Вы тут

Пясняр азёрнага краю. У Нацбібліятэцы адкрылася выстава да 120-годдзя беларускага паэта, празаіка, драматурга Міхася Машары


З 5 лістапада па 5 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы праходзіць юбілейная выстава «Пясняр азёрнага краю», прысвечаная 120-годдзю з дня нараджэння беларускага паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка Міхася Машары (1902-1976), паведамляе Нацыянальная бібліятэка.


Міхась Машара ўнёс вялікі ўклад у айчынную літаратуру ХХ ст. У сваіх творах ён адлюстраваў важныя грамадска-сацыяльныя падзеі і рост самасвядомасці беларускага народа. Творчасць пісьменніка — гэта яркая і багатая старонка жыцця беларусаў. Міхась Машара з 1940 года з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР. Усё лепшае, што стварыў юбіляр, займае ганаровае месца ў скарбніцы беларускай літаратуры.

Увазе наведвальнікаў выставы ў раздзеле «Жывая плынь» прадстаўлена трылогія, прысвечаная вызваленчаму руху Заходняй Беларусі, куды ўвайшлі раманы «Крэсы змагацца» (1966), «Сонца за кратамі» (1968), «Лукішкі» (1970), а таксама раманы «Ішоў дваццаць год» (1973), «І прыйдзе час...» (1975) і кніга ўспамінаў пісьменніка «Старонкі летапісу» (1975). Тэма Радзімы, захапленне прыгажосцю яе пейзажаў, услаўленне працы народа складаюць аснову вершаў Міхася Машары. На паліцах размешчаны паэтычныя зборнікі «Малюнкі» (1928), «З-пад стрэх саламяных» (1937), «Беларусі» (1944), «Выбраная лірыка» (1945), «Праз навальніцы» (1948), «Урачыстасць» (1952), «Выбраныя творы» (1958), «Ад родных аселіц» (1959), «Мая азёрная краіна» (1962), паэма «Мамчына горка» (1936) і драма «Легкі хлеб» (1936), а таксама выдання для дзяцей «Зязюльчыны слёзы» (1961), «Зелянушка і Кракатушка» (1964) і інш. Дапаўняюць раздзел зборнікі і перыядычныя выданні, якія ўключаюць аўтарскія творы, а таксама ноты з вершамі М. Машары, да якіх была напісана музыка кампазітарамі М. Аладовым, Г. Пукстам, ю. Семянякай і інш.

Наведвальнікі таксама могуць азнаёміцца з кнігамі, зборнікамі і перыядычнымі выданнямі, дзе надрукаваны пераклады М. Машары на беларускую мову: гэта паэтычныя і празаічныя творы вядомых майстроў слова — М.Гогаля, М. Рыльскага, В. Бранеўскага, А. Міцкевіча і інш. Прадстаўлены і творы М. Машары, перакладзеныя на розныя мовы народаў свету.

У апошнім раздзеле выставы «На службе народу» экспануюцца матэрыялы аб жыцці і творчасці юбіляра.

Прэв’ю: nlb.by

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.