Вы тут

Маркевіч уручыў узнагароды дзеячам культуры


Напярэдадні Дня народнага адзінства ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея адбылося ўзнагароджанне работнікаў культуры, якія зрабілі свой значны асабісты ўклад у рэалізацыю ў 2022 годзе маштабных культурных праектаў, што паспрыялі ўзмацненню адзінства беларускага народа. Традыцыю выказваць падзяку і пашану тым, чыя прафесійная дзейнасць спрыяе еднасці беларусаў, распачалі летась. І, хочацца верыць, што яна і працягнецца, каб краіна ведала сваіх прафесіяналаў, якія часта застаюцца за кулісамі поспеху.


— Шчыра рады вітаць усіх вас на пляцоўцы Нацыянальнага мастацкага музея. Выказваю вялікія словы ўдзячнасці вам за карпатлівую працу, за вашу творчасць, талент, накіраваны на ўзмацненне адзінства нашага народу і развіццё Беларусі, — адзначыў у прывітальным слове міністр культуры Анатоль Маркевіч. — Імкненне да адзінства закладзена ў нас на генетычным узроўні. І аб’яднанне усходняй і заходняй частак Беларусі ў 1939 годзе дазволіла выстаяць у страшныя гады ваеннага ліхалецця, дазволіла аднавіць эканоміку, культуру і заняць годнае месца ў міжнароднай прасторы. На сферу культуры і сёння ўскладаюцца вялікія надзеі і абавязкі. Менавіта наша місія — несці ў грамадства высокую духоўнасць і напаўняць навакольны свет пачуццямі дабра, любові, павагі і радасці.

Бягучы 2022 год, па словах міністра, азнаменаваны шэрагам яркіх і цікавых культурных падзей і мерапрыемстваў. Сярод іх — адкрыццё помніка мітрапаліту Філарэту, канцэртная праграма, што была арганізавана ў рамках Форуму рэгіёнаў у Гродна. Незабыўныя ўражанні пакінулі мерапрыемствы падчас святкавання Дня Перамогі і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Нельга не згадаць таксама і правядзенне фестываляў «Александрыя збірае сяброў» і «Славянскі базар у Віцебску» і многае іншае, што запомнілася гледачам і шматлікім турыстам.

— Асаблівы гонар і словы ўдзячнасці хочацца выказаць маладым творчым супрацоўнікам. Тым, хто сваім талентам праславілі нашу Беларусь далёка за яе межамі. Гэта Елісей Касіч і Ганна Трубяцкая, якія ўзялі гран-пры на міжнародных конкурсах «Славянскага базару». Безумоўна, за іх вынікам стаіць каласальная праца ўсёй іх каманды. І такімі мерапрыемствамі, я ўпэўнены, мы ўпісваем новыя старонкі ў гісторыю сучаснай Беларусі і паказваем усёй сусветнай супольнасці, наколькі багатая наша краіна на таленты, — сказаў Анатоль Маркевіч. 

Так, за значны ўклад у захаванне і папулярызацыю нацыянальнай культуры, актыўны ўдзел у правядзенні значымых культурных мерапрыемстваў ганаровай граматай Міністэрства культуры ўзнагародзілі дырэктара прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Анжаліну Мікульскую, намесніка дырэктара прадзюсарскай студыі, прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Кацярыну Блізнец, кіраўніка заслужанага калектыву тэатра эстраднай песні «Сябрынка» Палаца культуры МАЗ Таццяну Трухан, дацэнта кафедры эстраднай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзіну Тыцюк, мастацкага кіраўніка прадзюсарскага цэнтра «СПАМАШ» Леаніда Шырына, скульптара, члена Беларускага саюза мастакоў Андрэя Хацяноўскага.

— Для мяне важная ацэнка маёй працы, але я ніколі яе не чакала. Я заўсёды працавала па максімуме, каб перадаць сваім шматлікім вучням усё, што магла. Таму, безумоўна, прыемна, што зробленае мной заўважылі, тым больш, што я амаль паўстагоддзя займаюся педагогікай, — кажа дацэнт кафедры эстраднай музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дзіна Тыцюк. — Адметна і тое, што мы сустрэліся тут напярэдадні Дня народнага адзінства, і мне вельмі хацелася б, каб гэтае свята мела ўсё больш нефармальны характар. Каб мы былі па-сапраўднаму адзінымі. Бо мяне вельмі непакояць моманты нашай некаторай раз’яднанасці, нязгоды, адсутнасці нейкага глыбіннага разумення і жадання быць адзіным народам і рабіць дзеля гэтага штодня, кожны на сваім месцы, усё, што мы можам.

Таксама знайшлі сваіх уладальнікаў у гэты дзень і падзякі міністра культуры Рэспублікі Беларусь. Тут сярод узнагароджаных — генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Нікіта, мастацкі кіраўнік заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага хору Белдзяржфілармоніі Наталля Міхайлава, вядучы метадыст аддзела мастацка-творчай работы «Цэнтра культуры «Віцебск», галоўны рэжысёр Мінскага гарадскога палаца культуры Наталля Русецкая і іншыя. Па завяршэнні цырымоніі ўзнагароджання прысутным быў прапанаваны святочны канцэрт, які падрыхтавалі сумесна студэнты і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама экскурсія па Нацыянальным мастацкім музеі.

Алена ДРАПКО

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.