Вы тут

Зварот у рэдакцыю. Куды падзелася «слуцкая» смятана?


Пакуль рыхтавала да друку гэты матэрыял, згадала эпізод з фільма «Брыльянтавая рука». Памятаеце, калі Сямён Сямёнавіч Гарбункоў прыйшоў у краму па жаночы халацік і спытаў: «А ў вас няма такога ж, але з перламутравымі гузікамі?» — «На жаль, няма». — «Няма? Будзем шукаць».


Фота: pixabay.com

Жыхар вёскі Раз'езд Фалічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці ўжо доўгі час набываў у аўтакраме адну і тую ж смятану — 15 % тлустасці. Вырабляе яе ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». На пачатку жніўня гэту смятану «крама на колах» перастала прывозіць, але неўзабаве яна з'явілася зноў...

«Як высветлілася, прадавец аўталаўкі, каб я не скардзіўся, купляла за свае грошы смятану ў горадзе і прадавала яе мне. Касавыя чэкі выпісвала «ад рукі». Узнікае пытанне: чаму ў аўталаўцы не выконваюцца заказы пакупнікоў з глыбінкі — пенсіянераў, ветэранаў, інвалідаў?.. На маю скаргу начальнік Любанскага райпа адказаў, што «слуцкая» смятана 15 % тлустасці ў плёнцы не паступае ў гандлёвую сетку. Відаць, са смятанным заводам не заключылі дагавор?... Калі так, атрымліваецца, што начальства бяздзейнічае? Бо мая любімая смятана ў Старых Дарогах ёсць, і каштуе яна танней, чым у аўтакраме».

Па каментарый я звярнулася ў Любанскае райспажыўтаварыства. Там пацвердзілі, што гэты грамадзянін прынцыпова купляе толькі смятану 15 % тлустасці фасоўкай 380 грам у поліэтыленавай плёнцы Слуцкага сыраробнага камбіната, бо яна самая танная.

— Мы звярталіся ў ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», рабілі заяўку на смятану, але нам адмовілі, — патлумачыла першы намеснік старшыні праўлення Любанскага райспажыўтаварыства Аксана Рашчэня. — Вытворца адказаў, што не можа выканаць заяўку на смятану 15 % тлустасці 380 грам у плёнцы, бо наогул не пастаўляе яе ў гандлёвую сетку. Прычына: часовая адсутнасць упакоўкі. Рэшткі ж прадукцыі, якія засталіся на заводзе, яны прадаюць у сваіх фірменных крамах. Паколькі смятана, якую купляе спадар, не паступіла, прадавец аўтакрамы, каб пазбегнуць канфлікту і не спараджаць чарговую скаргу, 11 жніўня купіла яе ў Старых Дарогах у краме «Дабраном» па цане 1.70 руб., а потым 15 жніўня ў фірменнай краме «У Юліі» па 1,68 руб. прадала гэтаму грамадзяніну. Мы ж пра гэта нічога не ведалі. Вядома, прадавец не мела права так рабіць. Прызналася, што хацела як лепш ... Відавочна, зрабіла гэта не дзеля нажывы, паколькі ў аўтакраме Любанскага райспажыўтаварыства цана той смятаны (з улікам гандлёвай надбаўкі) складала б 1,75 руб.

Грамадзянін аддзячыў прадаўцу тым, што... напісаў скаргу. Маўляў, чаму на дзве капейкі зменшылася цана на смятану.

— З прадаўцом аўтакрамы мы правялі дадатковую вучобу, і яна заверыла, што больш падобных сітуацый не паўторыцца, — дадала Аксана Рашчэня. — За парушэнне правілаў гандлю яна панесла дысцыплінарную адказнасць, ёй аб'яўлена заўвага.

Акрамя таго, кіраўніцтва Любанскага райспажыўтаварыства ў пісьмовай форме выбачылася перад пакупніком за дзеянні прадаўца.

— Асноўнымі пастаўшчыкамі малочнай прадукцыі ў крамы Любанскага райспажыўтаварыства з'яўляюцца Слуцкі сыраробны камбінат, Мінскі малочны завод № 1, «Малочны свет», «Бабулін гладыш», «Беллакт». У іх маецца вялікі асартымент смятаны тлустасцю ад 10 % да 26 % і ў поліэтыленавых стаканчыках, і ў плёнцы.

Сёння «слуцкую» смятану 15 % тлустасці ў плёнцы аўтакрама не можа прадаваць, бо яе нам не пастаўляе вытворца. Мы прапаноўвалі пакупніку смятану 15% тлустасці іншых вытворцаў. Сёння яе выпускаюць і «Бабулін гладыш», і Мінскі малочны завод № 1. Яна каштуе на некалькі капеек даражэй. Але гэты спадар не хоча яе купляць, яму патрэбна менавіта тая, якую вырабляе Слуцкі сыраробны камбінат. І пакупніку ўсё адно, што ў вытворцы няма ўпаковачнай плёнкі, — кажа спецыяліст.

Пасля неаднаразовых скаргаў пакупніка на работу аўтакрамы Любанскае райспажыўтаварыства разам з сельвыканкамам збіралі сход, на які прыходзілі мясцовыя жыхары.

— Усе хвалілі прадаўца, маўляў, выконвае заяўкі, што ні закажаш, усё прывязе. Аўтакрама два разы на тыдзень наведвае тую вёску. Таму замоўлены тавар прывозіцца аператыўна. Дастаткова пакінуць прадаўцу папярэднюю заяўку. Спадар жа, калі яму нешта не падабаецца, замест таго, каб падысці паразмаўляць, адразу піша скаргі. Прычым не чакаючы нашага адказу, адначасова ва ўсе магчымыя інстанцыі.

Вядома, ніхто ў наш час не застрахаваны ад розных форсмажорных абставін. Апошнім часам здараюцца перабоі з пастаўкай вызначаных тавараў. У прыватнасці, былі пытанні па малочнай прадукцыі. Уся краіна ведае, што малако ў тэтрапакетах не прадавалі, бо не было ўпакоўкі. Таму два тыдні мы былі без малака ў тэтрапакетах. Зараз ужо усё наладзіліся, яго нам ужо пастаўляюць.

— Грамадзянін таксама скардзіцца, што ў продажы ў аўталаўцы няма куранят замарожаных. Гэта так? — пацікавіліся мы.

— Сапраўды, былі часовыя цяжкасці па прычыне адсутнасці птушкі ў вытворцы, — тлумачыць Аксана Анатольеўна. — На сёння гэта пытанне таксама вырашанае. Нам удалося атрымаць тры тоны птушкі ў прадпрымальніка па перадаплаце. Таму найбліжэйшым часам курацінай нашы пакупнікі будуць забяспечаны. Мы імкнёмся па магчымасці ўлічваць усе заўвагі і пажаданні пакупнікоў. Калі дапускаем нейкія памылкі, аператыўна стараемся іх выпраўляць.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.