Вы тут

Надвор'е: На тыдні нас чакае толькі дождж, холад і туман


Пасля супергарачай канцоўкі жніўня другая палова верасня здаецца нам залішне халоднай. Мы прывыклі грэцца ў эпоху глабальнага пацяплення, а за акном тэмпературны фон нават ніжэйшы за кліматычную норму. Вось і на гэтым тыдні будзе дажджліва, холадна і туманна, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Фота: pixabay.com

У мінулую нядзелю да нас завітаў Балканскі цыклон Reіlі. Першымі яго націск адчулі жыхары паўднёва-ўсходніх раёнаў краіны. Апоўначы на панядзелак у эпіцэнтр моцных дажджоў трапіла Магілёўшчына, паўночны ўсход Мінскай і Віцебскай абласцей. Тут у начныя і ранішнія гадзіны 19 верасня выпала больш за палову месячнай нормы ападкаў. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, ужо ў найбліжэйшыя суткі цыклон перамесціцца на паўночны ўсход еўрапейскай тэрыторыі Расіі, і яго ўплыў на Беларусь прыкметна аслабее. Разам з тым на тэрыторыю нашай краіны пачнуць паступаць няўстойлівыя і прахалодныя паветраныя масы з паўночных шырот, у выніку чаго тэмпературны фон панізіцца.

У аўторак чакаецца воблачнае з праясненнямі надвор'е. Удзень у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Максімальная тэмпература паветра складзе ад плюс 11 градусаў да 16 цяпла. У сераду прагназуецца на адзін градус менш. У гэты дзень на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Ноччу тэмпература паветра будзе вагацца ад плюс 4 да плюс 9 градусаў, днём ад плюс 10 да 15 цяпла.

Сіноптыкі абяцаюць, што ў чацвер будзе яшчэ халадней. У гэтыя суткі ўначы месцамі, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуюцца кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах будзе слабы туман. Тэмпература паветра ўначы панізіцца да плюс 3—9 градусаў. Удзень паветра прагрэецца толькі на 9—14 градусаў.

Паводле папярэдняга прагнозу, у пятніцу і суботу ноччу месцамі, а днём у многіх раёнах Беларусі зноў пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Мінімальная тэмпература паветра ноччу складзе плюс 3—8 градусаў, максімальная ўдзень — 9—14 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.