Вы тут

Камунальныя стасункі. Ацяпленне сталічных кватэр пачнецца неўзабаве


Падключэнне ацяплення ва ўстановах сацыяльнай сферы (першай катэгорыі спажыўцоў) пачалося 19 верасня ў 15 раёнах Мінскай вобласці і 20 верасня — у некаторых установах сталіцы. Яно доўжыцца два-тры дні, таму фактычна сёння-заўтра ўсе школы, садкі і бальніцы Мінска і вобласці будуць абагравацца. Па нарматывах, падключаць ацяпленне ў іх павінны, калі на вуліцы на працягу пяці дзён стаіць надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай 10 градусаў. Для ўцяплення жылля даецца тры-пяць дзён, і пачынаецца яно пры тэмпературы ад 8 градусаў і ніжэй таксама пяць дзён запар. Яшчэ дзесяць дзён прадугледжана для магчымага распаветрывання сістэмы ацяплення. Камунальнікі паабяцалі, што ацяплялны сезон у жыллі неўзабаве распачнецца, і расказалі, як жыллёва-камунальныя службы падрыхтаваліся да сёлетняй зімы.


Фота: pixabay.com

100-працэнтны запас паліва

Падрыхтоўчая работа да асенне-зімовага перыяду арганізацыямі ЖКГ вядзецца згодна з пастановай урада і рабочай праграмай па выкананні асноўных відаў работ падрыхтоўкі аб'ектаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі да работы ў асенне-зімовы перыяд, якая адобрана пастановай калегіі Міністэрства ЖКГ. Сёлета яна вядзецца на ўзроўні папярэдніх гадоў, расказала Таццяна Сліж, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі МЖКГ:

— Штотыднёва падрыхтоўка кантралюецца міністэрствам па 13 паказчыках: замена і капрамонт катлоў, цепласетак, стварэнне запасаў паліва, прафілактычны рамонт сістэм ацяплення і іншае. Штомесяц — па 89 паказчыках, сярод якіх, напрыклад, работы па выпрабаванні абсталявання кацельных цеплавых сетак, прафілактычны рамонт і агляд водаправодных і каналізацыйных сетак і збудаванняў. Усе гэтыя паказчыкі гарантуюць надзейнае, бесперабойнае і безаварыйнае цепла- і водазабеспячэнне жылога фонду, а таксама забяспечваюць функцыянаванне ўсёй інфраструктуры гарадскіх населеных пунктаў краіны.

Па стане на 15 верасня на 100 % завершаны работы па выпрабаваннях і прафілактычным рамонце, праверка кацельных і цепласетак, прафрамонт ЦЦП (цэнтральных цеплавых пунктаў), ачыстка ўнутраных паверхняў катлоў і бойлераў. На 100 % на зіму назапашана драўнянае паліва і паліўны мазут.

Перавыкананы план па перакладцы сетак водазабеспячэння і водаадвядзення: 278 кіламетраў водаправоду і 110 кіламетраў каналізацыі. Заменена 361,2 км (87 %) цепласетак. Пашпарты гатоўнасці атрымалі 3403 цеплакрыніцы (99,6 %) галіны ЖКГ і 90 пашпартоў гатоўнасці (каля 91 %) — іншых ведамстваў.

— Завершаны таксама работы па падрыхтоўцы жылфонду па наступных напрамках: прафілактычны рамонт сістэм ацяплення цеплапунктаў, рамонт стыкаў панэляў і дахаў. А для ўстаранення магчымых аварыйных сітуацый сфарміравана 719 аварыйна-аднаўленчых брыгад колькасцю больш за тры тысячы чалавек, — удакладніла спецыяліст. — Напагатове 15 перасовачных модульных кацельных, 597 аўтаматычных перасовачных крыніц электразабеспячэння, праведзена 14 трэніровак па іх разгортванні.

Снегаўборачная тэхніка ў краіне гатовая да работы на 97 %. Пясчана-саляной сумесі для апрацоўкі дарожна-вулічнай сеткі Беларусі назапашана 40 %.

Гідрапрамыўка і прачыстка

На абслугоўванні жыллёвых арганізацый Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі знаходзіцца 6371 жылы дом, 31 з якіх — інтэрнаты. Поўнасцю да асенне-зімовага перыяду выкананы работы па прафрамонце, гідрапрамыўцы і апрацоўцы сістэм ацяплення, прафрамонце электраабсталявання, рамонце стыкаў, дахаў, баклонаў, уцяпленні вонкавых сценавых панэляў, паведаміў Вячаслаў Батура, першы намеснік гендырэктара — галоўны інжынер Мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі (МГЖГ):

— Заменена 35 тысяч кіламетраў цепласетак і 249 маральна састарэлых сістэм аўтаматычнага рэгулявання, а 47 новых сістэм устаноўлена. 84 старыя цеплаабменнікі заменены сучаснымі пласцінчатымі. На 100 % выкананы работы па прачыстцы вентыляцыйных і дымавых каналаў.

Да 1 верасня ўсе прадпрыемствы МГЖГ атрымалі пашпарты гатоўнасці (114 штук). На 15 верасня сістэмы ацяплення былі запоўнены і гатовыя да запуску. Гэта азначае, што пачатку пуску цяпла ў кватэры, як і абяцаюць камунальнікі, можна чакаць з дня на дзень. Да нечаканасцяў падчас пуску цяпла ў сталіцы гатовыя 78 аварыйных брыгад (229 чалавек).

Нагадаем, што рашэнне аб пачатку ацяпляльнага сезона прымаюць самастойна (кіруючыся тэмпературнымі паказчыкамі) мясцовыя органы ўлады, а на аб'ектах трэцяй чаргі — адміністрацыйных будынках — іх кіраўніцтва. Камфортная тэмпература для работы ў офісе, дарэчы, — 18 градусаў. А вось у жыллі гэтая лічба — ніжняя мяжа для ўтульнага самаадчування.

Катлы, ПІ-трубы, перасовачныя кацельныя

Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона пачынаецца яшчэ ў маі, нагадала Таццяна Музок, начальнік аддзела энергетыкі і паліва ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама:

— На 15 верасня па Мінскай вобласці пашпарты гатоўнасці атрымалі 4240 спажыўцоў з 5142, а таксама 2084 цеплакрыніцы з 2390. Паліўнага мазуту назапашана на 71 %, дроў — на 97,5 % (11 тысяч шчыльных м3), драўнянай шчапы — на 128 %, торфу — на 97,5 % (0,5 тысячы тон).

Камунальнікі вобласці выканалі ўсе запланаваныя работы па прафрамонце інжынерных сістэм ацяплення, стыкаў панэляў, дахаў, пячэй, цеплаізаляцыі, бойлераў у дамах, водапавышальных установак. Выкананы работы па паверцы прылад уліку вады, а таксама па выпрабаванні абсталявання кацельных, цепласетак, прафрамонце абсталявання кацельных і ЦЦП, ачыстцы ўнутраных паверхняў катлоў і бойлераў, абсталяванні кацельных прыладамі ўліку цеплаэнергіі.

— 859 кацельных прайшлі прафрамонт і гідраўлічныя выпрабаванні абсталявання. Выпрабаваны на разліковую тэмпературу і прайшлі гідраўлічныя выпрабаванні 2900 кіламетраў цепластак, гатовыя да работы 272 ЦЦП, — удакладніў Андрэй ШУЛЬГА, намеснік генеральнага дырэктара Жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінскай вобласці. — Акрамя таго, заменена пяць неэканамічных катлоў, на трох аб'ектах цеплазабеспячэння аптымізаваны рэжымы работы. ПІ-трубамі заменены цепласеткі на ўчастках са звышнарматыўнымі цепластратамі, а таксама тыя, што паказвалі павышаную аварыйнасць падчас ацяпляльных сезонаў папярэдніх гадоў.

Укамплектаваны неабходным абсталяваннем 95 аварыйных брыгад (607 чалавек). Ёсць і перасовачныя крыніцы электразабеспячэння, а таксама блочна-модульныя перасовачныя кацельныя: у Мінскім, Маладзечанскім і Дзяржынскім раёнах.

На балансе прадпрыемстваў ЖКГ вобласці — 6065 дамоў, усе падрыхтаваныя да зімы.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.