Вы тут

Адбыўся фестываль дзіцячай кнігі «У гасцях у Францыска Скарыны»


У дні святкавання 955-годдзя Мінска каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбыўся фестываль дзіцячай кнігі «У гасцях у Францыска Скарыны». Дзякуючы намаганням Саюза пісьменнікаў Беларусі, які і выступіў у ролі галоўнага арганізатара акцыі, дзеці сустрэліся з пісьменнікамі, пазнаёміліся з кніжнымі навінкамі і атрымалі аўтографы. Свае кніжныя здабыткі прадставілі аўтары, чые творы ўжо сталі хрэстаматыйнымі. Сярод іх — Міхась Пазнякоў, Мікола Чарняўскі, Генадзь Аўласенка, Ніна Галіноўская. Актыўны ўдзел у свяце прынялі пісьменнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, дзіцячыя бібліятэкі Мінска і дзяржаўныя выдавецтвы: «Адукацыя і выхаванне», «Беларусь», «Народная асвета». Таксама ўдзельнікі форуму пазнаёміліся з ілюстратарамі і даведаліся, як ажываюць кнігі. Паўдзельнічалі ў віктарынах і прайшлі літаратурна-пазнавальны квэст.


Фота: pixabay.com

На форуме ад Выдавецкага дома «Звязда» былі прадстаўлены кнігі розных жанраў і напрамкаў. Сярод іх можна знайсці як мастацкую літаратуру, так і пазнавальную. Галоўныя адметнасці выданняў — зразумелыя для маленькіх чытачоў гісторыі і прыгожыя ілюстрацыі, якія сэнсава дапаўняюць творы.

Кнігі «Пясочнае мора», «Цёплыя назвы Яе Вялікасці Вады», «Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў», напісаныя старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесем Карлюкевічам, знаёмяць маленькага чытача не толькі з прыгажосцю мастацкага слова, але і даюць практычныя веды. Напрыклад, можна даведацца пра беларускія рэкі. А кніга пісьменніцы Іны Фраловай «Андрэйкава лета» адразу вярнула чытачоў у спякотныя месяцы. У зборніку апавяданняў аўтар праз цікавыя гісторыі тлумачыць дзецям, як гэта — быць сумленным і чаму прыемней аддаць апошні кавалачак любімага пачастунку дзядулі, чым з'есці яго самому. З роднай мовай і яе таямніцамі пазнаёміў зборнік вершаў, каламбураў, крылатых выразаў, смяшынак і небыліц Міхася Пазнякова «Канцэрт». Таксама сярод нядаўніх навінак Выдавецкага дома «Звязда» — вясёлы каляндар «Жыў на свеце дзядзька Тыдзень» паэта Міколы Чарняўскага:

— Я напісаў шмат кніг, больш за паўсотні. Гэтая кніга прысвечана расповеду пра ўсе дні тыдня і месяцы года. Таксама на фестывалі я прадставіў сваю кнігу «Абед па нотах», яна выдадзена ў перакладзе на рускую мову. Пішу вершы вясёлыя, з усмешкай, — кажа дзіцячы паэт.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіл Пазнякоў адзначыў, што, акрамя сучасных класікаў дзіцячай літаратуры, мы таксама можам ганарыцца маладымі аўтарамі:

— На шчасце, у нас расце добрая змена таленавітых пісьменнікаў, якія працуюць у самых розных жанрах.

Сярод «звяздоўцаў» — і Кацярына Хадасевіч-Лісавая, якая праводзіць тэатралізаваныя прэзентацыі сваіх кніг, а дапамаюць у гэтым персанажы яе казак, увасобленыя ў ляльках. Пісьменніца стварыла шмат сусветаў: шахматнае ў «Сакрэтах аднаго каралеўства», касмічнае ў «Вухуціку і яго таямніцы» і містычнае ў «Гаспадыні ліловага цмока. Помста змрочнага птаха».

Падсумоўваючы вынікі фестывалю, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі дзіцячай літаратуры СПБ Алена Стэльмах адзначыла, што для пісьменніка выхаванне дзяцей праз літаратуру — першасная задача:

— Я і сябры саюза засталіся вельмі задаволенымі той падтрымкай, якую нам аказалі пісьменнікі з розных куточкаў Беларусі. Аўтары з Гродна, Брэста, Полацка, Баранавіч прыехалі да нас не толькі з кнігамі, але і з выдатным настроем. Пісьменнікам у сваю чаргу было прыемна ўбачыць, што на сталічнай пляцоўцы ёсць удзячны чытач. Апошнім часам цікавасць да дзіцячай кнігі на беларускай мове ўзрастае — аб гэтым сведчыць не толькі попыт, але і эмоцыі саміх дзяцей, якія з радасцю знаёмяцца з нашымі аўтарамі. Саюз пісьменнікаў Беларусі плануе і далей займацца арганізацыяй падобных мерапрыемстваў — трэба яшчэ шырэй ісці да чытача. Зараз нам дасылаюць рукапісы маладыя дзіцячыя пісьменнікі, і мы спадзяёмся, што ў хуткім часе яны пабачаць свет у выглядзе кніг. Таксама плануюцца сустрэчы ў мінскіх бібліятэках з абласнымі пісьменнікамі. Мы вельмі хацелі б, каб такія фестывалі сталі добрай традыцыяй.

Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.