Вы тут

Медыйныя персоны расказалі пра сваіх любімых матуль


У Дзень маці, які адзначаецца ў нашай краіне 14 кастрычніка, мы звярнуліся да медыйных персон з просьбай расказаць пра сваіх любімых матуль. Кожны герой рабіў гэта з задавальненнем! А колькі цяпла, трапяткой пяшчоты, а часам і філасофскіх разважанняў было ў іх маналогах...


Дзмітрый Шабеця: «Мама — адна з самых вялікіх маіх прыхільніц»

Раман у оперы «Сівая легенда», Дубатоўк у «Дзікім паляванні караля Стаха», доктар Фаўст у аднайменнай оперы і Хазэ ў «Кармэн» — гэтыя і шмат іншых вобразаў стварыў Дзмітрый Шабеця на беларускай опернай сцэне. Для кожнага чалавека важна, а для артыста асабліва, каб яго падтрымлівалі родныя, і перш за ўсё мама.

«Мамачка аддае мне шмат увагі, часу, клопату — так было ў дзяцінстве, так працягваецца і дагэтуль, — распавядае Дзмітрый Шабеця, саліст Вялікага тэатра Беларусі. — Мы вельмі блізкія людзі, штодзённы рытуал «сазвону» ў нас адбываецца з усёй сям'ёй: з бабуляй і дзядулем у тым ліку.

Мы жывём у розных гарадах, мама — у нашым родным Гомелі, таму калі мы доўга не бачымся і калі я з'язджаю на гастролі, то заўсёды маем зносіны па відэасувязі. Вось якраз на мінулым тыдні ў мяне былі гастролі ў Маскве, усё ж хочацца паказаць: гатэль, тэатр, сцэны, касцюмы з новых пастановак, абмеркаваць найбліжэйшыя мерапрыемствы, ды проста ўсё, што заўгодна прыемна абмеркаваць разам.

Многія артысты нервуюцца, хвалююцца, калі ведаюць, што ў зале знаходзяцца іх сваякі, але гэта абсалютна не наш выпадак! Мне заўсёды вельмі прыемна, калі мае родныя ў тэатры ці на маіх канцэртах, я заўсёды адчуваю гэтае цяпло з залы. У нашай сям'і пануе вялізная падтрымка. Выходзячы на любы спектакль, канцэрт, конкурс, я адчуваю нябачныя крылы за спінай, бо ведаю, што за мяне моляцца і перажываюць мае родныя! Мама заўсёды прыязджае на мае прэм'ерныя спектаклі. Безумоўна, мама — адна з самых вялікіх маіх прыхільніц! Сам я вяду толькі Іnstagram, а астатнімі сацсеткамі амаль не карыстаюся, мама маніторыць і расказвае мне пра ўсё: якія каментарыі на пабліках, у тэатральных групах, хто, дзе і калі мне пакінуў лайкі, водгукі і гэтак далей. Часам мне здаецца, што яна яшчэ і мой брэнд-менеджар.

Мама вельмі любіць фатаграфавацца, падарожнічаць, у яе выдатнае пачуццё гумару, яна добры і чулы чалавек. Чалавек, якога я бясконца люблю і паважаю, якому я ўдзячны за ўсё. Вельмі рады, што ў мамы такія цудоўныя адносіны з маёй жонкай, уласна кажучы, як і ў мяне з цешчай.

А яшчэ ў нас заўсёды, як мы жартуем, вельмі пампезныя прыезды адзін да аднаго ў госці! Усе мы вельмі смачна гатуем, у нас сапраўдныя сямейныя застоллі, якія могуць здарыцца абсалютна спантанна. Проста тэлефануеш і кажаш: «Мам, мы зараз прыедзем у Гомель, будзем праз пару гадзін». І мама таксама ладзіць такія візіты-сюрпрызы.

Магу смела сказаць, што мая мамачка найлепшая на свеце, у нас вельмі шмат агульнага, а яшчэ... Яна неверагодна прыгожая жанчына!»

Улада Альхоўская: «Пакуль ёсць мама, ёсць і чалавек, які ў вас верыць»

Улада Альхоўская пайшла па слядах сваёй маці — пісьменніцы Ганны Альхоўскай. Калісьці ў інтэрв'ю нашай газеце жанчыны прызналіся, што яны — сяброўкі. У іх адсутнічае творчая рэўнасць, затое яны ўмеюць радавацца поспехам адна адной.

«Аднойчы час паскорыць свой ход — ён гэта робіць пасля кожнага вашага дня нараджэння. Усё мінулае падасца бясконца далёкім, сучаснае — тым, што пралятае міма, будучае — надыходзячым занадта хутка. Але пакуль ёсць мама, ёсць і шанц схавацца ў запаветным кутку дзіцячага, цёплага, сапраўднага. Закрануць тое, што ўяўлялася страчаным. Зазямліцца, пераправерыць каштоўнасці, знайсці новыя арыенціры, — разважае Улада Альхоўская. — Аднойчы вам здасца, што ўвесь свет супраць вас — нічога не атрымалася, мары абярнуліся расчараваннем, лепш ужо не будзе. Але пакуль ёсць мама, ёсць адзін чалавек, які ў вас верыць. Мама каго заўгодна сонейкам не назаве.

Аднойчы вам скажуць, што ва ўсіх бедах вашага сённяшняга дня вінаватая... Мама. Будзьце асцярожныя з верай. Модныя вучэнні хуткаплынныя, ніхто не ідэальны, а любоў вечная.

Аднойчы вы з мамай пасварыцеся. Хоць — не аднойчы, што хаваць. Часам гэта будзе гучна і ненадоўга, часам — абернецца небяспечнымі гадамі неразумення, непрабачэння і своечасова не сказаных слоў. Успомніце пра хуткаплыннасць часу, не дайце яму выслізнуць бязглузда і незваротна.

Люблю цябе, мама, са святам!»

Герман Цітоў: «Мая мама маладзее побач са мной!»

Герман Цітоў шырока вядомы як спявак і тэлевядучы, а яшчэ ён з'яўляецца лаўрэатам музычнай прэміі «Песня года Беларусі», піша музыку для топавых выканаўцаў. Журналісты ведаюць, што Герман не дае інтэрв'ю пра асабістае жыццё. А вось пра сваю маму расказаў.

«Мая мама — чалавек, якому я бязмежна ўдзячны. Самы вялікі падарунак нам робяць бацькі — дораць жыццё. Ёсць такое меркаванне, што жанчыны нараджаюць дзяцей для сябе. І сапраўды, мама з першых імгненняў жыцця дзіцяці побач з ім, якое любіць проста таму, што яно ёсць, — кажа Герман Цітоў. — Мая мама заўсёды дорыць мне свабоду, ніколі і ні ў чым «не цісне». Мама дае магчымасць пражыць сваё жыццё, самому здзейсніць свае памылкі, і ў той жа час вельмі засцерагае ад нейкіх учынкаў, якія могуць мець негатыўныя наступствы. Робіць гэта неверагодна далікатна: не дае прамую параду, а наводзіць на правільную думку.

У мяне даволі запальчавы характар, мама гэта ведае. Таму ініцыятарам усіх нашых сур'ёзных размоў звычайна выступаю я. Мне 37 гадоў, мама ні разу не спытала, калі я ажанюся. Калі я захачу, то магу з мамай падзяліцца асабістым і патаемным.

Мне вельмі падабаецца, што мая мама маладзее побач са мной! Мама ўсім цікавіцца: яна ведае ўсе навамодныя слоўцы, выдатна спраўляецца з рознымі гаджэтамі, сучасна выглядае. Яна цудоўная, таму што і мама, і сяброўка ў адной асобе!

Яшчэ я вельмі ўдзячны маці за тое, што яна ніколі не ўспамінае нічога дрэннага з майго жыцця, а толькі пазітыў.

Мая мама — далікатная, прыгожая, разумная, мудрая — люблю, захапляюся і дзякую!»

Вольга Няфёдава: «Мама была вельмі мудрай жанчынай»

Вольга Няфёдава вядомая як радыё- і тэлевядучая. Яна стварыла яркія вобразы ў кіно і запамінальныя ў тэатры. Звання Заслужанай артысткі Беларусі Вольга Няфёдава ўдастоена летась. Можна сказаць: «Шкада, што мама не дажыла да гэтага моманту». Але хто ведае — можа, недзе адтуль, з нябёсаў, яе мама ўсё бачыць...

«Мая мама — гэта мой свет, маё жыццё. Мама памерла сем гадоў таму, але не праходзіць і дня, каб я не ўспомніла яе, у думках не гаварыла з ёй. Першы год пасля смерці маці кожны дзень ездзіла на могілкі. Тады ад перажыванняў у мяне паралізавала нагу, быў доўгі перыяд рэабілітацыі, вучылася зноўку хадзіць. З гадамі боль прытупіўся, але стаў... глабальным, — кажа Вольга Няфёдава, мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра. — У нас з мамай ніколі не было адносін «сюсі-пусі». Мы маглі спрачацца, нават лаяцца, але пры гэтым заставацца вельмі блізкімі людзьмі. Мама і карала мяне... У першы клас я хадзіла ў школу ў Ждановічах. Ад школы да дома — пяць кіламетраў, па дзіцячых мерках — вельмі далёка. Нашая невялікая дзіцячая кампанія па дарозе здымала шапкі, тады такая мода была. А ў мяне да таго ж вельмі прыгожая стрыжка, так што я яе з задавальненнем дэманстравала. Мама даведалася пра гэта. Спакойна паразмаўляла са мной, патлумачыла, што вельмі небяспечна застудзіць галаву. Я паабяцала, што буду хадзіць у шапцы, але слова не стрымала. Маме зноў суседкі падказалі, што я без шапкі. Тады мама мяне схапіла і пакараціла стрыжку. Потым павяла ў цырульню. Майстар пытаецца: маўляў, хто ж так жудасна падстрыг гэта дзіця? І мая прыгожая, уся такая рэспектабельная мама спакойна адказвае: «Гэта я». Замест моднага сэсану ў мяне з'явілася просценькая дзіцячая стрыжка. І, вядома, пасля гэтага я ўжо хадзіла ў шапцы.

У класе сёмым я аб'явіла, што хачу стаць актрысай. Бацькі былі ў шоку. У нас амаль уся радня інжынеры, а тут артыстка. Вельмі ўдзячная бацькам, што ўсё ж такі далі мне магчымасць самой абраць прафесію. А мама нават у царкву хадзіла, ставіла свечкі, каб я паспяхова здала іспыты, а потым яшчэ год — ужо ў якасці падзякі за тое, што я паступіла.

Мама была вельмі мудрай жанчынай. Калісьці я была не згодна з нейкімі яе меркаваннямі пра канкрэтных людзей, а потым аказалася, што яна мела рацыю.

Няма нічога на свеце мацней за безумоўную матуліну любоў, калі цябе прымаюць такой, якая ты ёсць. Я адчуваю гэта. І я думаю, што вось гэтая вялікая любоў і сёння дае мне сілы вытрымаць усе выпрабаванні».

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабістых архіваў герояў

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.