Вы тут

Якіх паўнамоцтваў не хапае мясцовай уладзе і што трэба заканадаўча замацаваць


Ролю мясцовага самакіравання складана было пераацаніць ва ўсе часы. У раёне, а тым больш сельскім Савеце, усе праблемы людзей як на далоні. І часта на мясцовым узроўні прасцей і хутчэй дапамагчы чалавеку, чым чакаць, пакуль нехта адгукнецца зверху. Больш за тое, не кожнае пытанне, з якім грамадзянін звяртаецца ў орган мясцовага самакіравання, патрабуе ўмяшання старонніх людзей. З некаторымі заяўнік можа разабрацца самастойна: варта яму толькі падказаць, як.


Жыхары вёскі Адзінства Чачэрскага раёна.

Аднак ёсць у рабоце з насельніцтвам і недахопы. У некаторых рэгіёнах з-за вялікай увагі да сацыяльна-эканамічных паказчыкаў развіцця надзённыя праблемы людзей выходзяць у найлепшым выпадку на другі план. У выніку — спрэчкі з-за некампетэнтна размеркаваных земляў, несвоечасовая пастаноўка на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адсутнасць прыгарадных маршрутаў, няякаснае аказанне паслуг і іншае. Невыпадкова па дапамогу людзі звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі, хоць вырашэннем іх праблем, безумоўна, павінны займацца на месцах.

Пазіцыя Прэзідэнта Беларусі на гэты конт адназначная — людзі павінны быць пачутыя, а праблемы — знятыя. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка казаў падчас рэспубліканскага семінара-нарады, прысвечанага актуалізацыі метадаў і формаў работы з насельніцтвам на мясцовым узроўні, які адбыўся ў чэрвені. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што эфектыўная работа з насельніцтвам — індыкатар прафпрыгоднасці кіраўніцтва і вобласці, раёна, а скаргі — паказчык недапрацовак, якіх у ідэале ўвогуле не павінна быць.

Работа з насельніцтвам і пошукі варыянтаў удасканалення тых формаў, якія ўжо існуюць, — прыярытэт у дзейнасці і ўсяго дэпутацкага корпуса краіны. Неаднойчы гэта адзначала і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Па словах спікера верхняй палаты парламента, прыярытэт дзяржаўнай палітыкі — людзі з іх клопатамі, праблемамі і пытаннямі, таму, каб своечасова вырашаць пытанні, якія ўзнікаюць у грамадзян, трэба жыць жыццём людзей. Паводле пераканання Наталлі Качанавай, гэта вялікая дапамога і для сенатараў: ведаючы рэальныя патрэбы людзей, падчас прыняцця заканадаўчых актаў можна ўрэгуляваць пытанні, якія сёння не ўрэгуляваны або патрабуюць дапрацоўкі.

Менавіта гэтым у тым ліку ў найбліжэйшы час і будуць займацца парламентарыі. Для эфектыўнага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і службовых асоб з насельніцтвам неабходная заканадаўчая база, якая будзе адпавядаць сучасным рэаліям. Падчас бягучай сесіі ў межах пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады карэкціравацца будуць законы «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг», «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» у частцы аказання жыллёва-камунальных паслуг.

— Дэпутаты ўсіх узроўняў павінны дзейнічаць на карысць народа, — падкрэсліла Наталля Качанава падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Рэспублікі, прысвечанага рабоце старшынь абласных Саветаў дэпутатаў і актывізацыі дзейнасці сельскіх Саветаў дэпутатаў у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. — Жыццё ў нашай краіне, жыццё нашага народа залежыць ад кожнага з нас. У залежнасці ад таго, як вы працуеце на месцах з людзьмі, ацэньваюць работу ўлады. Калі гэта фармалізм, паказуха, то грош цана нашай рабоце.

«МС» пацікавілася ў прадстаўнікоў мясцовай улады, якіх паўнамоцтваў ім не хапае для больш эфектыўнай работы і што, на іх погляд варта ў гэтым плане вынесці на заканадаўчы ўзровень


Больш увагі грамадскім ініцыятывам

Алена Пасюта, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатў:

— На сённяшні дзень актуальным у рабоце мясцовага самакіравання з'яўляецца стымуляванне насельніцтва да ўдзелу ў развіцці сваіх тэрыторый. І гэта не толькі іх добраўпарадкаванне, навядзенне парадку на зямлі. Гэта яшчэ і стварэнне рабочых месцаў, занятасць насельніцтва, узровень якасці жыцця.

Ці гатовае мясцовае самакіраванне вырашаць гэтыя і іншыя важныя сацыяльна- эканамічныя задачы? На жаль, у большасці грамадзян ёсць усведамленне, што ўсе гэтыя пытанні вырашае добра арганізаваная ўлада. І на нейкім этапе нашы людзі перасталі вырашаць праблемы самастойна, чакаюць, што будуць прыняты законы на ўзроўні дзяржавы. Маўляў, тады ўсе праблемныя пытанні будуць вырашаны.

Вядома, заканадаўчая база ўдасканальваецца. І ў сучасны момант патрабуе ўнясення вызначаных змяненняў. Аднак неабходна вырашыць пытанне аб уцягванні грамадзян у вырашэнне агульных мясцовых праблем. Адным з дзейсных падыходаў з'яўляецца рэалізацыя грамадскіх ініцыятыў. Жыхары адной мясцовасці збіраюцца разам і прапаноўваюць свой праект па паляшпшэнні інфраструктуры, напрыклад. Такім чынам людзі робяць сваё наваколле больш утульным і камфотрным. Амаль дзясятак такіх праектаў падтрыманы Гродзенскім аблвыканкамам і абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў і фінансуюцца з фонду абласнога бюджэту. Заўважана, што падобны фармат стымулюе грамадзян да вядзення дыялогу з органамі ўлады, прыняцця сумесных рашэнняў па іх рэалізацыі.

Такая норма, на мой погляд, павінна знайсці падтрымку і ў заканадаўстве. Апошняе дазволіць вырашыць пытанні, звязаныя ў тым ліку і з добраўпарадкаваннем тэрыторый, павысіць статус мясцовых Саветаў, бо ў іх склад выбіраюцца людзі ініцыятыўныя. Развіццё грамадскіх ініцыятыў дапаможа знайсці выхад іх актыўнай пазіцыі. Магчыма, падштурхне і тых дэпутатаў, хто пакуль не з'яўляецца завадатарам карысных спраў і не праяўляе ініцыятывы.

Неабходна на ўзроўні мясцовых Саветаў рыхтаваць і насельніцтва да актыўнага ўзаемадзеяння з уладамі. У сувязі з гэтым варта перайсці ад зваротаў грамадзян да дыялогу з імі. Яны павінны браць удзел у рабоце над перспектыўнымі ідэямі, стварэнні ўмоў для іх актыўнага ўдзелу ў планаванні праграмы развіцця тых або іншых мясцін. Ведаць, што будзе рабіцца ў першую чаргу, якія на тое ідуць рэсурсы, як яны самі могуць дапамагчы. Магчыма, тады і многія звароты грамадзян будуць зняты.

Развіццё грамадскіх ініцыятыў — той шлях, які дазволіць актывізаваць насельніцтва ўключыцца ў развіццё сваіх тэрыторый і разлічваць на фінансавую падтрымку канкрэтных праектаў.


Сельскіх старастаў варта заахвоціць

Сяргей Шэсцель, старшыня Стаўбцоўскага раённага Савета дэпутатаў:

Фота pramen.by

— Лічу, што мэтазгодна разгледзець пытанне аб функцыянаванні Саветаў пярвічнага ўзроўню. Абгрунтую сваю прапанову тым, што яны выконваюць нязначны аб'ём функцый і кампетэнцый. Не маюць дастаткова сродкаў у сваіх бюджэтах. І адчуваюць патрэбу ў датацыях з вышэйстаячага бюджэту. На мой погляд, функцыі Саветаў варта перадаць сельскім выканаўчым камітэтам.

На практыцы атрымліваецца, што для вырашэння пытанняў, якія паступаюць ад насельніцтва і патрабуюць фінансавых затрат, дэпутат сельскага Савета вымушаны звяртацца да старшыні сельвыканкама. А той, у сваю чаргу, — у раённы выканаўчы камітэт. Роля дэпутата сельскага Савета ў гэтым выпадку нязначная.

Калі ж усё-ткі пакідаць Саветы пярвічнага ўзроўню, то тады неабходна прадугледзець магчымасць іх паўнацэннай работы, надання ім пэўнага статусу і аўтарытэту. А гэта перш за ўсё азначае тое, што ім трэба мець свой паўнавартасны бюджэт. Інакш кажучы — сродкі, якія дазволяць вырашаць актуальныя нязначныя і ў той жа час важныя для мясцовых жыхароў грамадскія пытанні, такія як падсыпка і грэйдзіраванне вуліц, арганізацыя скошвання травы ў месцах агульнага карыстання, навядзенне парадку на могілках.

Наспела таксама неабходнасць распрацаваць і зацвердзіць, унёсшы ў Закон аб мясцовым кіраванні і самакіраванні, норму, норму, якая б датычылася статусу старасты сельскага населенага пункта. Пры гэтым увесці для іх формы матэрыяльнага і маральнага заахвочвання.

Большасць нашых старастаў — людзі пажылога ўзросту, ім цяжка выконваць свае абавязкі. Стаўку неабходна рабіць на больш маладых грамадзян, але іх патрэбна матываваць.

Таксама хацелася б унесці прапановы аб перадачы кампетэнцый па асобных пытаннях землекарыстання з узроўню кіраўніка дзяржавы ў аблвыканкамы.

Калі ў населеных пунктах у нас дастаткова земляў для выдзялення іх грамадзянам на будаўніцтва дамоў, вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі, то праблемай стала падабраць участак для арганізацыі або пашырэння могілак.

Як правіла, гістарычна склалася, што ўсе могілкі знаходзяцца ўнутры лясных масіваў або прылягаюць да сельскагаспадарчых палёў. У адпаведнасці з пунктам 2 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 года «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў», на сёння рашэнні аб адабранні земляў сельскагаспадарчага прызначэння, ляснога фонду, не звязаных з прызначэннем гэтых зямель, прымаюцца абласнымі камітэтамі пры ўмове ўзгаднення з кіраўніком дзяржавы. Прасцей было б вырашаць дадзена пытанне на мясцовым ўзроўні.


Работнік патрэбны круглы год

Аляксандр Заверач, старшыня Хомскага сельскага Савета Драгічынскага раёна:

Аляксандр Заверач з ветэранам вайны Паўлам Макарэвічам.

— З аднаго боку, нам правоў і паўнамоцтваў як быццам хапае. Мы працуем на месцах для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці населеных пунктаў, для захавання сацыяльных стандартаў, і ў нас многае атрымліваецца. Нашы аграгарадкі, іншыя сельскія населеныя пункты даволі дагледжаныя, на тэрыторыі своечасова падкошваецца трава, рамантуюцца дарогі, вывозяцца бытавыя адходы, прыводзяцца ў парадак нічыйныя сядзібы. Гэтая работа хоць і не асабліва прыкметная, але яе трэба праводзіць кожны дзень, каб вёскі не выглядалі закінутымі. І яна вядзецца.

Мы ажыццяўляем і значныя праекты па добраўпарадкаванні. Скажам, у сваім сельсавеце мы можам ганарыцца, што ў 2018 годзе ў цэнтры Хомска ўстанавілі памятны знак, які ўтварылі крыж, камень і звон. Знак паставілі на месцы царквы, узведзенай у 1800 годзе тагачасным гаспадаром Войцехам Пуслоўскім, уладальнікам знакамітага Косаўскага
палаца. Хомская царква была незвычайнай прыгажосці, унікальны помнік архітэктуры ў стылі класіцызму, аналагаў якому застаюцца адзінкі ў Еўропе. У гэтай царкве 5 ліпеня 1943 года знішчылі жыхароў Хомска. 170 чалавек сагналі ў цэнтр вёскі, людзі сталі хавацца ў царкву ў спадзяванні, што яна стане паратункам, але акупанты падпалілі храм, а тых, хто выбягаў, сустракалі кулямётным агнём. У 1952 годзе прыхаджане спрабавалі храм аднавіць, але ўлады іх не пачулі, а ў 1972 годзе царкву разабралі на цэглу. аднакДы нашы людзі заўсёды захоўвалі памяць пра храм. Звон і крыж хавалі на падворках, у хлявах, на нейкі час зрабілі схоў нават у балоце. І калі мы вырашылі зрабіць хоць бы памятны знак у гонар былой царквы, адчулі каласальную падтрымку ўсёй грамады.

На дапамогу прыйшлі школа, грамадскія і іншыя арганізацыі. Сельскаму Савету тады давялося звяртацца ў розныя інстанцыі, і гэтым разам ніхто не адмахнуўся ад мясцовай улады: нам дапамагалі скласці патрэбныя дакументы, напісаць абгрунтаванні. Значыць, пэўны аўтарытэт у гэтай улады ёсць. Такім чынам можна сказаць, што і ў рамках цяперашняй заканадаўчай базы працаваць можна, варта напаўняць наяўныя магчымасці новым зместам работы.

Але не магу не сказаць аб галоўнай праблеме, асабліва невялікіх сельсаветаў, — фінансавай. Калегі ведаюць: на любую, нават невялікую, справу па добра-
ўпарадкаванні, скажам, тых жа могілак даводзіцца прасіць тэхніку ў заможных суб'ектаў гаспадарання, у нашым выпадку — сельгаспрадпрыемстваў. Той жа пясок падвезці да месца — спатрэбіцца грузавік. А дзе яго восьме сельвыканкам? Падобныя дамоўленасці часта трымаюцца, як той казаў, на чэсным слове і асабістых кантактах. А так не павінна быць, бо гэта, згадзіцеся, часовая з'ява. Так, суб'екты гаспадарання розных формаў уласнасці могуць выступаць спонсарамі асобных мерапрыемстаў, але ж не на пастаяннай аснове. А сваіх сродкаў у нас недастаткова.

І яшчэ. На летні перыяд мы наймаем чалавека з зарплатай 400-500 рублёў для сезонных работ. Гэта вельмі патрэбна, але гэтага мала. Такі работнік патрэбны круглы год. Скажам, у нас на тэрыторыі размешчана 12 могілак. За лета адзін чалавек не паспявае прывесці іх у парадак, хоць бы прыбраць лішнюю расліннасць. Зімой яму работа знайшлася б, напрыклад, снег прыбіраць, а ў бясснежную пару — на тых жа могілках наводзіць парадак. А так уся тэрміновая работа кладзецца на плечы дзвюх сельсаветаўскіх адзінак, якія засталіся пасля рэарганізацыі. Як вядома, у нас забралі і бухгалтара, тым самым дзейнасць сельсавета не спрасцілі, а значна ўскладнілі.

Меркаванні запісалі  Маргарыта УШКЕВІЧ, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.