Вы тут

Нацыянальная бібліятэка адзначае векавы юбілей


Да свайго юбілею Нацыянальная бібліятэка падрыхтавала шмат сюрпрызаў для наведвальнікаў. На розных выставачных пляцоўках галоўнай кніжнай скарбніцы адначасова працуюць розныя экспазіцыі, якія знаёмяць з сакрэтамі ўстановы. Прадстаўлены найбольш цікавыя выданні і дакументы з фондаў бібліятэкі, рарытэты, якія зацікавяць сучасных даследчыкаў. Многія выданні прэзентуюцца ўпершыню.


А новая выстаўка «БібліяКомпас. Навігатар па падарунках бібліятэцы» дазваляе паглядзець на бібліятэку з іншага боку. Сёння «Нацыяналка» стала не проста сховішчам кніжных скарбаў краіны, але і сацыякультурным праектам. Тут адбываюцца круглыя сталы, мастацкія выстаўкі, майстар-класы, прэзентацыі, праходзяць экскурсіі і майстар-класы, адзначаюцца юбілеі культурных дзеячаў, памятныя даты, дзяржаўныя святы. Установу наведваюць шматлікія дэлегацыі. Госці і чытачы часам пакідаюць падарункі. Іх ужо назбіралася на асобны міні-музей.

На выстаўцы можна заўважыць кнігі з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў, даследчыкаў, вучоных, мастакоў. Напрыклад, словы падзякі ці звароты да будучых чытачоў пакінулі Іван Мележ, Пімен Панчанка, Іван Навуменка, Іван Шамякін, Адам Мальдзіс.

Адкрывае выстаўку дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Аксана Кніжнікава.

У вітрынах экспануюцца шматлікія падарункі партнёраў, гасцей і сяброў бібліятэкі: нацыянальныя сувеніры і вопратка, альбомныя выданні ад прыватных асоб і замежных дэлегацый з краін Еўропы, Азіі і Афрыкі, факсіміле кніжных помнікаў, калажы і акварэлі.

Прадстаўлены на выстаўцы і ўзнагароды, атрыманыя бібліятэкай за паспяховую працу ў здзяйсненні выдавецкіх праектаў па захаванні і папулярызацыі кніжнай спадчыны, за актыўную дзейнасць у галіне міжнароднага гуманітарнага супрацоўніцтва. Асобныя стэнды на выставе знаёмяць з кнігамі, перададзенымі на захаванне ў фонд бібліятэкі з калекцый дароў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь.

На вітрынах выстаўкі прадстаўлены унікальныя архіўныя дакументы.

Большасць экспанатаў выстаўляецца ўпершыню.

На ўваходзе ў бібліятэку гасцей сустракае робат інфарматар.

А на выстаўцы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі: учора, сёння, заўтра» сабраны архіўныя фотаздымкі. Так, можна зазірнуць у Юбілейны дом на Захар'еўскай вуліцы, які прымаў чытачоў у 1920—1930-х гадах. Пасля пабываць у старых чытальных залах ці ў дворыку бібліятэкі сустрэць першых супрацоўнікаў, заснятых у 1926 годзе фатографам разам з легендарным дырэктарам Іосіфам Сіманоўскім.

Нацыянальная бібліятэка з вышыні птушынага палёта. Аўтар С.Плыткевіч.

Іншыя фота зроблены ў «Ленінцы» на Чырвонаармейскай, там бібліятэка працавала на працягу сямі дзесяцігоддзяў.

Архіўныя здымкі дапаўняюцца работамі сучасных фотамайстроў Чанцова, Качана, Красікавай, Гапановіч, Плыткевіча, Дзегцяровай, Сібрыкава. Фатографы шукалі незвычайныя ракурсы, стараліся падаваць сімвалы бібліятэкі. Напрыклад, паказалі, як на люстраной паверхні «алмаза ведаў» паўстае горад, злавілі юных футбалістаў, што гуляюць побач з бібліятэкай, заснялі складаныя тэхнічныя канструкцыі, пабывалі ў чытальных залах і пазнаёміліся са старажытнымі кнігамі з фондаў «Нацыяналкі».

Ганна ПЯТРОВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Стагоддзе кніжнай скарбніцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.