Вы тут

Вячаслаў Нікіфараў: «Неадназначнасць створанага вобраза — прыкмета таленту»


Мільёны людзей адчулі на сабе магію ягоных фільмаў... «Зімародак», «Бацькі і дзеці», «Душа мая, Марыя», «Фруза»... Зрэшты, паглядзець іх можна было апошнім часам у Музеі гісторыі кінамастацтва, дзе падрыхтавалі рэтраспектыву да 80-годдзя рэжысёра Вячаслава Нікіфарава. Майстар і сёння жыве ўлюбёнай справай... Падчас нашай размовы раптам замаўкае, пільна ўглядаючыся некуды праз акно кавярні, потым тлумачыць:

— Звычка прафесійная... Падбіраю ўвесь час акцёраў... Вунь дзяўчынка пайшла. Якраз бы ў фільм «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які я даўно мару зняць...

Пра фільмы знятыя і нязнятыя, пра настаўнікаў і вучняў у чароўным свеце кіно, пра тое, як паказаць на экране нацыянальны характар і як знайсці ключ да ролі, для чытачоў «Звязды», распавядае заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР рэжысёр Вячаслаў Нікіфараў.


— Я чытала, што вы вучыліся ва Улан-Удэ ў вучня Меерхольда...

— Тут трэба патлумачыць, чаму мы пакінулі Кубань, дзе я нарадзіўся. Пасля вайны праводзілі расследаванне злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх прыслужнікаў. Тата быў рэдактарам раённай газеты і непасрэдным удзельнікам гэтых расследаванняў. Помню ў нашым доме паўсюль стосы пакарабачаных фотаздымкаў з выявамі павешаных людзей, раскапаных пахаванняў... Быў 1957 год. Прайшло дзесяць гадоў стандартнага тэрміну пакарання для многіх паліцаяў. І ўсё часцей у нашай паштовай скрыні пачалі сустракацца лісты з пагрозамі. Тыя, хто вяртаўся са зняволення, іх сваякі пагражалі бацьку. А мы жылі на ўскраіне, месца глухое... За гародамі — лес... Таму мама вельмі была ўстрывожаная. Бацька ж камуніст, стаўленне да працы — самі разумееце: матаўся па раёне дзень і ноч, цэлымі суткамі. Мама вельмі баялася. Спехам прадалі дом — і ў Сібір. Там шмат жыло мамінай радні, у Іркуцку, ва Улан-Удэ. Ва Улан-Удэ я і трапіў у тэатральную студыю. Усё з-за дзяўчат... Але гэта доўгая гісторыя, калі вам цікава...

— Вядома, цікава!

— Мой старэйшы брат па заканчэнні школы з'ехаў. А яго аднакласніца была ў яго закаханая. І яна пачала дружыць са мной, каб захаваць адносіны з ім (ён не адказваў узаемнасцю). Тонкая, начытаная... Мы былі як брат з сястрой... Дзякуючы ёй я пачаў у пятнаццаць гадоў чытаць Станіслаўскага, цікавіцца тэатрам. Яна і даведалася пра вячэрнія тэатральныя курсы для працоўнай моладзі. Вучыліся там студэнты і служачыя, ну і я, школьнік. Выкладалі нам Грыгорый Іофін і Юрый Коршун. З «корачкай» тых курсаў я паехаў у Маскву, на акцёрскую біржу. І там пачалі звяртаць увагу на подпісы майго пасведчання. «Вы вучыліся ў Іофіна і Коршуна?» Вось пасля мне і патлумачылі, што нібыта кіраўнікі маёй студыі — рэпрэсіраваныя дзеячы з акружэння Меерхольда. Не ўпэўнены, ці праўда гэта.

— А як прыйшлі ў рэжысуру?

— Зноў шэршэ ля фам. Калі працаваў у Разані, адзін хлопец закахаўся ў нашу актрысу. Ён вучыўся ва ВГІКу на аператарскім. І каб зблізіцца са сваёй Валяй, здружыўся са мной. Пачаў прыходзіць да мяне ў тэатр. Я іх пазнаёміў... Ён шмат распавядаў мне пра свой інстытут. Я з ім туды ездзіў... І вырашыў: пайду таксама туды. На рэжысуру. Паслаў работы, якія рыхтаваў для МГУ... Тады прымаў на свой курс Міхаіл Ром. І ён мяне ўзяў. Але дырэктар майго тэатра, каб не зрываць гастролі, не паказаў мне выклік на вучобу. Восенню я паехаў у Маскву, мне паказваюць дакументы — позна, вось вас выклікалі, вы не прыехалі. Я засмуціўся, але тады не ўмеў лаяцца і змагацца, праглынуў... І на наступны год зноў падаў дакументы і паступіў, да Куляшова і Хахловай. Так што атрымалася, я два разы з першага разу паступіў ва ВГІК.

— І як вы ўспрымалі легендарных Хахлову і Куляшова?

— Ну што вы, карыфеі... Разбіралі нашы работы, запрашалі да сябе. Дзякуючы ім, я пазнаёміўся з Эльзай Трыяле, з яе сястрой Ліляй Брык... Эльза Трыяле пыталася, памятаю: «А что это у нас за юноши?» А Хахлова адказвала: «Гэта хлопчыкі з кухні». І смяялася... Так што ў нас быў такі жарт: мы — хлопчыкі з кухні... Пасля заканчэння ВГІК я яшчэ год боўтаўся ў Маскве (ні прапіскі, ні працы). І яны папрасілі мяне разабраць хатні архіў. Каб вы ведалі, што там было... Я бачыў запіскі Маякоўскага, Шклоўскага да Льва Куляшова... Запомніў цыдулку Маякоўскага: «Хватит трепаться, пошли к Лёвке жрать картошку».

— У кінамастацтве абавязкова трэба быць вучнем майстра, каб адбыцца?

— Так. А яшчэ будучы рэжысёр мусіць пабываць на здымачных пляцоўках у рознай якасці. Памятаю першую практыку на «Масфільме». Самсонаў здымаў фільм «Арэна». Падышлі да адміністратара, папрасілі, каб далі нам якую-небудзь працу. А там на падлозе павільёна пілавінне — фільм жа пра цырк. Блакітнае пілавінне, ружовае, яшчэ нейкае... Адміністратар кажа: «Перанясіце блакітнае пілавінне ўсё ў той кут павільёна. Лапаты там». Мы разгубіліся... Калі самі будзем лапатамі працаваць, трох тэрмінаў практыкі не хопіць. Але мы ж рэжысёры, мы мусім умець арганізоўваць! Знайшлі рабочага, паабяцалі бутэльку партвейну... Ён усё і зрабіў. А самі лупіліся: вунь Рыбнікаў у буфеце, вунь Беата Тышкевіч, якія ў яе ногі...

— А беларускі перыяд вашай біяграфіі пачаўся выпадкова?

— Калі пабываў на «Беларусьфільме» (у 1964-м у рэжысёра Фігуроўскага на здымках фільма «Сколько лет, сколько зим»), мама пісала мне: «Заставайся, гэта родная нам зямля». Падумаў, што прычынай — маміна начытанасць, бо пісаў Пушкін пра Беларусь «Народ издревле нам родной». Шмат пазней даведаўся, што мой дзядуля па маці Георгій Уладзіміравіч Курт нарадзіўся тут у 1892 годзе (роўна за 50 гадоў да майго нараджэння). Пакуль назапашваў падрабязнасці, усе родныя паўміралі (6 дачок і сын былі ў яго), так што дзе менавіта, у якім месцы ён нарадзіўся, як ён апынуўся ў Сібіры і сустрэўся ў Іркуцкай губерні з бабуляй (Нікіфаравай, дарэчы, Феафаніяй Сяргееўнай!) — застаецца таямніцай. Пакуль, спадзяюся.

— Перш чым паўплываць на соцыум, рэжысёр уплывае на здымачную групу, на артыстаў... Тут у кожнага свая мадэль адносін. Неяк вы сказалі, што артыста трэба шчыра любіць...

— Творчасць прадугледжвае ўнутраную свабоду. Ты робішся такім рэжысёрам, якім цябе зробіць твой характар, твая асоба, гэта не схаваеш. Але акрамя характару, ёсць непасрэдна дар, які сілкуе тваю ўнутраную волю. І ты мяняешся ў залежнасці ад матэрыялу, ад акцёра. Маім любімым артыстам быў Уладзімір Самойлаў. Ён зняўся ў дзевяці маіх фільмах. Самойлаў — вялікі артыст, я ўвогуле не асмеліўся б яго запрасіць, каб не мая асістэнтка Галя Камарова. Шукаем галоўнага героя фільма «Зімародак», нечага ўсё не хапае. Разгадкай стала фраза з аповесці Юрыя Якаўлева, па якой здымалі фільм: «Бываюць мужчыны, побач з якімі адчуваеш сябе сынам ці малодшым братам». Самойлаў менавіта такі... Я пасля папытаўся яго, чаму ён, зорка, пагадзіўся ў мяне, маладога рэжысёра, здымацца? Ён сказаў: спадабаўся эпізод, калі настаўнік па-хлапечы з'язджае па парэнчах, а пасля на вымову кажа: «Я больш не буду». Мне асабліва не трэба было нічога тлумачыць гэтаму артысту, ён адчуваў мяне, я адчуваў яго. Называў яго «дзядзька Валодзя». Неяк ён папрасіў: «Слава, ну што я цябе на «ты», а ты мне «Уладзімір Якаўлевіч»... Я кажу: «Не магу вам «ты» сказаць... Давайце буду вас называць «дзядзька Валодзя».

— А як вы дапамагаеце артыстам знаходзіць ключ да іх ролі?

— Згадаю выпадак з Вікай Таўстаганавай, якая сыграла галоўную ролю серыяла «Кат». Віка прачытала сцэнарый. У аснове — рэальная біяграфія «Тонькі-кулямётчыцы», якая працавала на нямецкіх акупантаў і расстраляла паўтары тысячы людзей. «Як гэта іграць?» І я кінуўся на дапамогу: «Пачытай «Медэю»... Пасля Заратустру... Ну і «Дэмана» Лермантава». Віка кажа: а «Дэмана» навошта? А там — ключ... Калі Дэман з нагоды таго, што на зямлі адбываецца, праліў слязу... І сляза Дэмана прапаліла скалу. Вось ключ... Надзвычайнае, «запредельное»... Сэнс у тым, не якая зваротлівая тварына гэтая гераіня, якая загубіла столькі бязвінных душ, а ў пластычнасці жаночай натуры, у нейкай звярынай волі да жыцця. Гэта яшчэ Станіслаўскага правіла: іграеш злога — шукай, дзе ён добры. І мая дапамога плюс майстэрства Таўстаганавай дазволілі ёй адкрыць глыбіні вобраза. «Запредельно» — было наша любімае слова на пляцоўцы. «Недостаточно запредельно, Вика!» Часам, калі спыняліся здымкі, я крычаў: «Багіня!». Вось гэта прыемныя моманты працы з добрымі акцёрамі. Дырыжор можа зразумець гэта. Але рэжысёр павінен умець адстойваць акцёраў. Канстанцін Эрнст хацеў, каб я ў серыяле «Кат» памяняў актрыс: каб Віка іграла іншую ролю. Я кажу: «Мяняйце. Толькі без мяне». І адстаяў. Неадназначнасць створанага вобраза — прыкмета таленту. Гэта сонм асацыяцый. І тады гледачу віртуальнае жыццё здасца важнейшым за рэальнае. Чаму некаторыя па пяць, дзесяць разоў і глядзяць любімыя фільмы... Магія мастацтва. Я складаў крытэрыі дабротнага сцэнарыя: тэматычная запатрабаванасць, якасны канфлікт... Парадокс, але ў фільме, у адрозненне ад жыцця, канфлікт заўсёды мусіць быць вырашаны — мо тады і ў жыцці нешта зменіцца.

— Даводзілася чуць, што кінематограф маленькай краіны, у прыватнасці Беларусі, у прынцыпе не можа спаборнічаць з вядомымі кінаіндустрыямі...

— Дзівіць, калі беларускія кіназнаўцы так гавораць. Неяк тут быў вядомы рэжысёр Занусі, ён на падобнае пытанне здзівіўся — маўляў, у вас цудоўны балет, опера... Чаму пры падтрымцы дзяржавы не быць і цудоўнаму кінематографу? Кіно — гэта ўжо частка беларускай культуры, ад якой нельга адмовіцца. А да нацыянальнай культуры нельга падыходзіць як да асобнага твора з пункту гледжання крытычнага рэалізму. Гэта карані, вытокі, якімі сілкуецца любая творчасць. Ключавое слова тут — унікальнасць. Нацыянальная культура, нацыянальная гісторыя — непаўторныя. Пачынаючы з мовы. Нават калі адзін чалавек захацеў бы размаўляць на роднай мове — грамадства павінна стварыць яму для гэтага ўсе ўмовы. Мы цікавыя свету толькі сваёй самабытнасцю. Больш нічым не здзівіш. Даўно нехта навучыўся і манціраваць лепш, і бюджэт фільмаў недзе большы. Тое, што мы не звярнуліся да крыніц нацыянальнай беларускай культуры, не з іх пачалі адраджэнне беларускага кіно — вялікая памылка. Без гэтага колькі ні ўкладвай грошы, будзе атрымлівацца прадукцыя, падобная да кіно амерыканскага, кітайскага, індыйскага, якога заўгодна... А трэба — унікальнае, беларускае. Мараць пра камерцыйнае кіно... Але камерцыйнае кіно можа быць толькі там, дзе акрамя яго ёсць сапраўднае. Мы не можам пераўзысці іншыя студыі тэхналагічна. Каб вы бачылі студыі ў тым жа Кітаі! Памеры павільёнаў пачынаюцца ад дзесяці тысяч метраў. А ўявіце сабе басейн для падводных здымкаў, дзе субмарыны плаваюць! Унікальнасць найперш падразумявае гістарызм — у самым шырокім сэнсе. Разуменне таго, што было да цябе... Расповед пра народ, які адрозніваецца ад любога іншага, як адрозніваецца кожны чалавек — колерам вачэй, характарам, адбіткам пальцаў... Сербскі рэжысёр Кустурыца распавядаў пра сваіх герояў-дзівакоў — і ўвесь свет закахаўся ў яго народ. А беларускі народ — вельмі адметны. Ён перажыў генацыд, і трэба ў мастацтве асэнсоўваць, як паўплывалі на яго перажыты боль, сіла пакуты. Бо пакута — гэта не толькі падстава для аплаквання. У болю ёсць моц, штуршок да аднаўлення і абнаўлення. Пакута — рухавік жыцця... Не дарэмна ж гавораць, што ўсё, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі. Мудрэйшымі. Народ, які мае такі досвед болю і пакуты, непераможны, мудры і здольны да развіцця.

— Вы кажаце пра ўменне творцы адстойваць сваё бачанне, пра ўнікальнасць кожнага акта творчасці... А як творцу быць, калі мастацкі савет: так нельга? Кіно — гэта ж індустрыя, тут адзін чалавек сваёй воляй нічога не зробіць.

— Мастацкія рады існуюць на тое, каб з імі спрачацца і здабываць ісціну. Я гадоў шэсць быў мастацкім кіраўніком аб'яднання «Тэлефільм». Усе мастацкія рады я пачынаў фразай: «Мы тут сабраліся для таго, каб сказаць усё, што мы думаем, пра ваш сцэнарый, вашу працу. У вас ёсць адзіны спосаб вытрываць гэты націск — зрабіць па-свойму, выслухаўшы нас».

— Але норавы ў кінематаграфічным асяроддзі складаныя...

— Гэта так. Чаго толькі не бывае... Напрыклад, нехта хоча адпомсціць акцёру. Чуе — яго збіраюцца запрасіць на кастынг. «Ды вы што, ён даўно памёр!» Пусцілі чутку... І акцёру перастаюць телефанаваць, рабіць прапановы... Асабліва балюча, што на Беларусі майстры-рэжысёры знаходзяцца ў прастоі. А кожны мог здымаць па фільме ў два-тры гады! Я палічыў: на восем вядомых рэжысёраў — 124 гады прастою! Я за апошнія дваццаць адзін год зняў адзін фільм. А куды плануюць прыстройваць маладых рэжысёраў, выпускнікоў акадэміі мастацтваў?

— І ў чым выйсце?

— Глабалізацыя можа паглынуць кветнік беларускай культуры, пазбавіць аблічча. Кінатэатры робяць планы на кіно замежным, расійскім. Але, памятаю, на прэм'еру свайго фільма «Тум-пабі-дум» я прыехаў у Бабруйск, вялікая зала, месцаў на чатырыста, і ўсе дзеці цягнуць рукі, каб задаць мне пытанне. Загадчыца пасля кажа: «А мы далі абвестку, што першыя дзесяць чалавек, якія зададуць пытанні, атрымаюць кантрамарку ў кінатэатр». Проста, эфектыўна... Што перашкаджае паўсюль нешта такое прыдумляць? А галоўнае — не трэба забывацца, што ў цэнтры ўсіх тэхналогій заўсёды стаяў чалавек. Майстар.

Гутарыла Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.