Вы тут

Рэдкія выданні кніг Коласа можна пабачыць ў сталічным музеі


У год Гістарычнай памяці святкаванне 140-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа стала знакавай падзеяй у культурным жыцці Рэспублікі Беларусь. Святочныя мерапрыемствы ў гонар Песняра праходзяць па ўсёй краіне. Кульмінацыяй стала адкрыццё помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах, на малой радзіме паэта. 


Якуб Колас. 1946-1947 гг.

Асабліва плённа ў юбілейны год пра¬цаваў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. У музеі Песняра праходзілі не толькі экскурсіі, але і імпрэзы, канферэнцыі, круглыя сталы, тэатралізаваныя прадстаўленні, прыcвечаныя жыццю і творчасці пісьменніка. Упершыню прайшоў фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» пры падтрымцы выдавецкага дома «Звязда» і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прэзентацыя факсімільнага выдання паэтычнага зборніка Якуба Коласа «Водгулле», які пабачыў свет 100 гадоў таму, і выхад кнігі «Табой я жыў, табой жыву. Пра жонку Якуба Коласа», якая аб’яднала матэрыялы з фондаў музея і прыватнага архіва нашчадкаў паэта, сталі знакавымі вехамі дзейнасці музея. 

У юбілейны год Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ажыццявіў шэраг выставачных праектаў, рознабакова паказваючы асобу класіка беларускай літаратуры і адкрываючы таямніцы сваіх фондаў. У музеі і за яго межамі прайшлі выстаўкі жывапісных і графічных партрэтаў Песняра, асаблівую цікавасць выклікалі мастацкія работы, напісаныя пры жыцці пісьменніка. Часовая экспазіцыя «Якуб Колас — дэпутат», якая ўпершыню была прадстаўлена на дзявятай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пазнаёміла з дзейнасцю Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча на пасадзе дэпутата Вярхоўнага Савета БССР і СССР. А ён і сапраўды зрабіў нямала. Як паэт і пісьменнік Якуб Колас заўсёды адгукаўся на праблемы простага чалавека, у вершах, паэмах, аповесцях і апавяданнях, публіцыстычных творах паказваў жыццё чалавека ва ўсёй яго складанасці і супярэчнасці. Стаўшы дэпутатам, Якуб Колас дзейсна вырашаў многія пытанні, якія не давалі супакою яго чуламу сэрцу. «Служыць народу — вялікае шчасце, у гэтым сэнс маёй дэпутацкай і паэтычнай дзейнасці», — пісаў Якуб Колас. Часовая экспазіцыя «50 імгненняў: фоталетапіс жыцця Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа» пазнаёміла з рэдкімі фотапартрэтамі класіка з фондаў музея Песняра. Ажыццявіўся і шэраг сумесных выставачных праектаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы, Дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мінскім абласным краязнаўчым музеем ў Маладзечне. Выставачныя праекты, прысвечаныя 140-годдзю з дня нараджэння пісьменніка, атрымлівалі пазітыўныя водгукі наведвальнікаў. Спадзяёмся, юбілейная выстаўка не стане выключэннем. 

Якуб Колас, Максім Танк, Пятрусь Броўка ў перарыве на ІІІ сесіі Вярхоўнага Савета БССР 4-га склікання. Мінск, 1956 г.

Сёння часовая экспазіцыя «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах» адкрываецца ў сталічным музеі Песняра. 

Там можна ўбачыць рэдкія выданні кніг з аўтографамі Якуба Коласа. Кожнае прадстаўленае выданне ўнікальнае і непаўторнае, бо памятае цеплыню рук паэта, захоўвае рукапісны аўтограф аўтара. 

Паэт з задавальненнем дарыў свае творы людзям са свайго акружэння. Сярод уладальнікаў кніг — родныя і блізкія паэта, яго знаёмыя і сябры, былыя вучні, навукоўцы, дактары, паэты і пісьменнікі, грамадскія і дзяржаўныя дзеячы. Кожная кніга адкрывае перад намі гісторыю знаёмства, сяброўства і стасункаў паэта з рознымі людзьмі. Паэт падарыў выданні з рукапіснымі прысвячэннямі і шэрагу ўстаноў па ўсёй краіне. 

Аўтографы Якуба Коласа былі надрукаваны ў 20 томе збору твораў паэта ў асобным раздзеле. На выстаўцы прадстаўлены ў тым ліку і кнігі з інскрыптамі, якія раней былі невядомы даследчыкам Коласавай спадчыны. 

У 1939 годзе Якуб Колас падпісаў зборнік «Избранные произведения» Максіму Танку: «Міламу Максіму Танку на памяць. Якуб Колас. 11.ХІ.1939 г.». Кніга захоўваецца ў фондах Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Аўтограф класіка не быў надрукаваны ў раздзеле «Інскрыпты» збору твораў пісьменніка. 

17 верасня 1939 года тэрыторыя Заходняй Беларусі была далучана да БССР. У кастрычніку 1939 года Якуб Колас разам з Янкам Купалам і іншымі беларускімі пісьменнікамі выязджае ў Беласток для правядзення творчых вечароў і ўдзелу ў падрыхтоўцы да выбараў у Народны сход. У Беластоку разам з Янкам Купалам піша зварот да пісьменнікаў Заходняй Беларусі: «Сягоння мы — адна сям’я свабодных народаў усёй Беларускай краіны... Мы заклікаем вас у нашу вольную сям’ю песняроў і пісьменнікаў. Мы шчыра падаем вам руку братняй дапамогі. Адгукніцеся на наш голас». 

У лісце да сябра і перакладчыка Сяргея Гарадзецкага ад 16 кастрычніка 1939 года паэт дзяліўся ўражаннямі ад паездкі ў Заходнюю Беларусь, ад сустрэч з калегамі па пяры: «Разыскали некоторых поэтов: Максима Танка, Василька, Машару, Арсеньеву. Самый даровитый — это Танк. Он поэт огромного дарования». 

З творамі Максіма Танка Якуб Колас пазнаёміўся ў 1936 годзе, калі малады паэт даслаў класіку свой першы зборнік «На этапах», складзены з вершаў, напісаных у няволі. Зборнік польская цэнзура канфіскавала на другі дзень пасля яго выхаду ў друку. Максім Танк успамінаў: «Два экзэмпляры я схапіў з друкарні і хутчэй занёс на пошту і выслаў на адрас акадэміі, у Мінск, Купалу і Коласу...» Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч прыгадваў, што, уважліва прачытаўшы кнігу, бацька сказаў: «Гэта сапраўдны сын беларускай зямлі!» 

Пазней, у аб’яднанай Беларусі, пісьменнікі разам удзельнічалі ў розных сходах, з’ездах, нарадах. Сустрэчы перараслі ў шчырае сяброўства. Максім Танк заўсёды быў жаданым госцем у доме Коласа. Падчас адной з такіх сустрэч і была падаравана кніга. 

У часовай экспазіцыі «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах» прадстаўлены і выданні з аўтографамі паэта, якія ён перадаў у дар розным установам краіны — бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка, Слонімскай раённай бібліятэцы, якая носіць імя паэта з 1944 года, бібліятэцы Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі, бібліятэцы Акадэміі навук. Але ёсць і тыя, што прадстаўлены ўпершыню. 

Аўтограф Якуба Коласа М. Танку.

Кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа адшукаліся ў Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі. У 1946 годзе дырэктар музея Вольга Разенталь звярнулася да паэта з просьбай даслаць матэрыялы для літаратурнай экспазіцыі: «Уважаемый Константин Михайлович! Гродненский Государственный историко-археологический музей организовывает отдел истории белорусской литературы, где Ваше творчество, как величайшего писателя белорусского народа, должно занять центральное место. Исходя из этого мы просим Вас дать нам в музей всё то, что по Вашему мнению будет показывать и рассказывать зрителю о Вашей большой литературной деятельности». Якуб Колас адгукнуўся на зварот, даслаў у дар музею дзве кнігі. Яго «Паэмы» і «Вершы», якія выйшлі ў Мінску ў 1946 годзе, захоўваюць аднолькавыя надпісы: «Гродзенскаму музею. Якуб Колас. 16.IV.1947 г.». Аўтографы друкуюцца ўпершыню. 

Праект «Ад усяго сэрца, ад усёй душы: інскрыпты Якуба Коласа на кнігах» ажыццяўляўся ў музеі Песняра на працягу 2022 года. Кожны месяц супрацоўнікі музея знаёмілі наведваль¬нікаў з рэдкімі выданнямі калекцыі «Кнігі з інскрыптамі Якуба Коласа», якая налічвае 93 адзінкі захоўвання. Фіналам праекта, што атрымаў падтрымку спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, стала юбілейная выстаўка. 16 новых інскрыптаў класіка, якія раней не былі вядомы коласазнаўцам, выявілі на працягу юбілейнага года. Кожная новая знойдзеная кніга мае сваю непаўторную гісторыю, распавядае пра малавядомыя факты з жыцця класіка, а таксама актуалізуе цікавасць да спадчыны класіка беларускай літаратуры. Непераўзыдзены мастак слова, якім з’яўляецца Якуб Колас, варты таго, каб яго чыталі і перачытвалі, кожны раз адкрываючы хараство яго твораў па-новаму і захапляючыся майстэрствам таленту. 

Васіліна МІЦКЕВІЧ 

Фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Якуба Коласа

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.