Вы тут

Лукашэнка: Разам, талакой, можна пераадолець любыя перашкоды


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па пытаннях фарміравання Усебеларускага народнага сходу і змянення выбарчага заканадаўства. Разам з экспертамі па заканатворчай дзейнасці кіраўнік дзяржавы абмеркаваў шэраг прынцыпова новых напрацовак. Аднак перш чым прыступіць да размовы па заканадаўчых навацыях, беларускі лідар закрануў такія важныя пытанні, як заканчэнне ўборачных работ і цэнаўтварэнне. 


«Не хочаце ваяваць са зброяй, змагайцеся ў полі»

«Я папярэдзіў урад, гэта перш за ўсё задачы губернатараў, якія яны павінны вырашаць, уборачная кампанія ў нас скончыцца, калі апошні плуг сыдзе з поля і вы падымеце зябліва на 100 %, — звярнуўся да прысутных Прэзідэнт. — І папярэджваю ўсіх губернатараў ад спроб штосьці там у статыстыцы не тое што прыўкрасіць — з адной графы перанесці ў іншую. Тут у вас нічога не атрымаецца». 

Кіраўніком дзяржавы пастаўлена канкрэтная задача — ўзараць зябліва, завяршыць уборку ураджаю. Асабліва добрасумленна аднесціся да даручэння Аляксандр Лукашэнка папрасіў кіраўніцтва Гомельскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Пры гэтым папярэдзіў, што калі задачы будуць невыкананыя, спытае вельмі жорстка. «Скажу коратка: не хочаце ваяваць са зброяй — змагайцеся ў полі, на заводзе і фабрыцы, — кіраўнік дзяржавы патлумачыў, чаму з яго боку ідзе такі ціск і патрабаванне. — Наша вайна праходзіць не праз Украіну, а праз эканоміку, праз нас. Таму страсяніцеся, яшчэ раз паўтараю». 

«У аснове павінна быць справядлівасць»

Другое пытанне, на якое звярнуў увагу беларускі лідар, — цэнаўтварэнне. У пачатку месяца ўраду і ўсім зацікаўленым асобам была пастаўлена задача па выпрацоўцы мер кантролю і рэгулявання цэн. «Што датычыцца замарозкі цэн, размова ішла да 20 кастрычніка або да таго часу, пакуль не ўступіць у сілу пастанаўленне ўрада, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ніякай размовы аб татальнай, назаўсёды, замарозцы цэн не ішло. Размова ішла аб тым, што назапасілі вось столькі „тлушчу“. Гэта датычыцца ўсіх: і бізнесменаў, прадпрымальнікаў, і кіраўнікоў дзяржаўных форм уласнасці». 

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб усплеску інфляцыі ў пачатку года. Аднак гэта быў не часовы рост цэн, як многія палічылі. У выніку інфляцыя павялічылася ўдвая. «14 % — рост цэн. Што яшчэ трэба? — задаў пытанне беларускі лідар. — Як чалавек зямны, я гэта цудоўна ўсё разумею, і маё рашэнне да 20 кастрычніка — не чапаць цэны — было прадуманым і абгрунтаваным. Скажыце, хто рухнуў да сённяшняга дня? Ніхто не рухнуў. Сёй-той спалохаўся, бо больш на цэнах сваё багацце ствараць не будзе. Датычыцца ўсіх вытворцаў, аптавікоў і рознічнага гандлю. Усіх! Аднак гэта не значыць, што цэны спынены і заўтра яны расці не будуць».

Ёсць група тавараў — і аб гэтым кажа Прэзідэнт — якія мы набываем у іншых краінах, таму рост цэн на іх ад нас не залежыць. У прыватнасці, размова ідзе аб бананах, каве. «Мы іх закупаем, але для нас гэта невялікі страх, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Хто любіць каву, піце, калі ласка. Калі кава падаражэла — ну, прабачце. Я магу прапанаваць малако, гарбату. Я кавы не п’ю — і жывы-здаровы». 

У тым жа кантэксце і прыклад з тытунем. Хто хоча курыць, той павінен разумець, што гэта таксама немалыя выдаткі. Пры гэтым, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, рост цэн на імпарт таксама будзе кантралюемым. «Ніякіх бонусаў у гандлі на імпарт увогуле быць не можа, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Ні на імпарт, ні на нашы тавары ніякіх бонусаў быць не павінна. У аснову канцэпцыі кантролю і рэгулявання цэн (рэгуляваць можна і трэба) павінна быць пакладзена справядлівасць. У эканоміцы такога паняцця няма, аднак ў жыцці людзей справядлівасць заўсёды павінна прысутнічаць. Калі хочаце быць багацейшымі, скарачайце сабекошт. Аднак павінна быць справядліва!» 

У гэтай сувязі красамоўны прыклад, які прывёў кіраўнік дзяржавы. Некаторыя багацеі, стварыўшы ў Беларусі пэўную гандлёвую сетку, атрымліваюць у месяц па 207, 210, 270 тысяч рублёў, седзячы пры гэтым у Італіі або Варшаве. У той жа час кантралёр-касір у яго краме атрымлівае па 600 — 700 рублёў. «Гэта ўвогуле недапушчальна! — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Што гэта за грошы — 600 рублёў? А прадаўцы колькі атрымліваюць? Ад 700 да тысячы рублёў? Якія могуць быць размовы? Дзе справядлівасць? Чаму такая разбежка? Калі сярэдні заробак на заводзе тысячу долараў, кіраўнік не можа атрымліваць больш за шэсць тысяч. Ладна, у шэсць разоў ад сярэдняга заробку, а тут жа ў 200 разоў! У аснове павінна быць справядлівасць». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, кантралюючы працэс цэнаўтварэння, не трэба хадзіць натоўпамі па крамах. «Трэба выпрацаваць сістэму, — лічыць ён. — Адзін раз у краму зайшоў, паглядзеў, падалося вам, што цана вырасла, прасіце накладную і разбірайцеся. А калі трэба дзесьці павысіць цану — гэта выключны выпадак — давайце павысім». Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што калі тыя ж губернатары вырашаць, што цэны патрэбна пасунуць, няхай рухаюць: кіраўнік дзяржавы будзе ведаць, хто за гэтае рашэнне нясе адказнасць.

«Не дай Бог зноў нейкая там вайна або заварушка, або яшчэ нешта здарыцца, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Я бачу жудасны ціск на вас перш за ўсё, але ўжо і на мяне пачалі выходзіць — ах, на паўзу эканоміку паставілі. Якая эканоміка на паўзе пастаўлена? Дакладна ўсё павінна быць. Ты прыйшоў у гандаль працаваць — працуй, вітаю. Мы табе дапамагаем: зямлю далі, крэдыты, каб пабудаваць прадпрыемства. Ты ўзяў людзей і прыняў на работу — ты за іх перш за ўсё адказваеш. Калі ласка, працуй. Правілы такія». 

У сувязі з гэтым Прэзідэнт узгадаў, як некаторы час, няхай і на грамадскай рабоце, працаваў з прадстаўнікамі сферы гандлю. «Гэта вельмі выканаўчыя людзі былі, — заўважыў ён. — Я ім сказаў так — значыць будзе так: як банкіры — ні ўлева, ні ўправа. І калі там дрэнна, значыць мы іх распусцілі, значыць там няправільныя каманды». 

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: размова ідзе не аб тым, каб замарозіць цэны, а аб тым, каб узяць працэс цэнаўтварэння на кантроль. Прэзідэнт не супраць, каб ствараліся новыя тавары. Толькі новыя — з новымі спажывецкімі якасцямі. Каб не было, як з падзеленай курыцай, якая прадаецца ўдвая даражэй, чым цэлая. «А то, ці бачыце, узвылі — не тое рашэнне прынята, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Адступлення быць не можа. Не дай бог, будзе прынята нейкае куцае, незразумелае, спусціўшы рукавы, рашэнне».

«Менш бардаку, больш арганізаванасці»

Вярнуўшыся да пытання завяршэння ўборкі ўраджаю, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што канчаткова трэба мабілізавацца. Прэзідэнт абурыўся, калі даведаўся, што на некаторых сельскагаспадарчых прадпрыемствах выхадныя з сярэдзіны пятніцы да сярэдзіны панядзелка. «Азімыя недасеяны, а ў іх выхадны, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Зімой будзем адпачываць. Вось адсюль — цэны. Ад бардаку, які заганяе кошт тавару, і цэны растуць шалёна. Менш будзе бардаку, больш арганізаванасці — больш будзе толку». 

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што некаторыя ўжо разважаць сталі, што збожжа хапае, трэба грубых кармоў паболей, сакавітых, травяністых. «Правільны падыход, — пагаджаецца Аляксандр Лукашэнка. — Дык гэта вы толькі на 50 % арганізаваліся. Дабаўце яшчэ 50, і мы перастанем датаваць сельскую гаспадарку. Якія санкцыі? Якія ў Беларусі санкцыі? Што нам перашкаджае сёння працаваць? Назавіце хоць адзін тавар, які мы не можам прадаць? Расія ўсё паглыне. За выключэннем дзвюх-трох пазіцый. Ну дык гэтыя дзве-тры пазіцыі вазьміце пад кантроль. Усё астатняе прадаецца са свістам, па экспарце цэны шалёныя. Аднак не забывайце, мы павінны накарміць сваіх дзесяць мільёнаў і два мільёны гасцей, якія да нас прыязджаюць».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт расказаў, што расійскія вайскоўцы, якія прыбываюць у нашай краіне, у захапленні, як іх прынялі ў Беларусі: пасялілі, накармілі, дапамагаюць, навучаюць. «Так павінна быць усюды, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Лёс наш такі. Іншы варыянт — вайна. Рабіце добрасумленна сваю справу, усё астатняе — маё. І мы ніколі ваяваць не будзем». 

«УНС — гэта апора і для народа, і для ўлады»

Вяртаючыся да тэматыкі нарады, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым бягучага года адбыўся рэферэндум. На ім народ вызначыў шляхі далейшага развіцця беларускай дзяржавы. «Для нас з вамі — гэта фундаментальныя, стратэгічныя напрамкі, па якім неабходна працаваць. Рашэнне пастаўленых задач патрабуе пабудовы належнай прававой асновы», — заўважыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу трэба вызначыць парадак фарміравання і дзейнасці новога органа ўлады — Усебеларускага народнага сходу, скарэкціраваць выбарчае заканадаўства. Адпаведныя законапраекты ўжо падрытаваныя, але, як дакладваюць Прэзідэнту, асобныя іх палажэнні выклікалі сур’ёзныя дыскусіі. Удзельнікі нарады абмеркавалі шэраг прынцыпова новых напрацовак. 

Пачалі — з праекта аб Усебеларускім народным сходзе. Прэзідэнт нагадаў, што гэты закон неабходна прыняць не пазней за сакавік 2023 года. Ён акцэнтаваў увагу, што часу на разварушванне няма. «УНС павінна аб’яднаць дэлегатаў ад усіх рэгіёнаў і пластоў насельніцтва, прадстаўнікоў улады і нашага грамадства. Разам, талакой, можна пераадолець любыя перашкоды, знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі. Пры гэтым хачу падкрэсліць, што дэлегаты УНС працуюць на грамадскіх пачатках. Людзі там не задзейнічаныя як дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на пастаяннай аснове. Гэта іх не асноўная праца. Таму не трэба лямантаваць і крычаць, што мы будзем велізарныя грошы выдаткоўваць на УНС», — адзначыў беларускі лідар. 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Усебеларускі народны сход — гэта апора і для народа, і для ўлады. Таму, важна, каб непасрэдна людзі прымалі рашэнні, на якія потым будуць абапірацца дзяржаўныя органы. «Гэта значыць, нам будзе прасцей працаваць, калі гэтая талака (там 1200 ці колькі чалавек) збяруцца, прадстаўнікі адтуль знізу, якія бачаць цэны ў крамах, якія гайкі круцяць і хлеб сеюць і прымуць рашэнне, у якім кірунку рухацца», — растулмачыў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што ва Усебеларускага народнага сходу павінны быць не толькі вызначаныя Канстытуцыяй паўнамоцтвы, але і іншыя. Асноўны Закон гэта дазваляе. Прынамсі, не забараняе. «Гэта не значыць, што мы павінны пашырацца і Усебеларускі народны сход будзе не толькі перасякаць нейкія паўнамоцтвы Прэзідэнта, парламента, судовай улады і яшчэ горш — будзе перашкаджаць ім працаваць. Гэтага не павінна быць. УНС павінен займацца сваімі пытаннямі, тымі, якія не будуць уваходзіць у кампетэнцыю органаў улады. Ён наверсе, як народнае веча. Абмеркавалі,прынялі рашэнне па пэўных пытаннях, па пэўных пытаннях парэкамендавалі, пакрытыкавалі і разышліся. Усе астатнія, як і сёння, вырашаюць свае паўсядзённыя пытанні», — растлумачыў ён. 

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць бесперапынную працаздольнасць Сходу без стварэння грувасткага адміністрацыйнага апарата. «Гэтага ні ў якім разе не будзе, гэта я гарантую», — падкрэсліў ён.

Выбары 2024 года трэба правесці па новых правілах

Па словах Прэзідэнта, у Законе аб УНС варта раскласці па палічках многія пытанні: кампетэнцыю, механізм утварэння органа, як будзе выбірацца склад дэлегатаў, патрабаванні, якія да іх прад’яўляюцца. У сваю чаргу, парадак абрання дэлегатаў будзе дэталёва прапісаны ў Выбарчым кодэксе. «Да абнаўлення Выбарчага кодэкса мы абавязаны падысці сістэмна і правільна. Гэта найважнейшы заканадаўчы акт, паводле якога ажыццяўляюцца электаральныя працэсы ў краіне, пачынаючы ад рэспубліканскіх рэферэндумаў, заканчваючы сельскімі Саветамі. У дадзеным дакуменце ўсё павінна быць зразумела і для выбаршчыкаў, і для членаў камісій», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што патрэба ў змене Кодэкса наспявала паступова, на працягу некалькіх гадоў. Але зараз само жыццё прымушае аператыўна працаваць і паскарацца. 

«Выбары, якія адбудуцца ў 2024 годзе, мы павінны правесці ўжо па новых правілах. Засталося крыху больш за год. Гэта будзе самая маштабная кампанія за апошнія гады», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таму на працягу кароткага часу неабходна абраць дэпутатаў усіх узроўняў, сфарміраваць склад Савета Рэспублікі, вылучыць дэлегатаў УНС. 

Прэзідэнт папярэдзіў, што лёгкіх выбарчых кампаній чакаць не даводзіцца: «Самі бачыце, у якіх умовах знаходзіцца наша краіна. Нявызначанасць міжнароднай абстаноўкі, беспрэцэдэнтны знешні ціск, інфармацыйныя атакі і правакацыі. Ды яшчэ своечасова ўбіраць, араць не жадаем і цэны кантраляваць, каб людзі бачылі, што мы дзяржава для народа. Дык давайце будзем для народа». 

Беларускі лідар акрэсліў асноўныя пытанні: чаго не хапае ў гэтым плане, ці гатовыя да працы па новых правілах. І вельмі важная пытанне — ці дастаткова мер, якія дазваляюць супрацьдзейнічаць спробам дэзарганізацыі выбараў? Па словах Аляксандра Лукашэнкі, да гэтага рыхтуюцца, і рыхтуюцца ўжо не проста «выйсці ў кароткіх спаднічаках кветачкамі памахаць». 

«Я даручыў сілавікам паінфармаваць народ, што адбываецца. Гэта вельмі важная праблема. Усе: „Вось гэта праблема, Лукашэнка народ запалохаць хоча“. Ды наадварот, я не хачу, каб вы запалохваліся. Я хачу, каб народу данеслі ўсё тое, што адбываецца, амаль на сто працэнтаў адкрыта. А народ потым няхай прымае рашэнне. Калі за два гады не пераканаліся, што з намі хацелі і хочуць зрабіць — прымайце рашэнні. Хочаце праз бяду прайсці — калі ласка, сцяг у рукі, ідзіце. Жадаеце, каб было ціха і спакойна, каб увечар і раніцай у душ схадзіць, каб дзетак выкупаць у цёплай вадзе, каб цяпло ў доме было, каб газ нафта і іншае было, каб было што паесці, апрануцца ў нешта калі вы гэтага хочаце — зубы сціснулі і наперад. Рабіце тое, што я вам кажу», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Гэта наш унікальны прававы вопыт

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ЦВК прапануе істотнае скарачэнне колькасці акруговых выбарчых камісій. На яго думку, наўрад ці гэта кагосьці перагрузіць. Але гэта пытанне таксама было вынесенае на абмеркаванне. Прэзідэнт прапанаваў паглядзець на выбары за мяжой, разабрацца ў іншых праблемах. 

Аб рабоце над законапраектам «Аб Усебеларускім народным сходзе» далажыла Святлана Любецкая, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве. Яна падкрэсліла, што гэты законапраект з’яўляецца спецыфічным па сваёй сутнасці. «Аналагаў прававога рэгулявання парадку фарміравання і дзейнасці найвышэйшага прадстаўнічага органа, якім з’яўляецца УНС у міжнароднай практыцы няма. Прапанаванае заканадаўчае замацаванне інстытута УНС — гэта наш нацыянальны ўнікальны прававы вопыт, які мае пры гэтым гістарычны правобраз», — адзначыла парламентарый. 

«І абкатаны гадамі. Гэта наша, і мы гэта выпрабавалі дзесяцігоддзямі з 1996 года», — звярнуў увагу Прэзідэнт.

Святлана Любецкая расказала, што пры падрыхтоўцы законапраекта з улікам гістарычнай і заканадаўчай базы вырашаліся тры асноўныя задачы. Першая — замацаваць такі механізм фармавання УНС, які з аднаго боку забяспечваў бы аўтарытэт, прафесіяналізм і эфектыўнасць працы дэлегатаў, з другога — легітымнасць сходу. Гэта значыць прызнанне грамадствам прымаемых сходам рашэнняў за кошт прадстаўніцтва дэлегатаў — ад усіх галін улады, ад мясцовых Саветаў дэпутатаў і ад грамадзянскай супольнасці. «Пры гэтым парадак абрання дэлегатаў ад мясцовых Саветаў дэлегатаў і грамадзянскай супольнасці павінен быць максімальна простым, выключыць складаныя шматступенныя працэдуры, каб лішні раз не далучаць ЦВК і суды ў разглядзе скаргаў. Яшчэ на стадыі работы Канстытуцыйнай камісіі быў вызначаны падыход — не ператвараць фарміраванне УНС у яшчэ адну электаральную кампанію», — расказала Святлана Любецкая. 

Другая задача — вызначыць парадак рэалізацыі канкрэтных канстытуцыйных паўнамоцтваў УНС, вызначыўшы менавіта ў законе ўстанаўленне лёсавызначальных для краіны рашэнняў, пачынаючы ад ініцыявання правядзення рэспубліканскіх рэферэндумаў да аб’яўлення і ўвядзення надзвычайнага або ваеннага становішча.

Трэцяя задача — сфарміраваць кампактную структуру УНС, дакладна вызначыць паўнамоцтвы старшыні, функцыі прэзідыума, каб яны не перасякаліся з кампетэнцыяй сходу і не падмянялі яго.

«У выніку з улікам надзялення сходу стратэгічна важнымі ў сённяшнім няпростым становішчы паўнамоцтвамі ключавым і самым абмяркоўваемым з’яўлялася пытанне фарміравання УНС», — падкрэсліла парламентарый. 

У тэму

Святлана Любецкая: «Гэта дасягненне народнай згоды»

 

Пасля нарады з Прэзідэнтам старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Святлана Любецкая расказала журналістам, што поўных аналагаў такога інстытута, як Усебеларускі народны сход, у міжнароднай практыцы няма. «Ёсць элементы, якія мы аналізавалі і якія выкарыстоўваліся пры фармаванні законапраекта, як наогул адбываецца заканатворчасць, але тое, як сёння фармалізаваны палажэнні адносна Усебеларускага народнага сходу, — гэта нашы напрацоўкі, — падкрэсліла парламентарый. — Таму пытанне фарміравання Усебеларускага народнага сходу таксама абумоўлена тымі пасыламі, якія былі закладзены яшчэ ў абноўленай Канстытуцыі. Гэта дасягненне народнай згоды, гэта дэмакратычнасць усіх органаў, у тым ліку вышэйшых прадстаўнічых, для таго, каб прымаць стратэгічна важныя рашэнні».

У Канстытуцыі вызначана гранічная колькасць УНС — 1200 дэлегатаў. Мяркуецца, што гэта будуць прадстаўнікі розных сфер: тыя, хто працуе ў выканаўчай уладзе, дэпутаты мясцовых Саветаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. «Таму і была задача распрацаваць законапраект «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», каб было зразумела, хто гэтыя суб'екты, як яны будуць дзейнічаць, у тым ліку ў мэтах стварэння УНС. Такі прыярытэтны прынцып фарміравання агульнага складу УНС будзе накіраваны на ўлік інтарэсаў розных слаёў насельніцтва», — растлумачыла яна. Згодна з праектам Закона «Аб асновах грамадзянскай супольнасці», правам выбрання дэлегатаў будуць валодаць рэспубліканскія грамадскія аб'яднанні з колькасцю не менш як 100 тысяч чалавек. Сёння пад такія крытэры трапляюць ФПБ, ветэранская арганізацыя, РГА «Белая Русь», БРСМ і Беларускі саюз жанчын.

Валерый Міцкевіч: УНС — гэта найвышэйшы орган народнага прадстаўніцтва

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Валерый Міцкевіч расказаў, што прапанаваныя пазіцыі Закона «Аб Усебеларускім народным сходзе» былі падтрыманы Прэзідэнтам. «У нас ёсць поўнае разуменне, у якім напрамку мы рухаемся, — паведаміў ён. — У Канстытуцыі дакладна прапісаны ўсе асноўныя паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу. Нормы Канстытуцыі дазваляюць надзяліць сход іншымі паўнамоцтвамі. У законе вызначаны паўнамоцтвы прэзідыума, гэта рабочы орган сходу, які будзе функцыянаваць у перапынках паміж сходамі. У законе прапісана, што будзе створаны сакратарыят Усебеларускага народнага сходу, які будзе забяспечваць тэхнічную падтрымку работы сходу. Усебеларускі народны сход — гэта вышэйшы орган народнага прадстаўніцтва, і, адпаведна, у Канстытуцыі ён мае найважнейшае месца. Ён будзе зацвярджаць стратэгічныя напрамкі развіцця нашай краіны і таксама выконваць функцыі стабілізацыйнага органа».

У адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі, Закон «Аб Усебеларускім народным сходзе» павінен быць прыняты да 15 сакавіка 2023 года. «Прэзідэнт даручыў абмеркаваць гэты праект закона з максімальна шырокімі слаямі насельніцтва, у працоўных калектывах, з грамадскімі аб'яднаннямі, для таго, каб атрымаць зваротную сувязь», — падзяліўся Валерый Міцкевіч.

Аб удасканаленні выбарчага заканадаўства расказаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Ігар Карпенка. Па яго словах, у цэлым канцэптуальна змяненні ў выбарчае заканадаўства Прэзідэнтам былі падтрыманы. «Яшчэ будзе працаваць дэпутацкі корпус, хоць ён ужо падключаўся на этапе распрацоўкі законапраекта «Аб змяненнях і дапаўненнях у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь», — удакладніў Ігар Карпенка. — Я думаю, што сумесна з дэпутатамі мы правядзём выязныя пасяджэнні профільных камісій і шэраг дыялогавых пляцовак, хоць гэта мы ўжо часткова рабілі. Сёння было даручана правесці абмеркаванне з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый. Мы гатовы ў гэтым плане папрацаваць».

Гаворачы аб рабоце над Выбарчым кодэксам, старшыня ЦВК вызначыў тры прынцыповыя пазіцыі. Па-першае, кодэкс прыводзіцца ў адпаведнасць з унесенымі змяненнямі ў Канстытуцыю. У прыватнасці, даецца права ўдзельнічаць у выбарах грамадзянам, якія знаходзяцца пад следствам, але пры гэтым у адносінах да іх яшчэ не вынесены прыгавор суда. Акрамя таго, у абноўленым кодэксе да кандыдатаў у прэзідэнты і дэпутаты будзе прад'яўляцца шэраг новых патрабаванняў. Па-другое, Выбарчы кодэкс, які дзейнічае на дадзены момант, суадносіцца з тымі навацыямі ў заканадаўстве, якія сёння паралельна ідуць або ўжо прыняты ў заканадаўчых актах. Па-трэцяе, змяненні звязаны з аналізам практыкі выбарчых працэсаў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама за яе межамі.

«Калі ў адзіны дзень галасавання будуць праходзіць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў усіх мясцовых Саветаў у адзін дзень, у прыватнасці 25 лютага 2024 года, трэба стварыць і пэўныя прававыя нормы, якія дазволілі б і камісіям працаваць якасна, — звярнуў увагу Ігар Карпенка. — Напрыклад, на мясцовых Саветах у нас няма парога яўкі выбаршчыкаў. Гэта значыць, колькі прыйшло на выбарчыя ўчасткі, прыняло ўдзел у галасаванні — ад гэтай колькасці і абралі дэпутатаў. На парламенцкіх выбарах у нас ёсць парог яўкі. Мы прапаноўваем гэты парог яўкі зняць, а значыць, выраўняць усе выбары для таго, каб і камісіям было прасцей працаваць, і суб'ектам, якія непасрэдна арганізуюць усю гэтую дзейнасць».

Яшчэ адна навацыя прапануецца ў адносінах да акрэдытацыі назіральнікаў. Цяпер назіральнік можа прыйсці і акрэдытавацца для назірання на выбарах нават у дзень галасавання. Гэта не зусім справядліва. «Калі цябе мэтанакіравана вылучае якая-небудзь арганізацыя, або грамадзяне, або працоўны калектыў назіраць за выбарамі або рэферэндумам, значыць, паклапаціся загадзя — прыйдзі, акрэдытуйся ў камісіі, азнаёмся, дзе будзе праходзіць галасаванне, пазнаёмся з членамі камісіі», — патлумачыў сутнасць прапанаванага новаўвядзення Ігар Карпенка.

Вераніка КАНЮТА

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.