Вы тут

Партызанская аперацыя часоў ВАВ, «Давай пажэнімся!» і літаратурная навінка


Партызанаў была толькі жменька...

Амаль 80 гадоў таму, у пачатку лістапада 1942-га, партызаны правялі ўнікальную аперацыю.


Разведка атрада імя Дзімітрава, які дзейнічаў на тэрыторыі трох раёнаў Брэстчыны, далажыла, што з украінскай станцыі Любяшоў фашысты адпраўляюць у Германію чарговы састаў з нарабаваным дабром. Камандзіру дыверсійнай групы Аляксандру Самуйліку, ураджэнцу вёскі Мохра Іванаўскага раёна, прапанавалі захапіць эшалон і з чырвоным сцягам праехаць па нямецкім тыле.

Для здзяйснення гэтай дзёрзкай аперацыі патрабаваліся добраахвотнікі, сярод якіх аказаліся былы памочнік машыніста паравоза Юрый Логінаў, храбрыя байцы Іван Уладзіміраў, Васіль Пукемаў, Зіновій Абакумаў, Ганна Рудзько ды іншыя. Па ранейшых баях і дыверсіях Аляксандр Самуйлік добра ведаў кожнага.

І вось раніцай 6 лістапада партызан Леанід Бяссонаўскі, апрануты ў форму чыгуначніка, размахваючы чырвоным сігнальным флажком, рушыў насустрач саставу. Той рэзка збавіў ход, што дазволіла Юрыю Логінаву падняцца ў кабіну машыністаў, якія без пярэчанняў падпарадкаваліся народным мсціўцам. З вагонаў паказалася ўстрывожаная ахова, але па ёй з засады застракаталі партызанскія аўтаматы. Частка ахоўнікаў загінула, астатнія ўцяклі ў лес.

Так пачаўся легендарны рэйс. Народныя мсціўцы прымацавалі на вагоны загадзя падрыхтаваныя лозунгі «Да здравствует 25-я годовщина Великого Октября!», «Раздавим фашистскую гадину!», да трубы паравоза прымацавалі чырвоны сцяг. З ім па варожых тылах жменька патрыётаў праехала 40 кіламетраў. На станцыях і каля вёсак састаў спыняўся, партызаны праводзілі кароткія мітынгі, заклікалі ў свае рады, раздавалі людзям нарабаванае ворагам дабро. Абоз з прадуктамі быў накіраваны і ў партызанскі атрад.

...На станцыі Вулька мсціўцы знялі чырвоны сцяг і лозунгі, з дапамогай вяскоўцаў загрузілі вагоны саломай і падпалілі. У будцы палаючага цягніка заставаўся машыніст Логінаў, які ў апошні момант, перад разбураным мостам праз раку Піна, здолеў выскачыць з паравоза, далучыцца да партызанаў, каб працягваць барацьбу супраць акупантаў.

...Летам 1943 года Аляксандр Самуйлік стаў камандзірам партызанскага атрада імя Кірава, у жніўні 1944-га за мужнасць і гераізм быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Пасля вайны больш за 30 гадоў працаваў на розных пасадах у Камянецкім раёне, стаў ганаровым грамадзянінам горада, дзе яго імем названая вуліца.

У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца самаробны сцяг «вогненнага цягніка», схема яго руху, фатаграфіі герояў — удзельнікаў рэйду і прысвечаная яму дакументальная кніга Міхася Рылко.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

г. Мінск


На тое ён і апошні

З цікавасцю заўсёды чытаю «звяздоўскую» старонку «Што людзі пішуць». Вось і на чарговай, ад 12 кастрычніка, ліст Ніны Бурко нагадаў той час, калі я працаваў старшынёй сельвыканкама, калі таксама займаўся арганізацыяй пахаванняў адзінокіх людзей.

Адно з іх не забуду да скону: суседзі заўважылі, што ў хаце, дзе зусім нядаўна з'явіўся адзінокі навасёл, днём гарыць святло, а дзверы знутры замкнутыя.

Прыйшлося выклікаць участковага, запрашаць панятых, узломліваць замок, тэрмінова і на сваёй машыне (ні ў міліцыі, ні ў медыкаў транспарту не аказалася) везці нябожчыка на экспертызу і толькі потым, нарэшце, ладзіць пахаванне, грошай на якое дзяржава тады не выдзяляла...

Факт, што з высновамі Ніны Бурко згаджаюся цалкам. Мы не заўсёды можам адказваць за той шлях, які чалавек выбірае сабе пры жыцці, але ў апошні — трэба праводзіць дастойна. А значыць, і рытуальныя паслугі развіваць таксама.

Аляксандр МАТОШКА

Расонскі раён


«Давай пажэнімся!»

Тут і цяпер гэта не назва папулярнай тэлеперадачы, а канкрэтная прапанова, якую малады чалавек зрабіў дзяўчыне... на другі дзень пасля знаёмства. І было тое не сёлета. І не летась, а... 65 гадоў таму.

У наш горад Аляксандра прыехала па размеркаванні Навапольскага сельгастэхнікума, з дыпломам бухгалтара і... разбітым сэрцам. Радавалася, што з'язджае, што будзе далёка ад родных мясцін, дзе застаўся каханы хлопец.

— Ён быў вельмі прыгожы, — успамінае жанчына. — Мне зайздросцілі ўсе дзяўчаты, а найлепшая сяброўка ўзяла і... адбіла. Мне так крыўдна было... Але ж у слёзы не кінулася: вырашыла, што я ім яшчэ дакажу — хуценька выйду замуж... Так яно і атрымалася, прычым так нечакана, так хораша — дагэтуль здзіўляюся, — гаворыць Аляксандра Аляксандраўна і выкладвае падрабязнасці. — Працавала я тады на МТС, жыла на кватэры. Хлопец з нашай «фірмы» прапанаваў падвезці дамоў на матацыкле. Я згадзілася. Назаўтра прыйшла на работу, а мне ўсе ў адзін голас кажуць, што рэпутацыя ў дзецюка яшчэ тая, што я не з тым звязалася... Вечарам, калі зноў сустрэліся, я і кажу, што гавораць пра яго, пра нас абы-што... Косця адразу: «Хочаш, каб не гаварылі?.. Дык давай пажэнімся». Я пытаюся: «А калі?» — Ён мне: «Ды хоць сёння». — «Сёння, — кажу, — ну ніяк... Мне ж сабрацца трэба, памыць сёе-тое. Давай у сераду». Ён згадзіўся, а назаўтра ўжо назад: маўляў, мама сказала, што ў сераду ніхто не жэніцца. Лепш у выхадны, у суботу... Мы першай жа дачакаліся і ў загс.

У тую ж памятную суботу 19-гадовая нявеста пераехала ў дом жаніха і там, разам з яго бацькамі, пражыла амаль 25 гадоў.

— Свякроў мая залатым чалавекам была, — гаворыць Аляксандра Аляксандраўна. — Яшчэ пры знаёмстве сказала, што з Косцем мы добра паладзім, што характар у яго харошы... Як і ў бацькі... Свякроўку я з першага дня мамаю звала, а свёкра — татам. Яны абое на ферме працавалі, вялікую гаспадарку трымалі, нябедна жылі. Мяне адразу палюбілі: песцілі, розныя абновы спраўлялі. Я не адну аксамітавую ды шыфонавую сукенку знасіла, не адны фетравыя боцікі!

А калі першая дачушка нарадзілася, свякроў адразу ж з работы сышла, дома засталася. Мы з Косцем працавалі. Я ў леспрамгасе, райпалівазбыце, ён — зваршчыкам у райсельгасхіміі. Мы з ім аднымі з першых у райцэнтры легкавую машыну купілі. Косця добра іграў на гармоніку (дарэчы, як і першы мой кавалер). У любой кампаніі з ім весела было, хораша. А калі выбіраліся да маіх бацькоў, я заўжды старалася прычоску зрабіць, хораша прыбрацца... І дачушак адзявала, нібы лялек, каб па прыездзе схадзіць да той сяброўкі (мы не парывалі адносін), каб паказаць, што мне пашчасціла болей... Бо так яно і было: у сяброўчынай сям'і ні ладу, ні згоды — сваркі, папрокі, рэўнасць... У нашай...

Аляксандра Аляксандраўна не ўтойвае, што маці яе, ну вядома ж, не ўхваліла такога паспешлівага замужжа. Ды ў чужой старане... Косцю таксама прыняла не адразу. Былі на прыкмеце хлопцы са сваіх, з мясцовых, з аўтарытэтных сем'яў...

— Лёс у маёй мамы быў вельмі няпросты. Нарадзіла яна восем дзяцей, — успамінае жанчына. — На адным тыдні трое памерлі — адзёр. Двух сыноў, якія выжылі пасля цяжкай хваробы, забрала вайна: адзін загінуў на фронце, другі — у партызанах. Мама, колькі жыла, столькі іх аплаквала... І за нас, вядома ж, вельмі хвалявалася... Цяпер Аляксандры Аляксандраўне Лазоўскай 85.

«Жыццё праляцела, як адно цудоўнае імгненне!» — кажа яна, маючы 46 гадоў працоўнага стажу, вывеўшы ў людзі дзяцей, дапамогшы гадаваць унукаў і дачакаўшыся праўнукаў.

Сярод іх, дарэчы, ёсць цёзка — таксама Аляксандра Аляксандраўна. Яе фотаздымак упрыгожвае школьную Дошку гонару.

— А я, бывае, тэлефаную ў паліклініку, там адразу ўдакладняюць узрост. Дык я і кажу, што гадоў мне шмат, але я не старая. І сапраўды: не адчуваю я старасці. Не скажу, што ўсё жыццё сваё лёгка пражыла, але ж прыгожа і весела. На рабоце паважалі, маю медаль, шмат грамат. Амаль 20 гадоў была сакратаром партыйнай арганізацыі. З мужам пашчасціла (шкада, што ранавата памёр), дочкі добрыя.

...Згадзіцеся, не часта сустрэнеш чалавека, які прызнаецца, што жыццё пражыў «на выдатна».

Для гэтага, як лічыць жанчына, трэба няшмат: кожнай Аляксандры сустрэць свайго Канстанціна.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

г. Узда


Вучыцца ў жыцця

Сучасная літаратура ўсё часцей грунтуецца на фактах, на сапраўднасці. І гэта заканамерна, бо ўдумлівага чытача якраз і цікавяць рэальныя гісторыі рэальных людзей.

Менавіта такія піша наша зямлячка Зоя Наваенка.

Лёс пісьменніцы ў многім тыповы для людзей яе пакалення: дзяцінства, якога пазбавіла вайна, школа, інстытут, больш за сорак гадоў працоўнага стажу.

І ўсё ж у лёсе Зоі Максімаўны ёсць шмат асаблівага, напоўненага штодзённымі назіраннямі за жыццём — сваім, сваіх родных і блізкіх, вучняў, сяброў, знаёмых... Менавіта яны, гэтыя ўдумлівыя назіранні, сталі асновай творчасці.

Першую аповесць Зоі Максімаўны «Детство в тумане войны» (выйшла дзесяць гадоў таму) высока ацанілі пісьменнікі Валерый Гапееў, Уладзімір Ліпскі, Тамара Краснова-Гусачэнка, Алег Ждан, паэт Алесь Жыгуноў, шматлікія прыхільнікі праўдзівага мастацкага слова.

За першай кнігай адзін за адным з'явіліся зборнікі вершаў і апавяданняў, а ў новую — «Сюрпрыз для класнага» — апроч іх, увайшлі 35 вясёлых і праўдзівых гісторый з любімай «звяздоўскай» рубрыкі «Алё, народ на провадзе!». Што адметна, пісьменніца ў сваёй творчасці не павучае чытача, не імкнецца яго перарабіць. Яна проста распавядае аб канкрэтных сітуацыях, ненавязліва прымушае задумацца і зрабіць высновы.

...«Сюрпрыз для класнага» — гэта ўжо пятая кніга Зоі Наваенкі: шчырая і праўдзівая, яна з жыцця і пра жыццё. Таму чытач лёгка «зжываецца» з яе героямі, сочыць за іх лёсамі. Да слёз кранаюць гісторыі пра вайну! А «звяздоўскія» «вясёлыя і праўдзівыя» гэтак жа, ледзь не да слёз, прымушаюць смяяцца. Па маіх назіраннях, такія кнігі маюць вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне.

...Ведаю, што не ў характары Зоі Максімаўны сядзець без справы: яна заўсёды ў страі і ў творчым пошуку. А значыць, чытач можа разлічваць на новыя цікавыя творы і новыя кнігі.

Наталля АЎЛАСЕВІЧ, бібліятэкар

г. п. Падсвілле

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.