Вы тут

Як кнізе і чытачу знайсці адзін аднаго


Якім кнігам патрэбна больш прапаганды? Ці чакаюць сучаснага пісьменніка ў кнігарнях? Чаго не хапае бацькам, якія жадаюць развіць у дзіцяці цягу да чытання папяровай кнігі? Як блізка кніжны гандаль і пытанні патрыятычнага выхавання грамадства?.. Гэтыя і многія іншыя праблемы абмеркавалі ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-нарады па пытаннях рэалізацыі выдавецкай прадукцыі, якая прайшла ў Доме прэсы. Арганізатары — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ААТ «Белкніга» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


Сваімі думкамі наконт таго, як сёння павінны выглядаць кніжныя паліцы з сеткі кніжнага гандлю, як не дапусціць у кнігарні чужой нашай дзяржаўнай ідэалогіі прадукцыі, падзялілася начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама Вольга Чамаданава. Аб мерах, што прымаюцца па пашырэнні вытворчасці і рэалізацыі высокадухоўнай, патрыятычнай літаратуры, расказаў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. Разнастайнасці форм і метадаў знаёмства з кнігай дзяцей патрабуе сённяшні час, заўважыла дырэктар Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна Швед.

Эмацыйным і дастаткова шматпланавым было выступленне старшыні камісіі па кантролі за рэалізацыяй кніжнай прадукцыі, якая працуе ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, Уладзіслава Цыдзіка. Вядомы ў краіне публіцыст аглядальнік Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык востра і аб’ектыўна выказаўся пра месца і ролю творчай інтэлігенцыі ў будаўніцтве грамадства і дзяржавы, пра тыя пралікі, якія ўласцівыя і пісьменнікам, і ўсім, хто нясе адказнасць за культурнае асветніцтва ў краіне.

Падводзячы вынікі семінара-нарады, генеральны дырэктар ААТ «Белкніга» Уладзімір Матусевіч падкрэсліў значнасць сумеснай работы па піяру айчыннай кнігі, адзначыў, што поспех у гэтым напрамку сёння, як ніколі, магчымы пры актыўнай падтрымцы кнігагандлёвай дзейнасці творчымі людзьмі — пісьменнікамі, публіцыстамі, журналістамі.

Сяргей ШЫЧКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.