Вы тут

Кубракоў: «Міліцыя заўсёды знаходзіцца на перадавой». Міністр пра інавацыі ведамства і актуальныя выклікі. Эксклюзіў «Звязды»


Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць цану міру і спакою — гісторыя дала добры ўрок. Парадак на вуліцах, пачуццё абароненасці і спакою — адметнасць сучаснага беларускага гарадскога ландшафту. Гэта ў першую чаргу адзначаюць і госці нашай краіны. За парадак у доме, які завецца Беларусь, адказваюць органы ўнутраных спраў.

Ужо больш як 105 гадоў вартавыя правапарадку нясуць сваю службу, стаяць на перадавой барацьбы са злачыннасцю. Як удаецца быць на крок наперадзе зламыснікаў, якія сёння ў большай ступені дзейнічаюць у сферы высокіх тэхналогій, а таксама як развіваецца ведамства з улікам сучасных выклікаў і пагроз, у эксклюзіўным інтэрв'ю «Звяздзе» расказаў міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў. Кіраўнік ведамства падзяліўся: у штодзённым клопаце аб дзеючых супрацоўніках унутраных спраў, які ён трымае на асабістым кантролі, не забываецца і аб будучыні беларускай міліцыі — ужо сёння варта задумацца над дастойнай зменай: калі дзеці і не папоўняць міліцэйскія рады, то ў любым выпадку будуць сумленнымі і прыстойнымі грамадзянамі нашай краіны.


— Іван Уладзіміравіч, у Год гістарычнай памяці Міністэрства ўнутраных спраў актыўна ўключылася ў работу па захаванні памяці аб тых, хто загінуў, абараняючы нашу зямлю, у гады Вялікай Айчыннай вайны. Вы свята шануеце подзвіг супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія маюць дачыненне да гераічнага мінулага нашай краіны, аб чым сведчаць шматлікія патрыятычныя праекты ведамства. Чаму сёння нельга заставацца абыякавымі да падзей 80-гадовай даўнасці?

— Заставацца абыякавымі да подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны нельга нікому, ніводнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь. У нашай краіне гэта немагчыма, бо амаль у кожнай сям'і ёсць родныя людзі, якія загінулі ў той страшнай вайне. Што датычыцца супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і таго, што мы ўключыліся ў гэтую работу, скажу шчыра — яна ніколі не спынялася. У Год гістарычнай памяці праводзяцца больш значныя, масавыя акцыі, у якіх удзельнічае вялікая колькасць нашых супрацоўнікаў. Мы шануем памяць нашых калег незалежна ад таго, калі яны загінулі. Міліцыя заўсёды знаходзіцца на перадавой. У гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі ў ліку першых адстойвалі незалежнасць. Цяпер — стаяць на перадавой барацьбы са злачыннасцю. На жаль, мы губляем людзей у мірны час. Згодна з законам, нашы супрацоўнікі маюць права ахвяраваць сабой дзеля выратавання іншага чалавека. Аднак у нас няма жывых і мёртвых — у нас усе ў страі. І тыя супрацоўнікі, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў, заўсёды з намі. Міліцыя — такое ведамства, дзе ёсць асаблівы карпаратыўны дух. Любы супрацоўнік, які прыходзіць у органы ўнутраных спраў, пасведчанне і табельную зброю атрымлівае ў памятным месцы: або каля помніка супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ваеннаслужачым унутраных войскаў МУС, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, або каля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Для нас жыццёва неабходна памятаць і шанаваць калег, дзядоў і прадзедаў, якія абаранялі нашу Радзіму. Калі мы забудзем гэты подзвіг, то грош нам цана. Не можа быць выхавання патрыёта без памяці аб гэтым подзвігу.

— У кожнай беларускай сям'і, за рэдкім выключэннем, ёсць тыя, хто ўнёс уклад у Вялікую Перамогу. На франтах Вялікай Айчыннай з ворагам змагаўся і адзін з вашых дзядоў, другі загінуў падчас савецка-фінскай вайны. Як памяць аб іх захоўваецца ў вашай сям'і?

— У маёй сям'і ў розных войнах удзельнічалі тры чалавекі. Мой дзядуля, Кубракоў Цімафей Ягоравіч, загінуў у 1940 годзе падчас савецка-фінскай вайны. Яна была нядоўгай, але Савецкі Саюз страціў у ёй каля 130 тысяч чалавек. Мой дзед браў непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. Заставаўся роўна месяц да яе заканчэння, як ён ад ран памёр у шпіталі. Другі дзядуля, Лызікаў Сямён Елізаравіч, загінуў у 1944 годзе, вызваляючы Украіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта адбылося практычна на парозе вызвалення Мінска... Пахаваны ён у вёсцы Лебядзін або Лебядзіно на той момант Кіеўскай вобласці. Я аб гэтым даведаўся толькі тры-чатыры гады таму. Інфармацыю знайшлі ў архівах, там было пазначана, дзе знаходзіцца брацкая магіла. На жаль, у сувязі з падзеямі ва Украіне так і не змог пабываць на яго магіле. Імёны абодвух дзядуль занесены на мемарыял у горадзе Касцюковічы, дзе адзначаны мае землякі, якія загінулі за нашу Радзіму. Ужо ў сучаснай вайне ўдзельнічаў мой брат, які выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак у Рэспубліцы Афганістан. Дзякуй богу, вярнуўся жывы і здаровы, аднак таксама прайшоў праз пекла вайны. У нашай сям'і выхоўваюць дзяцей, асабліва сыноў, у духу патрыятызму і гераізму: калі запатрабавала абстаноўка, усе сталі на абарону Радзімы. Невыпадкова 9 Мая для нас — сапраўднае свята, якое адзначаецца ў абавязковым парадку.

— Толькі выхоўваючы падрастаючае пакаленне на гераічным мінулым, можна быць спакойнымі за будучыню нашых дзяцей...

— Вельмі часта даводзіцца чуць — і гэта адбываецца з пакалення ў пакаленне — фразы накшталт «цяпер іншая моладзь» або «моладзь ужо не тая». Некаторыя кажуць, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны маладыя людзі сталі на абарону Радзімы, а цяпер моладзь выхоўваецца ўжо па-іншаму. Аднак забываюцца пра тое, што выхаванне моладзі — у нашых руках, у руках дарослых людзей, у тым ліку прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. Ідэалогія павінна быць адна — гэта патрыятызм, і мы заўсёды займаліся дадзеным пытаннем. Аднак пасля 2020 года вывелі яго на абсалютна іншы ўзровень. Многія скардзяцца, што немагчыма дзіця выцягнуць з інтэрнэту. Няпраўда! Калі пачынаеш з дзецьмі працаваць, заўважаеш, што вельмі шмат хлопцаў, як і раней, марыць стаць вайскоўцамі, хочуць служыць у органах унутраных спраў. Ім трэба расказваць, для чаго гэта трэба, і тлумачыць, што не проста так сёння на нашых вуліцах парадак і спакой. Варта расказаць і аб тым, што адбываецца па-за нашымі граніцамі, і што гэта таксама не само сабой узнікла. І самае галоўнае, важна данесці сучаснай моладзі — калі мы будзем патрыётамі, будзем імкнуцца ўмацоўваць нашу Радзіму, то ніхто нават не асмеліцца тузануцца ў наш бок, бо будуць ведаць, што мы заўсёды абаронім сваю краіну.

— Ці апраўдалі сябе ваенна-патрыятычныя клубы, створаныя на базе часцей унутраных войскаў?

— Калі мы пачалі займацца патрыятычнымі клубамі, то не чакалі такога ажыятажу. Планавалася стварыць патрыятычны клуб у Мінску пры вайсковай часці 3214 — гэта наш спецназ. Меркавалі, што ў сталіцы атрымаецца дакладна. Аднак як толькі пачалі гэтым пытаннем займацца, адразу практычна з усіх адміністрацый раёнаў пачалі паступаць прапановы: чаму б не стварыць падобныя клубы ў Полацку, Наваполацку, дзе ў нас ёсць вайсковыя часці ўнутраных войскаў, у іншых населеных пунктах, дзе няма воінскіх часцей, але ёсць органы ўнутраных спраў? Адначасова стала паступаць вельмі шмат просьбаў ад бацькоў, якія хацелі запісаць туды сваіх дзяцей. Нядаўна з просьбай дапамагчы ў стварэнні патрыятычнага клуба да нас звярнулася адміністрацыя Касцюковіцкага раёна, адкуль я родам. У горадзе няма воінскай часці, гэта ўскраіна нашай краіны, але і там узнікла неабходнасць у такой форме ваенна-патрыятычнага выхавання. Спачатку гаворка ішла пра 20 дзяцей, сёння там займаецца каля 50 хлопчыкаў і дзяўчынак. Думаю, гэта яшчэ не мяжа. Наведваць такія клубы дзецям цікава: хтосьці займаецца спортам, хтосьці хоча навучыцца трапна страляць. Мы ведаем і іншыя прыклады, калі дзяцей вучыць вуліца. Таму ў такой форме работы зацікаўленыя як дзеці, так і бацькі. На бягучы момант у патрыятычных клубах займаецца каля 1800 непаўналетніх. Сярод іх — вялікая колькасць дзяўчынак. Я ганаруся тым, што ў нас расце такое пакаленне. Нас падтрымлівае Прэзідэнцкі спартыўны клуб, які аказвае дапамогу ў набыцці спартыўнага інвентару для дзяцей, за што мы вельмі ўдзячныя. Усе разам мы выхоўваем сапраўдных патрыётаў нашай краіны.

— Магчыма, у перспектыве многія з гэтых дзяцей папоўняць міліцэйскія рады...

— Безумоўна, мы зацікаўленыя ў гэтым. Ваенна-патрыятычныя клубы — адна з сістэм падрыхтоўкі будучых міліцыянераў. Будучых абаронцаў правапарадку мы выхоўваем і ў Спецыялізаваным ліцэі Міністэрства ўнутраных спраў. Там вучацца хлопцы з 7 да 11 класа. Потым яны, як правіла, паступаюць або ў Акадэмію МУС, або ў Магілёўскі інстытут МУС. З ранняга ўзросту мы ўкладваем у гэтых дзяцей паняцце сапраўднага абаронца правапарадку, якога мы потым хочам бачыць у асобе міліцыянера. Хлопчыкі паступаюць у ліцэй з вялікім задавальненнем. Супрацоўнікі міліцыі расказваюць, што іх дзеці, якія там вучацца, чакаюць заканчэння канікулаў, каб хутчэй вярнуцца ў ліцэй. Там шыкоўны басейн, спартыўная пляцоўка. Ёсць магчымасць не толькі займацца спортам, а ўсебакова развівацца: у абавязковым парадку навучэнцы наведваюць памятныя месцы нашай краіны, музеі, культурныя мерапрыемствы. У выхаванцаў па некалькі камплектаў формы адзення — мы поўнасцю забяспечваем нашых дзяцей. Сёлета быў немалы конкурс. Тут заўсёды хоча вучыцца больш юнакоў, чым можа прыняць навучальная ўстанова. У сувязі з гэтым узнікла неабходнасць стварыць яшчэ адзін ліцэй МУС. Цяпер праводзіцца апытанне грамадскага меркавання, дзе ён будзе найбольш запатрабаваны.

— Злачыннасць сёння не стаіць на месцы. Усё больш супрацьпраўных дзеянняў здзяйсняецца ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Аднак не стаіць на месцы і міліцыя. Наколькі аператыўна супрацоўнікі органаў унутраных спраў адсочваюць новыя павевы ў злачыннай дзейнасці і што дапамагае рэагаваць на іх?

— Зламыснікі шукаюць такія варыянты, каб можна было здзяйсняць супрацьпраўнае дзеянне і не несці за яго адказнасць. Аднак недарэмна супрацоўнікаў міліцыі мы вучым так, каб яны заўсёды былі на крок наперадзе злачынцаў. Пакуль апошнія яшчэ не падумалі аб тым, як будуць парушаць закон, мы ўжо павінны ведаць, як будзем супрацьдзейнічаць, прафілактаваць, а самае галоўнае, калі адбудзецца злачынства, яго спыняць і, натуральна, раскрываць. Сапраўды, сёння злачыннасць, асабліва што датычыцца махлярства, дзесьці ў 80 % сышла ў інтэрнэт. Мы аналізуем усе віды злачынстваў, якія здзяйсняюцца, у тым ліку ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Дарэчы, мы адны з першых у СНД пачалі займацца гэтай работай. Менавіта ў Рэспубліцы Беларусь былі створаны першыя падраздзяленні па супрацьдзеянні кіберзлачынствам. На цяперашні момант гэта ўжо сфарміраваная структура. Наш вопыт пераймаюць у многіх краінах, асабліва ў краінах Садружнасці. Навучанне супрацоўнікаў — адно з найбольш важных пытанняў. У Акадэміі МУС створана кафедра, дзе праходзяць і перападрыхтоўку, і навучанне будучыя спецыялісты ў згаданай сферы. Калі на працягу апошніх пяці гадоў у нас быў пад'ём дадзеных злачынстваў, то ўжо ў канцы 2021 года наступіў пераломны момант, калі, наадварот, мы бачым зніжэнне злачынстваў, якія адбываюцца ў сферы высокіх тэхналогій. Адным словам, міліцыя не стаіць на месцы.

— Апошнім часам зламыснікі выманьваюць у людзей грошы па стацыянарным тэлефоне...

— Тэлефоннае махлярства, так званае «Ало, мама!», — гэта вельмі прадуманая схема. Злачынцы тэлефануюць грамадзянам ад імя праваахоўных органаў і кажуць, што іх сваяк трапіў у бяду, з мэтай вырашэння сітуацыі просяць аддаць грошы. На жаль, нягледзячы на работу, якая праводзіцца (мы ў яе ўключыліся адразу), колькасць тых, хто перадае махлярам вялікія сумы, павялічваецца. Хачу яшчэ раз давесці да тых, хто асабліва пражывае адзін: не кідайцеся ў вір з галавой, а пераправерце інфармацыю. Дастаткова набраць тэлефон «102» і паведаміць, што да вас звярнуліся. Калі злачынцы тэлефануюць, яны кажуць, што ўсё павінна быць канфідэнцыяльна, бо калі грамадзяне аб гэтым камусьці раскажуць, будзе бяда. Не трэба верыць і паддавацца на такія хітрыкі. Што датычыцца гэтага віду злачынстваў, супрацоўнікі дастаткова паспяхова супрацьстаяць яму. Аднак міліцыя працуе ўжо тады, калі нашы даверлівыя грамадзяне аддаюць грошы. Мы знаходзім, затрымліваем (працэнт раскрывальнасці адзначанага віду злачынства — звыш 80 %), аднак іх можна ўвогуле пазбегнуць, калі нашы грамадзяне стануць больш пільнымі.

Хачу адзначыць і работу нашых сышчыкаў. Якія б злачынствы ні адбываліся, яны заўсёды даходзяць да ісціны і знаходзяць зламысніка. Кажучы аб тых, хто хаваецца ад следства, на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь мала хто прыязджае, бо ведаюць, калі да нас трапляе запыт ад калег, мы вельмі старанна адпрацоўваем і знаходзім гэтых людзей на нашай тэрыторыі. Мы імкнёмся працаваць на апярэджанне, каб не дапусціць здзяйснення злачынства. Аднак калі яно адбываецца, дзейнічаем прафесійна. Згадайце 2019 год, калі адбываліся нападзенні на катэджы. Рэзанансным стала рабаванне ювелірнай крамы «Яхант». Група зламыснікаў, якая здзяйсняла злачынствы на тэрыторыі Мінска, была вельмі дзёрзкая, падрыхтаваная — практычна не пакідала слядоў. Аднак менавіта дзякуючы нашым сышчыкам, дзякуючы згуртаванасці калектываў крымінальнага вышуку іх знайшлі. Увогуле я заўсёды захапляюся гэтымі хлопцамі: калі яны пачынаюць працаваць па злачынстве, для іх не існуе часу ў сутках. Яны адданыя сваёй справе і днём, і ноччу. Хацеў бы падзякаваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку, у якіх сёння свята (5 кастрычніка адзначаецца Дзень крымінальнага вышуку. — «Зв».), а таксама іх родным і блізкім, бо калі здараюцца рэзанансныя злачынствы, сем'і не бачаць іх дома па некалькі дзён.

— Прафесія міліцыянера заўсёды была спалучаная з рызыкай. Наколькі абароненыя сёння вартавыя правапарадку?

— Абароненасць супрацоўнікаў міліцыі — пытанне нумар адзін. Яно заўсёды знаходзіцца ў мяне на кантролі. Так, раскрыццё злачынстваў — гэта важна. Аднак не будзе ні раскрыцця, ні прафілактыкі, калі супрацоўнікі міліцыі не будуць упэўненыя ў сваёй абароненасці. Кожны міліцыянер, які ідзе на работу, асабліва гэта датычыцца практычных падраздзяленняў, тых жа ўчастковых інспектараў, не ведае, што яго чакае. Нямала прыкладаў, калі звычайны выклік аб сямейным скандале заканчваецца гібеллю альбо атрыманнем цялесных пашкоджанняў супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Такія выпадкі мы аналізуем і робім усё для таго, каб нашы супрацоўнікі былі прафесійна падрыхтаваныя, здольныя прыняць правільнае рашэнне ў экстрэмальнай сітуацыі. 2020 год — напэўна, у сучаснай Беларусі гэта адзін з найбольш яркіх прыкладаў таго, калі ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, іх сем'яў ажыццяўляўся беспрэцэдэнтны ціск. Спрабавалі паліць маёмасць міліцыянераў, пагражалі дзецям, жонкам. Не дапусціць больш падобнага — такая задача пастаўлена нашай службе ўласнай бяспекі, якая падпарадкоўваецца асабіста міністру ўнутраных спраў. Любую пагрозу здароўю або жыццю супрацоўніка міліцыі я адразу ж бяру на кантроль. На жаль, шмат выпадкаў супраціўлення, непадпарадкавання супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Згодна з унесенымі змяненнямі ў Крымінальны кодэкс, павялічана адказнасць за супраціўленне міліцыі — гэтыя злачынствы ўжо адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Што датычыцца ў цэлым клопату аб нашых супрацоўніках, цяпер на абсалютна іншы ўзровень мы падымаем нашу ведамасную медыцыну. У кожным рэгіёне ёсць паліклініка МУС. Шпіталь МУС — толькі рэспубліканскага ўзроўню. Узнікла неабходнасць стварыць месцы дзённага стацыянара для лячэння менавіта ў рэгіёнах. Нягледзячы на немалыя грошы, гэта патрэбна. Служба ў міліцыі звязана з вялікай нагрузкай, напружаннем, таму актуальныя пытанні і ў сферы прафілактыкі захворванняў супрацоўнікаў. Гэтаму мы аддаём асаблівую ўвагу: набываем новае медыцынскае абсталяванне, ствараем камфортныя ўмовы ў медыцынскіх установах, клапоцімся аб рэабілітацыі.

— Клапоціцеся вы і аб тым, каб у кожнага супрацоўніка органаў унутраных спраў быў свой дах над галавой. Жыллёвае пытанне — адно з найбольш важных у жыцці чалавека. Наколькі хутка яно вырашаецца для міліцыянераў?

— У рэгіёнах у нас практычна адсутнічае чарга на жыллё. Хачу падзякаваць усім старшыням аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама, якія заўсёды ідуць насустрач па вылучэнні арэнднага жылля, інтэрнатаў для міліцыянераў. Што датычыцца будаўніцтва, мы не стаім на месцы. Калі ёсць такая неабходнасць, я непасрэдна звяртаюся да кіраўніка дзяржавы, які нас заўсёды падтрымлівае. Вядома, жыллёвае пытанне існуе. Усім хацелася б прыходзіць у міліцыю і адразу атрымліваць кватэру, але перш трэба папрацаваць. Я ў свой час таксама жыў у інтэрнаце, потым у «маласямейцы» — гэта загартоўвае. Потым больш цэніш сваё жыллё. Што датычыцца арэндных кватэр, такія катэгорыі супрацоўнікаў, як патрульна-паставая служба, атрады міліцыі асаблівага прызначэння, забяспечваюцца ім у першую чаргу. Робім усё для таго, каб у прадстаўнікоў практычных падраздзяленняў клопат аб жыллі сыходзіў на другі план. Сярод міліцэйскіх сем'яў нямала шматдзетных. Яны таксама забяспечваюцца жыллём у ліку першых. Клопат пра калектыў — у прыярытэце. Калі прызначаецца кіраўнік на пасаду, асабліва начальніка РАУС, я заўсёды засяроджваю на гэтым увагу. Калі супрацоўнікі не будуць адчуваць падтрымку, не варта чакаць і вынікаў работы.

— Міністр унутраных спраў заўсёды на сувязі з народам, аб чым сведчаць вашы шматлікія паездкі па краіне...

— Імкнуся раз у тыдзень наведваць адзін з райаддзелаў. Калі вы'язджаю ў рэгіён, абавязкова сустракаюся з супрацоўнікамі, прашу, каб на такія сустрэчы, калі ёсць пэўныя пытанні, прыходзілі і члены іх сем'яў. Дапамога родным і блізкім супрацоўнікаў органаў унутраных спраў знаходзіцца на асабістым кантролі. Для міліцыянераў у мяне прыёмнага часу няма — таксама дзверы заўсёды адчыненыя для членаў іх сем'яў, ветэранаў. Звяртаюцца з рознымі пытаннямі. Напрыклад, у кагосьці муж пастаянна на службе і хочацца, каб дзіця хадзіла ў садок ці школу побач з домам. Усё вырашаецца. Нават бытавыя пытанні трымаюцца на кантролі: пачынаючы ад начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў, заканчваючы міністрам. Апошні ліст паступіў ад мамы хлопчыка, жонкі нашага супрацоўніка. Я чалавек несентыментальны, але на слязу прабіла. У іх расце сын, яму пяць гадоў, дзень нараджэння хлопчыка прыпадае на Дзень крымінальнага вышуку. Яго мама напісала, што сын хоча быць міліцыянерам. Хлопчык перагледзеў усе ролікі з удзелам міністра, АМАПа, на дзень нараджэння хоча падарунак — наведаць атрад міліцыі асаблівага прызначэння, пракаціцца на спецмашыне «ЗУБР» і пабываць у кабінеце міністра. Мы не маглі адмовіць, таму сёння ў нас будзе вельмі добры госць. Ён марыць стаць міліцыянерам, а мы ўсё для гэтага зробім.

— Абстаноўка ў свеце сёння неспакойная. Наколькі з улікам сучасных выклікаў і пагроз удасканальваецца ведамства?

— Мы добра разумеем, бачым, адсочваем тое, што адбываецца за межамі нашых граніц. У сувязі з апошнімі падзеямі даводзіцца вывучаць вопыт калег краін СНД. Дарэчы, і праваахоўнікі з розных краін вельмі ўдзячныя нам. Яны прыязджалі ў Беларусь пасля падзей 2020 года. У выніку многія рэчы прымянялі ў сваёй дзейнасці пры забеспячэнні аховы грамадскага парадку. Заўсёды кажу сабе, што 2020 год не буду ўспамінаць, але гэта немагчыма, і мы, напэўна, павінны яго памятаць: ён многаму нас навучыў, мы зрабілі пэўныя высновы.

Што датычыцца развіцця ведамства, мы ні на імгненне не спыняемся. Людзі заўважаюць міліцыянераў, якія нясуць службу па ахове грамадскага парадку, раскрываюць злачынствы, працуюць у пашпартна-візавай службе, ДАІ. Аднак вялікі масіў нашай дзейнасці — аператыўная, прафілактычная работа — схаваны ад вачэй. Як і пастаяння падрыхтоўка праваахоўнікаў да дзеянняў у асаблівых умовах. Дзень і ноч яны трэніруюцца — нездарма кажуць, што порах трэба трымаць сухім. Мы павінны быць у пастаяннай баявой гатоўнасці. Калі ў нас на тэрыторыі ўсё добра і спакойна, гэта не значыць, што міліцыянеры павінны расслабіцца. Супрацоўнікі ведамства ў любы момант гатовыя супрацьстаяць сучасным выклікам і пагрозам. І калі хтосьці, не дай бог, задумае зладзіць масавыя беспарадкі або, горш за тое, здзейсніць пэўныя супрацьпраўныя дзеянні, нашы падраздзяленні абавязкова забяспечаць ахову грамадскага парадку і бяспеку грамадзян. Удасканальванне ведамства ідзе па ўсіх кірунках: пачынаючы аб клопаце аб супрацоўніках унутраных спраў, заканчваючы іх экіпіроўкай, форменным абмундзіраваннем, спецсродкамі, тэхнічнымі сродкамі, закупкамі тэхнікі. Развіццё ідзе пастаянна.

— І дазвольце, крыху аб асабістым. У народзе кажуць: дрэнны той салдат, які не марыць стаць афіцэрам. Як пачынаўся ваш афіцэрскі шлях і хто паўплываў на прафесійны выбар?

— У першую чаргу, да работы ў органах унутраных спраў мяне падштурхнула выхаванне маіх бацькоў. Яны былі вельмі простымі людзьмі і часта паўтаралі — ніколі не трэба быць абыякавым да чужой бяды. Гэта праяўлялася ва ўсім, нават у дробязях. Я бачыў, як бацькі адносіліся да жыцця. Сыгралі сваю ролю і аповеды мамы аб яе бацьку, маім дзядулі, якога яна ніколі не бачыла. У міліцыі служыў мой старэйшы брат — дзесьці паўплываў і яго прыклад. Прыклад таго ж участковага, які прыязджаў у вёску, дзе я нарадзіўся. Тыя, хто жыў у Савецкім Саюзе, мы ўсе выхоўваліся на адных і тых жа фільмах, патрыятызм быў у кожным з іх. Для мяне застаюцца любімымі фільмы «Месца сустрэчы змяніць нельга», «Пятроўка, 38», «Агарова, 6», «Афіцэры». Адным словам, стаць міліцыянерам марыў са школы. Адразу паступіць у Магілёўскую школу міліцыі, на жаль, не атрымалася. Аднак пасля службы ва ўнутраных войсках я пайшоў працаваць у міліцыю. Пачынаў з Цэнтральнага РАУС Мінска, потым стаў рухацца далей — усё атрымалася. Калі заканчваў Мінскую спецыяльную сярэднюю школу міліцыі (потым ужо паступіў у Акадэмію МУС), нават не думаў, што так будзе. Меркаваў, што калі стану намеснікам начальніка раённага аддзела міліцыі, будзе вельмі добра. А яно вось як выйшла. Не трэба баяцца марыць, заўсёды варта ісці да сваёй мэты.

— Міліцэйская прафесія вам вядомая з самых нізоў. Ці сумуеце па тым часе, калі былі звычайным міліцыянерам?

— Я вельмі ўдзячны лёсу, што давялося працаваць участковым інспектарам міліцыі. Гэта выдатная школа жыцця, кузня кадраў. У 2001 годзе я быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара міліцыі. Уяўляеце, якая тады эканамічная абстаноўка была, шмат здзяйснялася злачынстваў — больш, чым цяпер. Участковыя — тыя міліцыянеры, якія бліжэй за ўсіх знаходзяцца да людзей, таму, калі нешта здараецца, людзі звяртаюцца ў першую чаргу да іх. Калі ўчастковы інспектар працуе з душой, то і на ўчастку будзе парадак. Людзі прыходзяць да мяне на прыём і расказваюць, што памятаюць участковага інспектара міліцыі Кубракова. Гэта прыемна. Імкнуся і цяпер ад практыкі не адрывацца. У любы час сутак, асабліва калі адбываюцца рэзанансныя злачынствы, працуючы і начальнікам УУС, і ГУУС, і ўжо будучы міністрам, заўсёды выязджаю на здарэнне. Пры прызначэнні начальніка любога райаддзела, імкнуся асабіста з ім пагутарыць, удакладніць, якія ёсць пытанні, праблемы. Дзе б не працаваў кіраўнік, ён павінен заўважаць простых міліцыянераў, якія выконваюць асноўную задачу.

— Напэўна, для кожнага чалавека ў пагонах важна, каб яго дынастыя мела працяг. Вам ёсць кім ганарыцца?

— Вядома! Сынам, які пачынаў службу з крымінальнага вышуку, цяпер працуе ў адным з міліцэйскіх падраздзяленняў Мінска. Нягледзячы на тую нагрузку, якую бачыў мой сын, маю пастаянную адсутнасць дома, ён сам прыняў рашэнне служыць, я ні ў якім разе на гэта не ўплываў. Ён планаваў паступаць у БДУ, а потым рэзка задаў пытанне, як прайсці камісію і куды звяртацца, каб прайсці іспыты ў Акадэмію МУС. Прызнаюся, я быў вельмі задаволены. Ганаруся сынам, што ён прыняў такое рашэнне. Рады, што не расце «сынком міністра». Так, ён мой сын, але выконвае тыя задачы, якія яму ставяцца, і ніколі — я адсочваю гэта вельмі жорстка — не прыкрываецца пасадай бацькі. Яму падабаецца працаваць у міліцыі, і я гэта бачу. Буду рады, калі ў яго ўсё атрымаецца, і жадаю, каб рухаўся толькі наперад. Гэта добра, калі дзеці ідуць па шляху сваіх бацькоў і гатовыя абараняць сваю Радзіму, што б ні адбывалася.

— Служыць Радзіме — гэта сапраўды прызванне? Ці можна гэтаму навучыць?

— Многае залежыць ад бацькоў, іх выхавання. Мы бачым, што адбываецца ў свеце. Калі абыякава адносіцца да патрыятызму, не адстойваць свае правы, не абараняць Радзіму, мы ведаем, чым усё можа скончыцца. Безумоўна, прымусіць любіць Айчыну немагчыма, але кожнаму чалавеку неабходна растлумачыць, для чаго гэта трэба. Растлумачыць на прыкладах гісторыі, якую забываць нельга. Важна памятаць, чым ахвяравалі нашы людзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — самым дарагім. Яны добра разумелі, што сілы няроўныя, але стаялі да канца, стаялі насмерць. Ахвяраваўшы сабой, яны далі магчымасць жыць нам, будучым пакаленням. На такіх прыкладах мы і павінны выхоўваць будучую моладзь. У нас усё будзе добра пры ўмове, што наша грамадства будзе адзіным цэлым, гатовым у любы момант, калі спатрэбіцца (вядома, мы не павінны гэтага дапусціць), стаць на абарону нашай Радзімы.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.