вы тут

Маторная: Наша задача — зрабіць так, каб опера стала часткай жыцця грамадства


Оперная трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі адкрывае сезон 8 і 9 верасня прэм’ерай «Любоўнага напою» Г. Даніцэці ў пастаноўцы Ганны Маторнай. А да Калядаў галоўны рэжысёр тэатра збіраецца прадставіць дзіцячую оперу «Снежная каралева». 


— На мой погляд, адзін з ключавых кірункаў, якім павінен займацца Вялікі тэатр, — дзіцячы рэпертуар. На сённяшні дзень гэты рэпертуар у нас звузіўся, бо старыя спектаклі сышлі. У юбілейным сезоне вялікае значэнне мы будзем надаваць таму, каб адрадзіць, распрацаваць вучэбныя праграмы для дзяцей, каб яны прыйшлі ў тэатр. І наогул, трэба думаць, як вярнуць людзей у тэатр оперы. Цяпер у нас ёсць касавыя аншлагавыя спектаклі, але не сакрэт, што на наша жыццё паўплывалі пандэмія і зніжэнне цікавасці людзей да масавых культурных мерапрыемстваў, у тым ліку аматараў оперы. Мы хочам, каб юбілейны сезон стаў ключавым у адліку вяртання любові да гэтага цудоўнага жанру, каб людзі лічылі неабходным хадзіць у тэатр, каб ён стаў часткай іх жыцця. Таму трупа оперы ў юбілейным сезоне будзе шмат ездзіць па гарадах Беларусі для таго, каб працягваць асветніцкую лінію і паказаць, што опера — найвышэйшае мастацтва. Балет у нас — самадастатковая з’ява, балетныя спектаклі працягваюць быць аншлагавымі. Цяпер наша задача — зрабіць так, каб опера стала часткай жыцця нашага грамадства. Оперная трупа сёлета будзе мэтанакіравана адстойваць гэтую пазіцыю, — гаворыць Ганна Маторная. — Што тычыцца дзіцячага спектаклю «Снежная каралева», альбо «Гісторыя Кая і Герды» кампазітара Сяргея Баневіча, на мой погляд, гэта адзін з выдатных твораў для дзяцей. Опера была напісана ў 80-я, а ў 90-я гады Юрый Аляксандраў паставіў гэты твор на сцэне Музычнага тэатра (у той час Тэатра музкамедыі). Спектакль карыстаўся вялікім поспехам. Гэта традыцыйная опера для дзяцей з добрай музыкай, з добрай драматургіяй, з цікавымі яскравымі вобразамі. Але «Снежная каралева» — твор насамрэч не толькі для дзяцей. На сённяшні дзень казкі Андэрсана працягваюць скараць сэрцы гледачоў усяго свету. Мне здаецца, казкі пра сапраўдную чалавечую любоў — найбольш актуальная тэма, з якой мы павінны працаваць. Таму «Снежная каралева» павінна стаць такім жа спектаклем, як і балет «Шчаўкунок», які з моманту выхаду ў свет мае найвышэйшы рэйтынг. Таксама я радуюся, што ў рэпертуары зноў з’явіцца спектакль «Сівільскі цырульнік», таму што кожны тэатр, які сябе паважае, павінен мець творы Расіні. Хацелася б, каб у нашай краіне опера мела такое ж значэнне, як у Італіі. 

Вялікая колькасць канцэртна-тэатралізаваных мерапрыемстваў новага сезона задуманыя дзеля прапаганды опернага жанру. У новым сезоне вялікая ўвага будзе нададзена канцэртным праграмам, сярод якіх «Вердзі-гала», «Кальман-гала» да юбілею кампазітара. Плануецца канцэрт шэдэўраў харавой класікі і канцэртна-сцэнічнае ўвасабленне оперы «Набука», у якой магутныя харавыя сцэны. 

— Гэтая пастаноўка сышла з афішы. А паколькі аркестр з’язджае на гастролі, у рэпертуары ствараецца ніша, мы вырашылі гэтым скарыстацца, — тлумачыць галоўны хармайстар Вялікага тэатра, народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. — Будуць адпаведныя касцюмы, пэўнае сцэнічнае дзеянне, увасобленае рэжысёрам Галінай Галкоўскай, але ўсё ж гэта не паўнавартасны спектакль. Але канцэртнае выкананне — практыка ўсіх оперных тэатраў свету, даволі запатрабаваная. 

У свой 90-ты сезон тэатр мае намер узгадаць тых асоб, якія мелі дачыненне да яго станаўлення і працягваюць ствараць яго славу, а таксама прадставіць розныя інструментальныя калектывы і лепшыя спектаклі. 

— Зараз мы ідзём па тым рэпертуары, які нам падаецца дарэчным, — ён святочны, можа падавацца нават лёгкім, — адзначае генеральны дырэктар Вялікага тэатра Беларусі Кацярына Дулава. — На наступны сезон будзем планаваць нешта больш вытанчана-мудрагелістае.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.